Коллектив авторов - Славацкая надзея: досвед дэмакратычных трансфармацый

Славацкая надзея: досвед дэмакратычных трансфармацый [be] 3M, 274 с.   (скачать) - Коллектив авторов


Славацкая надзея: досвед дэмакратычных трансфармацый

Рэдактары: Марцін Бутара, Грыгорый Мясежнікаў, Міраслаў Колар

Рэдактары беларускага выдання: Валянцін Акудовіч, Алесь І. Анціпенка, Юрась Барысевіч

Са славацкай пераклалі: Алесь Карцель, Сяргей Сматрычэнка, Ірына Сітнік, Павал Раага, Андрэй Пачопка

Карэктары: Антаніна Хатэнка, Вікторыя Уласевіч

Кампутарная вёрстка і дызайн вокладі: Алесь А. Анціпенка

Фота на вокладцы: Стана Ендэк


Прадмова

17 чэрвеня 2006 г. у Славакіі адбыліся чарговыя парламенцкія выбары. Праз некалькі дзён пасля абвяшчэння вынікаў галасавання лідэры трох апазіцыйных партый — Кірунку-сацыял-дэмакратыя (Кірунак-СД), Руху за дэмакратычную Славакію (РЗДС-НП) і Славацкай нацыянальнай партыі (СНП) — стварылі новую ўрадавую кааліцыю. У ліпені 2006 г. урад узначаліў старшыня Кірунку-СД Роберт Фіца: яго партыя стала безумоўным пераможцам на выбарах і таму займела самыя моцныя пазіцыі ў новым славацкім урадзе. Склад ураду і яго намеры, падаваныя ў праграмнай заяве, выклікалі дыскусіі не толькі ў Славакіі, але і ў замежжы. Найбольш пытанняў паўстала ў звязку з кааліцыйным саюзам партыі Кірунак-СД, якая дэкларуе сябе сацыял-дэмакратычнай партыяй еўрапейскага тыпу, з СНП — радыкальна-нацыяналістычнай партыяй. Таксама неадназначна было сустрэта й вяртанне да ўлады лідэра РЗДС Уладзіміра Мэчыяра — палітыка, што быў крытыкаваны за праявы аўтарытарызму і парушэнне дэмакратычных законаў у сярэдзіне 90-х.

РЗДС і СНП у якасці ўрадавых партый прычыніліся ў 1994—1998 гг. да фармавання рэжыму неліберальнай дэмакратыі. Той факт, што партыя Кірунак-СД, якая перад выбарамі 2006 г. таксама не хавала свайго крытычнага стаўлення да рэформ права-цэнтрысцкага ўраду Мікулаша Дзурынды, аб’ядналася з СНП і РЗДС, змусіў шмат каго з айчынных і замежных назіральнікаў задумацца над пытаннямі, ці зможа цяпер славацкае грамадства працягваць распачаты шлях рэформ, якія змены яго чакаюць і што ў ім застанецца ад папярэдніх тэндэнцый. Пакуль ад стварэння новага ўраду прамінула зусім не шмат часу, і таму немагчыма даць аналітычную ацэнку яго рэальнаму курсу, а, тым больш, адважыцца на які доўгатэрміновы прагноз. Аднак важна перадусім мець на ўвазе: змена ва ўладзе, легітымная з палітычнага гледзішча (тры новыя ўрадавыя партыі маюць бясспрэчную большасць дэпутацкіх мандатаў у парламенце), адбылася згодна з канстытуцыяй і законамі краіны. А гэта азначае, што сёння ў Славакіі мы маем грамадскую стабільнасць і кансалідаваную канстытуцыйную сістэму.

Новы ўрад пацвердзіў усе свае абавязкі, што вынікаюць з сяброўства СР у ЕС і НАТА і заявіў пра намер увесці ў Славакіі агульную еўрапейскую валюту ў 2009 г., — з умовай трымання г.зв. маастрыхцкіх крытэраў у сферы фінансаў. Разам з тым, новы ўрад мае іншыя ўяўленні аб прыярытэтах сацыяльна-эканамічнай палітыкі, параўнальна з тымі, што былі ў яго папярэдніка. Кірунак-СД лічыць ухваленую ўрадавую праграму “сацыял-дэмакратычнай” і разглядае яе як арыентаваную найперш на паляпшэнне становішча сацыяльна саслаблых груп насельніцтва, якія пацярпелі ад паасобных рэформ ураду Дзурынды. Але ж застаецца ня вырашаным пытанне, ці зможа новы ўрад, заапекаваўшыся найбеднымі слаямі насельніцтва, забяспечыць працяг папярэдніх пазітыўных макраэканамічных тэндэнцый — стабільны рост ВУП, прыток замежных інвестыцый, кантраляваную інфляцыю, паніжэнне ўзроўню беспрацоўя. У Славакіі сёння шмат дыскутуецца, наколькі магчыма выканаць перадвыбарчыя абяцанні без дэстабілізацыі фінансавай сферы і бюджэтнай дысцыпліны. Пакуль яшчэ нельга сказаць, ці новы ўрад аддасць перавагу рэалізму ды прагматызму і захавае напрацаванае ягонымі папярэднікамі (з невялікімі зменамі) ці абярэ нейкі іншы шлях.

Найбольшую турботу, у сувязі з новым урадам, выклікае СНП. Удзел гэтай партыі ва ўрадзе ўжо стварыў напругу ў грамадстве і прывёў да канфліктаў у міжэтнічных і міждзяржаўных славацка-венгерскіх адносінах. Адразу пасля пачатку дзейнасці новага ўраду ў Славакіі мела месца некалькі антывенгерскіх інцыдэнтаў (уключна з актамі фізічнага гвалту з этнічных венграў) і, адпаведна, адбыліся антыславацкія выпады ў Венгрыі. Уваход СНП ва ўрад з ініцыятывы Смеру-СД можна разглядаць і ў кантэксце агульнаеўрапейскай тэндэнцыі ўзмацнення пазіцый нацыяналістычных сіл. Уздым папулісцкіх партый у Еўропе (Францыя, Галандыя, Данія, Бельгія, Швейцарыя), іх удзел ува ўрадах некаторых краін (Аўстрыі, Румыніі, а з нядаўна — і Польшчы) падштурхоўвае палітыкаў-дэмакратаў вызначыцца ў сваім стаўленні да нацыяналістычных партый. Пакуль тут існуе два падыходы. Першы звязаны з патрабаваннем ізаляцыі нацыяналістычных сіл, другі прапануе далучаць іх да ўдзелу ў прыняцці ўладных рашэнняў, каб тым самым знізіць ступень іх радыкалізму і гэтак паслабіць пазіцыі ў грамадстве. Нельга выключыць, што досвед Славакіі шмат якія рэчы прасветліць у гэтай дыскусіі.

Вынікі парламенцкіх выбараў 2006 г. і стварэнне новага ўраду хаця й змянілі расклад палітычных сіл у краіне, аднак гэта не азначае, што яны адпрэчылі плён дэмакратычных рэформ папярэдніх этапаў. Сучасная Славакія, сябра ЕС і НАТА,— гэта іншая краіна, чым Славакія ў 1994—1998 гг. Сёння ўжо не трэба змагацца за асновы дэмакратыі. Неабходнай з’яўляецца адно барацба за якасць дэмакратычных інстытутаў у краіне, праз канкурэнцыю розных палітычных і сацыяльна-эканамічных канцэпцый. Славацкія выбарцы ў чэрвені 2006 г. выказаліся на карысць апазіцыйных партый. Дзве з іх у мінулым не выглядалі як сапраўды дэмакратычныя — затое цяпер яны маюць шанец пераканаць сваіх прыхільнікаў і ўсё грамадства, што ў стане эфектыўна вырашаць праблемы краіны — з захаваннем дэмакратычных стандартаў і ўзмацненнем пазіцый Славакіі ў сям’і еўрапейскіх народаў. Скептыкі маюць падставы сумнявацца наконт магчымай трансфармацыі гэтых партый, аднак толькі час пакажа, ці зможа новы ўрад плённа скарыстаць дадзены яму шанец.

Марцін БУТАРА, Грыгорый МЯСЕЖНІКАЎ, Міраслаў КОЛАР Рэдактары


Уводзіны: рука сяброўства і дапамогі

Зрын камунізму, што адбыўся сямнаццаць гадоў таму, спрычыніўся да ўзнікнення шэрагу новых краін у Сярэдняй і Ўсходняй Еўропе. Сярод іх — дзесяцімільённая Беларусь і пяцімільённая Славакія, якія па распадзе СССР і ЧСФР узяліся за адбудову сваіх дзяржаў і супольнасцяў. Адбывалася тое на тле еўрапейскай інтэграцыі ды працэсаў глабалізацыі. Ад самага пачатку абедзве краіны, што раней былі часткамі найбуйных дзяржаўных утварэнняў, зведалі няпростыя праблемы пераходнага перыяду. Калі гаварыць пра Славакію, дык яе шлях да дэмакратыі быў досыць складаным, але ўрэшце завяршыўся паспяхова.

Некалькі гадоў таму я ўпершыню наведаў Беларусь і быў здзіўлены, як шмат падабенстваў маюць нашы краіны і народы. Але ці не найбольш уразіла мяне псіхалагічная блізкасць. У характары беларусаў і славакаў я ўбачыў падобныя рысы — ад здольнасці адаптавацца да накінутых абставін і працавітасці да схільнасці ўпадаць у роздум пра тое, кім з’яўляемся, інакш кажучы,— у роздум пра ўласную ідэнтычнасць. Перад дарогай мне чамусьці ўяўлялася, што беларусы мусяць адмоўна ставіцца да рускіх — народу моцнага і паноўнага, з адрознай калектыўнай ды індывідуальнай псіхалогіяй. Але тое аказалася памылковым. Між тым, пазнаёміўшыся з беларускімі рэаліямі і людзьмі бліжэй, я займеў яшчэ больш глыбокія сімпатыі да гэтай краіны. І не толькі я адзін. У апошнія гады Беларусь, праз сваю ўнутрыпалітычную сітуацыю, апынулася ў ізаляцыі, але ў той жа час зрабілася й аб’ектам падвышанай цікавасці з боку Еўропы, у тым ліку й Славакіі — яе дыпламатаў, прадпрымальнікаў, а таксама прадстаўнікоў культуры і няўрадавых арганізацый.

Адкуль гэта цікавасць? Адказы, безумоўна, могуць быць рознымі... Але маё меркаванне вынікае з пераканання, што людзі ў Славакіі разумеюць беларусаў і сімпатызуюць іх барацьбе за годнасць і незалежнасць. Многія гатовы бескарысліва дапамагаць, а часам і маюць што прапанаваць канкрэтна. Вядома ж, гэта барацьба — перадусім справа саміх беларусаў. Але я не аднойчы бачыў, як яны — прынамсі, найбольш адкрытыя і свабодныя з іх,— даведаўшыся пра шлях Славакіі да дэмакратыі, дабрабыту і міжнароднага прызнання, натхняюцца і робяцца яшчэ больш аптымістычнымі. Гаворка тут не пра гістарычныя рэмінісцэнцыі, тактыку дзеянняў або гвалтоўнае накідванне грамадска-палітычных ці жыццёвых узораў. Дзве невялікія еўрапейскія краіны, з якіх адной ужо ўдалося знайсці шлях у еўрапейскую сям’ю дэмакратычных нацый, імкнуцца, у межах наяўных магчымасцяў, бліжэй пазнаёміцца і весці партнёрскі дыялог.

Гэтая кніга, падрыхтаваная незалежнай аналітычнай структурай (Інстытутам грамадскіх пытанняў), якая ў дэмакратычнай мадэрнізацыі Славакіі адыгрывае заўважную ролю, ёсць чарговым сведчаннем міжнароднай адказнасці Славакіі перад іншымі краінамі. Выбітныя славацкія спецыялісты з розных галінаў веды паспрабавалі крытычна прааналізаваць славацкую гісторыю і падзеі апошніх гадоў. Беларускі чытач даведаецца з кнігі, што сваім поспехам мы абавязаны перадусім грамадзянам нашай краіны, якія баранілі годнасць, імкнуліся да свабоды і падтрымлівалі рэформы, якія прывялі да эканамічнага росту, свабоднага рынку і вольнага перамяшчэння славакаў у сённяшняй аб’яднанай Еўропе. Пераўтварэнні, што мы здзейснілі, не былі накінуты нам нашымі мацнейшымі суседзямі, не рабіліся яны й пад націскам вялікіх дзяржаў. Славацкія грамадзяне мусілі самі разлічыцца з камуністычным мінулым, самі ўладкаваць сітуацыю ў краіне пасля зрыну камуністычнага рэжыму, самі выдаліць недэмакратычныя метады з грамадскага жыцця. Натуральна, адбывалася тое не ў ізаляцыі ад вонкавага свету і не ў лабараторных умовах: дэмакратычныя краіны нам у тым дапамагалі і дапамагаюць дагэтуль. Шлях, які мы адолелі, далёка не скончаны. Бо дэмакратыя — гэта далікатная расліна, пра якую ўвесь час належыць дбаць. Аднак у Славакіі яна ўжо глыбока пусціла свае карані, якія не так проста знішчыць. Прыйшоў час падзяліцца нашым досведам і з іншымі.

Салідарнасць з краінамі, якім яна патрэбна, і грамадзяне якіх маюць у ёй патрэбу, ёсць асновай сучасных еўрапейскіх узаемадачыненняў. Асабіста мне сям‘я еўрапейскіх народаў бачыцца няпоўнай без дэмакратычнай Беларусі, якая ў будучыні сама абярэ для сябе шлях супрацоўніцтва з усім астатнім светам. Веру, што беларускія аналітыкі выдадуць некалі і ўласную кнігу, прысвечаную свайму шляху да дэмакратыі, якая станецца крыніцай натхнення і адвагі для людзей з іншых краін, што імкнуцца да свабоды, дабрабыту і чалавечай годнасці.

Павал ДЭМЭШ, Старшыня Таварыства сяброў Беларусі, Браціслава


I. Чыннік гісторыі і славацкая незалежнасць


Рудольф Хмел. Славацкае пытанне ў ХХ стагоддзі

“Роўна сто гадоў будзілі

розныя энтузіясты і вар’яты гэты народ”.

Аляксандар Матушка, 1946 г.

Гэты артыкул спрабуе хаця б часткова адказаць на пытанне, якой была логіка гістарычнага развіцця славакаў, паўставання іх нацыянальнай ідэнтычнасці ды гістарычнай свядомасці і наколькі яны былі ў згодзе са станам іх дзяржаўнага ўладкавання, з формай дзяржаўна-прававога ладу.


ПЕРМАНЕНТНАЯ НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧАЯ БАРАЦЬБА

Ад 28 кастрычніка 1918 г., калі на руінах Габсбургскай манархіі пасля Першай сусветнай вайны ўзнікла Чэхаславацкая Рэспубліка, амаль тры чвэрці стагоддзя, да 1993 г., больш ці менш інтэнсіўна славакі доўжылі сваю нацыянальна-вызваленчую барацьбу, якая агулам атрымала назву “славацкае пытанне”. У славацкім пытанні сканцэнтраваліся нацыянальныя, дзяржаўна-прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і культурныя праблемы, як і праблемы стаўлення славакаў да суседзяў (перш за ўсё да чэхаў і венграў, але да рускіх і немцаў таксама), і ўвогуле ўсе праблемы славацкай знешнепалітычнай арыентацыі, інакш кажучы, — геапалітыкі. Такім чынам, славацкае пытанне ёсць комплексным і, калі заўгодна, экзістэнцыйным пытаннем славацкай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Безумоўна, не выдае на выпадковы той факт, што пасля больш як сямідзесяцігадовых перыпетый (нагадаем асноўныя этапы: кастрычнік 1918 г. — стварэнне Чэхаславацкай Рэспублікі, кастрычнік 1938 г. — аўтаномія, сакавік 1939 г. — дзяржаўная самастойнасць з ласкі ці прымусу Гітлера, травень 1945 г. — вяртанне ў Чэхаславакію з прыкметамі федэрацыі, люты 1948 г. — нарастанне асіметрыі і цэнтралізацыі, кастрычнік 1968 г. — федэрацыя, усталяваная танкамі Брэжнева і хуткая яе атрафія, лістапад 1989 г. — аксамітная рэвалюцыя) унутрыпалітычная праблематыка Чэхаславакіі напрыканцы 80-х зноў сканцэнтравалася на славацкім пытанні. Бо нават нягледзячы на легітымізацыю федэрацыі ў 1968 г., гэтае пытанне ўсё яшчэ заставалася адкрытым. Таму цалкам заканамерна, што пасля лістапада 1989 г. славацкія і чэшскія нацыянальныя інтарэсы чарговы раз сутыкнуліся. Спачатку адно ў, нібыта, фармальнай ці арфаграфічнай палеміцы пра новую назву дзяржавы, дзе празрыстым чынам мусіла праявіцца раўнавартасць славакаў і чэхаў.

“Празрыстым чынам” — гэта значыць праз злучок. Але прынялі іншую назву: Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка, хаця славакі ўжывалі скарочаную форму са злучком (Чэха-Славакія), а чэхі без злучка (Чэхаславакія). Цікава, што прысутны ў назве злучок першы раз быў скасаваны канстытуцыяй 1920 г., каб вярнуцца на шэсць месяцаў у 1938 г., пасля ўсталявання славацкай аўтаноміі. Нібыта правапісная дробязь, аднак у ёй латэнтна пачаткаваўся канец супольнай дзяржавы.

Гэта першая (пасля лістапада 1989 г.) праява зацятасці (пры юрыдычным раўнапраўі Чэхіі і Славакіі) ужо тады паказвала на верагоднасць будучага “разводу”. Калі пазней дыскусіі пра кампетэнцыі федэральнага і нацыянальных урадаў не канцаваліся кампрамісам, калі не толькі ў свядомасці, але й на практыцы (асабліва з чэшскага боку) узнаўляліся старыя унітарысцкія бар’еры і дзяржаўнасць атаясамлівалася з чэхаславацкай дзяржаўнасцю і калі на супраціў гэтаму славацкая дзяржаўнасць дэкларавалася, наадварот, радыкалізавана абвострана, з не самымі карэктнымі гістарычнымі рэмінісцэнцыямі, асобамі і партыямі, дык станавілася ясна, што ўсе мы ўжо з’яўляемся закладнікамі дывергентнага працэсу.

Выбары ў чэрвені 1992 г. далі, у прынцыпе, канчатковы адказ на славацкае пытанне. Чэхі вызнавалі ідэю функцыянальнай федэрацыі (з латэнтнымі унітарысцкімі элементамі), а славакі патрабавалі канфедэрацыі з міжнародна-прававой суб’ектнасцю абедзвюх рэспублік (што ад пачатку ўяўляла сабой неспалучальную камбінацыю). Да таго ж, чэхі былі нязгодны з эканамічнай рэформай у славацкім варыянце (акцэнт на сацыяльны аспект). Усё гэта разам прывяло да дэмантажу супольнай дзяржавы — і нават без плебісцыту.

Заснавальнікі другой самастойнай славацкай дзяржавы амаль да апошняй хвіліны (у гэтым яны не адрозніваліся ад заснавальнікаў першай у 1939 г.) заклікалі ўсімі магчымымі спосабамі захаваць супольную чэшска-славацкую краіну ўжо хаця б таму, што на выбарах яны не атрымлівалі мандату на падзел федэрацыі (за выключэннем адной, цалкам перыферыйнай, партыі, што патрапіла ў парламент). Аднак перадухіліць з’яўленне самастойнай Славацкай дзяржавы ўжо было немагчыма. Славацкае пытанне вырашылася, нібыта, мімаходзь, не з волі саміх жыхароў краіны, а з волі толькі асобных яе палітыкаў. Бальшыня славакаў адно прыглядалася да таго, як разгортваліся падзеі, але ніякіх ініцыятыў не выказвала. У Чэхіі параўноўвалі гэтую сітуацыю з нежаданым дзіцём, да з’яўлення якога доўга не маглі прызвычаіцца самі ягоныя бацькі...

Чэхі і славакі, паводле Петры Пітхарта, пасля 1989 г. у сваёй візіі агульнай дзяржавы разыходзіліся не толькі ў паасобных момантах, але і ў цэлым. Спробы ў 1990—1992 гг. прапанаваць новыя рашэнні і новыя паняткі (дзяржаўнае пагадненне між нацыянальнымі парламентамі, славацкая зорачка ў Савеце Еўропы ці месца ў ААН, міжнародная суб’ектнасць Славакіі ў рамках супольнай дзяржавы і г.д.) не вырашалі, а толькі ўскладнялі праблему.

Узнікненне самастойнай дзяржавы, што зазвычай натхняе на пафас і святкаванні, было ўспрынята ў Чэхіі з ціхай збянтэжанасцю, а ў Славакіі з вельмі стрыманымі эмоцыямі. Сацыёлаг Уладзімір Крывы сцвярджае, што на пачатку 1992 г. — гэта значыць менш чым за паўгода да вырашальных выбараў толькі адзін з дзесяці славакаў быў цалкам за самастойнасць Славакіі, двое з дзесяці падтрымлівалі ідэю Чэха-Славакіі як агульнай дзяржавы, а сямёра з дзесяці не мелі ў гэтым плане ніякай цвёрда акрэсленай пазіцыі.

На пытанне, як такое магчыма, каб наконт гэткага асновапалеглага пытання грамадзяне Славакіі ў год падзелу агульнай дзяржавы не мелі выразнай пазіцыі, адзінага адказу не існуе. Бадай, прычыны трэба шукаць у мінуласці (як нядаўняй, гэтак і даўнейшай), у псіхічнай канструкцыі славакаў, у гістарычнай шызафрэніі, якая пачынаецца з дзевятнаццатага стагоддзя і цыклічна радыкалізуецца праз усё дваццатае стагоддзе. А ў апошнія дзесяцігоддзі да звычайнага славацкага канфармізму і неахвоты самім парадкаваць уласныя справы яшчэ дадалося сфармаванае камуністамі антаганістычнае ўспрыманне навакольнага свету. І, нарэшце, сюды далучым часам іррацыянальную спантаннасць самой гісторыі, калі ў нейкай сітуацыі палітычныя працэсы выкульваюцца з рук ініцыятараў і разгортваюцца з нейкай сваёй унутранай логікі.

Сёння, у час спакойнай крытычнай рэфлексіі над гістарычнымі падзеямі, яшчэ больш абвострана ўсведамляецца, куды завёў нас той факт, што мы перманентна (і да таго ж, заўсёды радыкальна) дыстанцыяваліся ад сваёй гісторыі. Гэтае рэзкае дыстанцыяванне ад папярэдніх этапаў развіцця было асабліва характэрным для XX ст. Пасля 1918 г. мы доўга атрасаліся ад манархіі і былой венгерскай палітычнай сістэмы, пасля 1939 г. — ад ідэалогіі першай Чэхаславацкай Рэспублікі, пасля 1945 г. — ад Славацкай дзяржавы en bloc, пасля 1948 г. — ад усяго, што яму папярэднічала, пасля 1968 г. — ад шасцідзесятых гадоў, пасля 1989 г. — ад найбліжшага саракагоддзя і, нарэшце, пасля 1993 г. — ад апошніх трох год. Такія гістарычныя перакруты сведчаць, хутчэй, пра перарывістасць і дэзінтэграцыю нацыянальнай ідэнтычнасці (як і пра ейныя канфармізм ды падатлівасць), чым пра паслядоўны рух нацыі да самазавершанасці.

Славакі не былі дзяржаўным, у адраджэнцка-рамантычным разуменні, гістарычным народам (дарэчы, дзяржаўнасць не з’яўляецца абавязковай умовай гістарычнасці!), хаця ў XIX ст. яны нават супрацьстаялі мадзьярскаму ўнітарысцкаму этатызму, а ў XX ст. — чэшскаму этатызму. Наступствам гэтага, між іншым, былі праблематызацыя, а часам нават і негацыя, як гістарычнасці славакаў, так і іх дзяржаўнасці. Мадзьярская палітычная нацыя, гэтаксама, як і чэхаславацкая палітычная нацыя, зыходзілі з вышэйшасці тытульнага народу, які меў спадчыннае права й на гісторыю. Венгерская гісторыя была мадзьярскай, чэхаславацкая — чэшскай.

Хаця славакі й высноўвалі свае першапачаткі з Вялікай Маравіі, што існавала тысячу гадоў таму, але ўласную праграму рэалізоўвалі, хутчэй, у моўна-культурным, чым у палітычным ракурсе. Таму праўда тое, што ў іх не было дзяржаўнай свядомасці. Урэшце рэшт, усе папярэднія “вызваленні” славакаў адбываліся “зверху”, праз маніпуляцыі палітычных эліт, якім “ніз” аказваў мінімальную падтрымку (ні з’яўленне Чэхаславакіі ў 1918 г., ні ўзнікненне першай славацкай дзяржавы ў 1939 г. і другой у 1993 г. не суправаджалася плебісцытам ці неяк інакш выказаным жаданнем народу жыць у незалежнай дзяржаве).


ПЕРАДГІСТОРЫЯ СЛАВАЦКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ І ЎЗНІКНЕННЕ ЧЭХАСЛАВАКІІ

Разам з тым, нельга сцвярджаць, што самі славакі ніяк не ўдзельнічалі ў гістарычных падзеях, якія пакрысе рыхтавалі краіну да дзяржаўнай самастойнасці. Гэты ўдзел пачынае быць заўважным з 1848 г., калі славакі фактычна запатрабавалі федэралізацыі Венгрыі. Яшчэ больш ён выразніўся ў шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады XIX ст., калі настойліва загучала патрабаванне фармалізацыі славацкага асяродку, кажучы сучаснай мовай, — тэрытарыяльнай аўтаноміі. Ліберальныя праекты супольнай з венграмі краіны ў другой палове ХІХ ст. не спраўдзіліся — і не з віны славакаў. Надзеі другой часткі славакаў, якія ў той самы час звязваліся з Расіяй, аказаліся не менш утапічнымі. Між тым, на пераломе стагоддзяў, дзякуючы маладым славацкім інтэлектуалам, выхаваным у пражскім асяроддзі і пераважна на вучэнні Т.Г.Масарыка, мацнела ідэя чэшска-славацкай лучнасці. Да гэтай лучнасці схіляла, прынамсі, ад другой паловы ХІХ ст., і венгерская палітыка, фармальна ліберальная, аднак без дапушчэння нават магчымасці дзяржаватворнасці славацкага народу.

Каб лепей зразумець перадгісторыю славацкай дзяржаўнасці, нагадаем: на тую пару славакі не мелі палітычнага прадстаўніцтва ў хоць якіх структурах улады, (дарэчы, як і ўласнага капіталу). Больш за тое, за выключэннем аднаго дзесяцігоддзя, да 1918 г. у іх не было нават сваіх сярэдніх школ, амаль ніякіх культурных і навуковых устаноў, тэатраў, бібліятэк, выдавецтваў, адсутнічалі культурна-палітычныя цэнтры, а ўсю палітыку прэзентавалі сабой некалькі пісьменнікаў і публіцыстаў. Ведаючы гэта, няма чаго здзіўляцца, што славакі аказаліся не падрыхтаванымі да радыкальных змен пасля Першай сусветнай вайны.

Калі ў 1918 г. была заснавана новая дзяржава на канцэпцыі адзінага чэхаславацкага народу, тая непадрыхтаванасць стала выяўляцца ва ўсім. Аднак не будзем забывацца, што без ідэі чэха-славацкай нацыянальнай еднасці вялікія дзяржавы наўрад ці ўхвалілі б стварэнне Чэхаславакіі, хаця б з перасцярогі канфліктаў унутры краіны, якія маглі б пашырыць “балканізацыю” рэгіёну. Вядома, знешнепалітычнае і ўнутрыпалітычнае разуменні ідэі адзінага чэхаславацкага народу не тоесніліся міжсобку, але для еўрапейскай ці амерыканскай палітыкі паняцце чэхаславацкага (чэшскага) народу было добра знаёмым, і таму магло выступаць у якасці сіноніма чэхаславацкай дзяржаўнасці, як і існавання Чэхаславацкай Рэспублікі наагул. З усяго гэтага атрымалася, што новая дзяржава, у  працэсе свайго станаўлення, замяніла мадзьярызацыю славакаў багумізацыяй, хаця палітычнае кіраўніцтва ўвесь час і падкрэслівала: канкрэтная дапамога чэшскіх педагогаў і чынавенства “не азначае ніякага нацыянальнага праглынання славакаў, як і іх багумізацыі”. Прынамсі, гэтак пісаў Іван Дэрэр.

