Казiмiр Камейша - Гарцунок

Гарцунок [be]   (скачать) - Казiмiр Камейша

КАЗІМІР КАМЕЙША
ГАРЦУНОК


ЛЯ КАРТЫ РАДЗІМЫ

Азеры, рэкі, і лясы,
I гарады,
і вёскі —
Усе змясцілася на ей,
На карце той, шматверстцы.
Разгон лугоў
і неба шыр
З паводкаю блакіту.
Сады паўсюль.
Як акіян,
Тут каласуе жыта.
Чуваць заводаў гамана
I гул матораў роўны.
Растуць уверх,
растуць ушыр
I Мінск,
і Брэст,
і Гродна.
I нафта рэчыцкая тут
Пласты зямлі свідруе.
Шахцерскі горад Салігорск
Тут дзень і ноч шчыруе.
I рэек звон,
і гул шашы,
I гром аэрадрома —
Усе змясцілася на ей,
На карце нашай роднай.
I нават весачка мая,
Пушчанская, малая,
Сваею назваю на ей —
Прыслухайся —
Спявае!


ЛІСТАПАД У ЛЕНІНГРАДЗЕ

Абвеяў прасторы
Кастрычніцкі вецер.
Нясе лістапад
Сваю пошту па свеце.
I сыплецца ціхае лісце,
Як зоры,
На воды Нявы
I на крэйсер «Аўрора».
I ў рукі нашчадка
Праз зарыва зыркасць,
Як птушка, істужка
Ляціць бесказыркі.


ПУШЧАНСКІ КУТ

Вітаю росны твой мурог,
I твой блакіт сцюдзена-ціхі,
I свежы перашэпт вятроў
Пад трапяткім крылом бусліхі.
Я сам нібыта на крыле
Лячу ў куток пушчанскі
светлы.
Няма чысцей,
няма святлей,
Чым ён, мой самы запаветны.
Цякуць праз дні і праз гады,
Цякуць праз нашы сэрцы рэкі.
I ўсе —
ад поля да грады —
Лагодзіць позірк чалавеку.


НАШ ДЗЕНЬ

Устае ён сонейкам з-за бору,
У дварах ён ведрамі звініць
I стаіць, бяссонны, у дазоры
На ахове роднай цішыні.
Ён у школы дзверы расчыняе,
Ён па нівах трактары вядзе.
З новых спраў хаду сваю ўсчынае
Новы дзень.
Чуеце?
Па рэйках гоніць рэха.
Ён — усіх канвеераў працяг
I працяг усіх мастоў і рэкаў
На прасторах нашага жыцця.
Ён з усей краінай у паходзе,
Будаўнік і творца новы дзень.
У мінулы час не адыходзіць,
Новы дзень у будучыню йдзе!


САКАВІК

Сну зімовага даволі!
Свята ў сонца, паглядзі!
Моцна спалі лес і поле —
Сакавік іх разбудзіў.
А пасля падаўся полем
Да раскутае ракі,
Начапіў лазе на голле
Залатыя каташкі.
Капяжовы перазовы
Чуеш зблізку і здалек.
Днем у следзе палазовым
Заіскрыўся ручаек.
Распагоджаны аблокі,
Улагоджаная шыр.
Сакавік кляновым сокам
Заскакаў у гладышы.
Веснавых прыкмет багата.
Сакавік здзіўлены сам.
А яшчэ прынес ён свята,
Дарагое свята мам.


ВУЖАНКА

Ну і шустрая вужака
З лесу шаснула ў траву.
А вужакаю
Вужанку,
Рэчку нашу, я заву.
Ля карчоў яна нырцуе,
Вербы ніцыя трасе.
Знаю, дзе яна начуе,
Дзе начуюць рэкі ўсе.
У лугах начуе,
чуў я,
У зяленым хмызняку.
А бывае, заначуе
У рыбацкім кацялку!
Дзе цячэ, там спіць Вужанка.
Дно ей — хата і ляжанка.


ДЗІВАКІ

Адкуль дзівакі вось такія
Бяруцца?
Катаецца кот
На лімоннай шкарлупцы.
Катаецца цень
На рудым пыласосе.
А муха — гудуха
На Пецевым носе.
Катаецца, гляньце,
На цеплай дзяружцы
Падушка на Пецю,
А ён — на падушцы.


