Янка Нёманскі - Рамэа і Джульета на Беларусі

Рамэа і Джульета на Беларусі [be] 49K, 12 с.   (скачать) - Янка Нёманскі

Янка Нёманскі
Рамэа і Джульета на Беларусі


I

Ясны марозны вечар даўно ўжо спусціўся на зямлю. Усё неба затрымцела сінімі, зеленаватымг, жоўтымі зорачкамі, якія, нібы вясёлыя вочы, падміргвалі адна другой і нашай цёмнай зямлі. Прыслухаешся, і здаецца, што чуеш, як спатыкаюцца праменні іх, падымаюць шолах у нязмерных абшарах неба, быццам ведучы таемную гутарку паміж сабою. Поўны месяц падняўся ўжо высока над лесам, абліў белае поле сіняю фарбаю, пасыпаў яго іскаркамі срэбра і алмазу, і на ўбраным у белую фату дрэве запаліў ружовыя, сінія, зялёныя агеньчыкі. Ціха на вёсцы. Толькі дзе-нідзе за ваколіцаю пачуецца скрып снегу пад саньмі, а потым на вуліцы зарагоча журавель над калодзежам, — то варочаецца з лесу і поіць каня спазніўшыся гаспадар. Уся вёска прытулілася на ўзгорку, агарнулася снегавою коўдраю і нібы спіць даўно, ніколі не прачыналася і не варушылася.

Клямка ў малых варотцах з двара Васіля Хлэмкі лёгка бразнула, і на вуліцы мігнуў цень, які хутка схаваўся на прызбе пад страхою. То была дачка Васіля — Алеся. Сеўшы на прызбу, яна азірнулася ў абодва бакі вуліцы. Але доўга ўседзець на месцы яна не магла: вочы яе то падымаліся к цёмнаму зорнаму небу, то ўглядаліся ўздоўж вуліцы, як толькі чуўся дзе-небудзь рып снегу.

«Няўжо ж ён не прыйдзе? Няўжо ён схлусіў?» — думала Алеся, і пры гэтай думцы, нягледзячы на моцны мароз, твар яе бялеў, а між брывамі залягала глыбокая маршчына. Перад ёю на другім баку вуліцы стаялі ўсе белыя ад шэрані бярозы, неба пела ціхімі галасамі мільёнаў зорачак, але павабнае хараство зімняе ночы не прыцягвала да сябе Алесі: здавалася, што вочы яе глядзелі ў глыб яе душы...

— Ай, хто тут?!

— Што, спалохалася, мая зорка? Не чакала мяне?

— Ах, гэта ты, Ясік! Не чакала я цябе? Дык чаго ж я тут сяджу?

— Ну, выбачай, выбачай, што запазніўся, — сказаў Ясь, сядаючы на прызбу побач з Алесяю.

Разам твар яе зачырванеўся, як спелая вішня, вочы заблішчалі, як зоркі на небе, і, прыхіліўшыся блізка да Яся, яна запытала:

— Дзе ж ты быў так доўга? Я думала ўжо, што не прыйдзеш, хоць і не хацелася мець у галаве гэтыя думкі.

— I не трэба мець яе ніколі, бо я толькі аб тым і думаю, каб быць заўсёды каля цябе, глядзець на цябе, цешыцца тваім хараством, тваёю ласкаю. Калі ж я не бачу цябе, то твой адбітак, як жывы, стаіць у маіх вачах, усюды ідзе за мною.

— Ясю мой, даражэнькі! Як рэдка мы бачымся з табою, як рэдка перакідаемся словам! I не сярдуй, мілы, што мне калісь надыходзіць у галаву дрэнная думка: ты мяне не кахаеш.

— Алеся, родная! Ці ж можна так казаць? Ты бачыш, што я ўсё адкінуў — веру, варожасць майго бацькі, наш звычайны шляхецкі гонар — і іду да цябе, толькі да цябе. Многа на свеце дзяўчат прыгожых, багатых, але такой, як ты, для мяне няма.

У небе запеў арган зорак, дыяментавыя агеньчыкі з зямлі, з дзерава пераліваліся ўсімі тонкімі фарбамі красулі і сваімі праменнямі цалавалі ў вочы Алесю.

— Каб заўсёды так, — прамовіла Алеся.

— Будзе, дарагая, заўсёды, — супакоіў яе Ясь.

— На сэрцы ў мяне, Ясю, бывае часта так цяжка. Пайсці ж да шлюбу з табою нам нельга, бо мы не аднае веры.

— Чаму ж не можам мы пажаніцца, цудоўная ты! Ці ж ты не пайшла б за мяне, хоць я і католікам лічуся?