Аднак насамрэч ідэя чэшскай дзяржавы вельмі хутка падпарадкавала сабе ідэю чэхаславацкай дзяржавы. Славакі такога выпрабавання не вытрымалі, бо тады ім неставала пачуцця ўласнай дзяржаўнасці. Славакам даволі было ідэі чэхаславацкай еднасці, што пацьвярджаецца прынятай 30 кастрычніка 1918 г. у Марціне Дэкларацыяй славацкага народу. Цытаваны вышэй артадаксальны чэхаславіст (і сацыял-дэмакрат) Іван Дэрэр, бадай, меў рацыю, калі яшчэ ў 1933 г. даводзіў, што “ў славацкай літаратуры няма ані следу амбіцый да самастойнага дзяржаўнага жыцця”, няма яго “ні ў якой літаратурнай, грамадскай ці палітычнай праяве”. У славакаў, паводле Дэрэра, “ніколі нацыянальныя пачуцці не заходзілі так далёка, каб для сваёй рэалізацыі патрабаваць уласнай дзяржавы, хай сабе й не цалкам самастойнай”. Ні ў Шцефаніка, Глінкі, Гвіездаслава, ні ў легіянераў (Есенскага, Таяўскага), ні ў Марцінскай дэкларацыі не выяўлялася, згодна з Дэрэрам, ніякіх памкненняў да дзяржаўнай самастойнасці. Зрэшты, для гэтага не было нават рэальных падстаў, бо, як троху ўтрыравана пісаў напрыканцы трыццатых гадоў літаратурны крытык Міхал Хорват, пасля 1918 году “славацкі народ, разам са сваім касцёлам, становіцца масавай арганізацыяй”, пазбаўленай хоць якой ідэі дзяржаўнай самастойнасці. Дарэчы, як з унутрыпалітычных, так і знешнепалітычных абставін, у тыя гады яе (дзяржаўнасць) цяжка было абгрунтаваць нават чыста тэарэтычна, а вось розныя формы аўтанамізму ці федэралізму, як і яго рэдукаванай формы — рэгіяналізму, мелі рэальны і прадуктыўны патэнцыял вырашэння славацкага пытання ўжо й тады.

Гісторык літаратуры Міхал Гафрык заўважае: у перыяд перад Першай сусветнай вайной яшчэ кволы славацкі нацыянальны арганізм аказаўся перад экзістэнцыйным пытаннем “супраціўляцца мадзьярызацыі як славакам альбо адмовіцца ад нацыянальнай тоеснасці, адхіліць сваё папярэдняе развіццё і стацца складовай часткай адзінага чэхаславацкага народу”. (Палітык Ваўра Шробар аргументаваў мэтазгоднасць другога варыянту тым, што ў такім разе нас станавілася дзесяць мільёнаў.)

Паводле адказу на гэта пытанне, славацкі нацыянальны рух раскалоўся на два неталерантныя ў адносінах адзін да аднаго лагеры: на чэхаславістаў, “гласістаў” (пакаленне, выхаванае ў духу рэалізму Масарыка, якое ў канцы ХІХ ст. мела трыбунай часопіс “Глас”) і марцінцаў (нацыянальныя дзеячы, пісьменнікі, журналісты, якія ператварылі правінцыйную метраполію Турчыянскі Святы Марцін у паняцце, што тоеснілася са славаччынай наагул). Самы выбітны прадстаўнік марцінцаў, пісьменнік і журналіст Светазар Гурбан Ваянскі пісаў: калі б не мог быць славакам, дык лепш утапіўся б у рускім моры, чым у чэшскай балеі. Гласісты, чыя ідэя чэшска-славацкай лучнасці паступова трансфармавалася ў палітычны чэхаславізм, пасля 1918 г., згодна з логікай уласнага развіцця, пагадзіліся з ідэяй Чэхаславакіі як аднанацыянальнай дзяржавы, якая, натуральна, патрабавала абсячэння славацкай ідэнтычнасці.

“Тысячагадовы шлюб з венграмі разладзіўся. Трэба разыходзіцца”, — выснаваў у траўні 1918 г. у Марціне на тайнай нарадзе тагачасных славацкіх палітыкаў Андрэй Глінка, які ад падтрымкі ідэі чэшска-славацкай лучнасці перайшоў пасля ўзнікнення Чэхаславакіі да адкрытай барацьбы з пражскім цэнтралізмам дзеля славацкай аўтаноміі. Крытычна ацэньваючы чэхаславізм, не прамінем зважыць, што праз гэтую ідэю славакі ў адначассе пазбавіліся мадзьярскага прыгнёту, аб’ядналіся з развітымі у эканамічным і культурным плане чэхамі і ўпершыню атрымалі прадстаўніцтва ва ўрадзе. Дапамога чэшскага народу, асабліва інтэлігенцыі, сукупна з актыўнасцю саміх славакаў, не толькі ў культуры, школьніцтве, навуцы, але і ў гандлі ды іншых сферах выклікалі ўздым нацыянальнай дзейнасці, з якой вынікла нават славакізацыя гарадоў, перадусім шматнацыянальнай Браціславы і царквы, перш за ўсё — каталіцкай.

Аднак з таго, што ад пачатку адэкватна не ўлічваліся натуральныя правы славакаў, сфармуляваныя чэшскімі і славацкімі зямляцтвамі ў Кліўлендскім і Пітсбургскім пагадненнях, падпісаных напярэдадні заканчэння Першай сусветнай вайны ў Злучаных Штатах Амерыкі, і ўся перавага аддавалася супольнаму чэхаславацкаму народу, мы атрымалі дэфармацыю нацыянальнай ідэнтычнасці славакаў. Што праўда: гэтак адбывалася не без згоды славацкага боку. Ужо вышэй згаданы першы афіцыйны славацкі дакумент “Дэкларацыя славацкага народу” падкрэслівае, што “славацкі народ моўна, культурна і гістарычна з’яўляецца часткай адзінага чэхаславацкага народу”. Такім чынам, першы сур’ёзны палітычны акт славакаў базаваўся на дэкларацыі чэхаславізму, стаўся іх асноўным “унёскам” у стварэнне новай дзяржавы. І паходжаннем ён быў, nota bene, з традыцыйнай славацкай метраполіі. Пра ўласна нацыянальную праблематыку ў дакуменце не згадвалася, тэрытарыяльных і палітычных умоў не ставілася. Такім чынам, у славацкай дзяржаўнасці ад пачатку задамінавала несапраўднасць. З гэтай прычыны ва ўсёй чэхаславацкай палітычнай эпосе ўласна славацкай палітыцы не знайшлося месца; славацкае пытанне адкладалася ad acta.


СЛАВАЦКАЕ ПЫТАННЕ Ў ЦЕНЮ ВЕНГЕРСКАГА І НЯМЕЦКАГА

Феномен мадзьяронства, спецыфічнага віду асіміляцыі, у славацкім пытанні не менш цікавы, чым феномен чэхаславізму, адно што пра яго менш згадваюць. Праўда, гэта характэрна пераважна да 1918 г., хаця ператок таго працэсу ў першыя гады станаўлення Чэхаславацкай дзяржавы бясспрэчны. Міхал Хорват піша, што мадзьяронская праслойка, якая фармавалася найперш у славацкім асяроддзі, “апыналася паміж венгерскім і славацкім народамі як самастойная складовая, якая раскладалася на дзьве часткі”. Выключную ролю венгерскага чынніка ў лёсе славакаў яшчэ ў 1920 г. сфармуляваў на пасяджэнні Клубу славацкіх кангрэсменаў прадстаўнік амерыканскіх славакаў Альберт Маматэй: “Славакія ў культурным і матэрыяльным плане так аслаблена былым венгерскім рэжымам, што сваёй аўтаноміі без чэхаў не магла б ні збудаваць, ні захаваць”.

Аднак венгерскі чыннік застаўся складовай часткай славацкага пытання і ў ХХ ст. — праз венгерскую меншасць, якая апынулася на славацкай тэрыторыі Чэхаславакіі пасля 1918 г. (Трыянонскае пагадненне 1920 г.). Той факт, што прадстаўнікі раней паноўнага народу сталі нацыянальнай меншасцю, меў не толькі індывідуальныя псіхалагічныя наступствы, але й міжнародныя. У міжваеннай Чэхаславакіі вельмі жывой была ідэя ірэдэнту: як пісаў гісторык Даніель Рапант, і праз дзесяць гадоў пасля падпісання Трыянонскага пагаднення фундаментам венгерскіх спадзяванняў заставалася рэінтэграцыя тысячагадовай Вугоршчыны. “Гэта мара — сцвярджаў ён у 1930 г. — усё яшчэ жыве ў душы венгерскага народу, нават калі знешне — з тактычных меркаванняў — не лішне выяўляецца”. Паводле Рапанта, мэта венграў застаецца той самай — “тысячагадовыя межы”. Дарэчы, меншасць і межы — гэта фундаментальныя складовыя славацкага пытання, нават калі пазней яны актуалізоўваліся пераважна ў сувязі з Венгрыяй і адно ў пераломныя гады: 1938—1939, 1945—1948, 1968, 1993...

Венгерскі чыннік для гісторыі славакаў з’яўляецца, прынамсі, гэтаксама важным, а можа, нават і важнейшым, чым для гісторыі чэхаў — нямецкі. У Славакіі гэта не заўсёды ацэньвалася адэкватна (як славакамі, так і венграмі), хаця трывалы славацка-венгерскі звяз мог бы гарантаваць венгерскай і іншым меншасцям удзел у стварэнні славацкай дзяржавы і тым самым забяспечыў бы абарону іх правоў. Аднак канкрэтная гістарычная сітуацыя не спрыяла паразуменню. З аднаго боку, значная частка венгерскай меншасці ў міжваеннай Чэхаславакіі пранялася ірэдэнтам і не выказвала аніякай цікавасці да чэхаславацкай дзяржаўнасці, не кажучы ўжо пра славацкую. З другога боку, славацкія палітыкі праз усё ХХ ст. згадвалі пра венграў адно тады, калі славацка-чэшскія супярэчнасці даходзілі да крытычнага стану.

А ў крытычных станах недахопу не было. Праз год пасля ўзнікнення Чэхаславацкай Рэспублікі англійскі пасол пісаў з Прагі свайму ўраду з нагоды славацкага пытання: “Я не магу не адзначыць вялікай важнасці гэтага пытання як для цэласці рэспублікі, так і для міру ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе”. На фоне абвастрэння праблемы нямецкай меншыні (якая ў пэўнай ступені абумоўлівала і вызначала ўзнікненне ідэі адзінага чэхаславацкага народу) і з увагі на тое, што славакі пакуль яшчэ не выказалі сваіх дзяржаўна-прававых прэтэнзій, гэта быў смелы дыягназ. Гісторык Любамір Ліптак неяк заўважыў, што міжваенная Славакія амаль дваццаць гадоў “заставалася краінай, ананімнай у міжнародным плане, славацкае пытанне нават у Чэхаславацкай Рэспубліцы знаходзілася ў ценю праблемы нямецкай меншасці. Падчас мюнхенскага крызісу Гітлер, як ён пазней неаднаразова прызнаваўся, пра Славакію нічога не ведаў”.


ЧЭХАСЛАВІЗМ І ЯГО АДЭПТЫ

Чэхаславацкая Рэспубліка, будаваная пасля 1918 г., была пераважна чэшскай дзяржавай. У перамовах адносна аўтаноміі ўрад увогуле не быў зацікаўлены. Бадай, найбольш ваяўнічым праціўнікам славацкага пытання быў міністар замежных спраў, а са снежня 1935 г. прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі Эдвард Бенеш, які да самай сваёй смерці не прызнаваў існавання славацкага народу і славацкую мову лічыў дыялектам чэшскай. “Вы ніколі не змусіце мяне прызнаць славацкі народ, — казаў ён яшчэ ў 1943 г. — Я непахісна веру, што славакі — гэта чэхі і што славацкая мова з’яўляецца адной з гаворак чэшскай мовы, як ганацкая ці нейкая іншая гаворка. Нікому не забараняю гаварыць, што ён славак, аднак не дазволю, каб казалася пра існаванне славацкага народу”. Бенеш наглядна дэманстраваў анахранічны чэхаславізм, гэты спецыфічны феномен айчыннай палітыкі ХХ ст., што зыходзіў з негацыі славацкай нацыі і ў лепшым выпадку тоесніў славакаў з чэхамі. Аднак з такой асіметрычнай сітуацыяй нельга было доўга пачувацца ў спакоі, таму неўзабаве яна й запачаткавала шэраг перманентных крызісаў між славакамі і чэхамі.

Ідэя чэхаславізму пасля 1918 г. лучыла ў сабе не толькі нацыянальныя ці дзяржаўна-прававыя, але й іншыя паказнікі — гаспадарчыя, культурныя, моўныя. І ўсе яны трактаваліся ўрадам досыць адмыслова. Вось чаму ў міжваеннай Чэхаславакіі ідэя чэхаславацкага нацыянальнага адзінства, кадыфікаваная канстытуцыяй 1920 году, паступова трансфармавалася з інтэграцыйнага ў дэзінтэгральны фактар чэхаславацкай дзяржаўнасці. Паэт, інтэлектуал і палітык-камуніст Ладзіслаў Новамескі ў трыццатыя гады быў вельмі дакладны, калі пісаў: “Чэшска-славацкая лучнасць выступае як цэнтрапамкнёнаю, так і цэнтрабежнаю сілай: ідэя чэхаславацкай нацыянальнай еднасці і супрацьстаўленая ёй ідэя самабытнага славацкага народу выступаюць крытэрамі славацкага культурнага развіцця; інтэнсіўнасць адной абумоўлівае разгортванне другой... Славацкае культурнае жыццё пачало інтэнсіўна развівацца ўнутры ідэі чэхаславацкай нацыянальнай еднасці”.

Ідэю чэхаславізму рэпрэзентавалі не толькі чэхі, але не ў меншай ступені й самі славакі (перадусім згаданыя вышэй гласісты, якія пасля 1918 г. бралі ўдзел у высокай палітыцы). Адзін з іх, ужо менш артадаксальны чэхаславіст, чым цытаваны Іван Дэрэр, міністар і сацыёлаг Антон Шцефанэк з натхненнем пісаў у 1922 г., што з двух кірункаў, якія надавалі імпэт духоўнаму жыццю інтэлігенцыі ў Славакіі з канца ХІХ ст., “дзякуючы шчасліваму спалучэнню сусветных падзей, перамог гласізм”. Шцефанэка быццам ахапіла шызафрэнія: з аднаго боку, ён цвердзіў, што між славакамі і чэхамі няма этналагічнай, этнаграфічнай, моўнай, рэлігійнай ці сацыяльнай розніцы (прынамсі, у той ступені, каб можна было весці гаворку пра два розныя народы), а з другога боку, прызнаваў, што славакаў і чэхаў дзеляць звычаі, законы, мадзьярскі гістарычны кантэкст, ступень духоўнай і матэрыяльнай цывілізацыйнасці і яшчэ пэўныя “цяжка выказвальныя словамі ўласцівасці, якія належаць да сферы псіхалогіі”. Нягледзячы на гэтую раздвоенасць (ці, можа, дзякуючы ёй), Шцефанэк усведамляў усю складанасць “стварэння хаця б толькі ў тэорыі новага зместу чэхаславацкага нацыяналізму, які мог бы быць нечым большым, чым проста палітычным нацыяналізмам канфедэрацыі двух сваяцкіх народаў”. У сувязі з праблемай аўтаноміі, якая пачала ўсё больш актуалізоўвацца, Шцефанэк падкрэсліваў каштоўнасць агульнай дзяржавы і “ нарэшце дасягнутае аб’яднанне чэхаў і славакаў у адзін моцны народ”, які такім чынам зможа “супрацьстаяць ворагам, што з усіх бакоў нас акружаюць”. На гэты геапалітычны фактар бяспекі гласісты (чэхаславісты) перманентна звярталі ўвагу. Іван Дэрэр у 1934 г. даводзіў, што сіла “чэхаў супраць нямецкага напору мацнейшая і больш дзейсная, калі абапіраецца на ўвесь чэхаславацкі народ, і, падобным чынам, сіла славакаў супраць венграў значна большая, калі абапіраецца на чэхаславацкае цэлае”. Гэта праўда, што ў 1918 г. (як і ў 1945 г.) Славакія была моцным геапалітычным фактарам Чэхаславацкай Рэспублікі і шмат значыла асабліва для чэхаў, бо лучыла іх з Усходам перад нямецкай пагрозай.

Ідэя аўтаноміі  з усіх пунктаў гледжання бачылася гласістам непрымальнай. Паводле Шцефанэка (1923 г.), барацьба супраць чэхаў і лозунг аўтаноміі з’яўляюцца “відочна антыдзяржаўнымі і антынацыянальнымі”, яны “шкодныя для славакаў, і для ўсёй дзяржавы таксама не будуць мець спрыяльных наступстваў”. І далей ён сцвярджае: лозунгі народнай партыі ( чэхаў — вон, жадаем аўтаноміі, славацкі сойм, славацкія суды, славацкія школы і г.д.) “ніводзін разумны чалавек не можа ўспрымаць інакш, як заклікі да раздваення рэспублікі і адасаблення Славакаіі ад Чэхіі”. Шцефанэк тады быў далёка не адзіны, хто лічыў, што славакі яшчэ не саспелі да “дзяржаўнага самакіравання”, што спярша ім варта было б зазірнуць у майстэрню сусветнай палітыкі і ў дзяржаўную навуку. Яго абурала, што марцінцы і народнікі — гэта значыць прыхільнікі Славацкай нацыянальнай партыі і Славацкай народнай партыі не прымаюць слова “чэхаславацкі” без злучніка і нават палітычна не прызнаюць чэхаславацкага народу.

З гэтай адпачатку недавырашанай двухнароднасці паступова вырасталі канцэптуальныя крызісы, якія пазней і атрымалі назву славацкага пытання. Шцефанэк, Дэрэр, Ваўра Шробар ды многія іншыя бачылі выйсце ў больш ці менш артадаксальным чэхаславізме, Мілан Годжа ад гэтай ідэі паступова пазбаўляўся і, магчыма, таму карыстаўся большым дзяржаўным аўтарытэтам (яго абіралі членам некалькіх кабінетаў), аднак пад націскам віхуры міжнародных падзей і ён быў не ў стане ўвасобіць свае думкі ў жыццё.


РЭГІЯНАЛІЗМ МІЛАНА ГОДЖЫ

Славакія ў канцэпцыі Мілана Годжы была геапалітычным фундаментам Чэхаславакіі, толькі з ёй тая станавілася цэнтральна-еўрапейскай дзяржавай, якая магла самастойна выступаць супраць Германіі. Мілан Годжа (асоба з багатай кар’ерай журналіста, дэпутат вугорскага сойму, славацкі палітык у Чэхаславакіі) бесперастанна заклікаў чэхаў, што з увагі на міжнародную сітуацыю важна, “каб і Прага дакладна ўсвядоміла ўсё палітычнае і геаграфічнае значэнне Славакіі і Падкарпацкай Русі”. Ён бачыў сваю краіну ў Цэнтральнай Еўропе, таму так акцэнтаваў цэнтральна-еўрапейскую арыентацыю Чэхаславакіі (магчыма, не зусім у згодзе з міністрам замежных спраў Эдвардам Бенешам). А “ўмовай гэтай арыентацыі з’яўляецца менавіта Славакія”, — пісаў Годжа ў 1934 г. Чэхаславізм Годжы грунтаваўся на вельмі простай арыфметыцы: адну міжнародную і ўнутраную вагу мела дзяржава, у якой шэсцьдзесят сем адсоткаў насельніцтва было чэхаславацкай нацыянальнасці (а дваццаць тры працэнты складалі немцы і пяць — венгры), а іншую — дзяржава, дзе было недзе каля пяцідзесяці адсоткаў чэхаў, дваццаць тры адсоткі немцаў і шаснаццаць — славакаў. Аднак Годжа не быў артадаксальным цэнтралістам: на ягоную думку (1934 г.), адзінства дзяржавы мусіць палягаць на “рэгіяналізме, які праз задавальненне кожнай нацыянальнай мары і кожнай гаспадарчай патрэбы скансалідуе наша цэлае”. Ужо на пачатку дваццатых гадоў ён патрабаваў у парламенце адміністрацыйнага самакіравання для Славакіі і рыхтаваў для яе рэгіянальнае самакіраванне (падобны праект рэалізаваўся толькі ў 1937 г.). Сваёй канцэпцыяй рэгіяналізму ён, папраўдзе, касаваў нежыццяздольны чэхаславізм, імкнучыся да дзяржаўна-палітычнай еднасці, заснаванай на чэшскім і славацкім нацыяналізмах. Гэты чалавек інтэнсіўна папулярызаваў маральна-культурны, ці канструктыўны, нацыяналізм — славацкі гэтаксама, як і чэхаславацкі. Мысліў палітык амбівалентна: адначасова баронячы славацкі і чэшскі нацыяналізмы, лічыў, што чэхаславацкая дзяржава будзе моцнай у міжнародным плане толькі за конт узаемнага збліжэння чэхаў і славакаў. Аднак, з ягонага меркавання, “дзяржава не можа мець двух суверэнітэтаў — толькі адзін, то бок чэхаславацкі”. А таму Годжа выступаў супраць аўтаноміі і катэгарычна патрабаваў “безумоўнага адзінства чэхаславацкага палітычнага народу”. Канцэптуальная Годжава выснова гучала наступным чынам: “Славацкі нацыяналізм — як маральны прынцып, але пры любых абставінах адзіны палітычны чэхаславацкі народ”. На практыцы гэта азначала “ані цэнтралізм, ані аўтаномія, а дзяржаўна-палітычнае адзінства і рэгіяналізм з адміністрацыйным самакіраваннем”.

Годжа (і не толькі пад уплывам гітлераўскай небяспекі) заклікаў чэхаў лічыць Славакію раўнавартым чыннікам у “агульным дзяржаўным арганізме” і ўвесь час падкрэсліваў, што без Славакіі ёсць немагчымай цэнтральна-еўрапейская палітыка Чэхаславакіі. Летам 1934 г. ён канстатаваў як аксіёму наступнае: сучасны чэхаславацкі дзяржаўна-палітычны нацыяналізм азначае “поўную раўнавартасць Славакіі з гістарычнымі краінамі, аж да апошніх дробязяў”. Раўнавартасць нават насуперак таму, што, адрозна ад радыкальных, урбанізаваных ды рацыянальных чэхаў, славакі былі псіхалагічна і палітычна больш кансерватыўнымі, пераважна жылі ў вёсках і дэманстравалі нязвыклую чэхам рэлігійнасць. Аднак Годжа перадусім разумеў раўнавартасць як “натуральнае збліжэнне чэхаў і славакаў, цудоўнае спалучэнне чэшскага рацыяналізму са славацкім ідэалізмам”, хаця ў 1933 г. падобныя ідэі ўжо радыкальна разыходзіліся з рэчаіснасцю, на якую Годжа быў не ў стане ўплываць,нават тады, калі на схіле 1935 г. стаў старшынём чэхаславацкага ўраду (першы славак на такой высокай пасадзе). Між тым, тагачасная яго ідэя так званага “вялікага” ўраду, дзе б былі прадстаўнікі самых розных партый, з сённшняй рэтраспектывы ўяўляецца досыць слушнай… Але ўжо было позна. Пытанне судэцкіх немцаў перакрыла славацкае, ініцыятыву перахапілі “народнікі”.


КАМУНІСТЫЧНЫЯ ВЕРСІІ РАЗВЯЗАННЯ СЛАВАЦКАГА ПЫТАННЯ

Ад славацкага пытання, хаця і ў мадыфікаванай форме, не ўхіліліся й камуністычныя палітыкі ды інтэлектуалы. На пачатку дваццатых гадоў яны яшчэ ганілі памкненні да аўтаноміі, але ўжо з другой паловы змянілі сваю пазіцыю. Цяпер іхны лозунг гучаў наступным чынам: “Ачысціць Славакію ад чэхаў!”, то бок ад чэшскай буржуазіі. Аднак сапраўды легендарнай стала пагроза Готвальда, якой у снежні 1929 ён напалохаў парламент, заявіўшы, што замест капіталістычнай дзяржавы будзе створана “Чэхаславацкая федэрацыя сацыялістычных савецкіх рэспублік”. Гэта былі яшчэ не больш чым словы, але вядомы факт, што ў трыццатыя гады камуністы ўжо казалі пра федэратыўнае права славацкага народу (альбо права на самавызначэнне) і да 1937 г. нават распрацавалі План гаспадарчага, сацыяльнага і культурнага ўздыму Славакіі, дзе першай умовай выроўнівання адносна больш развітых чэшскіх земляў мусіла стаць індустрыялізацыя Славакіі. Гэта праграма яшчэ не вырашала цалкам дзяржаўна-прававога і нацыянальнага пытанняў, але яна нібы спрагназавала палітыку Камуністычнай Партыі Чэхаславакіі пасля 1948 г.: цэнтралісцкі унітарызм, асіметрызм і звужэнне праблемы славакаў да гаспадарчага і культурнага выроўнівання абедзвюх частак рэспублікі.

Інтэлектуалы-камуністы, распрацоўваючы славацкае пытанне, сваю крытыку ў аднолькавай меры скіроўвалі як на чэхаславізм, так і на радыкальны нацыяналізм Славацкай нацыянальнай партыі і Славацкай народнай партыі Глінкі. Асабліва тут вылучаўся паэт і рэдактар, а пазней і палітык Ладзіслаў Новамескі, які разглядаў славацкае пытанне не толькі ў чэхаславацкім, але і ў еўрапейскім кантэксце. У сваёй уступнай прамове на Кангрэсе славацкіх пісьменнікаў у 1936 г. ён выступіў супраць нацыянальнай абмежаванасці, якую й раней часта крытыкаваў, і падаў канцэпцыю, здольную злучыць славацкую культуру як з захадам, так і з усходам. (Між іншым, адной з асноўных тэм Кангрэсу сталася крытычная рэфлексія над чэхаславізмам.) Калі пазней, ужо ў часы аўтаноміі, падкрэслівалася, што, паводле прынятага канстытуцыйнага закону аб аўтаноміі, Славакія мае ў Чэха-Славакіі канчаткова самастойны статус, Новамескі звяртаў увагу на адсутнасць падрыхтаваных і адукаваных працаўнікоў для ўсіх сфер грамадскага жыцця і гаспадаркі. Немагчыма — казаў ён — “быць дзяржаве самастойнай, калі яе атрыбуты яшчэ не сфармаваны”.

Згодна з ягоным перакананнем, “воля да самастойнасці была сярод славакаў і раней. Але галоўная заслуга ў тым, што яна перарасла ў нацыяналістычную жарсць, належыць ідэі чэшска-славацкага аб’яднання, дзе яна канчаткова й выспела”. Новамескі звінавачвае ў запозненым станаўленні славакаў “кансерватыўнае мяшчанства і святарства”, два слаі славацкага грамадства, якія (у разуменні Новамескага) рэпрэзентавалі чэхаславізм і сепаратызм. Падобна да іншага інтэлектуала-камуніста — Уладзіміра Клементыса, Новамескі быў ў гэтым плане гэтаксама класава зацятым, і ўсіх, хто супрацьстаяў ягонай канцэпцыі, лічыў рэакцыйнымі клерыкаламі.

Гэткага кшталту выказванні славацкіх камуністаў далі падставу пасля Другой сусветнай вайны сцвярджаць, што “славацкі камунізм з’яўляецца чарговым звяном у нашых нацыянальных памкненнях … уяўляе з сябе арганічны працяг найбольш значных ініцыятыў да вызвалення славацкага чалавека з матэрыяльнага рабства і культурнай адсталасці”. Паводле Новамескага, “камунізм — гэта не ідэалогія адной партыі, а ідэалогія славацкага народу” (1946 г.).