ВЕЧАР

Залатой дарожкай з мора
Адыходзіў дзень за горы
Прытамленым хадаком.
Стала сонейка маленькім,
Стала сонейка манетным,
Невялікім медзяком.
Ну а там, далека недзе,
Дзе зямля сышлася з небам,
Як вялікая скарбонка,
Сіняя гара стаяла.
I па медзяку штовечар
На гарыстай той сінечы
У скарбонку медзяную
Неба весела кідала.
Там, дзе скалы,
Там, дзе рыфы,
На хвасце вялікай рыбы
Дрэмле сонейка другое,
Дзень свой сніць.
Заўтра нас яно разбудзіць
I свяціць дасхочу будзе,
А пасля у вечар пойдзе
I ў скарбонку заляціць.


ГАРЦУНОК

Выйдзе,
грукне капытом,
Спудзіць зайца пад кустом.
Цемным вокам павядзе —
Аж шалее авадзень.
Малады і неслабы,
Стане раптам на дыбы.
Пойдзе скокам,
выйдзе ў круг,
Каля лесу зробіць крук.
Скача зноў наўскапыта.
Чый ён, чый ён, не пытай.
Мамы гнедае сынок
З легкім імем Гарцунок.
У гарод бяжыць, на луг.
Ах, які ён цесны, круг!
Гарцуй, гарцуй, Гарцунок,
Не шкадуй гарачых ног!


СІНІ СВЯТЛАФОРЫК

Калі ў жыце загарыцца
Сіні святлафорык —
Гэта знак:
Рыхтуй камбайны,
Правярай маторы!
А другі раз загарыцца
Святлафорык сіні —
Значыць, жыта васкавое.
Запрашай машыны!
Гоніць, гоніць легкі ветрык
Васкавыя хвалі.
Святлафорык той за позірк
Васільком празвалі.
Сыплюць з бункера зярняты,
Нібы тыя зоры.
Гэта даў жніву дарогу
Сіні святлафорык.


ЭКСКУРСІЯ


I

Светлых цэхаў тут багата —
Не абыдзеш і за год.
Ведаць хочацца Ігнату,
Скуль, з якіх дзвярэй, варот
Пачынаецца завод.
— З прахадной яго пачатак,
— Так Пятрок давеў Ігнату.
— Пачынаецца з варот,
— Не згаджаецца Фядот.
А Змітрок сказаў сябрам:
— Пачынаецца з двара.
— Што гадаць,— рашыла Іра,—
Запытаем брыгадзіра.
Брыгадзір вачыма бліснуў
I гаворыць брыгадзір:
— Вы усе ад праўды блізка:
Есць пачатак,
Ён адзін.
Пачынаецца завод
Не з дзвярэй і не з варот,
А з рабочых рук старанных,
З працы іх самаадданай.
Працы ў нас вялікі фронт.
Дык прашу вас на завод.


II

Абысці завод не проста.
Першы цэх… Чацверты… Шосты…
Гальванічны,
Механічны,
Для вачэй усе нязвычна.
Зборкі цэх і цэх настройкі…
Паспявай дзівіся толькі.
Перад вамі самы новы,
Адмысловы
Тэлевізар каляровы.
Ён з канвеера вось толькі,
Фарбай ззяючы, праплыў
I ўсе колеры вяселкі
На экране запаліў:
Колер неба, колер хлеба,
Колер маку агнявы,
Колер маладой травы,
Колер сонца выбуховы,
Колер кветкі верасовай.
Ну а зараз трэба толькі
Ручку павярнуць настройкі —
I з экрана, калі ласка,
Сыдзе песня або казка.


III

Правадок і правадок,
Сплецены, як жылы,
А сплятуцца у маток —
Пабяжыць па кожным ток
Самай чуйнай сілы.
Тут працуюць важна, чынна
Электронныя машыны.
Ля машын разумных самых —
Нашы таты, нашы мамы.
Тут, у светлым цэху зборкі,
Тату адшукаў Рыгорка.


IV

Ён, завод,— адна сям'я.
Дружная, вядома.
Кожны ў цэху не чужы,
Кожны ў ім, як дома.
У сям'і есць працаўнік
Самы паважаны.
Ён праславіў свой завод
Працаю стараннай.
Дзіва творыць на станку.
Рады ўсе працаўніку!
Праца спорыцца, глядзі:
Майстра у настроі.
Зорка золатам гарыць
На грудзях героя!


V

З цэха ў цэх ідзем заўзята,
Як ідзем са свята ў свята.
Што яшчэ там на чарзе?
На чарзе у нас музей.
Экспанатаў тут багата.
I раскажуць экспанаты,
Што стварыў за многа год,
Чым праславіўся завод.
Вунь святлом аззяна яркім
Радыела роднай маркі.
Вунь, як шыбінка, экран,
Ды экран той — ветэран.
Гэта ўсе ўчарашні дзень,
А завод — ён у хадзе.
Як браты, стаяць транзістары,
Аж гарыць шкала іскрыстая.
Паглядзі: пасталі ў рад
Брат «Мікрон» і «Мікра»-брат.
I мігнуў шкалою тут
Іхні трэці брат «Эцюд».
Лік братоў расце, расце —
Ўсіх не злічыш, каб хацеў.
Пра завод і пра людзей
Расказаў усе музей!