— Ты ведаеш, што мой бацька — вораг католікаў, а твой — лічыць нас недавяркамі і мужыкамі. Дак дзе ж там у іх знойдзеш згоду? А без бацькоў, ведама, нічога не будзе.

— Ах ты, дзявочая душа! Не трэба напускаць смутку ў галаву. Я сягоння і спазніўся сюды, бо меў з бацькам доўгую і вострую гаворку. На змроку прыехаў ён з лесу і вось за вячэрай накіраваў гутарку на тое, каб ажаніць мяне. Ён прыпамянуў мне, што працаваць яму на лета ўжо будзе цяжка на старасці і што трэба, каб к вясне я быў жанатым. Тады я адказаў, што жаніцца не хачу, а калі бацьку так трэба, то няхай ён пашле сватоў да Васіля Хлэмкі. Бацька вытарашчыў вочы і доўга глядзеў на мяне, нібы не разумеў таго, што я сказаў. «Як да Хлэмкі? — запытаўся ён напаследак. — Ці ж ты не ведаеш, што ён недавярак? Не, гэтаму ніколі не быць». «Добра, тады я ніколі і не ажанюся», — адказаў я. Доўга бацька пералічваў мне знаёмых паненак-каталічак, хваліў іх пекнасць, іх бацькоў, але ўсё дарэмна. Урэшце, бачачы, што нічым ён мяне не ўломіць, згадзіўся. Заўтра прыедзем у сваты і зробім заручыны.

— Заўтра заручыны, заўтра? — ціха і сумна прамовіла Алеся.

— Што ж ты не рада таму?

— Не, не тое, Ясю. Як яшчэ скажуць мае старыя. Прыйдуць вашы сваты, а мой бацька і на парог іх не пусціць. У яго гонару таксама шмат.

— Ну дык вось што, Алеся! Мы зараз разыдземся, і ты сягоння скажы сваім аб сватах ад нас.

— Скажу, што даўно кахаю цябе, і папрашу, каб прынялі сватоў і аддалі мяне замуж. Няхай будзе што будзе!

Яна глядзела яму ўслед. Потым ціха-ціха павярнулася ў вароты, нясмелымі крокамі прайшла двор. — "Алесіна маці, Таццяна, яшчэ малажавая, але з пакутным тварам кабеціна, сядзела за прасніцаю і пільна выводзіла тонкія ніткі кужалю. Бацька, Васіль, плячысты, рослы чалавек з шырокаю чорнаю барадою, крыху сіваватаю, сядзеў на нізенькай калодачцы і нешта майстраваў.

— Дзе гэта ты была, дачушка? — запыталася Таццяна, як толькі Алеся ўвайшла ў хату і пачала распранацца.

— Пасядзела трохі ў Піліпёнкавых, — неахвотна адказала Алеся. — Татка... да нас заўтра... сваты прыйдуць, — ледзьве вымавіла яна.

— Сваты? Ад каго ж гэта? — запытаўся Васіль, устаючы з калодачкі і разгінаючы спіну.

— Ад Пранціся Ляшкевіча, — раптам выпаліла Алеся і зразу пабялела, як палатно.

— Ты ў сваім розуме ці не? Ад Пранціся сваты ў маю хату, ка мне, к Хлэмку? Хто гэта пакпіў так над табою?

— Кпінкаў тут, тата, ніякіх няма. Я схлусіла, што была ў Піліпёнкавых. Я бачылася цяпер на вуліцы з Ясем: ён знарок прыходзіў сказаць, што прыйдзе да нас заўтра з сватамі.

— Ні адзін яшчэ са шляхты дагэтуль не пераступаў майго парога, а тут — на табе — нават у радню лезуць. Не, ніколі не будзе маім зяцем католік.

— Татачка, пашкадуй і мяне! Мы з Ясем даўно любімся, ніхто аб гэтым не ведаў, вось толькі цяпер я сказала першы раз. Гэта Ясь пераламаў гонар свайго бацькі і прымусіў яго на сватаўство да нас.

— Ну, добра! Ен прымусіў свайго бацьку, а ты мяне не прымусіш, — злосна сказаў Васіль і тупнуў нагою.

— Няўжо ж ты не прымеш сватоў? — запыталася Таццяна.

— Не! Нам панская вера не патрэбна.

— Татка, хто ж вінаваты, што Яся ахрысцілі католікам, а мяне праваслаўнаю? Дый не ўсё роўна, як хто моліцца ці зусім не моліцца богу? Толькі б чалавек добры быў, а лепш за Яся для мяне нікога няма.

— Вось да чаго ты дайшла! Усё роўна — моліцца ці не моліцца! Слухай, дачка! Ты прыгожая дзяўчына, пасаг у нас для цябе ёсць. Маладых хлопцаў шмат, нават наш настаўнік ці дзяк з ахвотаю пасваталіся б да цябе.