АЎТАНАМІСТЫ І СЛАВАЦКАЕ ПЫТАННЕ

Андрэй Глінка, каталіцкі святар, загартаваны яшчэ ў змаганнях з венгерскім нацыяналізмам, правадыр нацыянальнай партыі, якая з 1925 г. насіла яго імя (Славацкая народная партыя Глінкі), ніколі не выказваў ідэі славацкай дзяржаўнасці, хаця потым стаўся яе сімвалам. За вяршыню сваіх палітычных задач ён лічыў аўтаномію і адраджэнне славацкай мовы. “Сваёй радзіме, рэспубліцы чэхаў і славакаў ні за якую цану, ні за якія абяцанні і выгоды не здрадзім”, — пісаў ён за некалькі год да смерці. І падкрэсліваў: “Мы хочам, каб славак быў панам у Славакіі, каб ён пачуваўся ў Славакіі дома, каб пасады, хлеб і перавагі належалі яму. Гэту ідэалістычную нацыянальную барацьбу мы назвалі словам “аўтаномія”, за што нас сёння шмат хто лічыць ерэтыкамі, пазбаўляе свабоды, хлеба і існавання”. Таму для Глінкі першаснай умовай хоць якога супрацоўніцтва была “дамова роўнага з роўным”. Між іншым, у славацкім пытанні гэтая вонкава простая ўмова лейтматывам гучала праз усё ХХ ст.

На неабходнасць такой дамовы звяртаў увагу й “кааліцыйны” партнёр Глінкі, лідэр Славацкай нацыянальнай партыі, пісьменнік, евангелічны святар Марцін Разус, які шмат разважаў і пра геапалітычны кантэкст славацкага пытання. “Самастойнасць Чэхіі і Маравіі без Славакіі цяжка сабе ўявіць, але й Славакія праз лучнасць з Чэхіяй мае найлепшыя ўмовы для свайго развіцця, — пісаў ён на пачатку трыццатых гадоў. — Аднак трэба шукаць modus vivendi... Пасля справядлівай дамовы з чэхамі, мы адпаведна вырашым свае адносіны з немцамі і венграмі”. Разус ясна ўсведамляў, што вырашыць славацкае пытанне азначае “вырашыць кардынальнае пытанне гэтай дзяржавы”. У 1934 г. у газеце “Народнэ Новіны” ён пісаў, што “Дэрэр з Годжай і іх прыхільнікі за амаль шаснаццаць гадоў мелі досыць часу развязаць славацкую праблему. Калі ж гэта праблема існуе й сёння, дык гэта азначае, што як канцэпцыя, так і метады існага рэжыму і яго славацкіх прадстаўнікоў аблудныя”. А незадоўга да гэтага ў парламенцкай прамове Разус звярнуўся да чэшскіх дэпутатаў з наступнымі словамі: “Чаму вы трымаеце такіх прадстаўнікоў ад Славакіі, якія вам не кажуць праўды пра Славакію? Тут прысутнічаюць два чалавекі, адказныя за тое, што сягоння робіцца ў Славакіі. Гэта міністар д-р Дэрэр і міністар д-р Годжа. Яны — славакі!” Разус апантана тлумачыў: “Мы гэту дзяржаву любім, мы гатовы за яе ахвяраваць жыцці… Мы аўтаноміяй не хочам разбіць рэспубліку… стаім за гэту дзяржаву, будзем яе бараніць, але патрабуем, каб вы разам з намі ўпарадкавалі адносіны так, каб мы, славакі, пачуваліся ў гэтай дзяржаве як дома!” А ў “Адкрытым лісце” да паноў міністраў д-ра Мілана Годжы і д-ра Івана Дэрэра ў кастрычніку 1933 г. Разус дакарае, што тыя за пятнаццаць гадоў нічога не зрабілі для вырашэння славацкага пытання, якое “сілкуецца гаспадарчымі, сацыяльнымі і культурнымі нястачамі, лепей сказаць — крыўдамі…” У сваёй лекцыі славацкім міністрам Разус кажа: “Славакія — гэта не толькі класавая ці саслоўная праблема, Славакія — гэта перадусім нацыянальная праблема”. Паводле Разуса, сутву славацкага пытання фармуе палітычнае вымярэнне — г.зн. прызнанне права славацкага народу на самавызначэнне ў форме аўтаноміі і дзяржаўна-прававая арганізацыя краіны.

Палітыка Славацкай народнай партыі Глінкі (СНПГ) і Славацкай нацыянальнай партыі (СНП) за дваццаць гадоў набралася сілы, а прагнозы англійскага пасла ад 1919 г. набрынялі канкрэтнасцю і надзённасцю.

Іншы каталіцкі ксёндз — ужо ў Славацкай народнай партыі Глінкі — пазней прэзідэнт першай славацкай дзяржавы Ёзэф Ціса больш задумваўся над прагматычнымі ды ідэалагічнымі аспектамі славацкага пытання. У канцы 1935 г. ён сфармуляваў у парламенце свае роздумы наступным чынам: “Мы ніяк не асмелімся падступіцца да ўрадавай працы з мэтай вырашэння славацкага пытання… А ў ім важней за ўсё прынцып роўны з роўным — славацкі народ роўны з чэшскім народам”.

На думку Цісы, якую ён выказаў у брашуры пад назвай “Ідэалогія Славацкай народнай партыі” (1930 г.), “аўтаномія — гэта нішто іншае, як працяг тысячагадовай гісторыі славацкай самабытнасці, дастасаванне палітычнай дзейнасці да адвечных памкненняў славацкага народу ў патрэбе самастойнага жыцця”. Ціса ўжывае гістарычнае права ў якасці галоўнага аргументу, які дазваляе змагацца “за аўтаномію славацкага народу на тэрыторыі славацкага краю. Такім чынам, мы дабіваемся тэрытарыяльнай аўтаноміі, а не нацыянальнай, каб падкрэсліць вяршэнства славацкага народу на тэрыторыі славацкага краю”. Ціса адхіляе закіды, “што мы патрабаваннем аўтаноміі нясём пагрозу цэласці чэхаславацкай дзяржавы, бо з наяўнасцю аўтаноміі дзяржава перадае некаторыя свае функцыі аўтаномнаму ўтварэнню, але ж гэтыя функцыі не перакрэсліваюць вяршэнства агульнадзяржаўных”. І ўжо зусім аксіёмай гучаць наступныя словы Цісы: “Хто шчыра хвалюецца за чэхаславацкую дзяржаву”, той павінен “паслядоўна і шчыра” дбаць пра “два асноўныя апірышчы гэтай дзяржавы — чэшскі і славацкі народ”.

Да месца будзе зазначыць, што ксяндзы і розныя рэлігійныя канфесіі традыцыйна бяруць удзел у славацкай палітыцы ужо з ХІХ ст. Дарэчы, якраз Ціса часта разважаў пра лучнасць каталіцызму і нацыяналізму. У 1933 г. ён пісаў, што абодва гэтыя феномены стасуюцца “адзін з адным”. Таму не выпадкова, што “славацкі народ па сваім уваскрашэнні якраз у каталіцкай частцы так самааддана прытрымліваецца нацыянальнай самабытнасці і менавіта славакі-каталікі так рашуча бароняць чысціню мовы…” Каталік, на думку Цісы, “дзяржаватворны на аснове сваёй веры ў Бога, які, стварыўшы чалавечую прыроду такой, якой яна ёсць, стварыў і дзяржаву”.

Славацкі канфесіяналізм адыгрываў у нацыянальным адраджэнні асаблівую ролю: у ім спалучаліся (паводле гісторыка-літаратара Антона Аўгусціна Баніка) “каталіцкая палкасць, нацыянальна-калектыўная імпульсіўнасць і евангелічная стрыманасць”, якія, з меркавання Даніеля Рапанта, адначасна уяўлялі з сябе рухальныя і стрымлівальныя сілы нацыяналізму. У ХІХ ст. у нацыянальным адраджэнні рухальнай сілай былі евангелікі, стрымлівальнай — каталікі, а пасля ўзнікнення Чэхаславацкай Рэспублікі — наадварот. Хаця, у рэшце рэшт, гласісты таксама ж былі каталікамі. Заўважна, што каталікі разумелі нацыянальнае жыццё па аналогіі з рэлігійным жыццём, пра што пісаў і Ціса. Праўда, былі й іншыя інтэрпрэтацыі повязі каталіцызму з нацыяналізмам. Напрыклад, паводле Антона Шцефанэка, каталіцкая царква адчувала пагрозу не з боку чэшскай мовы, а з боку чэшскіх чыноўнікаў і прагрэсіўнай часткі парламенту, таму ксяндзы, “каб прыкрыць чыста царкоўны характар сваёй партыі (народнай) і сваёй праграмы, усюды ўстаўлялі словы на абарону славацкай мовы”. Але як бы там ні было насамрэч, насенне палітычнага аўтанамізму, якое прарасло менавіта ў Славацкай народнай партыі (дзе каталіцкія ксяндзы і клір наагул адыгрывалі вельмі важную ролю), у трыццатыя гады набыло палітычную моц.

Адзін з галоўных прапагандыстаў аўтанамізму, Фердынанд Дзюрчанскі, у 1932 г. пісаў: раз аўтанамісты, патрабуючы федэрацыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы, “дзейнічаюць толькі у рамках тых прынцыпаў, на базе якіх замежныя славакі падчас сусветнай вайны аб’ядналіся з чэхамі, дбаючы пра рэалізацыю права на самавызначэнне двух народаў” у адной дзяржаве. З ягонага меркавання, чэхаславацкая дзяржава ўзнікла “як кампраміс паміж нацыянальным ідэалам і экзістэнцыйнымі перадумовамі дзяржавы. Пасланне чэхаславацкай дзяржавы палягае на забеспячэнні патрэб і выкананні функцый, якіх славацкі і чэшскі народы не могуць рэалізаваць паасобку, а толькі разам. Але на гэтым ранейшая справа закончана. Далей свае ролі мусяць выканаць народы. Праз папярэдні кампраміс чэхаў і славакаў, такім чынам, была вызначана й форма будучай дзяржавы — федэралісцкая”. Варта быць адзначанай і наступная заўвага Дзюрчанскага: “як толькі з боку палітычнага і нацыянальнага цэнтралізму перастане зыходзіць небяспека — гэта значыць у будучай федэрацыі — мы зможам больш увагі прысвяціць венграм і іх антыславацкай дзейнасці”.


КАРОТКАЕ ЖЫЦЦЁ ВАЕННАЙ СЛАВАЦКАЙ ДЗЯРЖАВЫ

6 кастрычніка 1938 г. ідэя аўтанамізму рэалізавалася ў славацкай аўтаноміі, якая была замацавана стварэннем славацкага краявога ўраду, выбарамі сойму і прыняццём канстытуцыйнага закону. Хаця такое рашэнне й не задаволіла народніцкіх радыкалаў, але ў цэлым яно ўяўляла з сябе рэалізацыю славацкіх дзяржаўна-прававых памкненняў. (Між іншым, у лістападзе 1938 г. у Славакіі засталася толькі адна палітычная партыя: Славацкая народная партыя Глінкі — Партыя славацкага нацыянальнага адзінства). Але новая міжнародная сітуацыя настолькі перайначыла ўсё былое, што славацкія аўтанамісты раптам апынуліся ў становішчы, да якога зусім не імкнуліся: яны павінны былі прыняць рашэнне аб заснаванні самастойнай Славацкай дзяржавы. 14 сакавіка 1939 г. Славацкі сойм і абвясціў яе стварэнне, хаця насамрэч ўсё гэта было накінута Гітлерам і з’яўлялася толькі ўскосным прадуктам разгрому нацыстамі Чэха-Славакіі.

Вось так і ўзнікла дзяржава, якую пасля шасці гадоў яе існавання як толькі ні абзывалі. Назва рамана Дамініка Татаркі “Фарная рэспубліка” была ці не самай прыстойнай, а найбольш папулярным заставалася найменне “клерыкальна-фашысцкая дзяржава”. Славацкі сойм, у якім, як любіў казаць яго старшыня, было дастаткова дэпутатаў чэхаславацкай скіраванасці, галасаваў за самастойнасць славацкай дзяржавы аднагалосна. “Мы вымушаны абвясціць самастойнасць, іначай нас спляжаць і захопяць венгры, альбо немцы з палякамі”,— так гучала версія прэзідыюму сойму, згодна са словамі тадышняга міністра гаспадаркі Гейзы Медрыцкага, які ад сябе ўдакладніў: “Альтэрнатыва была адназначнай: альбо аб’яўленне самастойнасці, альбо захоп Славакіі венграмі”.

Марцін Сокал, старшыня славацкага сойму, успамінаў: “Славацкі сойм не вырашаў лёсу Чэха-Славацкай Рэспублікі. Гэта ўжо раней вырашыў Адольф Гітлер. Пытанне, якое перад намі стаяла, было наступным: ці Славакію далучаць да Венгрыі, ці мы ўтворым сваю дзяржаву — і тады яна захаваецца як цэлае. Адказ славацкіх дэпутатаў на гэта пытанне не мог быць іншым, як абвяшчэнне Славацкай дзяржавы. Дзеля салідарнасці з чэхамі мы не маглі ўчыніць нацыянальнага самазабойства, нам у гэтай сітуацыі найперш трэба было дбаць пра славацкі народ”. Так перамагла тэорыя меншага зла.

Радыкальнае крыло СНПГ імкнулася, хай і без асаблівага поспеху, надаць Славацкай дзяржаве характар, блізкі да характару нямецкага нацыянал-сацыялізму. Старшыня ўраду Войцех Тука сфармуляваў гэтую пазіцыю наступным чынам: “Партыя будзе працаваць у Глінкавым духу, але гітлераўскімі метадамі”.

Каб давесці, што прынцыпы аўтарытарнай сістэмы з Правадыром на чале (у 1942 г. аформленыя ў выглядзе закону) генетычна закадаваны ў славаках, малады народніцкі радыкал Ёзэф Кіршбаўм ужо на пачатку 1940 г. сцвярджаў: “у нашым нацыянальным характары, які доўга кіраваўся чужым дыктатам, склаліся перадумовы, хутчэй, для аўтарытарнай сістэмы, з’яўленне якой штучна задоўжылася на дваццаць гадоў”. Першая славацкая дзяржава заснавала традыцыю, якая дзесяцігоддзем пазней будзе ўсяго толькі мадыфікавана ў канстытуцыі камуністычных улад. Згадаем, дзеля прыкладу, хаця б наступны тэзіс: “славацкі народ удзельнічае ў дзяржаўнай уладзе праз пасярэдніцтва Славацкай народнай партыі Глінкі”. Альбо вось яшчэ прыклад. Ідэолаг першай славацкай дзяржавы Шцефан Полакавіч дэклараваў: “хто стаіць па-за партыяй, той стаіць па-за народам і значыць аказваецца блізка да здрадніцтва. Слушна палітычна думаць — значыць быць з партыяй і Правадыром”.

Першая славацкая дзяржава скампраметавала ідэю самастойнай славацкай дзяржаўнасці. Паколькі ўзнікла яна пад прымусам, дык пазбавіліся яе славакі ў 1945 г. адносна лёгка. Ясна, што за фашызмам славацкае пытанне не магло быць развязана, нават калі для гэтага існавалі б усе фармальныя ўмовы (зрэшты, як і ў “савецкай Славакіі”). Аднак Славацкае нацыянальнае паўстанне ў жніўні 1944 г. ужо чынілася з перспектывай рашэння гэтай праблемы, у якой не было месца рэканструкцыі ўнітарнай дзяржавы. Славацкая нацыянальная рада, што дзейнічала ў падполлі, на Каляды 1943 г. прыняла заяву, у якой адназначна задэкларавала: “Мы змагаемся за тое, каб славацкі і чэшскі народы — як сваяцкія славянскія народы — надалей жылі ў новай Чэхаславацкай Рэспубліцы, агульнай дзяржаве чэхаў і славакаў, на аснове прынцыпу роўнага з роўным” (згадайце цытаваныя раней словы Бенеша, датаваныя тым самым годам).

Акрамя таго, што праз нацыянальнае паўстанне Славакія збавілася ад нямецкай залежнасці і далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны яна змагла ўступіць у адноўленую рэспубліку як упэўнены ў сабе партнёр. Праўда, з гэтай нагоды Ёзэф Цыгер Гронскі, выбітны славацкі пісьменнік першай паловы стагоддзя, напісаў ў эміграцыі: “Няма больш прыкладу таго, каб народ паўстаў супраць уласнай дзяржавы”. Паўстанне сапраўды было й выступленнем супраць уласнай дзяржавы. Але ж улічым, што гэтая дзяржава ўзнікла з ініцыятывы Гітлера, а таму супраціў у адносінах да яе быў і супрацівам Гітлеру. Як удакладняе гісторык Даніель Рапант: “Славацкае нацыянальнае паўстанне перш за ўсё было выступам супраць гвалту нацыстаў і клерыкальнага ўраду …  які часта забываўся й на прынцыпы хрысціянскай маралі”. Нават “ліберальны” ці “гуманны” фашызм славацкай дзяржавы не мог затрымацца надоўга. Таму Паўстанне, натуральна, было й барацьбой за аднаўленне Чэхаславакіі, хаця ўжо ў іншай форме. Пасля яго ўжо ні Бенеш, ні хто іншы не маглі ставіць пад сумнеў роўнасці славакаў і чэхаў. Барацьба за аднаўленне ЧСР была ідэнтычнай антыфашызму, тоеснілася з антытаталітарным супрацівам. Паўтараючы за Ладзіславам Новамескім, скажам, што Паўстанне дало свету новую гісторыю славакаў, а славакам дало новую гістарычную свядомасць. Яно сталася вызначальным чыннікам сучаснай славацкай ідэнтычнасці і ў значнай ступені магло прычыніцца да развязання славацкага пытання. Але не спрычынілася. Праз перманентныя дэфармацыі краіны, якія не канчаюцца й сёння, роля Паўстання ў нацыянальнай гісторыі славакаў і надалей застаецца праблематычнай.


ДЗЕСЯЦЬ ГОД У ЗАЧАРАВАНЫМ КОЛЕ

Славацкае нацыянальнае пытанне не было вырашана й Кошыцкай урадавай праграмай, прынятай у красавіку 1945 г., хаця Бенешаў артадаксальны чэхаславізм у ёй ужо быў адрынуты. Дзякуючы Паўстанню, узаемаадносіны славакаў і чэхаў былі перафармуляваны. Палітык-камуніст Густаў Гусак у лютым 1945 г. аптымістычна прагназаваў суіснаванне двух раўнапраўных народаў у федэратыўнай дзяржаве, дзе кожны з іх меў бы свой урад і парламент, а “агульным засталося б тое, што неабходна для захавання моцнай і адзінай дзяржавы”, прычым, вызначальныя для краіны рашэнні прымалі б “супольны ўрад і супольны парламент”. Аднак жа, калі надышла пара славацкія патрабаванні, падтрымліваныя ў Славакіі абедзьвюма галоўнымі палітычнымі партыямі (камуністамі і дэмакратамі), рэалізоўваць на практыцы, сітуацыя адразу ўскладнілася. Чэшскія палітыкі (і не толькі Клемент Готвальд) пачалі сцвярджаць, што да такога рашэння грамадская думка пакуль не дастаткова падрыхтавана. Час паказаў усю дэкларатыўнасць Кошыцкай урадавай праграмы, у якой сцвярджалася, “што славакі павінны быць панамі ў сваёй краіне гэтак жа сама, як чэхі ў сябе на радзіме, і што рэспубліка будзе адноўлена ў якасці агульнай дзяржавы роўных народаў — чэшскага і славацкага”. Славацкае пытанне зноў не атрымала адэкватнага адказу.

Пасля 1948 г. дэфармацыя славацкай праблемы ўжо працягвалася ў рамках адной партыі (Камуністычнай партыі Чэхаславакіі) і яе славацкага філіялу (Камуністычнай партыі Славакіі). Чэхаславізм, скарыстаўшыся дактрынамі дэмакратычнага цэнтралізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму, зноў расквітнеў. Пасля татальнага выкаранення славацкага “буржуазнага нацыяналізму” палітычны аспект славацкага пытання знік на дзесяцігоддзі. Нават марксісцкая гістарыяграфія пазней прызнавала, што “чым больш мацаваліся сацыялістычныя стасункі, тым больш выразна звужаліся кампетэнцыі славацкіх нацыянальных органаў” (Мілаш Гасяроўскі).

Да галоўных правадыроў вышэй згаданага буржуазнага нацыяналізму (Чэхію, што характэрна, гэтая рэпрэсіўная тэндэнцыя абмінула, а ў якасці альтэрнатывы тут выступіла змова “сіяністаў”) у Славакіі прылічылі Густава Гусака, Караля Шмідке (nota bene чэха з паходжання), Ладзіслава Новамескага, Уладзіміра Клементыса, Даніеля Окалі, Івана Хорвата і многіх іншых вядомых даваенных палітыкаў, якіх засудзілі на доўгія тэрміны зняволення, а Клементыса — нават на смяротнае пакаранне. Цікава, што рэпрэсіі найперш закранулі асоб, якія ў 1943—1945 гг. свядома аддалі перавагу не ідэі збудовы савецкай Славакіі, а ідэі аднаўлення Чэхаславакіі. Гэтымі рэпрэсіямі Камуністычная партыя паставіла сваіх “нацыяналістаў” на адзін узровень з “народніцкімі” фашыстамі. Адзін з суддзяў, старшыня Камуністычнай партыі Славакіі і чэхаславацкі міністар замежных спраў Вільям Шырокі, у красавіку 1951 г. абгрунтоўваў жорсткі прысуд надзвычай проста: “Дакументальна ўстаноўлена, што Гусак і Новамескі ў партыі праводзілі лінію Аляксандра Маха” (міністра ўнутраных спраў першай славацкай дзяржавы). Відочна, што ў задачу была пастаўлена ліквідацыя славацкіх камуністычных інтэлектуалаў, якія  імкнуліся пасля вайны ўвасобіць у палітычнае жыццё свае вызваленчыя нацыянальныя ідэі. Праз татальныя рэпрэсіі вельмі хутка атрымалася дасягнуць сітуацыі, калі аб правах славакаў людзі пачалі баяцца нават згадваць. Тым самым была створана спрыяльная магчымасць і для канстытуцыйнага (1960 г.) абсячэння правоў і паўнамоцтваў славакаў, што тлумачылася неабходнасцю поўнай палітыка-адміністратыўнай цэнтралізацыі рэспублікі (апошняе азначала зняпад ідэі славацкага самакіравання). Пасля гэтай рэформы на славацкай тэрыторыі не засталося ўласных адміністратыўных інстытутаў, усе органы ўлады былі падпарадкаваны дзяржаўным міністэрствам, якія дзейнічалі на этнічнай тэрыторыі чэхаў.

Усё гэта, натуральна, выклікала прыхаваны супраціў славакаў, а пазней зматывавала рэактуалізацыю славацкага пытання, перш за ўсё ў інтэлектуальнай сферы, а таксама сярод часткі камуністычнай наменклатуры. Пасля рэабілітацыі “буржуазных нацыяналістаў” (увесну 1963 г.) адбылося павольнае вяртанне да рэфлексіі над гэтай праблемай, а ў другой палове шасцідзесятых гадоў (праўда, у рамках, вызначаных камуністычнай ідэалогіяй) на парадак дня выйшлі пытанні гаспадарчай і палітычнай роўнасці, улучна са спробамі федэратыўнага ўладкавання дзяржавы. У гэтую пару на той факт, што “ў адной дзяржаве існуюць два народы, якія не з’яўляюцца раўнапраўнымі” (Эўген Лёбл), пачалі спасылацца не толькі пісьменнікі, гісторыкі, філосафы, але й эканамісты. Гвездань Кочтух, напрыклад, першым зважыў, што Славацкая нацыянальная рада (абсечаны славацкі парламент) магла самастойна выкарыстоўваць толькі 2,7 працэнта нацыянальнага прыбытку Славакіі. Яму належаць і наступныя словы: “У Славакіі асіметрычная мадэль за дваццаць гадоў існавання паспела настолькі дыскрэдытавацца як палітычна, так і эканамічна, што сёння яе “плюсам” ніхто не верыць”.

Імкненне да федэрацыібыло складовай часткай палітыкі славацкіх камуністаў-рэфарматараў у 1968 г., калі яны ставілі за мэту ў дзяржаўна-прававой форме гарантаваць славакам сапраўднае нацыянальнае раўнапраўе з чэшскім народам. Уласна, такім чынам адстойваліся ідэі, сфармаваныя Славацкім нацыянальным паўстаннем (не выпадкова ў справу заангажаваліся шматлікія прадстаўнікі так званага пакалення паўстанцаў, раней асуджаныя як “буржуазныя нацыяналісты”). Сталінская мадэль сацыялізму, якая ажыцьцяўлялася з 1948 г., зразумела, не была схільна да хоць якога дэмакратычнага ўрэгулявання міжнацыянальных стасункаў. Таму выглядала парадоксам, што гарантам федэрацыі мелася быць манакратычная, унітарысцкая, цэнтралізаваная Камуністычная партыя Чэхаславакіі. Але ўжо нават не парадоксам, а ганьбай сталася тое, што закон аб федэрацыі ад 27 кастрычніка 1968 г. быў прыняты якраз у той момант, калі дэмакратыю ў Чэхаславакіі на дваццацігоддзе пахавалі брэжнеўскія танкі. Хаця фармальна славацкае пытанне было вырашана, але рэальна Чэхаславакія заставалася ўнітарысцкай дзяржавай пад кіраўніцтвам унітарысцкай Камуністычнай партыі Чэхаславакіі. Гэтак званы дэмакратычны цэнтралізм у Камуністычнай партыі і яе вядучая роля ў дзяржаве з азначэння не маглі дазволіць суверэнітэту нацыянальных рэспублік. Урэшце сталася тое, пра што казаў яшчэ ў 1968 г. гісторык Даніель Рапант: “Федэрацыя будзе служыць задушэнню дэмакратыі”.

Федэрацыя ва ўмовах савецкай акупацыі і захавання камуністычнага цэнтралізму страціла свой рэальны змест, і таму не займела месца ў грамадскай свядомасці славакаў, а тым болей, — чэхаў, якія й свае органы ўлады (урад, парламент) не лішне бралі пад увагу, бо ж былі яны, папраўдзе, фармальнымі інстытутамі. Бюракратычна-цэнтралізаваная сістэма, што панавала ў Камуністычнай партыі, захавала (у прынцыповым плане) асіметрычную мадэль дзяржавы.

Славацкае пытанне на дваццацігоддзе засталося закансерваваным і нават набыло статус табу ў эпоху “нармалізацыі”. Таму гэтак моцна выбухнула яно пасля лістапада 1989 г. і за два гады стала пытаннем, якое кардынальна паўплывала на існаванне Чэхаславацкай дзяржавы, дакладней — на яе распад.

***

Да 1989 г. усе спробы вырашэння славацкага пытання трывалі паразу. Віной таму былі як нерашучасць саміх славакаў, так і нежаданне чэхаў саступіць частку сваіх правоў і паўнамоцтваў (а часам нават і размаўляць пра гэта). Нават калі сітуацыя выспявала для такога рашэння (1918 г., 1945 г., 1968 г.), чэшскія палітыкі, улучна з усёй чэшскай грамадскай думкай, заўсёды аказваліся непадрыхтаванымі да канкрэтных дзеянняў.

Відочна, што ў славацкім пытанні ў межах агульнай дзяржавы перадусім сутыкаліся чэшская схільнасць да ўнітарызму і славацкая — да сепаратызму і федэралізму. Але зважым: нават падчас самастойнай дзяржавы ў міжваенны перыяд ніводная славацкая палітычная сіла не мела незалежніцкай праграмы (пасля Другой сусветнай вайны такую задачу ставіла толькі народніцкая частка эміграцыі). Тое ж датычыць і славацкіх нацыянал-камуністаў, якія, калі ім дазвалялі, кіраваліся ідэяй федэрацыі, сфармуляванай у часе Славацкага нацыянальнага паўстання.

Застаецца й сёння актуальнай думка гісторыка Любаміра Ліптака, выказаная ў 1968 г., паводле якой і канцэпцыя Мілана Годжы (“здабыць Прагу”), і камуністычныя канцэпцыі аднолькава пакідалі па-за ўвагай наступнае: “калі Славакія мае фактычна ўплываць на палітыку Прагі, яна найперш і перадусім павінна кіраваць сама сабой”.  А калі б славакі кіравалі сабой, дык падобная сітуацыя мусіла б узнікнуць і на землях чэхаў. Але так не сталася.