ДОЖДЖЫКАВА ЛІЧЫЛКА

Раз — і зірнула лісце
Зеленавока на свет.
Два — і струменьчыкаў ніці
Шыць пачалі па траве.
Тры — вытанцоўвае кропля
Звонка ў балейцы пустой.
Ну а чатыры — на кроне
Чорненькі свіснуў свісток.
Пяць — мыюць кветкі пялесткі,
Вушы скрабуць лапухі.
Шэсць — гэта зноўку над вескай
Воблака вырас пухір.
Сем — сем глыткоў каляровых
Вып'е вяселка з ракі.
Восем — з-пад сховаў імховых
Вылезуць баравікі.
Дзевяць — і сонейка ўзыдзе.
Дзесяць — і спыніцца дождж.
Што ж ты спыніўся?
У крыўдзе
Луг на цябе і садок.
Просіць гародчык вачыма:
«Цепленькі, што ж ты аціх?»
Дожджык лічыць вучылі
Толькі да дзесяці.


АРТЭК

Вяселы плескат нашых рэк
Прывез з сабою я ў Артэк.
Узяў і водару бароў,
I рэха нашых вечароў.
Прывез да мора ўсе,
а там
Падараваў сваім сябрам.
З усіх шырот, куткоў зямных
Мы ў хвалях стрэліся адных.
I сонца ў нас адно было,
I дружбы шчырае святло.
Гулялі хвалі,
і касцер
Узносіў іскры аж да зор.
…Мяне пісьмо знайшло зімой,
З Берліна піша сябра мой:
«Я чую плескат вашых рэк,
I водар смаляных бароў,
I рэха вашых вечароў.
Здружыў навечна нас Артэк!»


НА РЫБЕ

З чароту выплывае лодка,
Калыша лотаці агні.
Па легкай плыні
шлях кароткі
I плеск вясла у цішыні.
Няма спакою рыбалову,
Свіргоча леска —
Ўзмах і ўзмах.
Даўно прабегла дня палова,
А ўлову ўсе яшчэ няма.
Ды толькі сумаваць не варта,
Удача побач, недзе тут,
Хоць лодкі ранішні маршрут
Шчупак заблытаў хітравата.
I сэрца у грудзях заб'ецца,
Аж пасвятлее дно ракі,
Як плотка ў лодцы страпянецца,
Вяселкай бліснуць плаўнікі.
Шчыруе цішыня наўкола,
Смяюцца лотаці агні.
I плескае вясло вясела
У цішыні, у цішыні…


ПЕРШЫ СНЕГ

Пафарбуе ў чырвань твары,
Фарбы лета ўспамяне.
Як з вушанкі,
з белай хмары
Белым роем сыпане.
Панясуць той рой імкліва
Па шляхах усіх вятры
На лясы,
гароды,
нівы,
На пагоркі і двары.
Снежна…
Гонка мчацца санкі,
Глухне пошум баравы.
I зрываецца вушанка
Снежнай птушкай з галавы.


ДЗІЎНЫ КАВАЛЬ

Белы каваль Мароз,
Зноў ты куеш няспынна.
Зноў над кавадлам занес
Молат свой слынны.
У белай акоўцы бары
Сыплюць мяцеліцай зораў.
Белым агнем гарыць
Белы твой горан.
Стукнуў і раз і два —
Белыя выкаваў рэйкі.
Ты мне сцяжынку ўкаваў,
Ты закаваў маю рэчку.
Срэбрам акоўваеш ты Вокны,
карнізы
і дзверы.
Срэбныя круціш вінты,
Срэбныя клеіш шпалеры.
Днем ты і ноччу куеш,
Грукаеш ты несціхана.
Дзякуй, што й боты мае
Белым агнем падкаваны!


СНЕЖАНЬ

Усе нібы намалявана
На полі белага лістка:
I гэта снежная паляна,
I след вяселы беляка.
I куст, і дрэва заміраюць,
З галінак снег паабвісаў.
Тут скрозь —
ад краю і да краю —
Ляжыць спакою паласа.
Калі ж патухнуць зоры ранкам
Па гэтай соннай паласе,
Аддаўшы цішу калыханкам,
Блукае снежань-дрывасек.
Ён дзень усмешкаю вітае,
Зімой закалыханы ён.
Камель ямчэйшы выбірае
I слухае знаемы звон.
Вятрэц галінкі не калыша,
Зарой праменіцца кара.
I адлятае ў гэту цішу
Апошні ліст календара.