— Дый праўда, кінь ты гэтага Яся, — падтрымала мужа Таццяна, — ну, ажэніцеся вы, войдзеш ты ў чужую хату, дзе дух самы зусім другі, не наш. Што гэта будзе за жыццё? Выкінь ты, Алеська, з галавы сваю думку!

— Не магу, матачка! Усё роўна, калі не аддасцё мяне за Яся, увесь век прасяджу дзеўкаю.

Твар Алесі быццам акамянеў, вочы сталі шкляныя, губы пабялелі, як снег. Сціснуўшы іх, яна маўчала, як дрэва, і рукі яе самі рабілі звычайную работу. Праз нейкі час Таццяна пачала збіраць вячэру, усе селі за стол. Алеся падышла да ложка і лягла, адвярнуўшыся да сцяны.

— Алеся, ідзі вячэраць! — паклікаў Васіль. Алеся не прамовіла ні слова.

За сталом між бацькам і маці зачаліся спрэчкі. Маці пачала ўгаворваць Васіля прыняць сватоў. Васіль доўга спрачаўся, але з часам яго ўпартасць усё меншала. У канцы вячэры ён згадзіўся аддаць Алесю за Ляшкевіча. Маці падышла да Алесі, штурханула яе і шапнула нешта на вуха. Алеся ўскочыла і, уся зачырванеўшыся, кінулася бацьку на шыю.

— Вось як, ну тады гатуйся, Таццяна! — сказаў Васіль. Далёка за поўнач у хаце Хлэмкі гарэў агонь, і Таццяна з Алесяю пяклі хлеб, гатавалі мяса, кілбасы і іншыя стравы. Алеся лягла апошняю, і доўга сон уцякаў ад яе.

На другі дзень зранку началася вясёлая работа дзеля малодшых Васілёвых дзяцей. Яны цэлы дзень бегалі па вуліцы, склікаючы на заручыны ўсіх суседзяў і тых сваякоў, якія жылі бліжэй, у гэтай жа вёсцы.

Каля ноўдня не было ніводнага чалавека ў Лятцах, хто б не ведаў, што ў Алесі будуць заручыны. Дзяўчаты і маладзіцы, сышоўшыся ці каля калодзежа, ці проста каля варот, доўга сакаталі між сабою, шапталіся, і словы «Алеся» ды «Ясь» не сыходзілі ў іх з гутаркі.

Надыходзіў вечар. У хатах замільгалі агеньчыкі. Дзяўчаты і хлопцы прыбіраліся на заручыны, кліканыя і някліканыя. Каля Васілёвай хаты цэлым натоўпам стаяла дзетвара і чакала пачатку. У хаце ўсё было прыбрана ад гаршкоў да самых гаспадароў. Ні бацькі, ні Алеся не ведалі, што рабіць, і моўчкі таўкліся па хаце. Толькі малыя швэндаліся то на двор, то ў хату. Гадзіне а сёмай вароты з вуліцы забразгалі, і Васіль устаў з лавы, падышоўшы к дзвярам.

— Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус!

Васіль адступіў на крок назад: перад ім стаяў сам Пранцісь, а ззаду за ім ужо сватам  Пабіян Сулкоўскі і Ясь.

— Добры, добры вечар! — адказаў Васіль.

— Што ж ты, пане Базылю, не хочаш прывітаць нас, як падабае? — гледзячы насуплена, сказаў Пранцісь.

— Выбачайце, браточкі, я і забыўся, што вам трэ было адказаць «на векі вякоў — аман». Выбачайце!

Сваты селі каля стала. Алеся ж парупілася хутчэй склізнуць з хаты. Нядоўга чакаючы, пачалі сыходзіцца званыя з жанкамі; хата папоўнілася гасцьмі ў святочнай вопратцы, пачалася гамонка, як у вуллі пчол.

Сені хутка напоўніліся хлопцамі і дзяўчатамі. Дзеці, як машкара, віліся і блыталіся пад нагамі. Музыка Мекраш запілікаў скрыпкаю, настройваючы яе. Вось зацяў ён «Лявоніху», і пар з пятнаццаць пусціліся ў круг.

— Пачакайце, пачакайце! Дзе ж Ясь з Алесяю? У першую пару іх трэба!

Танец прыпыніўся. Алеся сарамліва падышла да Яся і выклікала яго ў сені. Адзетая ў чырвоную суконную спадніцу, вышываную сарочку і сіні гарсэт, яна ўся так і ззяла шчасцем, трымаючыся за Яся і гатуючыся скакаць. Мекраш зайграў зноў, і Алеся, як зачараваная, пайшла ў круг. Нічога не бачачы, апроч твару свайго каханага, яна лёгка насілася па сенях. Першая «Лявоніха» скончылася, і дзяўчаты абкружылі яе, заспяваўшы вясельную песню...