Асноўным лейтматывам славацкага пытання цягам большай часткі ХХ ст. было патрабаванне прынцыпу “роўны з роўным” — гэта значыць роўнасць славакаў і чэхаў у агульнай дзяржаве, а не яе падзел ці заснаванне самастойнай славацкай дзяржавы. Аднак патрабаванне рэалізацыі гэтага шматкроць паўтаранага прынцыпу (а паўтаралі яго Глінка, Ціса, Разус, Годжа, Гусак, Новамескі ды многія іншыя) не знаходзіла ў Чэхіі адпаведнага рэзанансу. Нават тады, калі ў Празе “кіравалі” славакі. Не адбылося пералому й на апошніх чэшска-славацкіх перамовах пасля выбараў 1992 г., калі славацкі бок нарэшце мусіў прыступіць да падзелу Чэха-Славакіі. Зрэшты, тады ўжо нават не стаяла пытання выбару між функцыянальнай федэрацыяй (з чэшскага ўзору) ці канфедэрацыяй (з узору славацкага). Бадай, выбар заставаўся толькі адзін: альбо адна ўнітарная дзяржава, альбо дзьве самастойных. З такой альтэрнатывай агульнага назоўніка знайсціся не магло. Агульны назоўнік мог быць толькі ў сітуацыі роўнага з роўным, што й падцвердзілася пасля з’яўленнядзвюх самастойных дзяржаў — Чэшскай Рэспублікі і Славацкай Рэспублікі.

Славацкае пытанне атрымала славацкі адказ, але падпісаліся пад ім і чэхі. Будучыня пакажа, ці гэты адказ супадае з логікай падзей і экзістэнцыйнымі запатрабаваннямі славакаў, ці ён ўсяго толькі пачатак новых пошукаў...

А, можа, тыя энтузіясты і вар’яты, што праз усё ХХ ст. будзілі гэты народ, працавалі не марна?!


Мілан Земка. Традыцыі славацкай палітыкі

УВОДЗІНЫ

Мэтанакіраваная адбудова плюралістычнай дэмакратыі пасля лістапада 1989 года азначала, што новыя палітычныя эліты імкнуліся аднавіць гістарычны досвед міжваеннай Чэхаславакіі з яе парламенцкай дэмакратыяй, а часткова й паваеннай “народнай дэмакратыяй”. Асабліва гэтае памкненне выявілася падчас стварэння палітычных інстытутаў і механізмаў новага палітычнага рэжыму. Паўплываў ранейшы дэмакратычны досвед і на выбар некаторых ідэалагічных курсаў. Закон аб палітычных партыях і рухах і закон аб выбарах у парламент з прапарцыянальнай выбарчай сістэмай (абодва прыняты ў 1990 годзе) таксама яскрава адлюстроўвалі як выкарыстанне досведу дакамуністычнай рэспублікі, гэтак і досведу паваенных заходніх дэмакратый (напрыклад, увядзенне працэнтнага бар’еру для ўваходу партый у парламент).

Калі ж паўстаюць з’явы, неспалучальныя з характэрнымі азнакамі і функцыянаваннем плюралістычнай парламенцкай дэмакратыі, прычыны найчасцей знаходзілі і знаходзяць у перажытках камуністычнага рэжыму. Аднак крыніцай такога рэдукаванага ўспрымання праблем новага палітычнага рэжыму бывае гэтаксама няведанне ці свядомае ігнараванне як рэальнага функцыянавання палітычных сістэм, так і сацыяльна-эканамічнага жыцця ў нашай краіне перад захопам улады камуністамі.

Недастаткова ўсведамляецца і той факт, што дэмакратыя і грамадзянская супольнасць, на якую абапіраецца дэмакратычны рэжым, з’яўляюцца ўсяго толькі рамкамі, што ствараюць свабодную і справядлівую прастору для жыцця ды фармуюць магчымасці для развіцця творчага патэнцыялу грамадзян. А вось як і чым гэтыя мажлівасці рэальна напоўняцца, залежыць ужо ад саміх грамадзян і ад іх палітычных прадстаўнікоў на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання.

Справа, між тым, датычыць не толькі дэмакратычнага мінулага, якое ўрэшце ўяўляе сабой толькі меншую частку сучаснай гісторыі былой Чэхаславакіі і ўсяго цэнтральна-еўрапейскага рэгіёну, але і намнога даўжэйшага дадэмакратычнага  перыяду нашай гісторыі. Бо пра сучасную палітычную сістэму Славацкай Рэспублікі гаворку трэба весці ў інтэрвале 150 гадоў — ад рэвалюцыі 1848—1849 гадоў, альбо ад заняпаду гэтак званага “абсалютызму Баха” і аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў Габсбургскай манархіі ў 1860 годзе, з чаго і пачалося фармаванне сучаснага парламентарызму.

Такі рэтраспектыўны погляд, безумоўна, паслугуе лепшаму разуменню адрозненняў Славакіі і Чэхіі на момант стварэння агульнай дзяржавы ў 1918 годзе. Бо розныя ўмовамі, у якіх абодва народы існавалі да яе стварэння, так і засталіся (нягледзячы на культурна-цывілізацыйнае ўзаемазбліжэнне, ці, хутчэй, набліжэнне славакаў да чэхаў) генератарам адрозненняў й падчас сумеснага жыцця ў адной дзяржаве. У эпохі трыумфу нацыяналізму (у першай палове ХХ стагоддзя, а пасля ізноў пасля руйнавання камуністычнага рэжыму) гэтыя адрозненні стымулявалі памкненіі да падзелу краіны, што і прывяло да ўзнікнення ў 1993 годзе дзвюх самастойных дзяржаў — Чэшскай і Славацкай Рэспублік.


ЧЭШСКАЕ І СЛАВАЦКАЕ ГРАМАДСТВЫ ПАДЧАС УЗНІКНЕННЯ ЧЭХАСЛАВАЦКАЙ ДЗЯРЖАВЫ

Сацыялна-эканамічныя і цывілізацыйныя асаблівасці

Чэхі і славакі стагоддзямі разам жылі пад уладай дынастыі Габсбургаў, але ў дзвюх адносна самастойных частках Габсбургскай імперыі. Першя жылі ў аўстрыйскай частцы імперыі з дамінантным нямецкім элементам, а другія належалі да Венгерскага каралеўства, у якім дамінавалі венгры.

І ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя характэрнымі для чэшскага грамадства сталіся цывілізацыйная развітасць і агульны уздым жыцця, спароджаныя прамысловай рэвалюцыяй і працэсамі урбанізацыі. Славацкая ж этнічная тэрыторыя, наадварот, у гаспадарчых адносінах усё болей адставала ад цэнтральных рэгіёнаў краіны, а яе эканоміка знаходзілася пераважна ў неславацкіх руках. Параўнальна не толькі з чэшскімі, але й з венгерскімі этнічнымі тэрыторыямі урбанізацыя адбывалася тут павольна. А дынамічны рост Будапешту ўсё мацней выяўляў сваю прыцягальную сілу, што спрыяла і агульнаму ўздыму венгерскай нацыянальнай свядомасці. Гарадское асяроддзе на славацкай этнічнай тэрыторыі рабілася ўсё больш неславацкім. У той самы час славакі, ня здолеўшы стварыць магутнага гарадскога асяродку, заставаліся пераважна вясковым насельніцтвам.

Чэшскае грамадства між тым актыўна стратыфікавалася: у ім паўсталі і сфармаваліся ўсе слаі грамадства, за выключэннем (ці толькі з малым прадстаўніцтвам) шляхты. У славакаў жа не адбылося такога развіцця. “Славацкае грамадства” репрезентавалі тады перадусім ніжэйшыя сацыяльныя слаі, нешматлікі сярэдні вясковы клас (заможныя сяляне) ды некалькі соцень прадстаўнікоў інтэлігенцыі (зноў жа сялянскага ці дробнашляхецкага паходжання).

Неабходна адзначыць, што сацыяльна-эканамічнае развіццё чэшскага грамадства было наступствам культурна-адукацыйнага зрухаў, якія сталіся магчымымі дзякуючы фармаванню чэшскай сістэмы адукацыі. Славакі ж, у культурна дамінантным венгерскім асяродку, наадварот, паступова страчвалі магчымасць навучання на роднай мове, у тым ліку і ў пачатковых школах. На ўсіх узроўнях венгерская адукацыйная сістэма адназначна не спрыяла развіццю нацыянальнай свядомасці славакаў. Справе ўсталявання славацкай сістэмы адукацыі прысвяцілі сябе ў той час адзінкі. І да таго, як не адбыўся заняпад Венгерскага каралеўства, не было аніякай сапраўднай сістэмы славацкага школьніцтва ці сеткі славацкіх культурна-навуковых устаноў. Адно існавала невялікая колькасць славацкіх культурніцкіх суполак.

 Менавіта з таго часу цягнецца пэўная схільнасць славакаў да замкнёнасці і кансерватызму. Зрэшты, нельга адмовіць і пэўнага пазітыўнага эфекту мадэрнізацыі гаспадарчага, грамадскага і культурна-адукацыйнага жыцця ў Венгрыі для, найперш, гарадскога насельніцтва (безадносна да яго нацыянальнасці), у тым ліку і на паўночнай, славацкай, тэрыторыі на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў. Гэтая мадэрнізацыя выявілася і ў дзейнасці грамадскіх арганізацый, а перадусім — у прыняцці і распаўсюдзе прынцыпаў самакіравання.

Палітычныя адрозненні

З фармальнага пункту гледжання, пасля рэфармавання імперыі ў 1867 годзе, палітычная сістэма Венгрыі была больш прагрэсіўнай за палітычную сістэму аўстрыйскай часткі дзяржавы. Адрозна ад прынятай у ёй састарэлай сістэмы курый (гэта быў працяг сярэднявечнай саслоўнай дэмакратыі), у Венгрыі існавала ўсеагульнае наўпростае выбарчае права. Парламент меў куды мацнейшыя пазіцыі, а жупы і гарады здабылі большыя паўнамоцтвы ў самакіраванні. Аднак высокі маёмасны цэнз на ўсіх узроўнях выбарчых органаў, а таксама публічнае (гэта значыць — не тайнае) галасаванне, як і перажыткі саслоўных традыцый, істотна нейтралізоўвалі прагрэсіўныя элементы венгерскай палітычнай сістэмы, якая, акрамя таго, паступова брала курс на ўзмацненне дзяржаўнага цэнтралізму і паслабленне элементаў самакіравання.

У абедзвюх частках манархіі ўсталяваўся канстытуцыйны парламентарызм, але зусім не парламенцкая дэмакратыя. Бо прынцыпам парламенцкай дэмакратыі не адпавядалі ні працэс стварэння прадстаўнічых органаў, ні адносіны паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі. Аднак на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў развіццё грамадства ў аўстрыйскай частцы імперыі выразна пайшло ў кірунку дэмакратычнага парламентарызму: пры выбарах у Імперскую Раду (не ў краявыя сеймы) была ўвядзенная сістэма ўсеагульнага, роўнага і тайнага выбарчага права (для мужчын) А ў Венгерскім каралеўстве, да самага яго знікнення ў 1918 годзе, па-ранейшаму дзейнічала недэмакратычная і ўжо тады анахранічная (такой яе лічылі й дэмакратычна арыентаваныя венгры) выбарчая сістэма.

Адрозненні ў палітычнай сістэме і ўзроўні палітычнага жыцця паміж дзвюма часткамі аўстра-венгерскага дзяржаўнага саюзу ўплывалі й на фармаванне палітычных партый і эліт.

У аўстрыйскай частцы манархіі пачынаючы з 1890-х гадоў фармуюцца (апрача выбарчых партый — г.зв. “ганарацый”, зладаваных з прыцягненнем найбольш вядомых, уплывовых, а часта і найбагатшых грамадзян) масавыя палітычныя партыі, якія бралі актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах і значэнне якіх яшчэ больш вырасла з увядзеннем з 1907 года ўсеагульнага і роўнага выбарчага права.

У Венгерскім каралеўстве, ажно да яго знікнення, перавагу, наадварот, мелі партыі-ганарацыі, прычым, 30 гадоў панавала адна партыя, ліберальная, якая карыстала на сваю выгоду дзяржаўны апарат, у тым ліку і падчас выбарчых спаборніцтваў. Іерархічна-кансерватыўная арганізацыя венгерскага грамадства ды інтэнсіўнае культываванне хунгарыстычнай дзяржаўнай і “патрыятычнай” свядомасці тармазілі заснаванне і дзеянне палітычных суб’ектаў і наагул палітычнае жыццё невенгерскіх народаў і народнасцяў Венгрыі, у паасобку, славакаў. Як і ўсё славацкае грамадства, яго палітыка-партыйная сцэна аж да развалу Габсбургскай імперыі ў 1918 годзе заставалася на пачатковай стадыі свайго развіцця. Сітуацыя, адпаведна, была непараўнальнай з сітуацыяй у Чэхіі.

Сучасныя ліберальныя і сацыялістычныя ідэі прыходзілі пераважна з Захаду. Тутэйшае і ўсходняе паходжанне мела адно кансерватыўная, папраўдзе, ідэя панславізму (пазней — неаславізму). Традыцыйны вясковы і дробнамяшчанскі лад жыцця, які абапіраўся на каталіцкую ці пратэстанцкую рэлігійнасць, спрыяў архаічнаму (і анахранічнаму) кансерватыўнаму палітычнаму мысленню.

З прычыны палітычнай няспеласці славацкага грамадства і слабасці яго эліты перад Першай усясветнай вайной — адрозна ад венгерскага, аўстрыйскага і чэшскага грамадстваў — успрынятыя звонку палітычныя плыні ўсталёўваліся ў палітычным жыцці надзвычай марудна. Славацкая палітычная эліта почасту мела невыразныя і вузкія амбіцыі, яна адмаўлялася ад ідэі аўтаномнага статусу этнічнай славацкай тэрыторыі ў рамках Венгрыі і абмяжоўвалася патрабаваннем (прычым, безвыніковым) прыняць закон аб мовах і ўвесьці ўсеагульнае выбарчае права.

Розніца паміж славацкай і чэшскай палітыкай найвыразней праявілася падчас распаду Аўстра-Венгрыі і стварэння агульнай чэхаславацкай дзяржавы. Чэшскае грамадства і яго палітычная эліта былі нагэтулькі развітыя, спелыя і моцныя, што ім хапіла выгоднага міжнароднага становішча і ўнутранай саслабласці манархіі, каб вызваліцца ўласнаю сілаю — гэта значыць пазбавіцца ад уладарніцтва з боку аўстрыйскай часткі Габсбургскай манархіі. Славакі ж не вызваліліся, а былі вызвалены, са згоды дзяржаў-пераможцаў, чэшскім войскам, якому славацкія атрады аказалі толькі нязначную падтрымку.

Славацкія палітыкі ўступалі ў новую дзяржаву з недастаткова сфармаванымі ўяўленнямі пра дзяржаўна-юрыдычнае становішча Славакіі і не маглі прапанаваць чэшскай эліце ніякай дзяржаўна-юрыдычнай канцэпцыі, таму што яны яе, уласна, нават не стварылі. Пэўнае выключэнне ўяўлялі, хіба, дамоўленасці чэшскіх і славацкіх грамад у Амерыцы: Кліўлендскае (1915 год) і Пітсбургскае (1918 год), пагадненні пра супольную будучыню славакаў і чэхаў у адной дзяржаве, дзе Славакія мела б шырокае самакіраванне. Аднак тое былі дакументы, падрыхтаваныя замежнай Славацкай лігай, не айчыннымі элітамі, і ў час заснавання рэспублікі яны не ўплывалі на развіццё падзей.


МІЖВАЕННЫ ДОСВЕД

Палітычная залежнасць

Палітычная сістэма першай ЧСР (1918—1938 гады) была створана чэшскай палітычнай элітай паводле ўзораў заходніх дэмакратый, уласных традыцый з часоў манархіі і ўласных патрэб. Славацкія ж палітыкі не адыгралі ў гэтай справе значнай ролі. Парламенцкая дэмакратыя будавалася на сістэме палітычных партый, якая ў чэшскіх рэгіёнах была практычна запазычана з часоў манархіі ды часткова дапоўнена партыямі на правым і левым баку палітычнага спектру; апроч таго, партыі фармаваліся й паводле этнічнага прынцыпу, што яшчэ болей узмацняла агульную партыйную расколатасць.

У Славакіі ж партыйна-палітычная сцэна ўзводзілася ледзь не з нуля, хоць яшчэ пры манархіі і пачалі развівацца сацыял-дэмакратычная партыя, народная (каталіцкая) партыя, аграрны рух. Спярша славацкая палітычная сцэна дзялілася па дзяржаўна-юрыдычнай лініі: аўтанамісты імкнуліся да больш самастойнага становішча Славакіі, а унітарысты выступалі за непадзельную Чэхаславацкую Рэспубліку. Паступова адбывалася й палітычная дыферэнцыяцыя на тых, хто заставаўся прыхільнікам ліберальнай дэмакратыі, і тых, хто аддаваў перавагу аўтарытарным метадам кіравання.

Для тагачаснага палітычнага жыцця характэрным было і тое, што партыі (ці то чэшскія, ці то нямецкія), якія хацелі дамагчыся поспеху на выбарах, мусі мець шырокія сацыяльныя і гістарычныя тылы ў Славакіі. З часоў заснавання чэхаславацкай дзяржавы найбольшай падтрымкай унутры Славакіі карысталіся сацыял-дэмакраты, а пасля іх расколу камуністы. Далей ішлі народная (каталіцкая) партыя, аграрная партыя, і, нарэшце, венгерскія альбо венгерска-нямецкія і габрэйскія партыі, якія прадстаўлялі гэтыя нацыянальныя меншасці. Найлепшага выніку з усіх партый наагул пры Першай рэспубліцы дамаглася сацыял-дэмакратыя, але пасля расколу хутка страціла свой уплыў. Затым на левым флангу моцных пазіцый дасягнулі камуністы (асабліва сярод венгерскіх выбарцаў), а на правым — Славацкая Народная партыя Глінкі (СНПГ), якая стала, пасля сацыял-дэмакратыі, дамінантнай палітычнай сілай Славакіі на выбарах. Іншыя партыі, акрамя аграрнай партыі і партый нацыянальных меншасцяў, былі толькі дадаткамі да пражскіх партыйных цэнтраў.

Найважнейшыя палітычныя партыі ўнеслі ў новую дзяржаву разам са сваімі арганізацыйнымі структурамі таксама й свае даваенныя ідэйныя платформы, мадыфікаваныя з улікам міжваеннага рэспубліканска-дэмакратычнага ладу.

У межах усёй Чэхаславакіі да традыцыйных палітычных ідэалогій на левым флангу належала сацыял-дэмакратыя, на правым — нацыянальна арыентаваны лібералізм нацыянал-дэмакратычнай партыі, а паміж імі знаходзіліся ідэалогіі чэшскага нацыянальнага сацыялізму, аграрызму, палітычнага каталіцызму і малавыразнае ідэалагізаванне прадпрымальніцкіх партый, арыентаваных на карпаратыўныя інтарэсы дробных прадпрымальнікаў. Прадуктам Першай усясветнай вайны і паваеннага перыяду было ўмацаванне (у выпадку бальшавізму) альбо ўзнікненне (у выпадку фашызму і нацызму) экстрэмісцкіх, таталітарных левых і правых ідэалогій, якія прэтэндавалі на ўніверсальную светапоглядную ролю. Аднак у дамюнхенскай рэспубліцы яны істотным чынам не ўкараніліся, хаця ў Камуністычнай партыі і ў Партыі судэцкіх немцаў, якая ўсё болей схілялася ў бок нацысцкай Германіі, колькасць выбарцаў была значнай.

Тон у ідэйнай арыентацыі насельніцтва Славакіі імкнуліся задаваць Славацкая Народная партыя Глінкі і камуністы, але ніводная партыя не выпрацавала ўласных арыгінальных ідэйных пасланняў. Зыходныя ўстаноўкі ішлі з Ватыкану і Масквы — найвышэйшых ідэалагічных аўтарытэтаў. Цалкам паспяхова канкуравалі з гэтымі дзвюма партыямі “традыцыйныя” аграрыі і сацыял-дэмакраты, абмежаваныя, аднак, ідэяй “чэхаславакізму” — дзяржаўным унітарызмам. У драматычным развіцці падзей у Славакіі непасрэдна пасля Мюнхенскага пагаднення напрыканцы верасня 1938 года меч кансерватыўнай Народнай партыі Глінкі, якая прыйшла да ўлады, павярнуўся як супраць унітарыстаў, гэтак і супраць сацыял-дэмакратыі ды камуністычнай ідэалогіі.

Праблемы міжваеннага грамадства

Галоўным станоўчым момантам для славакаў і іх палітычнага жыцця ў новай дзяржаве было стварэнне сучасных адукацыйных, інстытуцыянальных і культурных устаноў (у шырокім значэнні гэтага слова), прычым, адбывалася гэта ва ўмовах адноснай эканамічнай стагнацыі. Усеагульнае, тайнае і роўнае выбарчае права для мужчын і жанчын азначала заступленне на чэхаславацкую палітычную сцэну большай колькасці грамадзян 3-мільённай Славакіі. Славакі ў небывалай да таго ступені ўключыліся ў грамадскую і палітычную працу на ўсіх узроўнях дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання, хоць самакіраванне і мела тады менш паўнамоцтваў, параўнальна з венгерскімі часамі. ЧСР была для славакаў вялікай школай грамадска-палітычнага жыцця.

Тагачаснае палітычнае жыццё мела і свае заганы. Стабільнасць дэмакратычнага рэжыму, напрыклад, забяспечвалася пазаканстытуцыйнымі, закуліснымі дамовамі ў вузкім коле правадыроў кааліцыйных партый. Урадавыя кааліцыйныя партыі праз свае сатэлітныя арганізацыі былі звязаны з гаспадарчымі коламі, што часта прыводзіла да карупцыйных скандалаў; расквітнела партакратыя — з раздаваннем усялякіх выгодных пасад у грамадскім жыцці і ў эканоміцы; айцы-заснавальнікі дзяржавы на чале палітычных партый тармазілі змену пакаленняў у палітычных элітах. Апрача таго, у Славакіі не затухаў канфлікт паміж прыхільнікамі унітарнай чэхаславацкай дзяржавы і аўтаноміі (самакіравання) для Славакіі.

Праблемай паўсталі таксама нарастальныя патрабаванні з боку нацыянальных меншасцяў у рэспубліцы (асабліва венгерскай меншасці), хоць правы нацыянальных меншасцяў у ЧСР і былі найбольш шырокімі ў рамках Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы. За палітычны ўплыў на меншасці кіроўныя партыі змагаліся з нацыянальнымі партыямі і камуністамі. Для лёсаў рэспублікі вырашальным сталася пытанне 3-мільённай нямецкай меншасці, што жыла ў чэшскай частцы рэспублікі: за праблемай Судэтаў стаяла вельмі агрэсіўная звышдзяржава — гітлераўская Германія.

Слабасць чэхаславацкай дэмакратыі

Руйнаванне парламенцкай дэмакратыі справакавалі перш за ўсё вынікі Мюнхенскага пагаднення ў верасні 1938 года, калі заходнія саюзнікі ЧСР — Францыя і Англія — саступілі Гітлеру і ў ілюзорнай надзеі на захаванне міру згадзіліся на далучэнне значнай часткі чэхаславацкай тэрыторыі, населенай пераважна нямецкай меншасцю, да нацысцкай Германіі. Аднак сваю ролю адыграў і латэнтны крызіс тагачаснай палітычнай сістэмы. Новая сітуацыя ў абсечанай дзяржаве стымулявала пошук “нацыянальнага адзінства” ў аўтарытарным палітычным рэжыме на чале з адной партыяй — гэта значыць  у ліквідацыі плюралістычнай дэмакратыі. Такое пасля Мюнхена адбывалася ў абедзвюх частках усё яшчэ супольнай дзяржавы.

Акрамя таго, у Славакіі партыі, якія рэпрэзентавалі сістэму парламенцкай дэмакратыі, дзейнічалі адначасова і ў якасці філіяў пражскіх цэнтраў, без уласнай апорнай канцэпцыі, аўтарытэту і палітычнай волі, што праявілася ў іх хуткім і лёгкім падпарадкаванні дамінантнай Славацкай Народнай партыі Глінкі (СНПГ). Тая хоць і здабыла ад пражскага ўраду аўтаномію для Славакіі, аднак непасрэдна пасля Мюнхена яшчэ не мела ў сваім распараджэнні вагароў улады, каб самой запанаваць краінай. Замаруджаныя, палітычна бездапаможныя прадстаўнікі дэмакратычных партый, усё яшчэ трымаючыся слабой надзеі, што й надалей змогуць браць удзел у кіраванні, значна палегчылі ёй гэту задачу.

Такім чынам, аўтарытарны ўрад СНПГ без вялікіх праблем і пратэстаў на працягу некалькіх тыдняў змог усталяваць аднапартыйную ўладу, якая з дапамогай падпарадкаваных пазапартыйных арганізацый і, асабліва, дзяржаўнага апарату апанавала ўсё грамадскае жыццё. Першы этап гэтага працэсу завершыўся яшчэ пры т.зв. Другой Чэхаславацкай Рэспубліцы выбарамі ў аўтаномны сейм у снежні 1938 года, калі ўпершыню ў нашай гісторыі пад дыктоўку СНПГ быў прыняты адзіны спіс кандыдатаў. З кастрычніка 1938 года у Славакіі пачалася амаль 50-гадовая эра “чорнай”, а потым “чырвонай”, дыктатуры, з кароткім пераходным эпізодам рэдукаванай “народнай дэмакратыі” ў 1945—1948 гадах.

Ваенная дзяржава

Ваенная Славацкая Рэспубліка (1939—1945 гады) не мела чым пабагаціць дэмакратычны гістарычны досвед славакаў, таму што быў гэта насамрэч аўтарытарны рэжым з нарастальнымі таталітарнымі тэндэнцыямі. Аднак кароткае функцыянаванне рэжыму, гэтаксама як і ўзоры паводзінаў яго палітычнай эліты, а таксама насельніцтва, былі ў пэўным сэнсе падрыхтоўкай да дыктатуры іншага тыпу, якую камуністы ўсталявалі праз няпоўныя тры гады пасля Другой усясветнай вайны. Сюды прымыкала і акцэптацыя знішчальных рэпрэсій супраць габрэйскіх суграмадзян, якія былі пазбаўлены маёмасці і дэпартаваны ў канцэнтрацыйныя лагеры ў Польшчы. Гэта была псіхалагічная і маральная ўверцюра да прыняцця прынцыпу “калектыўнай віны” ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Пасля вайны гэта ўжо былі немцы і венгры.

Славацкая палітычная эліта ўпершыню ў гісторыі несла поўную адказнасць за краіну (канечне, у абмежаваных рамках дзяржавы-сатэліту), але гэтаму досведу не было наканавана стаць складовай часткай славацкай дзяржаўнай традыцыі: пасля вайны ён мэтанакіравана і ўсебакова вынішчаўся. Дзяржаўна-юрыдычнай амбіцыяй палітычных эліт, якія замянілі прайгралую і дыскрэдытаваную палітычную эліту ваеннай Славацкай Рэспублікі, і надалей заставаўся гарызонт аўтаноміі ў рамках большага дзяржаўнага ўтварэння, г.зн. адноўленай ЧСР, аздобленай рыторыкай пра партнёрства з прынцыпу “як роўны з роўным”. Гэта ясна дэманстравала ўжо ў час вайны палітыка кіраўніцтва славацкага супраціву і Славацкага нацыянальнага паўстання (СНП) у 1944 годзе.