КАЗКІ


КУДЫ ЗАЕХАЎ ВУСЕНЬ

Ехаў вусень —
Не, не ў сне! —
На капусным качане.
Позні час
Ці ранні час —
Цяжка коціцца качан.
Стогнуць і скрыпяць лісты.
Брыдка ад такой язды.
На гародняй той вярсце
Шустры хтось пратупацеў.
Штосьці чмыхаў:
Чмых ды чмых.
Быў качан з найхуткіх тых.
— Нейкі шэры ён, аднак,
Бачна, што качан не наш.
Я ж не еду, а цягнуся.
Перасяду,— кажа вусень.
Як на новы сеў качан,
Пацямнела у вачах.
Па бульбоўніку за грады
Той качан памчаўся раптам.
Не лісце на ім — калючкі.
Ездаку пякло пякуча.
I калючы той качан
Проста ў лес яго імчаў.
Быў яздок і сам не рад:
«Трэба быць далей ад град».


КОТ НЕЛАВІМЫШ

Ён у доме, у зацішшы,
Жыў вады цішэй.
Хоць вяліся побач мышы,
Не лавіў мышэй.
Паганяе часам мушку,
Курыцу: «Акыш!»
I паўзла за ім мянушка
«Кот Нелавімыш».
Дом нібы і адмысловы,
А жыцце — не мед.
I падаўся ў рыбаловы
Рыжавусы кот.
Накапаў адранку банку
Тлустых чарвякоў:
«Можа, пару да сняданку
Зловім акунькоў».
Адшукаў вудзільна недзе
У глыбі лясной.
Нес — хапалася за неба
Кончыкам яно.
Ля ракі народу поўна
(Во як позна спаць!):
Шчанюкі з катамі побач
З вудамі сядзяць.
Сам на беразе прысеў ён,
Вудаю махнуў
Так, што лескаю суседа
Зачапіў спіну.
Той паморшчыўся нервова,
Але дараваў.
Балазе шчанячай новай
Світкі не парваў.
Кот яшчэ раз замахнуўся,
Аж запеў кручок.
Нехта нават усміхнуўся:
«Ну і навічок!»
Кот жа раптам як заплача,
Ды балюча так:
Адарваў сабе, бядача,
Трэба ж, паўхваста.
Пакруціў ён вус свой рыжы:
«Хвост, ён адрасце.
Але йсці дамоў без рыбы
Ці не горшы здзек?!»
Зашпіліў тужэй папружку —
Голад у ката.
Тут шчанюк яму на вушка
Нешта пашаптаў.
Тут жа вуду кінуў-рынуў
Шустры навічок
I на вус даўжэзны рыжы
Начапіў кручок.
Вус закінуў і чакае,
I не гляне ўбок.
«Дзе ж тут рыбіна якая,
Хоць бы акунек?»
Бачыць:
Падыходзіць рыба
Ды як тузане —
Ледзьве згледзеў вус свой рыжы
Кот на рыжым дне.
Зноў заенчыў і ад болю
Ён пачаў скакаць.
Пасмяяўся нехта:
«Болей Слухай шчанюка!»
Але йсці дамоў без рыбы
Яшчэ горшы здзек.
Мо схадзіць купіць на рынак?
Але грошы дзе?
Даць бы добрае папружкі
Шчанюку таму.
Тут другі сусед на вушка
Пашаптаў яму:
«Ну, чаго ты ныеш-плачаш?
Маеш чарвякоў,
I ў цябе на лапах, бачыш,
Вунь колькі кручкоў».
«Гэты, пэўна ж, кажа праўду.
Хлопец, бачна, свой»,—
Калі добрая парада,
Хто не рады ей?!
«I акунь, і лінь хай знаюць,
Будуць на кручку»,—
I на кіпцікі чапляе
Кот па чарвяку.
Хвілі цягнуцца марудна,
Кот аж прыдрамаў.
Надыходзіць час палудны,
Клеву ўсе няма.
На губе чыейсьці плаваў
Адарваны вус.
Тут спыніўся каля лапы
Здаравяк— мянтуз.
Чарвякоў ён змерыў вокам,
Тузануў. I так —
Па вадзе цягнуў глыбока
Той мянтуз ката.
Бедалагу так натузаў,
Ведама, мянтуз.
Стаўся страхам, нават гузам
Той кату канфуз.
«Не, не трэба мне нічога.
Лепш спакой і ціш!» —
У сабачы трапіў човен
Кот Нелавімыш.
Ледзь прамуркаў з перапуду
Толькі пару слоў:
«Рыбы больш лавіць не буду.
Я не рыбалоў!…»
Паламаў са злосці вуду,
Кроплі строс з вушэй:
«Рыбы больш лавіць не буду,
Лепш лавіць мышэй!»