За сталом у покуці сядзелі Пранцісь, сват, Васіль і найбольш старыя і паважаныя з гасцей. Тут гутарка ішла сур'ёзная — аб бывалых справах і здарэннях, якія былі з кім у колішнія часы. Дзед Кісель, якому ўжо было год пад восемдзесят, без канца гаманіў, як ён плыў на кані праз Дунай у Турэцкую вайну.

Васіль, звярнуўшыся да Пранціся, гаварыў:

— Ліха ведае, як зроблена на свеце, што людзі жывуць па суседству, а глядзяць адзін на другога воўкам. Вось хоць мы з табою, Пранцісь: здаецца, за ўвесь век не зрабілі ніякае шкоды, ніякае пагарды адзін другому, а на ж табе! — да гэтага дня і спаткацца не хацелі.

— Але, але, сваце! I што ж такое, калі я малюся ў касцёле, а ты ў сваёй царкве?

— Праўду кажаш, сваце!

Шмат казак было сказана, шмат жартоўных апавяданняў абляцела стол.

Васіль таксама разышоўся і прапанаваў выслухаць яго сказ. Усе павярнуліся да яго, гатуючыся пачуць што-кольвечы смешнае.

— Усе вы ведаеце старую царкву ў Мурагах. Цяпер яна мае толькі сцены, а дах яе і званіца даўно ўжо праваліліся і згнілі; цвінтар зарос чартапалохам, крапівою і іншымі бруднымі зёлкамі. У даўнія часы гэта быў вялікі і далёка вядомы касцёл. Убранства яго было багатае, ксяндзоў туды пасылалі самых лепшых. Але не гэта цягнула ў касцёл людзей з усіх бакоў, нават здалёку: у касцёле быў лічбан св. Антонія, які памагаў і ад хваробы, і ад беднасці, і нават ад смерці. Пасля касцёл быў перароблены ў царкву. Прыехаў і поп — Завідовіч, здаецца — і ўсё каталіцкае выкінуў, толькі св. Антоній застаўся. У бліжэйшыя ж гады поп Завідовіч зразумеў, што адмылкі ён не зрабіў, пакінуўшы ў царкве лічбан: у адзін дзень свята Антонія папу даставалася столькі дабра, колькі ён не зарабляў за год. Рады быў поп, і кожны год на Антонія склікаў да сябе ў госці знаць ледзь не з усяго павета: і папоў, і ксяндзоў, і паноў, і рознае начальства. Добра жыў поп і гора не бачыў. Вось адзін раз уваходзіць ён у царкву, глядзь — няма Антонія на месцы. Туды-сюды — няма. Як на бяду, заставалася толькі дзён тры ці чатыры да свята Антонія. Што рабіць? Без лічбана і свята не ў свята — усе грошы і іншыя падарункі прапалі. Думалі-думалі з дзяком Завідовіч дый надумалі. Раніцаю ў свята яны папрасілі аднаго старога селяніна, які абліччам і доўгаю барадою паходзіў на лічбана Антонія, раздзелі яго, паставілі на пастамент, дзе стаяў лічбан, падвязалі яму абрус ніжэй чэрава паясніцы і папрасілі стаяць нерухома ўсю імшу. Добра! Усё пайшло па парадку: шмат папоў правілі імшу, народу процьма і ў царкве, і каля царквы. Свечкамі ўстаўлены ўвесь абрус перад Антоніем. Вось нейкая кабеціна, праціснуўшыся з свечкаю ў зубах да самога «Антонія», стала шукаць месца, куды б прыладзіць яе. Нядоўга думаючы, яна запаліла свечку і, нагнуўшы канец з агнём к назе «Антонія», пачала капаць воск, каб прыляпіць там і самую свечку. «Антоній» не вытрымаў, дрыгнуў нагою, ды так моцна, што добра такі штурхнуў кабету. «Цуд», — загаласіла яна на ўсю царкву...

— Куды ты, сваце?

— Што ж я прыйшоў да цябе, каб ты здзекаваўся з мяне? — хрыпла вымавіў Пранцісь. — Дык не, годзе! Недавярак ты быў, недавярак і ёсць! Хадзем, пан Сулкоўскі. Ясь, хадзем дадому!

— Ніхто цябе і не клікаў, сам прыйшоў, — ускіпеў Васіль. Пранцісь з сватам хутка выйшлі з хаты, ні з кім не развітаўшыся і не зірнуўшы ні на каго. Гасцям стала ніякавата — трохі памяўшыся, адзін за другім, нібы аблаяныя, яны пачалі разыходзіцца дадому. Хутка ўся хата апусцела, засталіся толькі свае ды Ясь.