Ідэалагічныя вытокі рэжыму Славацкай Рэспублікі, як і яго палітычныя праявы, мелі падобныя абмежаванні: з аднаго боку, рэжым чэрпаў натхненне ў старых крыніцах каталіцкай сацыяльнай навукі, айчыннага кансерватызму і нацыяналізму, а з другога, быў падпалы (асабліва пасля перамоў прэзідэнта Ёзэфа Ціса з Адольфам Гітлерам у Зальцбургу ўлетку 1940 года) пад нарасталыя патрабаванні імітаваць германскі нацыянал-сацыялізм. Нават нелегальная апазіцыя не прапанавала — за выключэннем новай дзяржаўна-юрыдычнай канцэпцыі славацка-чэшскіх адносін — новых ідэйных ініцыятыў. Палітыкі-дэмакраты заставаліся, папраўдзе, на платформе дэмакратыі Масарыка, аграрызму і народніцтва (усё гэта, адпаведна з духам эпохі, крыху пасунута ўлева). Камуністы мелі стабільную платформу ў выглядзе савецкага марксізму-ленінізму: сваю ідэйна-палітычную рыторыку яны прыстасоўвалі да актуальнай тактыкі.

СНП праходзіла пад лозунгамі аднаўлення дэмакратыі і суверэнітэту ў рамках адноўленай ЧСР, аднак усталявацца мусіла не традыцыйная плюралістычная дэмакратыя, а “новая” дэмакратыя, якой трэба было пераадолець старую партыйную групаўшчыну. Гэтая “народная дэмакратыя” адносна хутка прывяла да новай дыктатуры — дыктатуры Камуністычнай партыі, а пошук надзейнага саюзніка ў асобе СССР спарадзіў новую сатэлітную залежнасць ад гэтай таталітарнай звышдзяржавы.

“Народная дэмакратыя”

Адбудова парламенцкай дэмакратыі і чэхаславацкай дзяржаўнасці здавалася новым пачаткам свабоды і дэмакратыі. У рэчаіснасці пасляваеннае развіццё падзей у ЧСР прынесла з сабой:

— абмежаваную плюралістычную дэмакратыю, калі ў рэдукаванай палітычнай канкурэнцыі партыі маглі ўдзельнічаць толькі ў рамках г.зв. Нацыянальнага Фронту, і толькі з іх дазволу маглі ўзнікаць новыя палітычныя сілы, што было зыходным пунктам для наступнай поўнай ліквідацыі палітычнага плюралізму, непажаданай дэмакратам;

— шырокае ўмяшанне дзяржавы ў права на прыватную ўласнасць, паўсюдную “нацыяналізацыю”, ці адзяржаўленне маёмасці, што сталася зародкам пазнейшых глыбокіх перамен ў грамадстве і яго ўніфікацыі;

— прынцып “калектыўнай віны” ў адносінах да значнай часткі насельніцтва нямецкай і венгерскай нацыянальнасці, з невялікімі выключэннямі, што зноў-такі сталася сацыяльна-псіхалагічнай падрыхтоўкай і зыходным пунктам для рэалізацыі гэтага прынцыпу паводле ідэалагічна-палітычнага (класавага) крытэру;

— дзяржаўна-юрыдычнае становішча Славакіі з усё больш рэдукаванымі аўтаномнымі кампетэнцыямі славацкіх нацыянальных органаў у рамках чэхаславацкай дзяржавы, што паслугавала фактычнай адбудове унітарнай дзяржавы;

— знешнепалітычную залежнасць ЧСР ад новай усясветнай звышдзяржавы — СССР, якая, у сувязі з вымушанай адмовай ад удзелу ў плане Маршала ў 1947 годзе, развівалася ў кірунку поўнага васальнага падпарадкавання сабе Чэхаславакіі.

У 1945—1946 гадах адбыўся таксама значны зрух у складзе палітычнай эліты, якая за адносна кароткі час істотна змянілася. Прычым, працэс змен пасля лютага 1948 года і ўсталявання камуністычнай дыктатуры яшчэ больш паскорыўся. Такім чынам, пасля пэўнага перыяду стабілізацыі і пераемнага развіцця пры першай ЧСР, яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя (у канцы 30-х гадоў) аднавіліся з’явы перарывістасці ва ўсім грамадстве і ў яго элітах, узніклыя ў 1918 годзе.

Гэтая нестабільнасць праявілася таксама ў ідэйным плане на правай і левай палове палітычнага спектру: дэмакратычныя партыі яшчэ толькі шукалі адпаведнага ідэйнага адлюстравання для новай грамадска-палітычнай сітуацыі, якую прынёс ЧСР вынік Другой усясветнай вайны, камуністы камуфлявалі свае ўладна-палітычныя намеры (дыктатуру пралетарыяту) асаблівым, чэхаславацкім, спосабам збудовы сацыялізму. Абодва палітычныя палюсы часова пагадзіліся на паліталагічна кур’ёзным акрэсленні новай палітычнай сістэмы як “народнай дэмакратыі” (народнага народаўладдзя!), аднак і яе камуністы пасля захопу ўлады цалкам дыскрэдытавалі. Таму ў паваенным дататалітарным эпізодзе ЧСР наўрад ці можна шукаць пазітыўныя вытокі аднаўлення парламенцкай дэмакратыі пасля 1989 года і эканамічнай сістэмы, заснаванай на вольнай рынкавай гаспадарцы.

Камуністычны рэжым

На гэтую эру прыпала жыццё некалькіх пакаленняў, малодшыя з якіх дажылі да новай грамадскай сістэмы з дэмакратычным рэжымам. Аднак з камуністычнага рэжыму яны не маглі ўзяць практычна ніякіх станоўчых узораў для новай палітычнай сістэмы, яе структуры і функцыянавання, для арганізацыі і дзейнасці дэмакратычных палітычных эліт. Прычым, нават і з кароткага эпізоду “пражскай вясны” 1968 года, які быў альбо меў стацца не больш чым лібералізацыяй аднапартыйнага рэжыму, а не яго ліквідацыяй. Традыцыя міжваеннай парламенцкай дэмакратыі была толькі апасродкаванай, захаванай у калектыўнай памяці легендай пра дасканалы палітычны ўзор ці, наадварот, пра варты адхілення буржуазны рэжым. У шырокіх слаёў грамадзян і, напэўна, таксама ў будучых новых палітычных эліт не ставала досведу дэмакратычна-парламенцкага ўладавання.

Такім чынам, жыццёвы досвед за гэтыя чатыры дзесяцігоддзі ўяўляе з сябе, хутчэй, сумесь фактараў, звязаных  з негатыўнай, асістэмнай сацыяльна-палітычнай спадчынай кіравання, перадаванай праз “гены культуры” з дататалітарнай і дадэмакратчнай (венгерскай) мінуўшчыны. Складовай часткай такога досведу з’яўляецца таксама славацкая традыцыя быць народам без дзяржавы, а таму й без назапашанага досведу, які маюць народы з уласнай дзяржавай. Верх бяруць наступныя праявы:

— Традыцыйна раздробленая партыйная групаўшчына, выкрышталізаваная ўжо за часам першай ЧСР і ўскормленая эрай адной дзяржаўнай партыі, калі нават выбарныя пасады размяркоўваюцца паводле крытэру партыйнай прыналежнасці, адначасова культывуецца партыйны кліенталізм (залежнасць арганізацый і таварыстваў — як ад дэмакратычных партый даваеннай пары,  гэтак і ад камуністычнай дзяржаўнай партыі).

— Пераацэнка ролі дзяржавы і адначасова схільнасць да выкарыстання пазіцый у дзяржаўным апараце дзеля задавальнення асабістых і групавых інтарэсаў.

— Недастатковасць досведу падбірання новых палітычных кадраў, што выяўляецца ва ўнутранай нестабільнасці палітычных партый (такія варункі ў Славакіі складаюцца пасля кожнага гістарычнага пералому ў ХХ стагоддзі — у 1918, 1938—39, 1945, 1948, 1968—69 і 1989 гадах. Гэткае ж перажываюць і іншыя краіны Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы.).

— Цяжкасць пошуку палітычнага кансенсусу — з улікам адрознасці поглядаў і інтарэсаў, што таксама спрыяе партыйнай і палітычнай нестабільнасці (справа зноў датычыць венгерскай традыцыі, вядомай сваёй жорсткай унутрыпалітычнай барацьбой, а таксама спецыфічнага партыйнага кіравання ў першай ЧСР, калі згода дасягалася з дапамогай пазаканстытуцыйных механізмаў; усталяванай цвёрдай рукой палітычнай “аднакаляровасці” ў 1938—1939 гадах; “народнай дэмакратыі” ў 1945—1948 гадах — з паніжанай мерай талерантнасці і дэмакратызму, першымі рэпрэсіямі і нарастаннем палярызацыі палітычнага жыцця; і, нарэшце, камунізм, падчас якога кансенсус з палітычнымі і светапогляднымі іншадумцамі быў апрыёры выключаны).

— Заніжаная павага да “правіл гульні” (фармальных і нефармальных) ды схільнасць да сілавых рашэнняў канфліктаў (зноў жа венгерская палітыка і, асабліва, эра ваеннай славацкай дзяржавы і камуністычнага рэжыму; у пэўнай ступені таксама цэнзура Першай Рэспублікі, калі замоўчваліся непажаданыя выступы і асобныя факты гвалту апазіцыі).

— Звычка больш спадзявацца на аўтаматычнае рашэнне праблем — сілай “аб’ектыўных акалічнасцяў”, чым на ўласныя разважныя дзеянні (пры Венгрыі пераважала чаканне на прыход пераменаў звонку — “рускія браты дапамогуць”; пасля 1918 года — спадзяваліся на кансалідацыю палітычнай сітуацыі ў чэшскай версіі; пазней, пасля Другой усясветнай вайны, у эру пражскага камуністычнага цэнтралізму, змірыліся, прынялі тое, што ўсялякая асабовая думка каралася, а паслухмянасць узнагароджвалася).

— Прыхільнасць да ідэйнага дагматызму, звязанага з маралізатарствам (у розных ідэйных “колерах”), з аднаго боку, і недаацэнка ідэйных крыніц палітыкі, з другога (чым менш аналізуюцца ідэйныя вытокі і культывуецца палітычнае мысленне, тым лягчэй прабівае сабе дарогу дагматычная, з маралізатарскім “начыннем”, палярызацыя паводле прынцыпу “мы добрыя — яны дрэнныя”). У Славакіі ў мінуласцітэарэтычная рэфлексія ў палітыцы ніколі, за некаторымі выключэннямі, больш-менш выразна не выяўлялася.

— Адсутнасць традыцыі сачыць за міжнароднымі пытаннямі ў звязцы з існаваннем уласнай дзяржавы, што часам выклікае пераацэнку, а іншым разам і недаацэнку міжнародных фактараў. Міжнародная праблематыка аналізавалася і вырашалася ў цэнтры дзяржавы, а такі цэнтар — за выключэннем абсечанага суверэнітэту 1939—1945 гадоў — ніколі не знаходзіўся ў Славакіі. Таму й славацкія палітыкі, якія рэальна займаліся знешняй палітыкай, рабілі гэта заўсёды ў шырэйшым, дзяржаўным, а не ў вузкім славацкім кантэксце. Традыцыі славацкай знешняй палітыкі пачалі будавацца, уласна кажучы, ужо з часу ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі ў 1993 годзе.

Збудова дэмакратычнай сістэмы

Для фармавання палітычнай сістэмы пасля заняпаду камуністычнага рэжыму і ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі свядома і мэтанакіравана выкарыстоўваўся, перадусім, апасродкаваны досвед перыяду міжваеннай Чэхаславацкай Рэспублікі і, часткова, перыяду г.зв. “народнай дэмакратыі”. Крыніцай ініцыятыў быў таксама досвед функцыянавання дэмакратычных рэжымаў у тых краінах, якія ніколі не жылі пад таталітарным рэжымам, кантраляваным камуністычнай партыяй.

Рэальнай праявай такога палітычнага натхнення ў Славакіі, як і ва ўсёй ЧСФР, была адбудова парламенцкай дэмакратыі з ураўнаважаным канстытуцыйна-юрыдычным узаемадзеяннем заканадаўчай і выканаўчай улады, з незалежнай судовай уладай, з дамінантным становішчам палітычных партый як носьбітаў палітычнай волі і палітычнай улады ў заканадаўчай і выканаўчай галінах. У палітычнай практыцы гэтыя традыцыі рэалізуюцца праз павагу да ўсталяваных канстытуцыяй і законамі прынцыпаў персанальнага абнаўлення гэтых органаў — ці шляхам выбараў, ці прызначэння, а таксама праз павагу да галоўных прынцыпаў дэмакратычнага рэжыму, якімі з’яўляюцца грамадзянскія свабоды і заснаванае на іх вольнае грамадства.

На фармаванне і, асабліва, на функцыянаванне новай палітычнай сістэмы меў і, несумненна, мае негатыўны ўплыў гістарычны досвед з эпохі антыдэмакратычных рэжымаў. Аднак апошнія гады паказалі, што Славакія — дзякуючы мабілізацыі ўнутраных дэмакратычных сіл, якія праявілі сябе дастаткова моцнымі і амбіцыйнымі, а таксама за конт стварэння спрыяльнага міжнароднага асяродку, што падтрымлівае засталяванне дэмакратычнага парадку, — паступова пераадольвае ўплывы недэмакратычных ці антыдэмакратычных традыцый. І ня толькі фармальна, але й рэальна ўвасабляе ў краіне стандарты плюралістычнай парламенцкай дэмакратыі і адкрытага, вольнага грамадства.


Любамір Ліптак. Фармаванне палітычных сістэм: знешнія ўплывы і ўнутраныя фактары

Агульную перамогу, якую ў ХХ стагоддзі аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы атрымалі ў Славакіі над дэмакратычнымі, можна азначыць лікам 3:1. Такі негатыўны вынік быў перадусім абумоўлены знешнімі фактарамі, найперш даўнім і дагэтуль не скончаным змаганнем Расіі і Нямеччыны за прастору паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Чорным марамі. У 1939 годзе перавагу займела Нямеччына, а пасля 1945 года — Расія. Разам з тым, амаль дэманстратыўную абыякавасць да гэтай тэрыторыі выявілі ў тыя пераломныя гады як будучая супердзяржава ЗША, так і Францыя з Англіяй (краіны, якія ўжо саступалі сваё былое лідэрства). Літаратура 1939—1945 гадоў, гэтак жа сама як і пазнейшая, прысвечаная саветызацыі, пераканаўча сведчыць, што ўзнікненне і фармаванне тагачасных палітычных сістэм Славакіі адбывалася не без удзелу вялікіх дзяржаў. Часам ён быў завуаляваны, а часам брутальна аголены, як, напрыклад, у Зальцбургу ў 1940 годзе або ў жніўні 1968 года ў Празе. Аднак моднае сёння падкрэсліванне ролі знешніх уплываў не павінна засланяць ад нас той факт, што яны, як і варожы да дэмакратыі тагачасны геапалітычны кантэкст, супадалі з чаканнямі не толькі вузкага кола калабарантаў. Улады даваеннай і пасляваеннай Славакіі самі з поспехам падтрымлівалі і развівалі падобныя тэндэнцыі ў грамадстве, апелюючы ці то да гістарычнай традыцыі славакаў, ці то спакушаючы іх светлай будучыняй.

Хаця панаванне Славацкай народнай партыі Глінкі (СНПГ) у гады Другой сусветнай вайны і камуністычную ўладу пасля яе раздзяляюць дзве важныя рэчы (Славацкае нацыянальнае паўстанне і г.зв. “кіраваная дэмакратыя” 1945—1948 гадоў) у абодвух выпадках, аднак, мы можам вылучыць шматлікія элементы, якія сведчаць пра іх падабенства. Між тым паспрабуем акрэсліць кола тых эканамічных, сацыяльных, палітычных і псіхалагічных фактараў, якія спрыялі пераходу ад адной формы дыктатуры да другой.

1. Разбурэнне прыватнай уласнасці

У §79 Канстытуцыі Славацкай Рэспублікі 1939 года канстатавалася, што “прыватная ўласнасць можа быць абмежаваная толькі законам”. Аднак у хуткім часе (праз 3-4 гады) адбылося некалькі, хоць і фармальна законных, аднак далёкасяжных змен у праве на ўласнасць, пасля чаго сталася відавочнай залежнасць гэтага права ад палітычнай улады. Больш за тое, падчас арыізацыі змены ў праве на ўласнасць адкрыта дэклараваліся як адзін з важных прэарытэтаў рэжыму. У выніку ў сферы буйной прамысловасці адбыўся імклівы рост долі нямецкага капіталу за кошт змяншэння чэшскага, габрэйскага і некаторага іншага. Да прыкладу, у гэты перыяд прысутнасць нямецкага капіталу ў прамысловых акцыянерных таварыствах павялічылася з 4% да 51,6%. Вялікія перадзелы ўласнасці адбыліся і ў банкаўскай сферы; а ў некаторых галінах вытворчасці, якія не прыўласціў нямецкі капітал (перадусім у сельскай гаспадарцы і звязанымі з ёй банкамі), пераразмеркаванне маёмасці праводзілася пад непасрэдным дыктатам кіраўніцтва Славацкай народнай партыі Глінкі (СНПГ) і дзяржавы.

Таксама адбылося радыкальнае пераразмеркаванне маёмасці ў гандлі і ў дробным прадпрымальніцтве. Арыізацыя ў форме перадачы дробных прыватных прадпрыемстваў арыйскім уладальнікам закранула каля 12 000 прадпрымальнікаў. Найменш гэтыя працэсы тычыліся сельскай гаспадаркі. Аднак абвешчаная ўрадам радыкальная зямельная рэформа ў выніку зменшыла долю габрэяў-землеўладальнікаў. Новы імпульс атрымала і ідэя перадзелу зямельнай уласнасці, якая адразу пасля Першай сусветнай вайны пачала была рэалізоўвацца ў Чэхаславакіі.

З прычыны сваёй незаавершанасці перадзел зямлі стаў часткаю палітычнай барацьбы і ў 1945—1948 гадах. Увогуле ж, пасляваенная зямельная рэформа адбывалася пад лозунгам выканання абяцанак, якія не змаглі або не захацелі спраўдзіць аграрнікі, а пасля іх Славацкая народная партыя Глінкі.

Пераразмеркаванне маёмасці закранула значна больш людзей, чым было тых, хто ад яе непасрэдна пацярпеў (або атрымаў карысць): ліквідацыя канкурэнтаў адкрыла шырокую прастору для многіх актыўных асоб і зыніцыявала нечаканы кар’ерны рост многіх славакаў. Да таго ж, нягледзячы на намаганні ўлады надаць працэсу пераразмеркавання маёмасці нязмушаны характар, грамадства заўважыла, што гэты працэс адназначна скірпаваны на тое, каб падпарадкаваць эканоміку дзяржаве.

2. Разбурэнне і дыскрэдытацыя сістэмы парламенцкай дэмакратыі

Параза парламенцкай дэмакратыі ў 1938 годзе і крах знешнепалітычнай арыентацыі Чэхаславакіі на дэмакратычныя дзяржавы прадстаўнікамі Народнай партыі былі інтэрпрэтаваныя як гістарычнае пераадоленне заганнасці плюралістычнай парламенцкай сістэмы. І ўжо першая рэдакцыя Канстытуцыі Славацкай Рэспублікі ад 21 ліпеня 1939 года зыходзіла з таго, што “дэмакратыя… з’яўляецца агрэсіўнай, а пасля сваёй перамогі разбуральнай сілай”, якая не прыдатная для “стваральнай працы”. Дадаткі да Канстытуцыі, і асабліва закон аб СНПГ ад 22 кастрычніка 1942 года, засведчылі адхіленне ад “паўднёвага полюса дэмакратыі” ў бок “паўночнага полюса аўтарытарызму”, да чаго падчас абмеркавання Канстытуцыі ў парламенце заклікаў старшыня ўрада Войцех Тука. Паводле парламенцкага карэспандэнта Аладара Кочыша, гэты закон “толькі падсумоўвае развіццё грамадства і цалкам арыентуецца на новаеўрапеўскую сістэму арганізацыі”. Прынцып моцнага кіраўніка СНПГ дапаможа “згуртаваць народ” і “знішчыць усе магчымасці для ліберальна-дэмакратычнага расхіствання нацыянальнага адзінства танным палітыканствам”. Нягледзячы на некаторую рознасць у поглядах унутры групы, якой належала ўлада, станаўленне Славацкай Рэспублікі адбылося праз фармаванне сістэмы, у якой вызначэнне кірункаў дзейнасці (парламента, дзяржаўнай рады, саслоўных арганізацый, кіруючай партыі і гвардыі Глінкі) цалкам залежала ад адзінага цэнтра ўлады — Правадыра, як увасаблення самой партыі. Па сутнасці, гэта была завершаная і самадастатковая сістэма, у якой не было месца для альтэрнатыўнай палітыкі. Адзіная альтэрнатыва такой сістэме — замена яе іншай сістэмай. Такім чынам, адпачатку прадугледжваўся радыкальны падыход да функцыянавання ўсёй сістэмы ўлады, у тым ліку і з узгляду на перспектыву яе будучай замены.

3. Разбурэнне структур грамадзянскай супольнасці

“Гляйхшалтаванне”, гвалтоўнае аб’яднанне, ліквідацыя “нязручных “ і паглынанне гатовых да супрацоўніцтва згуртаванняў і інстытуцый тычылася не толькі палітычных партый, якія фармаваліся ў нас пачынаючы з 60-х гадоў ХІХ ст. і ўжо паспелі стварыць шырокую сетку мясцовых арганізацый ды выпрацаваць уласныя традыцыі, але і мноства іншых добраахвотных суполак і таварыстваў, якія складалі падмурак грамадзянскай супольнасці. Прафесійныя саюзы спачатку былі “аб’яднаныя” ў Хрысціянскія саюзы, а потым трансфармаваныя ў структуры саслоўных устаноў, дзе апынуліся пад кантролем Народнай партыі. Ад падобных трансфармацый пацярпелі сотні гаспадарчых суполак і арганізацый. Іх маёмасць, нерухомасць, абсталяванне і рахункі перайшлі да кіраўніцтва гвардыі Глінкі, Глінкавай моладзі, арганізацый Deutsche Partei або іншых інстытуцый, звязаных з рэжымам. Гэты працэс прапаганда асвятляла як вартае ўхвалы “аб’яднанне нацыянальных сіл”. Яго супроцьпастаўлялі “раздробленасці” і “палітычнай партыйнасці” ў перадваенны перыяд, што выклікала ў часткі насельніцтва пазітыўны водгук. Еднасць прэзентавалася як самакаштоўнасць, як альтэрнатыва “анархіі” плюралізму. Падобных меркаванняў прытрымліваўся і рэжым, што ўсталяваўся пасля 1945 г., таму ён і марудзіў з аднаўленнем даваенных арганізацый, суполак і таварыстваў, якія аб’ядноўвалі людзей паводле іх інтарэсаў. Паколькі ўсе арганізацыі Народнай партыі былі забароненыя і ліквідаваліся, маруднае аднаўленне грамадскіх арганізацый і партый пасля вайны сталася прычынай пэўнага вакууму ў грамадскім жыцці. З практыкі ваенных гадоў ставіць суполкі і таварыствы па інтарэсах не толькі пад кантроль, але і непасрэдна на службу паноўнаму рэжыму пачаўся працяглы працэс дэградацыі грамадзянскай супольнасці, пераўтварэння яе арганізацый у звычайныя “перадатачныя механізмы” кіруючай партыі. З гэтай практыкі вынікае і тая лёгкасць, з якой на пасляваеннай хвалі радыкалізму многія арганізацыі былі падпарадкаваны камуністычнай партыі — перадусім прафсаюзы, некаторыя згуртаванні сялян і чальцоў нацыянальнага Супраціву. А паколькі розныя шматлікія арганізацыі грамадскай супольнасці аб`ядноўваюць у сваіх шэрагаў сотні тысяч сябраў, дык знешняе ўмяшальніцтва ў іх дзейнасць і спосабы самаарганізацыі яскрава паказвае на тое, што на пярэднім плане знаходзяцца інтарэсы не канкрэтных грамадзян і не прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, а дзяржавы.

4. Умацаванне функцый дзяржавы і пашырэнне сфер яе кантролю

Дыктат дзяржавы над жыццём грамадства (насуперак ліберальным ідэалам ХІХ стагоддзя) асабліва ўзмацніўся падчас Першай сусветнай вайны, а затым і падчас вялікага крызісу.

Своеасаблівы рэнесанс ролі дзяржавы з 1939 года быў выкліканы двума фактарамі: характарам рэжымаў, што фармаваліся тады згодна з ідэаламі Мусаліні: “Нічога, акрамя дзяржавы, нічога супраць дзяржавы, нічога без дзяржавы”, — і вайной, якая вымагала рэгулявання ўсіх сацыяльных працэсаў. Ваенны час “выпрадукаваў” вялікую колькасць загадаў і забарон, якія былі неабходныя дзеля таго, каб усталяваць кантроль над эканомікай, грамадскім жыццём, распаўсюдам інфармацыі, перамяшчэннем людзей, канцэнтрацыяй працоўных сіл і г.д. Кантралючыя і рэгулюючыя структуры, створаныя з патрэб як папярэдніх аўтарытарных рэжымаў, так і ваеннага часу, былі адзіна рэальнай спадчынай і пасляваеннай ўлады. Стан разбуранай эканомікі, прадуктовыя праблемы, небывалыя перарухі насельніцтва ды бюракратчны падыход да іх вырашэння сталіся адной з прычынаў таго, што пасля вайны была перанятая (часта са змрочна падобнымі метадамі) значная частка механізмаў і спосабаў кіравання і арганізацыі людзей (напрыклад, працоўныя лагеры). Падобная сітуацыя назіралася не толькі ў Славакіі, але і ва ўсіх іншых пацярпелых ад вайны краінах. Аднак калі ў Заходняй Еўропе палітычныя абмежаванні, выкліканыя цяжкім пасляваенным становішчам, паступова здымаліся, у нас яны сталіся падмуркам для збудавання новай недэмакратычнай сістэмы улады. У пэўным сэнсе палітыку такой улады можна інтэрпрэтаваць як палітыку перманентнага ваеннага становішча. Для такой сістэмы характэрнай робіцца эканоміка, збудаваная для патрэб вайны, а таксама надзвычайнае заканадаўства. Дапаўняе агульную карціну вайсковая тэрміналогія, якой карыстаецца  рэжым: “сацыялістычны лагер”, “барацьба за…”, “культурны фронт” і г.д.

5. Радыкалізацыя палітычнага мыслення і паводзін

Як у пашырэнні сфер кантролю дзяржавы, так і ў радыкалізацыі грамадства вялікую ролю адыгралі вайна і аўтарытарны характар рэжыму. Выразны і бескампрамісны падзел на сяброў і ворагаў закрануў не толькі сферу вайсковых дачыненняў, але і ўнутраную і міжнародную палітыку.

Нязгодныя з рэжымам атрымлівалі розныя зневажальныя мянушкі, іх адразу ж прылічалі да небяспечных ворагаў, ізалявалі ад грамадства і падвяргалі пераследу. Але ўсё гэта разглядалася толькі ў якасці перадумовы “канчатковага прысуду” — знішчэння. Знішчэнне, у сваю чаргу, прызнавалася адзіным эфектыўным метадам вырашэння шмат якіх пытаньняў, кшталту габрэйскага, бальшавіскага, жыдабальшавіскага, чэхаславацкага ці вугорскага. Тым жа самым “эфектыўным” метадам вырашалася пазней і пытанне плутакратаў, капіталістаў, кулакоў, буржуазных нацыяналістаў, касмапалітаў і рэфармістаў.

Пазіцыю тых рэжымаў, якія ніколі не дапускалі існаванне хоць якой  апазіцыі, а з усёй каляровай гамы выбіралі толькі чорны або белы колер, найлепей характарызуюць тэксты маршаў, якія цягам многіх гадоў гучалі з рэпрадуктараў на плошчах славацкіх мястэчак:

Хто з вас славак, пяе хай з намі,
а хто не з намі, той супраць нас.
Сябры, на варту, сябры, на варту!
І праз дзесяць год:
Хто не з намі, той супраць нас,
і хай не спрабуе нас збіць са шляху,
уздымаем галовы да самых вышыняў,
крычым мы: “Працы слава!”