КАЗКА ЗІМОВАЙ ГАРЫ

Вось дык разгон!… Аж снег курыць,
Імчацца хораша з гары!
Гара сустрэлася з гарой?
— Вітаю вас! — мядзведзь зароў.
I ў лесе добра сябра мець,
На лыжы тут жа стаў мядзведзь.
Зайздросцяць з-за кустоў звяры:
Мядзведзь спускаецца з гары!
I іх паклікала гара —
Катацца весела сябрам.
Згасала дзеннае святло,
За дрэвы сонца заплыло.
Ужо развітвацца пара.
Шкада развітвацца сябрам.


КРАВЕЦ КАНЯЎСКІ

Дзе жыве кравец Каняўскі?
Я скажу вам, дзе жыве:
У мястэчку Заканаўскім,
За канавай,
У траве.
Майстра знаюць за канавай.
У яго — сябры і слава.
Стракатун,
Не спіць і ўночы,
Бо працуе сам за двух.
I стракоча, і стракоча,
Абшывае цэлы луг.
Шые світкі і накідкі,
Шые з шоўку і сукна.
Шые ўсе зяленай ніткай,
Сам зялены, як вясна.
Чмель тутэйшы майстра хваліць.
Задаволен майстра сам.
Так асе кафтан прыталіў —
Рада модніца аса.
А цяпер сказаць пара
I пра крыўду камара.
Не любіў яго Каняўскі,
Як і ўсе у Заканаўскім.
— Мне касцюм,— камар прасіў,—
Ты пашый, не як усім.
А Каняўскі у адказ:
— Гэта не па мне заказ.
З рогату камар аж тросся:
— А краўца адсюль папросяць,
А краўца з травою скосяць.
Я — то сам пераканаўся:
Ён ніякі не Каняўскі,
Проста выскачка з травы,
Проста конік лугавы…
Доўга майстра ён няславіў,
Ажно плюхнуўся ў канаву.
З камара ўвесь луг рагоча,
А кравец жыве, стракоча.


ЗАГАДКІ

Адкрываю скрынку я —
Выпаўзла з яе змяя.
А змяя грымучая
I яшчэ паўзучая.
Пастаралася змяя —
Хата чыстая мая.
(Пыласос)

На адным каромысле
Застылі два вядры.
Адно прывыкла слухаць,
Другое — гаварыць.
(Тэлефон)

Плача і вые,
Гуляе па полі.
Толькі у рукі
Не возьмеш ніколі.
(Вецер)

Стаяў і быў
Да неба, рослы.
Цяпер стаю,
З травою роўны.
(Дрэва і пень)

Цераз лугі, лясы, лагчыны
Два браты сястру
Вядуць
З блакітнымі вачыма.
(Рака)

Знаемец ну і смешны мой!
Як растлумачыць тое:
Спачатку быў яешняю,
А стаў скаварадою?
(Сланечнік)

Вачанятак ціхіх пяць
З адной шчылінкі глядзяць.
(Струк)

У гэтай знаемай хаціне малой,
Хоць есць і цяпло і згода,
Чатыры браты разам жывуць,
А пяты асобна заўсёды.
(Рукавіца)


Оглавление

  • ЛЯ КАРТЫ РАДЗІМЫ
  • ЛІСТАПАД У ЛЕНІНГРАДЗЕ
  • ПУШЧАНСКІ КУТ
  • НАШ ДЗЕНЬ
  • САКАВІК
  • ВУЖАНКА
  • ДЗІВАКІ
  • ВЕЧАР
  • ГАРЦУНОК
  • СІНІ СВЯТЛАФОРЫК
  • ЭКСКУРСІЯ
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  • ДОЖДЖЫКАВА ЛІЧЫЛКА
  • АРТЭК
  • НА РЫБЕ
  • ПЕРШЫ СНЕГ
  • ДЗІЎНЫ КАВАЛЬ
  • СНЕЖАНЬ
  • КАЗКІ
  •   КУДЫ ЗАЕХАЎ ВУСЕНЬ
  •   КОТ НЕЛАВІМЫШ
  •   КАЗКА ЗІМОВАЙ ГАРЫ
  •   КРАВЕЦ КАНЯЎСКІ
  • ЗАГАДКІ
  • X