Алеся спалоханымі вачамі пазірала на бацьку і не магла ўцяміць, што зрабілася. Васіль, пачырманеўшы ад злосці, буйнымі крокамі таптаўся па хаце. Маці, падпёршы галаву рукою, моўчкі сядзела каля стала.

— Дзядзька Васіль, што вы тут нарабілі? — запытаўся Ясь.

— Ідзі і ты за сваім бацькам, табе тут месца няма, — прабурчаў Васіль.

— Чаго ж вы на мяне злуеце? Я вам кепскага нічога не зрабіў. Калі вы не хочаце паладзіць з маім бацькам, дык можна абысціся і без яго. Аддайце мне Алесю, я жанюся без бацькавай волі.

— Эх, галубе, — прамовіла Таццяна, — якое ж гэта будзе жыццё, калі твой бацька будзе заўсёды павоўчы глядзець на Алесю. Не, так нельга рабіць.

Алеся стаяла ні жывая, ні мёртвая. У яе галаве ніяк не ўкладалася тая злыдная перамена, якая раптам прыкончыла ўсё шчасце. Яна не бачыла, як Ясь, зірнуўшы на яе, выйшаў з хаты з паніклаю галавою. Зразу стала так пуста і ў хаце, і на душы.


II

Быў другі дзень сёмухі. У мястэчку Дунаеўцах, дзе быў стары і далёка вядомы касцёл, у гэты дзень штогодна адбываўся кірмаш. Многа народу — і католікаў, і праваслаўных, і яўрэяў — з'язджалася ў Дунаеўцы вёрст за дваццаць пяць ці трыццаць: адны ехалі гандляваць, другія — купіць што-небудзь з гаспадарчых спраў, трэція — паслухаць набажэнства ў знатным касцёле, але больш ехала сюды проста пабыць на людзях.

Імша ўжо даўно скончылася. Недалёка ад касцёла сярод велізарнага саду стаяў плебань ксяндза пробашча Галеўскага. Сам пробашч — высокі, сыты, з чыстым белым тварам чалавек.

Ксёндз з каменна-спакойным тварам трымаў у руках кнігу.

У пакой увайшоў Ясь і нясмела прыпыніўся каля дзвярэй. Ксёндз кінуў на яго востры позірк і прыжмурыў вочы, углядаючыся і ўспамінаючы, хто б гэта быў. Ясь пад калючым вокам ксяндза павярнуў галаву ўбок і чакаў.

— Здаецца, пан будзе сын Пранціся Ляшкевіча? — запытаўся ксёндз.

— Але, пане ксёнжа, — адказаў Ясь.

— Не схожы вы са сваім бацькам. Ваш бацька добры і шчыры католік, вы ж не ходзіце да касцёла.

— Пане ксёнжа, я прыйшоў да вашае міласці прасіць аб адной справе.

— Якая ў вас да мяне справа? Я з нехрысцем спраў не вяду.

— Уперад выслухайце мяне, а потым ужо будзеце ці сварыцца, ці злітуецеся нада мною. Пан ксёндз, мусіць, ведае, што я засылаў сватоў да лятцоўскага Хлэмкі?

Ксёндз аж падскочыў на крэсле, страціўшы на момант увесь свой спакой. Але раптам твар яго зрабіўся зноў каменным, толькі па губах лятаў злыдны посмех.

— Чаму ж пан не ажаніўся? Часу, здаецца, было досыць пасля заручын?

— Ведаеце, пане ксёнжа, што нашы бацькі ўпартыя, як быкі: уцямілі сабе, што калі рознае веры людзі, дык ім і жаніцца нелыа. Я ж не хачу мець жонкаю сабе нікога, апроч Хлэмкавае дачкі, хоць яна і праваслаўная.

— Не паганьце свайго бацькі, вы яго не варты. Чаго вы прыйшлі да мяне?

— Я прыйшоў прасіць вас пашлюбаваць мяне з Алесяю і без дазволу бацькоў.

— Без дазволу? Дый каб твой бацька, гунсваце ты, прыйшоў прасіць мяне аб гэтым, то і тады б я не адчыніў яму дзверы. Як асмеліўся ты казаць гэта?

— Пане ксёнжа, змілуйцеся... выслухайце.

Ксёндз ускочыў на ногі і, як вецер, пачаў насіцца па пакоі. Потым, прыныніўшыся супраць Яся і ўтупіўшы ў яго твар свае блішчастыя ад гневу вочы, не сваім тонкім голасам закрычаў:

— Ты забыўся, адцураўся ад нашае веры! Д'ябал звязаў цябе з дачкою недавярка, усе дзеці вашы будуць недавяркамі! Не, я не падыму руку даць благаславення нашага бога нехрысцям! Прэч адсюль, з гэтага святога месца!