Радыкалізацыя і палітыка канфрантацыі, відавочна, супярэчылі тэндэнцыям, якія назіралася ў міжваенны перыяд і якія палягалі на імкненні зняць напругу, паслабіць канфлікты ды схіліць грамадства да прыняцця эвалюцыйных спосабаў развіцця. Пра гэта сведчаць вынікі выбарчых кампаній у перыяд з 1920 па 1935 гг.., а таксама праграмы і тактыка дзейнасці палітычных партый. Правы і левы радыкалізм быў дастаткова моцны і ў 20-х гадах, аднак у гэты перыяд ён не мог разгарнуцца на поўную моц, бо супярэчыў агульным настроям. Пералом пачынаецца з Мюнхенскага пагаднення, краху чэхаславацкай парламенцкай сістэмы і Чэхаславакіі як дзяржавы. Пасля перамогі правага радыкалізму ў 1938 годзе і “скасавання” былой палітычнай сістэмы левы радыкалізм быў вымушаны сысці ў падполле. З аднаго боку, цяпер ён прызнаваўся як выключна дэструктыўная сіла, але з другога — як “аднаўленчы” складнік будучай славацкай палітыкі. Тым болей, што і ўнутры самога левага руху адбыліся прынцыповыя змены параўнальна з даваеннай сітуацыяй. Гэта значыць, што радыкалізм пачаў паступова саступаць месца эвалюцыйным, рэфармісцкім сацыялістычным сілам. Гэтая памяркоўная рэфармісцкая плынь не была падчас вайны і падполля дамінуючай, але яе існаванне сведчыла пра змены ў раскладзе левых палітычных сіл.

Радыкалізацыя закранула і цэнтрыстаў, перадусім праз паслабленне напярэдадні вайны і без таго малакроўных ліберальных плыней. Лібералізм ганіўся прадстаўнікамі Народнай партыі ўжо ад пачатку стагоддзя; выразна ад яго дыстанцыяваліся і пасляваенныя дэмакраты. Вайна і рэжым, усталяваны Народнай партыяй з яго нацыяналізмам і карпаратывізмам, узмацнялі калектывісцкія ідэі як пануючы лад мыслення. Моцная дзяржава, калектывізм і радыкалізм, урэшце, сфармавалі ўяўленне, што дзяржаве ўсё дазволена, а наступ на будучыню з мэтай апанаваць грамадства — гэта толькі праблема выбару правільнай ідэі і рашучых, бескампрамісных дзеянняў. Радыкалізм, які не здолеў забяспечыць перамогу ў вайне, у надзвычайных ваенных і пасляваенных умовах апынуўся вельмі эфектыўным сродкам у справе нармалізацыі жыцця, і гэта падмацавала “гістарычную нецярплівасць” палітычных радыкалаў. А разам з тым і апраўдвала гвалт як яе непазбежнае спараджэнне.

6. Паслабленне сярэдняга класа

Хаця адносна паняцця “сярэдні клас” славакі пакуль не маюць пэўнасці, але, нягледзячы на размытасць дэфініцыі, адназначна можна сцвярджаць, што кандыдаты ў гэты клас перажылі падчас вайны і пасля яе некалькі катастроф. Найвыразнейшай і пакуль найлепш распрацаванай у навуковай літаратуры тэмай застаецца ліквідацыі габрэяў, якія, нягледзячы на прапаганду Народнай партыі, у сваёй масе не былі капіталістамі, а прадстаўлялі якраз сярэдні клас (дробны гандаль, прамысловая вытворчасць, паслугі, вольныя прафесіі). Мы ўжо казалі, што пабочным вынікам арыізацыі было значнае пашырэнне кола славакаў, якія атрымалі ад яе карысць, але не наўпрост, а праз знікненне канкурэнцыі (часам насуперак уласнаму адмоўнаму стаўленню да расізму). Наступныя значныя зрухі ў грамадстве звязаныя са звальненнем чэшскіх чыноўнікаў, славакізацыяй войска, стварэннем або пашырэннем агульнаславацкіх цэнтральных органаў кіравання. Менавіта стварэнне дадатковых магчымасцей для славакаў у сферы кіравання, войску, вольных прафесіях і прадпрымальніцтве з’яўлялася важным элементам прапаганды Народнай партыі на заключным этапе вайны. Аднак гэтую прапаганду складана назваць паспяховай. Хаця “кадравая рэвалюцыя” 1939 года і была выкарыстаная прадстаўнікамі сярэдняга класа, але для ўсіх быў відавочны яе кан’юнктурны характар, цалкам залежны ад канкрэтнай палітычнай сістэмы. Таму ўжо пры першых прыкметах змены ваеннай сітуацыі ў 1943 годзе прапагандысцкі запал дзяржаўнага апарату слабне і нерухомее ў чаканні далейшых падзей. Фармальна аўтарытарны рэжым дэклараваў павелічэнне паўнамоцтваў выканаўчай улады, аднак на практыцы пазбаўляў яе самастойнасці, упэўненасці ў сабе і тым самым зніжаў яе прафесіяналізм. Этыка “служэння дзяржаве” пакрысе дэградавала да служэння наяўнай на гэты момант уладзе.

У “чарзе пераваротаў” славацкай гісторыі з 1938 па 1948 гады інтэлігенцыя прайшла праз некалькі хвалей чыстак, пераводаў з аднаго месца працы на іншае, звальненняў, арыштаў (адначасна нейкая яе частка зрабіла імклівую, хоць і кароткачасовую, кар’еру). Не аднойчы яна перажывала абуджэнне надзей і ілюзій, каб потым зноў паспытаць горкую крыўду. Цеснае супрацоўніцтва паміж славацкай інтэлігенцыяй і дзяржавай — гэта не вынаходніцтва аўтарытарнага рэжыму, а вынік запозненага станаўлення Венгерскага каралеўства і венгерскага капіталізму. Пасля паскоранага развіцця, якое пачалося ў 1918 годзе, калі нацыянальна-арыентаванай славацкай інтэлігенцыі пашчасціла зрабіць значны крок да пераадолення сваёй малалікасці і непаўнавартасці, “кадравая рэвалюцыя” (ці “рэвалюцыі”, якія пачынаюцца з 1938 года) выглядала як нечаканы падарунак лёсу ў памкненні славакаў да ўласнага месца пад сонцам. Аднак гэтая нечакана знойдзеная дарога вельмі хутка прывяла да краю прорвы, дзе пры кожным землятрусе частка інтэлігенцыі спыняла ўсялякую дзейнасць, частка гінула, а частка эмігравала, асцярагаючыся, каб падобны лёс не напаткаў яе за бліжэйшым гістарычным паваротам.

Удзел інтэлігенцыі ў фармаванні і працы палітычнай сістэмы падчас вайны (нават калі тым займаючыся, частка яе трымала належную дыстанцыю ці выбірала супрацоўніцтва з уладай як “меншае зло” ў параўнанні з прамой падтрымкай нямецкай акупацыі) рабіў яе пасля вайны палахлівай, няўпэўненай і падатлівай да маніпуляцый. Гэткі стан не змог выправіць нават актыўны ўдзел другой часткі інтэлігенцыі, прадстаўнікоў заможных і сярэдніх класаў (у тым ліку і значнай часткі войска, жандараў, юрыстаў і дзяржаўнага кіраўніцтва) у супраціве і паўстанні, бо антыфашыстоўская дзейнасць пазней будзе расцэненая як “алібізм”, г.зн., па сутнасці, як прызнанне папярэдняй віны.

Перажыўшы гэткі стан, ў паслялютаўскую (1948 года) эру акамунальвання, адзяржаўлівання і пралетарызацыі сярэдні клас (прадстаўнікі сферы вытворчасці, паслуг, вольных прафесій, культуры ці дзяржаўнай службы) уваходзіў аслабленым, колькасна здрабнелым, пазбаўленым грунту і таму няўпэўненым у сабе (хутчэй, як аб’ект, а не як суб’ект гісторыі). Высокую долю чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў шэрагах КПЧ у Славакіі пасля лютага 1948 года (29,9%) нават у тыя часы ніхто не ўспрымаў як праяву папулярнасці марксісцкай ідэалогіі сярод гэтых слаёў грамадства. Гэта быў толькі сімвал супраціву неміласэрнай гісторыі.

7. Кампраметацыя традыцыйных палітычных груповак

Да вайны Славацкая народная партыя Глінкі з’яўлялася паважным акторам славацкай палітычнай сцэны. Правал яе палітыкі падчас вайны і калабарацыя з нацызмам непазбежна вялі Народную партыю да выключэння з палітычнага жыцця ў пасляваенны перыяд. Яе ліквідацыя азначала паслабленне ўсяго грамадскага сектара, а таксама паслабленне тых традыцыйных інстытуцый, якія былі цесна звязаныя з Народнай партыяй, перадусім каталіцкай царквы, хрысціянскіх саюзаў і сеткі культурніцкіх таварыстваў і суполак па інтарэсах, арыентаваных на  каталіцызм.

Яшчэ да вайны ў 1938 года перастала функцыянаваць уплывовае (і значнае па колькасці) крыло славацкай грамадска-палітычнай сістэмы, рэпрэзентаванае перадусім аграрнай партыяй. З гэтага шырокая прастора адкрывалася для дзейнасці радыкальнага левага руху, які падчас вайны прадэманстраваў сваю сапраўдную моц. Вайна з яе дысцыплінай падполля і радыкалізацыяй метадаў палітычнай барацьбы нават без камуністычнай інтэрвенцыі звонку надавала перавагу левым. Грамадская сістэма, паслабленая такімі бедствамі, як Мюнхенская дамова і дыктатура Народнай партыі, відавочна патрабавала для сваёй рэгенерацыі больш часу, чым ёй было адведзена ад сканчэння вайны да 1948 года.

8. Прынцып калектыўнай віны

Прынцып калектыўнай віны, зразумела, не з’яўляецца “вынаходніцтвам” Другой сусветнай вайны, фашызму або камунізму. Як падстава пакарання ці прэвентыўных захадаў ён выкарыстоўваўся са старажытных часоў. Напрыклад, гэта выгнанне рымлянамі з цэнтральнай Славакіі племені коцінаў, якія разглядаліся як патэнцыйныя пастаўшчыкі зброі германцам. На сучаснай палітычнай сцэне Славакіі гэты прынцып легітымізавала Народная партыя падчас вайны, узвёўшы антысемітызм у ранг дзяржаўнай палітыкі. Прынцып калектыўнай віны адкрыта зафіксаваны ў тэксце Кошыцкай урадавай праграмы. Даследаванне сітуацыі, у якой праграма была сфармаваная, паказала, што прынцып прыйшоў у краіну звонку, аднак праўдай з’яўляецца і тое, што ўсе значныя славацкія палітычныя сілы прынялі яго без пратэсту, а многія структуры грамадскай ссупольнасці нават з непрыхаваным энтузіязмам. Такім чынам, быў легалізаваны палітычны прынцып, зручны для выкарыстання ва “ўнутранай барацбе”, які знайшоў сваё увасабленне ў камуністычных тэзісах пра класавую віну і класавую адказнасць, а на міжнароднай арэне ў практыцы падзелу света на два непрымірымыя блокі (два “лагеры”), на цывілізацыі ценяў і святла.

***

Я паспрабаваў акрэсліць толькі некаторыя са змен у сацыяльных, арганізацыйных і палітычных структурах, ладзе мыслення і спосабе паводзінаў, якія запачаткаваліся або ўзмацніліся з 1938 годзе і прывялі да знішчэння ці, прынамсі, глыбокай карозіі дэмакратычнай сістэмы і грамадзянскай супольнасці. Так была створаная спрыяльная база для паслядоўнага пераходу (нават пасля падзення рэжыму, усталяванага партыяй Глінкі) ад аднаго тыпу дыктатуры да іншага. І хаця вайна, супраціў, паўстанне і памкненне да аднаўлення даваенных грамадскіх стасункаў пасля 1945 года стварылі магчымасці для альтэрнатыўнага развіцця краіны, аднак грамадства аддало перавагу канфрантацыйным мадэлям мыслення і паводзінаў, пошуку ворагаў, а не партнёраў, перамогам над унутраным ворагам, а не усталяванню пазітыўных умоў усеагульнага развіцця. Дзеля дакладнага разумення нашай сучаснай гісторыі вельмі важна таксама зразумець, якімі спосабамі Берлін навязаў нам сваю волю, якая сукупнасць расчараванняў, ілюзій і штодзённых звычак штурхала, напрыклад, сотні тысяч працоўных у лютым 1948 года да страйкаў. І ўсё гэта адбывалася на заводах і фабрыках, якія яшчэ зусім нядаўна былі вугорска-габрэйскімі, потым чэшскімі, пазней нямецкімі, а з 1945 года — дзяржаўнымі. Між іншым, да страйкаў добра прычыніліся і прафсаюзы, некалі плюралістычныя і свабодныя, потым прынародна-партыйніцкія і, нарэшце, спрэс чырвоныя. Да таго ж, страйкавалі не толькі працоўныя, але і інтэлігенцыя, якая таксама была перакананая, што дзяржава ўсё можа, на ўсё мае права і ўсё спраўдзіць, калі кіраваць ёй будзе той, хто трэба.

Паміж рознымі падзеямі ў працэсе разбурэння дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці, якія назіраліся на пэўных этапах развіцця краіны, пачынаючы з 1938 года, няма наўпроставай прычыннай сувязі, чырвоная дыктатура не была прадуктам і вынікам дыктатуры чорнай. Аднак паміж імі было залішне шмат агульных ідэй, тэндэнцый, метадаў і нават тых самых асоб, каб мы маглі пакінуць усё гэта па-за нашай увагай і не адзначыць пэўную“пераемнасць”. Глыбіня пералому ў палітычным, сацыяльным і культурным жыцці пасля лютага 1948 года не павінна засланяць повязей з папярэднім перыядам, як і падзеі 1989 года не могуць не нагадваць нам пра былыя рэжымы і пэўную сувязь з імі.

Са славацкай пераклаў Павел РААГА.


Іван Каменец. Феномен страху — чыннік гісторыі?

Страх (прыроджаны інстынкт самазахавання) ёсць неадлучнай часткай чалавечага існавання, што выяўляецца, перадусім, у экстрэмальных сітуацыях. Хоць не заўжды на гэта звяртаюць увагу, але феномен страху спрацоўвае і ў гістарычнай плоскасці. Мы сутыкаемся з ім, вывучаючы некаторыя, часта пераломныя, гістарычныя працэсы і падзеі альбо назіраючы за дзейнасцю вядомых палітыкаў ці грамадскіх дзеячаў. Да таго ж, страх часта (аж занадта) робіцца ўлюбёным інструментам улады. Менавіта ён ініцыюе яе злачынствы і ляжыць у подзе прапагандысцкага маніпулявання грамадствам. З іншага боку, страх ці, лепш сказаць, здольнасць яго пераадольваць можа стацца штуршком да супраціву злу, а ў памежных сітуацыях — крыніцай гераізму. Яго свядомымі ці падсвядомымі носьбітамі з’яўляемся ўсе мы, нават калі не заўжды гатовы сабе ў гэтым прызнацца.

У пошуках сэнсу гісторыі (калі штосьці падобнае наагул існуе) мы натрапляем на самыя розныя тлумачэнні, ацэнкі і гіпотэзы. У адным выпадку яны абапіраюцца на рацыянальны аналіз гістарычных фактаў, у іншым з’яўляюцца адно ідэйнымі ці ідэалагічнымі канструкцыямі альбо пабожнымі спадзяваннямі. Першы спосаб вытлумачэння гісторыі, бясспрэчна, лепшы. Бо ён дае імпульсы для разваг, як правіла, пазбаўленых ідэалізацыі ўласнай (нацыянальнай, дзяржаўнай) гісторыі. Другі спосаб сістэматычна, з надзвычайнай рэгулярнасцю, выкарыстоўваюць палітыкі, а таксама публіцысты, якія ім аддана служаць. У гісторыі яны шукаюць толькі дадатковыя пацверджанні рацыі ўласных дзеянняў і канцэпцый, якім яны надаюць амаль сакральнае значэнне.

Некаторыя ўрадоўцы, бадай, перакананы, што сучасная ім гісторыя непарыўна знітавана з іх асобамі і іх “ратавальнай” місіяй. Уражвае і здзіўляе тое, што стэрэатып суадноснасці прагматычнай палітыкі і пошуку “сэнсу гісторыі” захаваўся і дагэтуль. Больш за тое, там, дзе не стае пераканаўчых аргументаў на карысьць той ці іншай гістарычнай схемы, якой датрымоўваюцца некаторя палітыкі, за справу бярэцца грубая сіла. А ўжыванне гэтай сілы, як правіла, цесна паяднана са свядомым распаўсюджаннем страху, з наўмысным стварэннем штучных ідэалагічных канструкцый, на мэце якіх застрашванне рознымі фіктыўнымі пагрозамі альбо мясцовымі ці замежнымі “ворагамі”. Малым суцяшэннем у такіх варунках паўстае канстатацыя, што страшацца, маўляў, і ўладары, а сярод іх, перадусім, — дыктатары, якіх апаноўвае боязь страты неабмежаванай улады і немінучай адплаты за злачынствы.

Такая сітуацыя, безумоўна, не з’яўляецца ўласцівай толькі славацкай гісторыі. Яна заўсёды выяўляецца там, дзе доўга трывалі (трываюць) недэмакратычныя рэжымы, дзе натуральнае развіццё грамадства занадта часта перарывалася рознымі палітычнымі зрухамі, ідэалагічнымі закалотамі, рэвалюцыйнымі (псеўдарэвалюцыйнымі) пераменамі, у выніку чаго паўставалі аўтарытарныя і таталітарныя сістэмы. Апошнія, надзвычай вынаходлівыя, умела спалучаюць актуальную палітыку з гісторыяй. Класічны вобраз такога спалучэння пададзены ў вядомым рамане-антыўтопіі Джорджа Оруэла “1984”.

Я не сцвярджаю, што феномен страху дамінантны ў славацкай ці ў іншых нацыянальных гісторыях. І ўсё ж можна канстатаваць, што гэты фактар быў і ёсць дагэтуль даволі істотны (у большай ці меншай ступені) у гісторыі розных краін — як на афіцыйным палітычным, так і на “ніжэйшым”, грамадскім, узроўні. Страх не абавязкова заўсёды выклікаў у грамадзян адчуванні жаху. Але ў руках разнастайных палітыкаў ён ня раз аказваўся дастаткова дзейсным сродкам умацавання іх асабістай улады.

Між тым, з канца 30-х гадоў ХХ стагоддзя феномен страху быў неад’емным фактарам сучаснай славацкай гісторыі, якая з’яўлялася гісторыяй дзвюх таталітарных рэжымаў (фашысцкага і камуністычнага). Інтэнсіўнасць, з якой гэтыя рэжымы выкарыстоўвалі страх як сродак падпарадкавання грамадзяніна, ды сіла ўздзеяння яго былі, безумоўна, рознымі, але, з сутнасці сваёй, сродак гэты заставаўся такім самым. Бо, урэшце, не істотна, гвалт ці сафістыку і псіхалагічны ціск выкарыстоўвала ўлада для запалохвання грамадзяніна. Вынік мусіў быць адзін — поўнае заняволенне грамадства.

У славацкай палітыцы феномен страху (свядомага ці падсвядомага) заўважны з ХІХ стагоддзя — у сувязі з бояззю страты нацыянальнай ідэнтычнасці. Паводле славацкага гісторыёграфа Даніэла Рапанта, страх тут — гэта тая засцярога, што гуртуе нацыю дзеля самазахавання. І, як пісаў ён, такая засцярога “была, ёсць і будзе надалей галоўным сэнсам і задачай славацкай гісторыі”.

Асобна Рапанта зважае на тое, што боязь — “перадумова імкнення да найвышэйшых мэт”. Менавіта страх верагоднай страты нацыянальнай самабытнасці змусіў афіцыйныя славацкія ўлады перакінуцца падчас рэвалюцыі 1848—1849 гадоў на бок венскага двара, які аніяк не мог разглядацца ў якасці гаранта будучага дэмакратычнага развіцця ці хаця б частковых дэмакратычных рэформаў у шматнацыянальнай габсбургскай дзяржаве. Гэты неадназначны крок тагачасных славацкіх палітыкаў спарадзіў ланцуг канфліктаў і спрэчных ацэнак — не толькі ў непасрэдных удзельнікаў і сведак тых падзей, але і ў іх нашчадкаў — і трывала засеў у гістарычнай свядомасці сучаснага славацкага грамадства.

Было б недапушчальным спрашчэннем сцвярджаць, што першы самастойны выхад славацкай эліты на цэнтральнаеўрапейскую палітычную сцэну ў 40-х гадах ХІХ стагоддзя быў выкліканы толькі бояззю страты нацыянальнай ідэнтычнасці. Тое адлюстроўвала яшчэ і пэўную ступень палітычнай сталасці і амбіцыйнасці нацыянальнай і, часткова ўжо, грамадзянскай, самасвядомасці. Разам з тым, адрозна ад падобных з’яў у ХХ стагоддзі, сваё мусовае партнёрства з венскім імператарскім дваром славацкая палітыка не гераізавала і не выдавала за аптымальнае развязанне праблемы. Яна знайшла ў сабе сілу на крытычную самарэфлексію (хоць тое й адбылося пасля выкрыцця ашуканства уласнымі ілюзіямі).

Якраз наадварот, гэты факт выгодна характарызаваў яе, параўнальна з пазнейшымі ўрадамі ХХ стагоддзя, якія ў межах усталяваных таталітарных сістэм пад патранажам Берліна ці Масквы не знайшлі ў сабе адвагі на падобны крок. Акурат наадварот: свае палітычную, дый маральную, непаўнавартасць, несумленнасць і апартунізм яны выдавалі за мудрасць, прадбачлівасць, нават гераізм. І тут, вядома ж, значную ролю адыграў феномен страху. Непакоіліся, аднак жа, не за лёс нацыі ці дзяржавы, а за ўтрыманне рэштак улады і аўтарытэту.

Такая ж пагроза знікнення нацыі прадвызначыла рашэнні і дзеянні новага пакалення палітыкаў падчас добраахвотнага ўступлення Славакіі ў склад чэхаславацкай дзяржавы ў 1918 годзе. Між тым, гэты крок быў надыктаваны не толькі страхам. З гістарычнага гледзішча і з улікам тагачаснай сітуацыі, лагічна завяршаўся працэс, які прывёў да пазітыўных зрухаў у развіцці славацкага грамадства. А сама Чэхаславацкая Рэспубліка паўстала не з прычыны ціску знешніх сіл альбо ўнутраных перасцярог. Яна базавалася як на здаровым рацыяналізме палітычнай эліты, так і на патрэбах развіцця чэшскай і славацкай нацыяў. Памянёныя падзеі выклікалі ў славацкім грамадстве непадробную эйфарыю. А што да ўзніклых за тым часам надзеяй ды наіўных ілюзій, дык іх скарэктуе пазней гісторыя.

Феномен страху літаральна ўварваўся ў гісторыю Славакіі і славацкую (можна сцвярджаць, што й ва ўсю цэнтральнаеўрапейскую) палітыку ў канцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Звязаны з усталяваннем таталітарных рэжымаў — спачатку фашысцкага, а пасля й камуністычнага —ён на доўгія пяцьдзесят гадоў засеў у грамадскай свядомасці. Праявы яго назіраліся на розных узроўнях: у афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы, у настроях усяго грамадства, розных сацыяльных ды ўзроставых груп насельніцтва, нарэшце, асобных грамадзян.

Мюнхенская дамова ў верасні 1938 года, венскі арбітраж у лістападзе 1938 года, іншыя прыхаваныя ці адкрытыя замахі трох наймацнейшых суседзяў Чэхаславакіі (Германіі, Венгрыі, Польшчы), а таксама раз’яднанасць прафсаюзаў, няпэўная будучыня дзяржавы і нацыі, паступовае павяртанне палітычнай сістэмы да дэмакратычных каштоўнасцяў (парламентскай дэмакратыі) — усё гэта не магло не спарадзіць у грамадстве адчування трывогі і асцярогі.

У барацьбе за ўладу палітычныя супернікі заўжды ўмелі эфектыўна скарыстаць сітуацыю. І ўжо ўвосень 1938 года паноўная ўлада зліквідавала апазіцыю дый парламентскую дэмакратыю ўвогуле. У межах гэтага “скансалідавальнага” працэсу ў снежні 1938 года адбыліся карыкатурныя “свабодныя” выбары ў славацкі сейм, якія прывялі — як жа іначай? — да “гістарычнай перамогі” запанавалай партыі і яе лідэраў. Былая легальная апазіцыя была абвешчана варожай, яе дзеячы трапілі за краты, у тэрмінова збудаваныя канцэнтрацыйныя лагеры. Працэс запалохвання ўзяў старт і пачаў паступова набіраць сілу. Дапамагалі гэтаму й знешнепалітычныя фактары — найперш ціск нацысцкай Германіі.

Нарэшце, 14 сакавіка 1939 года як пабочны прадукт нацысцкай агрэсіі супраць Чэхаславакіі і з прычыны адкрытай пагрозы акупацыі з’явілася славацкая дзяржава-сатэліт. Акт абвяшчэння незалежнай дзяржавы ў задушлівай атмасферы няпэўнасці і трывогі (пра гэта сведчаць дакументальныя крыніцы і ўспаміны ўдзельнікаў тых падзей) быў шмат у чым знакавым. Дэпутаты парламенту спявалі гімн новай дзяржавы са слязьмі на вачах. І былі гэта слёзы не замілавання і не ўзрушэння, але страху, прыніжэння і няпэўнасці. Прамовы пра “спрадвечныя памкненні нацыі”, пра яе ахвяры, пра “найслаўны дзень у славацкай гісторыі” — усё гэта прыйшло потым, калі страх трансфармаваўся ў гераізм на словах. Увечары 14 сакавіка 1939 года тагачасны прэм’ер, пазней — прэзідэнт абвешчанай дзяржавы Ёзэф Ціса прамаўляў да народу па радыё з яркім патрыятычным пафасам. Пагрозы і гвалт з боку нацысцкай Германіі, а таксама безальтэрнатыўнасць у дзеяннях запалоханага славацкага ўраду пачалі інтэрпрэтавацца як ажыццяўленне памкненняў нацыі да ўласнай дзяржаўнасці.

Гэтая сцэна сакавіка 1939 года з “оруэлаўскага” спектаклю была не апошняй у славацкай гісторыі. (Яна мела працягам нараджэнне праз 30 гадоў стопрацэнтнага клону — калі прыніжальную акупацыю Чэхаславакіі войскамі пяці “братніх народаў” сталі вытлумачваць як ратавальную “інтэрнацыянальную дапамогу”, як перадухіленне грамадзянскай вайны ды небеспекі, што зыходзіла ад замежных і тутэйшых ворагаў. Акупацыя паслужыла ўсталяванню і ўмацаванню таталітарнай сістэмы, працэсу, у якім феномен страху, у спалучэнні з невыканальнымі абяцаннямі і марамі, адыгрываў значную ролю. А застрашанасць, як вядома, увесь час свядома паджыўлялі і пашыралі). Даволі хутка тагачасныя славацкія паноўныя колы знайшлі апраўданне сваім дзеянням. Гэта апраўданне — г.зв. палітыка “меншага зла”, якая зазвычай хораша паслугуе таталітарным, аўтарытарным рэжымам і іх лідэрам, якія ўвесь час кажуць пра яшчэ большае зло, якое ім удалася прадухіліць. Трэба адзначыць, што гэтыя палітыкі даволі часта знаходзяць паразуменне і, хаця б часовую, падтрымку ў значнай часткі насельніцтва, давер якога яны падманваюць, хаваючыся за гучныя фразы пра нацыю, дзяржаву, рэлігію, расу, народ і г.д. І ўсё ж палітыка “меншага зла” з’яўляецца не толькі інструментам улады. Паступова яна робіцца своеасаблівай “нормай” паводзінаў звычайных грамадзян, аснова якіх крывадушша ды адпрэчванне хоць якой адказнасці за тое, што адбываецца наўкола. А рухавік палітыкі “меншага зла” — страх; страх страціць месца працы, грамадскае становішча, выгоды, якія прапануе таталітарны рэжым сваім паслухмяным і лаяльным грамадзянам.