— Я мысліў, ксёнжа, што найду ў цябе падтрыманне, як у служкі найвышэйшага бога, якому ўсе роўны, вера, дзеля якой усе людзі — дзеці. Вы ж мяне праганяеце ад сябе, як брудную сабаку.

Ясь павярнуўся, выйшаў з пакоя.

На пляцы кірмаш кішэў вясёлым, клапатлівым народам. Ясь ішоў, не бачачы ні людское радасці, ні светлага сонца. Тая надзея, з якою ён раніцаю спяшаўся на кірмаш і якая грэла яго сэрца да сустрэчы з ксяндзом, патухла, і перад ім стаяла зноў няведамая будучыня. Як у цяжкім сне, праціскаўся ён к Бэркавай карчме, дзе ўмовіўся сустрэцца з Алесяю, каб паведаміць яе аб перамове з ксяндзом.

На зэдліку каля стала сядзела Алеся. Як толькі Ясь увайшоў, яна ўскочыла на ногі і кінулася да яго, але так і прыпынілася, угледзеўшыся ў яго твар.

— Ну што? — без надзеі ў голасе запыталася яна.

— Што? Нічога, як я і казаў, — ледзьве вымавіў Ясь.

— Што ж рабіць, Яська мой родны?

— Пераламаць іх усіх мы пакуль што не зможам. Бацькі нашы цёмныя, розум у іх забіты, а з панствам звяжашся — нічога не будзе. Аблыталі нас вераю, установамі і трымаюць, як павукі мух у гэтай блытаніне. Я табе ўжо казаў: давай жыць разам без шлюбу.

— Ай, што ты, Ясю! Ну падумай толькі: ні твой, ні мой бацька нас не прымуць да сябе; паехаць куды далёка — добра, але за каго я буду лічыцца? Вось што, Ясь. Схадзі яшчэ да тутэйшага папа. Табе нічога, што можа вянчаць праваслаўны поп? Нічога? Ну дык добра! Хутка ідзі да яго — ён не мае такога гонару, як ксёндз. Я ж цябе яшчэ пачакаю, але спяшайся.

Ясь, здавалася, хацеў спрачацца, але, схапіўшы капялюш, барзджэй кінуўся ў бакоўкі. Царква была на другім канцы мястэчка. Народу тут было шмат менш, чымся на пляцы, і мала хто цікавіўся тым, як Ясь хутка бег да царквы. Падышоўшы к дому папа, Ясь трохі прыпыніўся, прыкмеціўшы праз адчыненыя вокны шмат гасцей там. Але справа не дазваляла доўга думаць, і ён узышоў на шырокі ганак.

— Каго табе трэба?

Ясь азірнуўся. На плеценым крэсле, разваліўшыся, сядзела тоўстая пані, мусібыць, сама пападдзя.

— У мяне ёсць пільная справа да бацюшкі.

Пападдзя грузна паднялася, аж заскрыпела падлога, падышла да аднаго з вокан і паклікала:

— Бацюшка! Да цябе прыйшлі, выйдзі сюды!

Спусціўшы некалькі хвілін, на ганак высунуўся дзябёлы бацюшка з тоўстым жыватом і чырвоным потным тварам. Усеўшыся, ён кіўнуў пальцам Ясю, падклікаючы гэтым яго да сябе.

— Адкуль ты, хлопец? — запытаўся поп Завідовіч.

—  Я лятцоўскі, — адказаў Ясь.

— Лятцоўскі? Я там траха не ўсіх ведаю, цябе ж штось не прызнаю.

— Вы мяне, бацюшка, і не павінны ведаць, бо я католік, сын Пранціся Ляшкевіча.

— Сын Пранціся? Дык гэта ты сватаўся да дачкі Васіля Хлэмкі? А малайчына Васіль — так тонка адбрыў твайго бацьку!

Поп зарагатаў, і жывот яго, як мяшок сена, затросся пад яго сінім халатам. Уняўшыся, ён запытаўся:

— Чаго ж ты прыйшоў да мяне?

— Па важнай справе. Трэба было б вам аднаму сказаць.

— Не бойся! Матушка нам не пашкодзіць.

— Я хачу ўсё ж такі жаніцца на Алесі, хоць нашы бацькі нам і не дазваляюць.

— Як жа гэта вы жэніцеся без бацькоўскага дазволу?

— А так: няхай бацюшка павянчае нас таемна.

— Ды ты што, хлопча, сваю галаву на плячах носіш? Без дазволу бацькі, ды яшчэ за католіка аддам я дзяўчыну? Не, ідзі сабе дадому і не марнуй дарэмна часу.

Бацюшка ўстаў, мяркуючы ісці да сваіх гасцей.

— Бацюшка, ці ж з дабра я прыйшоў да вас? Я прашу нас абаіх зрабіць шчаслівымі!

Матушка пачала шаптаць на вуха папу.

— Ну добра! Я згодзен на тваю просьбу, хоць і бяру грэх на сваю душу. Трэба шмат прасіць бога, каб адмаліць мне гэты грэх, ад цябе таксама патрэбна належная ахвяра яму. Калі заплаціш сто рублёў, то я павянчаю вас.

— Што, сто рублёў? — умяшалася матушка. — Хлопец жэніцца без бацькавае гаспадарскае волі, дык ён табе ні жывёлы, ні гасцінцаў, ні начыння не дасць, а дасць толькі чыстымі грашыма. Лічы паўтары сотні, ды годзе!

— Праўду кажаш, матушка, але дзе ж хлопец знойдзе столькі грошай?

— Бацюшка, і сто для мяне многа, я ж яшчэ не гаспадар.

— Вось і тое ж, каб ты быў самавіты гаспадар, можа мы на менш сышліся б.

— Скіньце, бацюшка.

— Не, ні аднаго гроша, як хочаш.

— Шго ж рабіць? Прашчайце, аставайцеся здаровы. Нібы пабіты і аплёваны, Ясь сыходзіў з ганка. Поп паклікаў яго назад.

— Ну, я скідаю дзесяць рублёў. Вярніся, — сказаў ён.

— Эх, што будзе — то будзе! Я згодзен, — павесялеўшы, сказаў Ясь. — Толькі не ўсе грошы зразу.

— Э, не! Не толькі зразу, але і ўперад, да вянца.

Ясь, не кажучы ні слова, павярнуўся і са знікшай галавою накінуў папоўскі дом.

Сонца ўжо спусцілася зусім нізка. Пляц, дзе быў кірмаш, апусцеў. Алеся бачыла, што ідзе Ясь такі самы смутны, як і ад ксяндза. Сустрэўшы яго, ужо і не пыталася аб выніках перамоў з папом. Некалькі хвілін пасядзелі яны моўчкі, засмучаныя, без думак, без волі. Потым Ясь узяў яе за руку.

— Годзе нам тут сядзець, годзе чакаць дапамогі ад людзей! Кланяцца ды прасіць я больш ніколі не буду. Калі людзі абыходзяцца з намі па-воўчы, то і мы павінны так рабіць, іначай нас загрызуць. Быў я ў папа: сто рублёў вылажы, як капеечку, і ўсё зробіць. Дык калі ж за грошы яны ўсё прадаюць — і бога, і людзей, — то я здабуду гэтыя грошы. Кіну я свайго бацьку, паеду ў які-небудзь горад, зараблю грошы і адкуплюся ад бога і іх служкаў. Толькі ці будзеш ты чакаць мяне, Алеся?

— Хоць усё жыццё чакаць, абы потым быць назаўсёды з габою!

Яны ўсталі. Алеся паглядзелася ў маленькае люстэрка. Раптам пачуўся бразгат і голас за сцяною: «Дзе мой Ясь?»

Пранцісь Ляшкевіч быў не такі чалавек, каб прапусціць такое вялікае свята, не паехаўшы да касцёла. Устаўшы рана, ён быў трохі здзіўлены, што Яся ўжо не было дома. Гэта не спадабалася Пранцісю, бо ён хацеў ехаць на кірмаш і да касцёла як мае быць, з сям'ёю. Але з часу заручын у Хлэмкавых між Прапцісам і яго сынам ладу не было. Праз гэта Пранцісь, выязджаючы на кірмаш адзін, не рупіўся шукаць сына. Прастаяўшы ў касцёле доўгую знарочыстую імшу, Пранцісь доўга гасціў у сябра. Потым вырашыў завезці ладны гасцінец для пана ксяндза — бутэльку з мёдам.

— Дзень добры, пане Ляшкевіч, — прывітаўся ксёндз, — як маецца ваш сын?

— Дзякую, вы надта добры для нас, пане ксёнжа, — адказаў Пранцісь.

— Не ажанілі яшчэ сына?

— Не, пане ксёнжа, ён не хоча.

— Вось і бацька! Не ведае, што сын яго робіць. Ды ваш сын Ясь быў сягоння ў мяне і прасіў пашлюбаваць яго, і нават без вашага дазволу.

— Пашлюбаваць? Мусіць, з Хлэмкаваю дачкою?

— Мусіць, мусіць... стары дурань! Прэч з маіх вачэй, пакуль сына чалавекам не зробіш!

Каб гром трэснуў над галавою Пранціся, ён не так 6ы аглушыў яго, як гэты прыём. Не чуючы пад сабою ног, з бутэлькаю у руках вылецеў ён з ксяндзоўскага дому. Яго, старога чалавека, паважанага католіка, ксёндз выгнаў з дому! I з-за каго? З-за гэтага праклятага сына.