Цікава й тое, што ўзрошчаныя са страху прынцыпы палітыкі “меншага зла” пратачыліся нават і ў тыя інстытуты і асяродкі, якія самі былі аб’ектам пераследу. Адным з прыкладаў з’яўлялася “прымірэнчая” дзейнасць тых габрэйскіх арганізацый, якія фашысцкі рэжым ствараў на захопленых тэрыторыях для кантролю за “неарыйцамі”. Выніклая са страху паслухмянасць гэтых органаў самакіравання ў рэшце рэшт абарочвалася мусовай калабарацыяй і завяршалася трагічнай пагібеллю яе праваднікоў. Гэта быў улюбёны метад тагачаснай улады — скарыстоўваць ахвяр генацыду для распаўсюду страху.

Увогуле ж, у славацкай нацыянальнай гісторыі “аксіёма” непазбежнасці палітыкі “меншага зла” паступова перарасла ў стэрэатып, які найбольш яскрава выявіўся ў двух прысутных у ёй азначэннях — “плебействе” і г.зв. самабытнасці славакаў. Абодва гэтыя азначэнні з’яўляюцца трансфармацыяй розных нацыянальных і дзяржаўных міфаў, з глыбіні якіх вытыркае аднак феномен страху — страху “тысячагадовага” сацыяльнага ўціску і страты нацыянальнай ідэнтычнасці ці незалежнасці.

Феномен страху, між тым, найбольш небяспечны, калі ў руках урадоўцаў ён робіцца сістэмным сродкам ажыццяўлення іх уяўленняў і канцэпцый збудовы дзяржавы і грамадства. Маецца на ўвазе не толькі адкрытае запалохванне апазіцыі і грамадзян рэпрэсіўнымі расправамі, але і раздзіманне страху перад замежным ці тутэйшым ворагам. Такое запалохванне, вядома, павінна дапамагчы “кансалідацыі” нацыі ды прывесці да няўхільнага падпарадкавання рашэнням ураду, паноўнай партыі, а ў выніку да выключэння магчымасці пошукаў якой-кольвек альтэрнатывы палітыцы, што ажыццяўляецца рэжымам. Урэшце, гэта вядзе да выціскання прыватнага грамадзяніна з сферы палітыкі, калі той, напалоханы і няўпэўнены ў сябе, прысвячае сваё жыццё адно працы і штодзённым дробным клопатам. Астатняе ж нібыта належыць дзяржаве, якая дакляруе, што яна не толькі ахоўвае грамадзяніна ад небяспекі, што насоўваецца на яго з усіх бакоў, але й падтрымлівае сацыяльную і эканамічную стабільнасць у грамадстве. За гэты, амаль бацькоўскі, клопат рэжым патрабуе ад грамадзян як мінімум павагі і лаяльнасці, а ў пэўных сітуацыях — актыўнай падтрымкі, хаця б вербальнай (напрыклад, падчас кіраваных уладай выбараў).

Гэтая мадэль у сучаснай славацкай гісторыі ўпершыню, але далёка не апошні раз выявілася падчас Другой усясветнай вайны. Абапіраючыся на сістэмную прапаганду, збудаваную на мане, паўпраўдзе і, зразумела, на пагрозах, мадэль выдатна функцыянавала. Да таго ж, прапаганда ўдала выкарыстоўвала і некаторыя ідэйныя супярэчнасці ўнутры антыфашысцкага супраціўлення — перадусім, адносна пытання пра месца і правы славацкай нацыі ў адноўленай Чэхаславацкай Рэспубліцы.

Феномен страху за таталітарным рэжымам у ваеннай Славакіі быў уласцівы і найвышэйшай палітычнай эліце. Зрэшты, тое прадугледжваў патранаж краіны з боку гітлераўскай Германіі, якая дэкларавала сябе “моцным абаронцам” славацкай дзяржаўнай незалежнасці. Разам з тым, калабарацыя з Германіяй не магла не ўтрымліваць цяжкія палітычныя і маральныя наступствы для кіроўнай эліты ды самой славацкай дзяржавы за яе актыўнае далучэнне да вайны супраць краін антыгітлераўскай кааліцыі, за ўзел у “вырашэнні габрэйскага пытання” (дзве траціны славацкіх габрэяў былі знішчаны) і г.д.

Усведамленне юрыдычных, палітычных і маральных наступстваў павінна было б расплюшчыць вочы як дзяржаўным дзеячам, так і большасці шэраговых грамадзян краіны. У палітычных кулуарах хадзіла думка, што “на паваеннай мірнай канферэнцыі не будзе ўхвалена нічога, што супярэчыць міжнароднаму праву”, але ў афіцыйных публічных выступах і найбольш у прапагандзе падрабязна тлумачыліся, абараняліся і апраўдваліся любыя дзеянні рэжыму, у тым ліку яго злачынствы супраць чалавецтва. У якасці аргументаў высоўваліся інтарэсы дзяржавы і нацыі, лёсавызначальная роля палітыкі “меншага зла”.

Падчас высвятлення прычын ганебнай калабарацыі на першы план зноў выходзіць выпрабаваны аргумент — феномен страху. Афіцыйная прапаганда і найвышэйшыя прадстаўнікі дзяржавы, шукаючы наперад апраўдання сваім учынкам, абмалёўвалі славацкую будучыню ў апакаліптычных танах: “жыдабальшавікі” разам з заходнімі “капіталістычнымі плутакратамі” знішчаць славацкую свабоду, славацкую дзяржаву і нацыю, усталююць уладу помслівых жыдоў, якія будуць ладзіць масавыя акцыі вынішчэння хрысціян. Пасля выбуху ўзброенага антыфашысцкага паўстання ўвосень 1944 года такога кшталту аргументы выкарыстоваліся яшчэ шрэй, а сама прапаганда набыла ледзь не істэрычныя формы.

Між тым, трэба адзначыць, што ўплыў феномену страху на палітыку і грамадства мае свае межы. Нават за таталітарным рэжымам, які яго шырока скарыстоўвае, страх, раней ці пазней, дае расколіну, пачынае слабнуць, а затым і ўвогуле губляе моц уздзеяння. Верагоднасць гэтага павялічваецца асабліва тады, калі рэжым (дзякуючы таксама сваёй унутранай няпэўнасці і страхам) патрапляе ў глыбокі крызіс. Гэткага кшталту сітуацыя склалася ў ваеннай славацкай дзяржаве ў 1943—1944 гадах. Парыванне вызваліцца ад небяспечнай садружнасці з нацыстамі, памкненні да злому тутэйшага таталітарнага фашысцкага рэжыму, жаданне аднавіць чэхаславацкую дзяржаву на грунце новых, як мага больш справядлівых, сацыяльных і нацыянальных прынцыпаў усё больш і больш авалодвала грамадствам. Усе разам гэтыя чыннікі былі мацнейшымі за штучна ўзгадаваныя трывогі за нацыянальную незалежнасць, за страх перад нямецкай ваеннай агрэсіяй, якой усё роўна, дарэчы, не ўдалося пазбегнуць — увосень 1944 года адбыўся захоп славацкай тэрыторыі нацысцкімі вайсковымі і паліцэйскімі аддзеламі.

Адной з вызначальных прыкмет падступальнага крызісу таталітарнага рэжыму часоў вайны быў алібізм (жаданне знайсці апраўданне сваім дзеянням), які паступова апанаваў усе ўладныя і адміністратыўныя структуры дзяржавы. Між іншым, сам феномен алібізму (праявы яго падчас цяжка заўважныя і пазнавальныя) у значнай ступені паходзіць з пачуцця страху. Гэта боязь яго носьбітаў перад будучыняй і, найбольш, — перад паўставалай адказнасцю за сваю грамадскую і палітычную дзейнасць. Аднак тое не значыць, што алібізм быў першасным матывам антыфашысцкага супраціву. Папросту трэба акцэнтаваць увагу на яго значнасці ў паступальным працэсе распадання фашысцкага рэжыму. Акрамя таго, можна гіпатэтычна сцвярджаць, што больш-менш абгрунтаваныя трывогі за будучыню адноўленай Чэхаславакіі стваралі неабходныя ўмовы для яе аднапартыйнай прасавецкай арыентацыі ў аспекце не толькі знешняй, але і ўнутранай палітыкі. На палітычным даляглядзе вымалёўваліся абрысы новага таталітарнага рэжыму. І нават тутэйшыя традыцыйныя русафілы пазбавіліся ілюзій, што бяспечную і трывалую ахову ад непажаданых суседзяў прапануе нам моцная славянская дзяржава, з якой, да таго ж, адноўленую рэспубліку злучала ўжо і агульная мяжа.

Ні Чэхаславакіі, ні Славакіі на працягу ўсёй сучаснай гісторыі не шанцавала з саюзнікамі і абаронцамі. Саюзнікі, як правіла, у найцяжкія хвіліны не дапамагалі. Абаронцы ж бралі занадта вялікую плату за свае паслугі — ставілі свайго “апекаванца” ў позу памагатага. І альбо брутальна, з дапамогай прыклбда, альбо праз ціск прымушалі яго працаваць на ўсталяванне таталітарнага рэжыму ў краіне, якую яны ахоўвалі. Нарэшце, адзначым, што самі патрэбы мусовай аховы сатэлітнай дзяржавы сведчаць пра яе ўнутраную слабасць і страх перад паноўнай уладай. Усё гэта спакваля перарасло ў сапраўдную, ці на ўзроўні адчуванняў, няўпэўненасць грамадзян у будучым. Згаданыя працэсы былі ўласцівы для чэхаславацкай палітыкі і чэхаславацкага грамадства пасля 1948 года і ў новым выглядзе паўтораны пасля 1968 года.

З усталяваннем таталітарнай сістэмы прыёмы запалохвання ўвесь час ўдасканальваліся, вынаходзіліся новыя метады, і ў 1940-х гадах страх набыў нечаканую моц. Яго мэтанакіравана і свядома выкарыстоўвалі ў афіцыйнай палітыцы, ён быў даведзены да рэфлексу ў рэакцыях усяго грамадства.

Страх у нашай гісторыі пасля 1948 года, калі ў Чэхаславакіі была ўсталявана камуністычная дыктатура, што хавалася за эўфемізмам “дыктатура пралетарыяту”, меў шматлікія праявы, выконваў розныя, часта супярэчныя, задачы. Таталітарны рэжым заплохваў і пераследаваў не толькі актыўных ці фіктыўных апанентаў рэжыму, але і яго прыхільнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў вярхоў, якія сталі ахвярамі паранаідальнай сталінскай тэзы пра пошук і выкрыццё ворага непасрэдна ў камуністычных шэрагах. Існая палітычная сістэма, добра вядомая ва ўсім савецкім блоку, сістэматычна абуджала ў свядомасці грамадства пачуццё страху, перасцярогі і няпэўнасці. Урад казаў пра неабходнасць падрыхтоўкі да абароны (то бок да вайны), ствараў уяўленне пра непасрэдную небяспеку ядравай агрэсіі з боку “заходніх імперыялістаў і ваенных блокаў”, сістэматызавана падсілкоўваў атмасферу шпіёнаманіі. Адкрытымі ці толькі патэнцыйнымі паслугачамі “заходніх імперыялістаў” былі абвешчаны ўсе групы насельніцтва, у тым ліку сяляне-аднаасобнікі, якіх ён класіфікаваў як небяспечных класавых ворагаў, што з падмогай замежных краін намерваюцца зрынуць рэжым “дыктатуры пралетарыяту” і фізічна знішчыць яго абаронцаў.

З гэтай схемы лагічна вынікалі судовыя працэсы “палявання на ведзьмаў”, што прадукавалі ў грамадстве жах і пачуццё небяспекі. Палітычныя судовыя працэсы і чэхаславацкі “гулаг” былі самай пашыранай формай распаўсюджання страху з боку рэжыму. Пад суд траплялі людзі з розных грамадскіх, сацыяльных, палітычных, эканамічных і рэлігійных пластоў: антыфашысцкія змагары разам з калабарантамі, атэісты са святарамі, “буржуазныя нацыяналісты” з касмапалітамі, сіяністы з антысемітамі, камуністы са сваімі ранейшымі праціўнікамі, пісьменнікі і мастакі з інжынерамі і тэхнічнымі работнікамі, былыя бізнесоўцы разам з працоўнымі, якія адважыліся пратэставаць (напрыклад, супраць грашовай рэформы ў 1953 годзе), кулакі з дробнымі сялянамі, што не жадалі ўступаць у сілком накінутыя на іх дзяржавай калгасы і г.д.

У гэтую шырокую, з нявызначанымі межамі, палітру ворагаў мог нечакана патрапіць любы грамадзянін, нават з самых высокіх пасад. Гэта была незвычайна дзейсная палітыка, якая вымагала ад грамадзяніна паслухмянасці і скіравана была на ўмацаванне, літаральна забетанаванне таталітарнага рэжыму “на вечныя часы”, што стала магчымым, дзякуючы распаўзанню страху ва ўсіх напрамках. І што было яшчэ горш: страх і адчуванне штодзённай няпэўнасці выклікалі ў прафесійных і прыватных стасунках паміж грамадзянамі хвалі ўзаемнага недаверу, падазронасці, падпільноўванняў, падседжванняў і падобных да таго з’яў, маральна-этычныя наступствы якіх будзе яшчэ доўга пераадольваць постаталітарнае грамадства.

Як і ў фашысцкай таталітарнай сістэме, у антыдэмакратычным камуністычным рэжыме назіраліся крызісныя з’явы, якія аб’ектыўна паслаблялі ўздзеянне феномену страху на грамадства, што прывяло ў 60-х гадах да відочнай лібералізацыі “сацыялістычнай” сістэмы. Аднак гэты працэс быў гвалтоўна перарваны ваеннай інтэрвенцыяй у 1968 годзе. Акупацыя спачатку выклікала грамадскі пратэст, але ўслед выпаўзла й пачуццё страху: занадта вялікай аказалася моц чужынскіх войскаў. Урад спярша разгубіўся, аднак у хуткім часе пачаў г.зв. “кансалідацыйны, нармалізацыйны працэс” — звярнуўся да вядомай палітыкі “меншага зла”, якая мусіць уважаць акупаванне краіны за “рэальную сітуацыю”. Вельмі хутка акупацыя пачала ацэньвацца як выратаванне дзяржавы і яе нацый ад небяспекі грамадзянскай вайны, вяртання капіталізму і г.д. Пад пытаннем застаецца тое, чаму чэшскае і славацкае грамадства — амаль без выключэнняў — вонкава згадзілася з такім станам рэчаў. А паспрыяў гэтаму, пэўна, той жа страх, які заўважна паўплываў і на наступныя дваццаць гадоў развіцця чэхаславацкай дзяржавы.

І зноў: феномен страху з яго сістэматызаваным распаўсюдам не абмяжоўваўся толькі адкрытымі рэпрэсіямі, што былі, трэба сказаць, ужо не такімі жахлівымі, як пасля ўсталявання камуністычнай дыктатуры ў 1948 годзе: выбіраліся больш мяккія метады, якія, аднак, прывялі да не менш складаных наступстваў для яе ахвяр. Падчас частых кадравых праверак грамадзяне былі змушаны ўхваляць не толькі тагачасную афіцыйную палітыку, але й акупацыю краіны ў 1968 годзе, прымаючы яе за “братнюю інтэрнацыянальную дапамогу”. За адмову ад гэтага сцэнару судовыя працэсы і турэмнае зняволенне спачатку нікому не пагражалі — толькі страта месца працы і некаторых грамадзянскіх правоў. Наймацней страх уздзейнічаў тады, калі рэжым ператварыў грамадзян і іх дзяцей у сваіх хаўруснікаў. Следам за гэтым насоўваліся хвалі падпільноўванняў, даносаў, двайной маралі, якія пакінулі ў маральнай свядомасці грамадства заўважныя шнары. Хоць выявіліся выпадкі актыўнага і пасіўнага пратэсту супраць таталітарнага “нармалізацыйнага” рэжыму, але абсалютнай большасцю грамадства надоўга завалодалі адчуванне няспраўджанасці надзей і жаданне замкнуцца ў сабе.

І на гэты раз палітыка страху не магла абысціся без вобразу ворага. З замежных колаў гэта былі, вядома ж, “дыверсійныя ідэалагічныя цэнтры”, якімі лічыліся найперш радыёстанцыі, што вялі перадачы на Чэхаславакію, а таксама чэшскія і славацкія аўтары-эмігранты, кнігі якіх траплялі ў краіну. Унутры краіны пад азначэнне “ворагі” падпадалі людзі, што адважыліся адкрыта супрацьстаяць рэжыму (напрыклад, заснавальнікі Хартыі-77 ды іншых неафіцыйных грамадскіх аб’яднанняў), з якіх афіцыйная прапаганда рабіла антысавецкія і антысацыялістычныя пудзілы, называючы правымі апартуністамі, касмапалітамі, сіяністамі, трацкістамі і г.д. Залічэнне да гэтых катэгорый азначала для грамадзяніна і яго сям’і страту месца працы і сродкаў  існавання, абмежаванне грамадзянскіх правоў (адбіраліся замежныя пашпарты, не дазвалялася друкавацца і г.д.).

Аднак феномен страху не мог спыніць працэсу, які паслядоўна вёў да заняпаду камуністычнага рэжыму. Насамрэч ён нават паскорыў гэты працэс. Страх перад грамадскай крытыкай і выкрыццём сапраўднага стану рэчаў зніжае жыццяздольнасць сістэмы, якой не хапае адвагі для самарэфлексіі, “працуе” на яе ізаляцыю. Ніводзін таталітарны рэжым — насуперак звыклым абяцанням “працягваць дэмакратычны працэс” — не здольны зразумець гэтыя рэаліі, а таму разбурае сябе знутры. Страх карае тых, хто яго спараджае ці распаўсюджвае, спаралізоўвае іх саміх. Здараецца, ён можа выклікаць жудасныя “самаабарончыя” рэакцыі з непрадказальнымі наступствамі. У гісторыі некаторых нацый і дзяржаў мы можам знайсці шмат такіх прыкладаў.

Доўгая папярэдняя запалоханасць у помныя дні “аксамітнай рэвалюцыі” ў Чэхаславакіі ў лістападзе 1989 года лёгка ператваралася ў нязнаную датуль палітычную і сацыяльную актыўнасць шырокіх колаў грамадства. Трымцела ў тыя дні толькі макаўка рэжыму, прадчуваючы скон. Магчыма, менавіта таму асноўныя палітычныя змены адбыліся гэтак хутка і спакойна. Здавалася натуральным, што пасля ўсталявання новай палітычнай сістэмы феномен страху не будзе адыгрываць істотнай ролі ў грамадстве. А выявілася, што ў гэтым мы памыліліся: недаацанілі, што фактар страху за апошнія паўстагоддзя стаўся неад’емнай часткай (актыўнай ці пасіўнай) тутэйшай палітычнай культуры, ён закадаваны ў глыбінях свядомасці грамадства, і таму не можа так лёгка знікнуць. Такое, пэўна, адбываецца толькі ў выніку даўгачаснага сапраўды дэмакратычнага развіцця грамадства.

Здзіўляе і непакоіць, што й пасля зрыну камуністычнага таталітарызму і ўсталявання сістэмы стандартнай парламентскай дэмакратыі феномен страху ў славацкай палітычнай культуры хутка адрадзіўся — і зноў ажыў у падсвядомасці грамадства, а затым удала быў скарыстаны ў прапагандысцкіх кампаніях. Страху спрыяюць два стэрэатыпы разумення славацкай гісторыі: стэрэатып плебейства і стэрэатып заўсёднай небяспекі, ці немінучасці абароны нацыі. Спярша гэта заўважалася толькі на перыфірыі палітычнага жыцця, дзе ўжо ўвесну 1990 года забуялі страшныя прадказанні пра пагрозу існавання славацкай нацыі ў чэхаславацкай дзяржаве, пра хіжыя намеры — альбо чэхаў, альбо замежных краінаў. Некаторыя палітыкі ўключылі гэтыя дэмагагічныя аргументы ў свае праграмы і прапагандысцкую дзейнасць. Лідэры пэўных парламенцкіх партыяў, іх ідэолагі і агітатары званілі ва ўсе званы, заклікаючы да “адзінства нацыі” ў імя яе выратавання і шчаслівай будучыні. Яны лёгка знаходзяць тутэйшых і замежных ворагаў і нядобразычліўцаў славацкай нацыі і дзяржавы, пашыраючы ксенафобскія настроі, падаючы сябе і сваю партыю тым часам за адзіную надзейную заруку вывядзення грамадства з узьніклага складанага становішча. У палітычных палеміках не стае рацыянальных аргументаў, малююцца катастрафічныя сцэнары, каб напалохаць грамадзян паследкамі магчымага поспеху на выбарах партый нацыянальных меншасцяў. Фактар страху жывіцца і з бягучых рэформаў, якія часта прыводзяць да непрадбачаных цяжкасцяў і сацыяльных праблем.

Падчас кіравання трэцяга ўраду прэм’ера Ўладзімера Мэчыяра, палітычнага дэмагога з выразным аўтарытарным ухілам, феномен страху зноў стаў складнікам нашай палітычнай сістэмы. Нанова ў мэтах запалохвання праводзіліся праверкі і чысткі на ўсіх узроўнях адміністратыўнага і ўладнага апарату, якія выклікалі ў чыноўнікаў не толькі страх і няпэўнасць, але і праявы апартунізму і кар’ерызму. Узмацнілася роля спецслужбаў. Былі выкрыты іх нестатутныя дзеянні па кампраметаванні і скандалізаванні вобразу нязгодных асоб і груп, у тым ліку гангстэрскае выкраданне сына “непаслухмянага” прэзідэнта і нават выпадкі палітычных забойстваў. Пры гэтым рабіліся непрыхаваныя спробы стварыць фальшывы міф пра слаўнага правадыра У. Мэчыяра як пра стваральніка незалежнай Славацкай Рэспублікі, найнадзейнага абаронцу нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў. Кіраўнік дзяржавы выкарыстаў фактар страху дзеля захавання сваёй папулярнасці, распаўсюджваючы “сенсацыйную” інфармацыю пра падрыхтоўку (так і няздзейсненых) замахаў на яго асабіста ці пра іншыя акцыі супраць Славакіі і яе незалежнасці.

Палітычная культура і грамадская свядомасць большасці славакаў усё ж дасягнула ўжо такога ўзроўню, што не падпала пад гэткія ўплывы, і падчас дэмакратычных выбараў і масавых акцый урэшце іх адхінула. Дапамагла нам адпрэчыць страх у палітычным і грамадскім жыцці салідарнасць, выказаная дэмакратычнымі краінамі. Падчас свайго другога візіту ў Славакію ў 1995 годзе папа Ян-Павел ІІ некалькі разоў звярнуўся да насельніцтва краіны са шматзначным заклікам: “Не бойцеся!”

Было б, аднак, наіўна меркаваць, што феномен страху ўжо дарэшты сышоў са свядомасці грамадства і не здатны прачнуцца ў прыдатны момант і ў спрыяльных умовах. Малой суцехай тады сталася б думка Гегеля, што гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца, але толькі ў карыкатурным выглядзе.

Са славацкай пераклаў Андрэй ПАЧОПКА.


Лаяш Грэндэль. Сярэдняя Еўропа і яе прывіды

Неяк аднакурснік-славак сказаў мне — лепш выскачыць з акна, чым быць венграм. Калі я спытаў яго, чаму ж так, ён спачатку выкручваўся, а потым заявіў, што быць венграм проста жахліва. Калі мая з’едлівасць трохі выпарылася, я мусіў прызнаць, што ён мае рацыю. Быць венграм сапраўды жахліва. Прынамсі настолькі ж, як і быць чэхам, славакам, румынам, немцам, габрэем, рускім або цыганом, не кажучы ўжо пра эстонцаў, латышоў ды літоўцаў. А пра чачэнцаў ці армянскі анклаў у Азербайджане лепш і не згадваць.

Пагуляўся я трохі і з думкай, што было б, калі б… Што было б, калі б я быў славакам? Ясна, я ніколі не дараваў бы венграм і чэхам, што за ўсю гісторыю мне толькі ў 1993 годзе ўдалося стварыць уласную дзяржаву. Калі б я быў чэхам, я млеў бы са страху, што нашчадкі трох мільёнаў немцаў, якіх мае бацькі і дзяды па-дзікунску выгналі з роднай зямлі, аднойчы мне адпомсцяць. Калі б я быў палякам, я не мог бы забыцца на тое, што рускія і немцы, гэтыя два магутныя суседы, некалькі разоў дзялілі між сабою маю радзіму, быццам эментальскі сыр. Калі б я быў габрэем, не ведаю, ці змог бы калі-небудзь дараваць немцам тое, што большасць маіх сваякоў, сяброў і знаёмых яны адправілі ў газавыя камеры. Калі б я быў цыганом, колер маёй скуры выдаваў бы маё паходжанне, нават калі б я сто разоў на дзень і адпрэчваўся ад яго. Падобна, я мог бы працягваць да бясконцасці і гаварыць пра тое, як абышліся англічане з ірландцамі, французы з суграмадзянамі іншых нацыянальнасцяў, а абедзве нацыі — са сваімі калоніямі.

На шчасце, у прыстойным грамадстве нацыяналізму, антысемітызму і расізму месца няма. Чым далей, тым больш гэта пачынаюць усведамляць і ў сярэдняй Еўропе ды на Балканах, хоць на гэтых ускраінах фанабэрыстыя выказнікі нацыянальнага фундаменталізму і маюць не аднаго прыхільніка. Магчыма, з Захаду гэта выглядае як шалёная грызня варварскіх, інфантыльных народзікаў альбо, у лепшым разе, як выбрыкі свавольных недаросткаў. Затое жанчынападобны сярэднееўрапеец не перастае здзіўляцца, што яго па-за межамі рэгіёну не разумеюць. Праўда, акурат у той ступені, у якой і ён не разумее Захаду, бо доўга не мог вольна падарожнічаць, а самыя патаемныя яго пачуцці былі абдзяржаўлены, і цяпер ён думае, што ягоная радзіма — пуп свету. Уласна кажучы, так яно і ёсць. Пуп свету заўсёды там, дзе якраз ты  знаходзішся. Хоць часаміі хочацца быць там, адкуль найдалей відаць. Тым не менш, у свеце ёсць колькі рэчаў, якія можна ўбачыць толькі з сярэдняй Еўропы. Некаторыя падзеі, факты, з’явы, залежнасці бачныя толькі сярэднееўрапейцу. Прычым, тое, што ён бачыць, часам для яго самога бывае неспасцігальным. Пра сярэднюю Еўропу перад распадам камуністычнага рэжыму і пасля яго было напісана мноства артыкулаў, даследаванняў, манаграфій. Дзякуючы гэтай багатай літаратуры, а таксама ўсяму таму, што мне давялося зведаць на ўласнай скуры, я здабыў пра яе, сярэднюю Еўропу, наступныя веды:

1. Сярэдняя Еўропа — гэта рэгіён кантыненту, што з якога заўгодна боку свету можна калі заўгодна захапіць. 2. У сярэдняй Еўропе пражывае сярэднееўрапеец, але на яе тэрыторыі вельмі часта знаходзяцца чужыя вайсковыя фармаванні. 3. Сярэднееўрапеец надзвычай чуйны да свайго паходжання і нацыянальнасці. 4. У адпаведнасці з гістарычным алгарытмам, сярэднееўрапейца нехта рэгулярна акупуе, можна нават сказаць: сістэматычна гвалціць. 5. У выніку гэтага сярэднееўрапеец больш, чым несярэднееўрапеец, схільны да фобіяў і параноі. 6. Апошнім часам сярэднюю Еўропу ўтвараюць малыя дзяржавы, таму тутэйшыя насельнікі больш чым іншыя пакутуюць на клаўстрафобію. 7. Гэтыя дзяржаўкі бедныя. 8. Ідэнтычнасць сярэднееўрапейскіх абарыгенаў за апошнія 70—80 гадоў сістэматычна парушалася. 9. І сярэднееўрапеец хацеў бы зрабіцца багатым, паспяховым, прызнаным і шчаслівым, аднак менавіта дома ён мае на гэта найменш шанцаў.