— Дзе мой Ясь? — накінуўся ён на Бэрку, уварваўшыся ў карчму. — Спаганіў маё імя, збэсціў увесь наш род! Мяне, мяне выгнаў ксёндз. На старасці. Цяпер кожны можа пляваць мне ў вочы, і я не пасмею падняць іх ні на каго. У, пагібелі на цябе няма.

Бачыць сына яму стала адваротна, і ён павярнуў галаву...

— А, і ты, сцерва, тут! Гэта ты адабрала ў мяне сына і маё імя і чэсць! Ты, паганая!

— Бацька, не падыходзь, не чапай яе, яна не вінавата! Ясь стаў між Алесяю і бацькам. Губы Пранціся дрыжэлі, на іх выступіла пена. З працягнутаю леваю рукою ён быццам намагаўся дастаць Алесю.

— Не чапай! — зыкнуў страшным голасам Ясь і падняў руку загарадзіць Алесю.

— Прэч! Прэч ад гэтае подлае! — хрыпеў Пранцісь. Правая рука Пранціся сударажна паднялася; ён размахнуўся ёю, і тоўстае шкло дна бутэлькі з мёдам глыбока ўрэзалася ў вісок Яся.


III

Васіль Хлэмка прачнуўся ад бразгату ў вароты. Сонца ўжо ўзышло, але было яшчэ халаднавата. Накінуўшы сярмяжку на плечы, ён пайшоў адчыняць.

— Дзе гэта ты бадзялася ўсю ноч? — адчыняючы варотцы, спытаў ён.

Перад ім стаяў балагольшчык ад Бэркі.

— Вазьміце сваю дачку,— я прывёз; ды заплаціце грошы за фурманку.

Балагольшчык памог вылезці Алесі і развязаў ёй рукі, сцягнутыя зрэбным ручніком. Валасы на ёй былі ўскудлачаны, адзежа ўся змятая і перапэцканая граззю і кроўю, на твары ні аднае крывінкі, вочы шкляныя.

— Ах, як было весела на гэтым вяселлі! — загаварыла яна, не міргаючы вачыма. — Гарэлка цёплая, чырвоная. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! А як скакалі мы з Ясем, каб вы бачылі, мае ўдалыя: вось так.

Яна ўзялася рукамі ў бокі і пачала вырабляць нагамі нейкі скок, смеючыся рэжучым голасам. Васіль, аслупянеўшы, пазіраў на сваю дачку і не мог зразумець, што з ёю зрабілася і як з ёю быць. Крыху апомніўшыся, ён зірнуў на балагольшчыка.

— Пранцісяў Ясь забіты, і яна гэта бачыла, — шапнуў той.

— Душна тут, — гаварыла Алеся, увайшоўшы ў хату. — Ясь, адчыні акно, мне лепей відаць будзе кірмаш... Ай, Ясік, якая ў цябе пекная чырвоная істужка на капялюшы! Ясь! Ясь! Вось ён, блізка, страшна, вочы ў яго, як вугалле ў печы!.. Ясь, ратуй, ратуй! Ага, не дастанеш! Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

...Толькі на трэці дзень яна на нейкі час адышла і стала пазнаваць сваіх. У гэты дзень усе Лятцы каля паўдня высыпалі на вуліцу. Па дарозе на мястэчка ехаў нейкі чын з блішчастымі гузікамі і з шашкаю на баку. За ім на фурманцы везлі Пранціся Ляшкевіча, рукі яго былі звязаны ззаду вяроўкаю; паабапал яго сядзелі таксама блішчастыя гузікі. За фурманкаю ішлі сяляне-панятыя, а за імі траха не ўся вёска. Алеся сядзела ў хаце каля акна і бяздумнымі вачамі глядзела на вуліцу. Раптам яна ўскочыла, і ўперад, чымся маці апомнілася, яна ўжо была каля воза, на якім везлі старога Ляшкевіча. Ухапіўшыся за аглоблю, яна ўпілася вачамі ў твар Пранціся.

— Гэта ён, ён забіў Яся! — не сваім голасам закрычала яна.

Ішоў час. Цэлымі днямі Алеся хадзіла па хаце, нікога і нічога не бачачы. Усе дамашнія цішком абыходзілі яе, а маці, Таццяна, прыпамінала ўсе свае грахі і грахі сваіх бацькоў і дзядоў, за якія бог пакараў яе. Для Васіля здарэнне з Алесяю таксама не прайшло дарэмна, тым больш што ўсярэдзіне нейкі голас заўсёды шаптаў яму, што гэта ён сам давёў дачку да такое напасці...


Оглавление

  • I
  • II
  • III
  • X