А цяпер дазвольце мне па парадку разгледзець гэтыя тэзы і на павучальным прыкладзе прадэманстраваць, як яны стасуюцца да гісторыі і да самай што ні ёсць сучаснасці. Возьмем пэўную сям’ю Шмітаў з Кошыцаў, якіх у гэтым горадзе нямала. Калі ў 1991 годзе тэрыторыю Чэхаславакіі пакінуў апошні савецкі салдат, старэнькі дзядзька Шміт сказаў сваёй жонцы, таксама даўно немаладой цётцы Шміт: “Рускія сышлі”. “А хто прыйшоў?” — пытаецца цётка Шміт, якая не сочыць за прэсай і тэленавінамі. “Ніхто не прыйшоў”, — адказвае дзядзька Шміт. “Гэтага не можа быць. Я не веру”, — катэгарычна заяўляе цётка Шміт. Калі яны былі яшчэ зусім маладой сям’ёй і ганарыліся тым, што жывуць у Кошыцах — адным з найпрыгажэйшых гарадоў тагачаснай Вугоршчыны, цётка Шміт аднаго дня спалохана сказала свайму мужу, дзядзьку Шміту: “Уяві сабе, чэхі прыйшлі”. Дзядзька Шміт быў тады яшчэ малады, жыццё меў наперадзе, нікога не баяўся, і менш за ўсіх — чэхаў. “Ну, калі прыйшлі, то некалі й сыдуць”, — сказаў ён. Гісторыя пацвердзіла ягоныя словы. “Венгры прыйшлі. Нашы”, — сказаў ён аднаго пахмурнага восеньскага дня праз дваццаць гадоў.

Разгаралася другая ўсясветная вайна, і, з набліжэннем фронту да Карпатаў, з’явіліся немцы. Нямецкая акупацыя Шмітаў абурыла, бо ў той час Венгрыя была саюзнікам нацысцкай Германіі, і акупаваць саюзнікаў — выдавала на подласць. Аднак немцы ў горадзе й сагрэцца не паспелі, як ужо мусілі выбірацца на захад, адкуль прысунуліся. Немцы сышлі, рускія прыйшлі. Потым сышлі й рускія, але толькі войскам, а праз дваццаць гадоў зноў вярнуліся, каб застацца тут на наступныя дваццаць гадоў.

Шміты — сярэднееўрапейцы да мозгу касцей. За сваё доўгае жыццё яны двойчы былі венгерскімі і двойчы чэхаславацкімі грамадзянамі, каб у рэшце рэшт памерці грамадзянамі Славацкай Рэспублікі. Яны зведалі дэмакратыю, фашызм і камунізм. Іхнімі продкамі былі немцы, якіх яшчэ ў сярэднявеччы запрасіў сюды і тут пасяліў адзін з каралёў з роду Арпадаў. Яны лічылі сябе венграмі, але пры гэтым надзвычай ганарыліся тым, што ў іх гарадзкія нямецкія карані. Пазьней, з прыходам камунізму, яны мусілі забыць і пра адно, і пра другое. Называцца венграм гарадзкога, тым больш — нямецкага, паходжання было ў колішняй Чэхаславакіі найгоршай візітнай карткай. Кожныя дзесяць гадоў падчас перапісу насельніцтва камісары выпытвалі іх пра нацыянальнасць, пакуль аднойчы дзядзьку Шміту гэта не абрыдла. “Вырашыце нарэшце: венгр вы ці славак”, — прыспешваў нейкі нецярплівы камісар. “Ані той, ні іншы, — з’едліва адсёк дзядзька Шміт. — Я кошыцкай нацыянальнасці”. Неўзабаве ён пазбавіўся працы. А яшчэ мог бы парадавацца, што ў турму не пасадзілі.

У дваццатым стагоддзі з сярэднееўрапейца маглі здзекавацца за што заўгодна. За тое, што быў бедны, за тое, што быў багаты; за тое, што быў венграм, славакам, чэхам ці палякам; за тое, што быў габрэем, за тое, што быў хрысціянінам. З каго і за што здзекаваліся — гэта кожныя пятнаццаць-дваццаць гадоў мянялася, а здаралася — і часцей. Гэта ўжо не сярэднееўрапеец, калі з яго хоць раз у жыцці не ўчынілі гвалту. Калі пасля Першай усясветнай вайны ўзнікла Чэхаславацкая Рэспубліка, на тэрыторыі, населенай венграмі, раздавалі землі. Але ж зямлю атрымалі не мясцовыя бедныя венгры, а славакі, пераселеныя з далёкай поўначы, — каб разбагацець тут і парушыць венгерскую перавагу ў краі. Невыпадкова тубыльцы называлі новапрыбышоў каланістамі. Калі ў 1938 годзе венгры вярнуліся, большасць каланістаў прагналі. У 1945 годзе вярнуліся ўжо каланісты — і процьму венграў выгналі з іхніх родных мясцін.

Шміты шмат разоў упэўніваліся ў небяспецы, што хавалі ў сабе дзяржаўныя перавароты, і спрабавалі супрацьстаяць ёй. Спадар Шміт ва ўстанове, у якой працаваў, выдаваў сябе за славака. Цэлыя восем гадзін. Наступныя восем гадзін — дома — лічыў сябе венграм. Апошнія восем гадзін ён спаў, таму мы не маем звестак пра тое, якой пры гэтым быў нацыянальнасці. На ўсялякі выпадак свайго старэйшага сына ён аддаў у славацкую школу, а малодшага — у венгерскую. Выпускнік славацкай школы ўзяў сабе за жонку славачку, сын з венгерскай школы — венгерку. Мінула няшмат часу, і абодва сыны зрабіліся смяротнымі ворагамі. Старэйшы сын за Другой усясветнай вайной уцёк у Славакію і памяняў прозвішча на больш славацкае — Ковальскі. Там ён далучыўся да партызанаў, бо думаў: як выбіраць між фашызмам і камунізмам, дык камунізм — ліха меншае. Малодшы сын застаўся дома, узяў сабе венгерскага гучання прозвішча Ковачпатак і ўступіў у шэрагі адной венгерскай нацысцкай партыі, бо за меншае ліха прымаў фашызм. Старэйшы сын, між іншага, думаў, што хоць рускія й камуністы, усё ж у іхніх грудзях б’ецца славянскае сэрца. А малодшы сын трымаўся іншага меркавання, што рускія — не толькі камуністы, але яшчэ й панславісцкія імперыялісты. Абодва браты пагаджаліся толькі ў адным: дэмакратыя — уладкаванне слабое, скарумпаванае і немаральнае.

Калі ў 1945 годзе Кошыцы зноў далучылі да Чэхаславакіі, малодшы сын разам з сям’ёй з’ехаў у Венгрыю. Там ён неўзабаве паўстаў перад выбарам: даць ход расследаванню ягонай фашысцкай мінуўшчыны або пачаць супрацоўнічаць з камуністычнай сакрэтнай паліцыяй. І выбраў другі варыянт. Пасля паразы рэвалюцыі 1956 году гэты спадар уступіў у камуністычную партыю, а на пачатку семідзесятых гадоў зрабіўся шанаваным эканамістам-рэфарматарам. Мінуласць ягоная была забыта. Аднак жа калі замарозілі рэформы, — адлучылі ад справы і яго. Памёр чалавек ад сардэчнага прыступу, бязрадасным і адносна маладым.

Старэйшы сын застаўся ў Чэхаславакіі, і кар’ера ягоная нейкі час ішла ўгору. Потым, на пачатку пяцідзесятых гадоў, на падставе сфабрыкаваных абвінавачванняў яго выключылі з партыі і пасадзілі ў турму. Праз дзесяць гадоў спадара прынялі назад у партыю, папрасілі прабачэння — і ён зноў паверыў у камуністычную ідэю. У 1968 годзе быў прыхільнікам Дубчака і пратэставаў супраць рускай акупацыі. Дык і зноў яго выключылі з партыі, звольнілі з працы, а дзяцей ягоных не прынялі ў ВНУ. Тады працверазеў ён ад камунізму і нацыяналізму. З жонкай і дзецьмі зносіўся па-славацку, з бацькамі, якія тым часам састарэлі, — па-венгерску. Да перавароту 1989 году чалавек гэты не дажыў. Памёр заўчасна, як і малодшы ягоны брат.

Дзеці двух братоў упершыню сустрэліся на пахаванні дзядзькі Шміта. Яны цвердзілі, што бацькі іхнія былі бесхарактарнымі, беспрынцыпнымі людзьмі, вартымі жалю пешкамі. Бо самі яны, маўляў, паводзіліся б зусім інакш. Усё гэта яны сказалі адно аднаму праз перакладчыка, бо аніводзін не гаварыў на матчынай мове іншага й замежных моў таксама не ведалі. Сваёй сярэднееўрапейскасцю гэтыя людзі не ганарыліся. Наадварот — амаль саромеліся, што жывуць у краінах, дзе пасля столькіх акупацый не засталося маёнткаў, а толькі — хаос. Яшчэ перад той сустрэчай будапешцкі ўнук ажаніўся з габрэйкай. Калі пра гэта даведалася цётка Шміт, дык ледзь не самлела, бо ў яе сям’і ажно ад XVI стагоддзя былі адны лютаране. — “Нічога, — суцяшаў яе дзядзька Шміт. — Можа, гэта некалі пройдзе. Лепш давай радавацца, што мы вольныя”. — “Нашто нам гэта цяпер? — адсекла цётка Шміт. — Усё адно хутка памром”.

Потым адзін з унукаў упершыню трапіў за акіян і вярнуўся з Амерыкі агаломшаны. Там ён усвядоміў, што сярэдняя Еўропа — адна з самых малазначных ускраін зямной кулі. Жменя маленечкіх дзяржавак, паасобку нежыццяздольных, у якіх вой як мала прыроднага багацця і палова з якіх не мае нават выйсця да мора. Да таго ж, і тыя, чые берагі марская вада ўсё ж такі абмывае, не дужа каб добра маюцца, бо гэтыя моры змясціліся б у адной больш-менш ёмістай балеі. Неспрыяльнае геаграфічнае становішча пазбавіла іх магчымасці разрабаваць багатыя нетры нееўрапейскіх кантынентаў. Яны не мелі мажлівасці каланізаваць аддаленыя краіны, вынішчыць індзейцаў, рэшту загнаўшы ў рэзервацыі, не маглі прывезці дадому чорных рабоў, якіх неўзабаве можна было б вызваліць, яны ніколі не цешыліся з уласнай экспансіі ў іншыя краі. Адно што ў нейкі час былі мацнейшымі за некага з суседзяў. Унук дзядзькі Шміта меў абгрунтаванае падазрэнне: суседнія народы не таму ненавідзяць ягоную нацыю, што тая іх пэўны час прыціскала — гэта несправядліва і брыдка, — а якраз таму, што прыгнятальнікам яна не была. І падумалася яму: магчыма, стала б лягчэй, калі б усе забыліся родную мову, — і ад гэтага часу ў сярэдняй Еўропе кожны размаўляў бы па-ангельску. З аднаго боку, таму, што ангельская — мова усясветная, а з другога, таму, што яна — не руская і не нямецкая. Як альтэрнатыва: маглі б і зусім ніяк не размаўляць. У сярэдняй Еўропе людзі й так чым далей, то меней размаўляюць і не чуюць адно аднаго. Верагодна, што якраз мова й ёсць найвялікшай перашкодай узаемапаразуменню. Прынамсі, уся агрэсія, назапашаная ў словах, страціла б сваю накіраванасць і хоць які сэнс.

Вядома, у сярэдняй Еўропе сустракаюцца не толькі Шміты. Тут у вялікай колькасці жывуць венгерскія венгры, славацкія славакі, польскія палякі. Але і іхняя доля — зусім не лягчэйшая. “Я выскачыў бы з акна, калі б быў славакам”, — сказаў я аднойчы свайму калегу. “Дык давайце скочым усе разам”, — прапанаваў ён. — Але не адсюль, з дванаццатага паверху, а прэч з зямное паверхні. Адсюль жа навошта?” Бо й цяпер, праз дваццаць пяць гадоў, калі мы ўжо абрыдлі ўсім акупантам, мы не знаходзім сабе месца ані перад акном, ані за ім. Між тым, мы альбо цалкам страцілі сваю ідэнтычнасць, альбо здабылі іх некалькі, што таксама не ёсць нармальным станам.

Калі нехта не можа знайсці сабе месца, дык ён ці не на сваім месцы, ці таго месца болей няма. Музіл, Кафка, Гамбровіч, Даніла Кіш і іншыя вельмі добра зведалі гэтае дзіўнае пачуванне сябе сярэднееўрапейцам, і пазбавіцца ад яго вельмі цяжка.

“Заўжды і паўсюль спазняемся, / пэўна, ішлі здалёк”, — напісаў Эндрэ Адзі на пачатку стагоддзя. А ў іншым ягоным вершы чытаем:“Па-над Дунаем край — громаадвод Еўропы. / Ганебны слуп жахлівы тут стаіць спрадвек / для ўсіх тубыльцаў, цёмных і ўбогіх. / Марнее ў невуцтве нікчэмны чалавек, /не ўсведамляючы сваіх заганаў. / Не будзе тут інакш — бо так наканавана!” Відаць, напісаць гэта ён мог бы й сёння.

Са славацкай пераклаў Сяргей СМАТРЫЧЭНКА.


ІІ. Барацьба за ўсталяванне дэмакратычнай палітычнай сістэмы


Уладзімір Крывы. Падзелы і расколы ў славацкім грамадстве

КАМУНІЗМ І ІНДУСТРЫЯЛЬНАЯ МАДЭРНІЗАЦЫЯ

Дзяржаўныя ўтварэнні, у якія ўваходзіла Славакія ў ХХ ст., не аднойчы мяняліся. Адпаведна мяняліся і пануючыя рэжымы. Славацкі гісторык Любамір Ліптак падлічыў, што за 75 гадоў, гэта значыць цягам аднаго чалавечага жыцця, такіх перамен было сем, тады як у Аўстрыі чатыры, у Італіі і Францыі дзве, а ў Вялікабрытаніі і Швецыі — “нуль”, ды з усмешкай аб гэтых апошніх дадае: “Што яны могуць ведаць пра жыццё?” (Ліптак, 1999, с. 309). Няма чаго й казаць, што гэта вельмі сумная ўсмешка, бо кожны зменены рэжым пакідаў пасля сябе эліты “з адсечанымі рукамі”, а новая ўлада, бывала, чыніла пераслед і цэлых сацыяльных слаёў.

Разбэрсанасць палітычнай традыцыі пасля 1918 г. адлюстроўваецца тым шырокім колам палітыкаў, якія так ці інакш засталіся ў памяці грамадства. Кожны з іх мае, прынамсі, невялікую групу прыхільнікаў, але, разам з тым, няма ўсеагульнай згоды да хоць якога перыяду гісторыі, прыдатнага дзеля супольнага шанавання. Бадай, найболей пашаны маюць “перыяды супраціву” — лістапад 1989 г., калі было скончана з камуністычным рэжымам, і антыфашысцкае Славацкае Нацыянальнае Паўстанне 1944 г. Сюды можна дадаць узнікненне Чэхаславакіі ў 1918 г. і Славацкай Рэспублікі ў 1993 г., а яшчэ “познесацыялістычныя” 80-я, аднак і ў гэтых выпадках нельга казаць пра агульнанацыянальны кансэнсус. Так склалася, мабыць, таму, што ўсе важныя для славакаў рашэнні, шмат калі і карысныя, прымаліся ў Будапешце, затым — у Празе, а падчас панавання таталітарных рэжымаў — у Берліне і Маскве.

Пасляваенная індустрыялізацыя і урбанізацыя краіны была, безумоўна, запозненай не толькі адносна Заходняй Еўропы, але і чэшскіх зямель. Вышэй згаданы Любамір Ліптак слушна заўважыў, што кожная з еўрапейскіх мадэрнізацый даходзіла нарэшце і да Славакіі, аднак заўсёды з вялікай затрымкай. Спозненасць, а асабліва сацыялістычны кантэкст, у якім адбывалася індустрыяльная мадэрнізацыя ў Славакіі з 1950-х гг., радыкальна перайначылі краіну. Наданне прыярытэту вялікім індустрыяльным цэнтрам, маштабныя перарухі працоўнай сілы, пашырэнне сацыяльных правоў пры адначасовым падаўленні грамадзянскіх і палітычных, змянялі грамадства, але не столькі ў культурным, колькі ў тэхнакратычным плане. Сацыялістычная мадэрнізацыя многім людзям запомнілася як шлях да матэрыяльнага паляпшэння жыцця ва ўмовах несвабоды.

Славацкае грамадства, яшчэ нядаўна пераважна вясковае і моцна акаталічанае, не было схільным да камуністычнай ідэалогіі — на свабодных выбарах 1946 г. камуністы не перамаглі. Аднак пазней, пры таталітарным камуністычным рэжыме, ідэалогія эгалітарызму, калектывізму і ўслаўлення працоўнага чалавека ўпадабалася досыць шырокім слаям насельніцтва. Калі не лічыць тых, хто непасрэдна пацярпеў як вораг рэжыму, матэрыяльныя ўмовы пераважнай большасці насельніцтва значна палепшыліся. Гэтая дыяхранічная сітуацыя росту дабрабыту пры палітычнай несвабодзе і сёння расколвае грамадства адносна ацэнак Славакіі за камуністамі. Калі неўзабаве пасля акупацыі ў 1968 г. у Чэхаславакіі ўсталяваўся камуністычны рэжым, які займаўся “нармалізацыяй” грамадства праз кадравыя чысткі, у Славакіі гэты працэс быў больш мяккі, паколькі тут для ўлады была характэрная “кланавасць”, а насельніцтва прызвычаілася адаптавацца да любых сацыяльна-палітычных змен. З гэтага ў Славакіі пераслед за паводзіны ў 1968 г. быў менш жорсткі, чым у чэшскай частцы дзяржавы, і тут больш паспяхова ўкараняліся розныя індывідуальныя і сямейныя стратэгіі “выжывання”. Дысідэнтаў, якія стаялі б у адкрытай апазіцыі да ўлады, у Славакіі амаль не было, выслізнулі з-пад улады рэжыму хіба адно падпольныя каталіцкія структуры, і толькі ў 1980-я гг. да іх дадаўся супраціў часткі мастацкіх і грамадска-навуковых колаў ды экалагічных рухаў (тэрытарыяльна запачаткаваных у метраполіі).

Хаця славацкае грамадства доўгі час было даволі пасіўным (нараканняў ды скаргаў хапала, а прыкладаў адкрытага супраціву амаль не было), што, напэўна, звязана як з дамінуючай вясковай культурай, так і са слабасцю нацыянальных эліт, аднак сучасная славацкая гісторыя мае і некалькі прыкладаў актывізацыі мас. Перадусім, гэта ўжо згаданыя вышэй паўстанне супраць немцаў ды ўласнага ўрада летам 1944 г. і грамадскі пад’ём напрыканцы 1989 г., а затым мабілізацыя выбарцаў у 1998 г. супраць пашырэння “мечыярызму” (якая была б немагчымай без кансалідацыі апазіцыйных палітычных партый, няўрадавага сектара і значнай часткі СМІ).


АД ЭЙФАРЫІ СВАБОДЫ ДА МЕЧЫЯРЫЗМУ

Неўзабаве пасля дэмакратычнай рэвалюцыі 1989 г. эканамічная рэформа ў сітуацыі распаду хаўрусу камуністычных краін і, адпаведна, усходніх рынкаў выклікала ў Славакіі сацыяльны крызіс (больш глыбокі, чым у Чэшскай Рэспубліцы). З гэтага сфармавалася незадаволенасць палітычнай сітуацыяй. Спрацаваў універсальны закон: найбольш небяспечныя рэакцыі выклікае пагаршэнне матэрыяльных умоў тады, калі людзі чакаюць іх паляпшэння. Што мы і назіралі ў Славакіі ў 1990-я гг.

Таму няма нічога дзіўнага, што ў гэты час зноў абвастрыліся адносіны паміж славакамі і чэхамі. Хаця “сваяцкія” сувязі славакаў і чэхаў (ды мараўцаў) традыцыйна моцныя, два фактары тады пачалі дзейнічаць вельмі дэструктыўна. Першым сярод іх быў фактар адраджэння (праўда, сярод меншасці насельніцтва) даўняй антычэшскай падазронасці, а нават варожасці (на пачатку 90-х на кароткі час вырасла зусім невысокая раней папулярнасць рэжыму ваеннай Славацкай Рэспублікі). Другім — эканамічныя цяжкасці. Да апошняга неабходна дадаць, што большасць тагачасных уплывовых славацкіх эканамістаў трымаліся блізкай да сацыялістычнай пазіцыі, ды і само грамадства не мела ахвоты да глыбокіх эканамічных змен (з ім салідарызаваліся тады і не рэфармаваныя яшчэ медыі). Таму вакол прэм’ера Уладзіміра Мечыяра, старшыні Руху за Дэмакратычную Славакію, які захапіў бальшыню славацкай грамадскасці сваёй упёртасцю, правадырскай знешнасцю, гладкай рыторыкай з грубымі жарцікамі і здольнасцю ўсё растлумачыць ды яшчэ пры гэтым выкрыць ворагаў, стварылася палітычнае асяроддзе, якое максімальна скарысталася з канфрантацыі з федэральным і чэшскім урадам. Мечыяр і яго партыя дасягнулі значных поспехаў менавіта праз падвышэнне палітычнай напругі ў грамадстве.

Славацкая дыскусія пра далейшы курс краіны пачалася, такім чынам, яшчэ ў рамках чэшска-славацкай дзяржавы. Да выбараў 1992 г. Мечыяр не належаў да адкрытых нацыяналістаў. На палітычным рынку ён манеўраваў з цьмянымі ідэямі “некалькіх магчымасцей”, каб здабываць падтрымку самых розных сацыяльных асяродкаў. Параўнальна з “вулічным нацыяналізмам”, Мечыярам і яго РЗДС, грамадзяне, якія падтрымлівалі захаванне супольнай дзяржавы (федэрацыі), былі арыентаванымі больш дэмакратычна. Аднак на выбарах 1992 г. яны адназначна прайгралі — перамог РЗДС, а яго лідэр склаў урад пры падтрымцы нацыяналістаў і посткамуністычных левых сіл, не задаволеных эканамічнымі пераменамі. Усе хацелі паслаблення ўплыву федэральнай улады ў Славакіі, хаця гэта зусім не азначала, што ўсе імкнуліся да дзяржаўнай самастойнасці. Але ж у канчатковым выніку Славакія стала самастойнай дзяржавай.

Распад Чэха-Славакіі ў канцы 1992 г. адкрыў Мечыяру шлях да ўмацавання персанальнай улады (акрамя падтрымкі парламента ён пазней добра скарыстаўся з кліентэлісцкай прыватызацыі і ўплыву на вялікую частку СМІ). Пасля вырашэння пытання дзяржаўнай самастойнасці далейшая палітычная барацьба паступова пачала выяўляцца як барацьба з аўтарытарызмам за дэмакратыю. Мечыяр як прэм’ер даў старт кліентэлісцкай прыватызацыі, шчодрай да “блізкіх і паслухмяных”, і тым самым аддаліў Славакію ад краін “Вышэграда” (Чэхія, Венгрыя, Польшча). Разам з няспоўненымі спадзяваннямі на самастойнасць як на эканамічную “чароўную палачку” гэтае адчужэнне ад суседзяў ініцыявала нарастанне супраціву ў грамадстве. Немалая заслуга ў тым, што Славакія не спаўзла так глыбока ў антырэфармізм, як гэтага жадалі дзеля ўмацавання сваёй улады Мечыяр і яго каманда, належала палітычнай спадчыне дэмакратычнага чэшска-славацкага перыяду (лістапад 1989 г. — снежань 1992 г.). Складовай часткай гэтай спадчыны былі праведзеныя палітычныя рэформы, якія заканстытуявалі свабоду аб’яднанняў, СМІ, акадэмічных асяродкаў. Тады была прынятая “Грамата правоў і свабод” і створаныя шматлікія палітычныя інстытуты, перш за ўсё ўплывовы Канстытуцыйны Суд, які мечыяраўцы так і не змаглі ўзяць пад свой кантроль. Сярод грамадскіх перамен, што адбыліся пасля 1989 г., адзначым з’яўленне сацыяльных груп не толькі з дэмакратычнымі поглядамі, перакананнямі і спадзяваннямі, але і з пэўнымі сувязямі і патэнцыялам росту. Пад апошнім мы маем на ўвазе не толькі пачатковы фінансавы капітал, але і такія якасці, як адукацыя, прафесійная кваліфікацыя, маладосць, дынамізм, валоданне мовамі, упісанасць у актуальныя сацыяльныя структуры, камп’ютэрная граматнасць і т.п.

Канкурэнтныя палітычныя групы ў наступныя гады фармаваліся яшчэ і ў залежнасці ад таго, хто і як збіраў сабе сацыяльны і культурны капітал. Безумоўна, не ўсё залежала ад індывідуальнага намеру, вельмі рознымі былі і магчымасці тых рамак, у якія чалавек быў упісаны. Так, значна адрозніваліся магчымасці розных пакаленняў, хаця ў кожным з іх нехта знаходзіўся ў больш ці менш спрыяльнай пазіцыі, адны працавалі на “досыць прымальных умовах”, а другія патраплялі ў суцэльную нястачу. Поспех адных і страты другіх, натуральна, уплывалі на палітычныя погляды не толькі адзінак, але і цэлых сацыяльных груп. Калі казаць спрошчана, дык можна канстатаваць, што ўмовы канкурэнцыі былі цалкам неспрыяльнымі для старэйшага пакалення і адносна прымальнымі для маладзейшага. Таму пазіцыі пакаленняў за дзесяць гадоў значна разрозніліся, і мы нават можам казаць аб міжгенерацыйных дыспарытэтах.

Тое, што ў славацкім грамадстве ўяўляла сабой аўтарытарны бок канфлікту, атрымала назву — “мечыярызм”. Пасля выбараў 1994 г. груба адмаўляліся законы прававой дзяржавы, выказвалася непавага да канстытуцыйнага падзелу ўлады, абмяжоўвалася дзейнасць шмат якіх незалежных інстытутаў, адбывалася масавае злоўжыванне прыватызацыяй (палітычны кліентэлізм), улада падпарадкавала сабе асноўныя СМІ (тэлебачанне і радыё), заблакавала інтэграцыйныя працэсы ў накірунку Еўрапейскага Саюза і г.д. Непасрэдную адказнасць за гэта несла тагачасная паноўная эліта, аднак яна прыйшла да ўлады праз свабоднае волевыяўленне найбольшай (па партыйных спісах) часткі выбарцаў. Але за некалькі гадоў Уладзімір Мечыяр з харызматычнага і шырока любімага папуліста ператварыўся ў нацыяналістычнага папуліста з дыктатарскімі амбіцыямі, які ўжо меў шчырых прыхільнікаў меней, чым свядомых праціўнікаў. Падзенне сваёй папулярнасці і электаральнай падтрымкі РЗДС ён імкнуўся кампенсаваць пашырэннем кліентэлісцкай базы і павелічэннем паўнамоцтваў дзяржаўнай адміністрацыі, цалкам падпарадкаванай ягонай партыі.


ПАЛІТЫЧНЫ КАНФЛІКТ І БАРАЦЬБА ЗА СВАБОДУ

Вынікі даследаванняў, праведзеных у Славакіі ў “мечыяраўскія гады” (1994 і 1997), выявілі групы прыхільнікаў палітычных партый, якія паміж сабой выразна адрозніваліся як па лініі аўтарытарызм — лібертарыянства, гэтак і па лініі левыя — правыя.

Дыяграма 1. Аўтарытарызм — патэрналізм

У даследаванні 1997 г. са спадзяваннямі (вышэй за сярэднія) на “дзяржаўную сацыяльную абарону” ды адначасова сярод згодных з аўтарытарызмам (вышэй сярэдняга) апынуліся групы прыхільнікаў усіх трох тагачасных урадавых партый — РЗДС, нацыяналістычнай СНП, ультралевага Згуртавання Рабочых Славакіі — і прыхільнікі тады яшчэ пазапарламенцкай Камуністычнай Партыі. Групы падтрымкі тагачасных апазіцыйных партый (СДК, ВК, ПДЛС) хаця і адрозніваліся паміж сабой мерай патэрналістычных спадзяванняў, аднак аб’ядноўваліся стаўленнем да аўтарытарызму (ніжэй сярэдняга). Кажучы агулам, хаця групы прыхільнікаў партый выразна адрозніваліся паміж сабой па адной і другой шкале вартасцей, канфігурацыя славацкай палітычнай сцэны трымалася дыферэнцыяцыяй, сфармаванай паводле стаўлення да аўтарытарызму. З сацыялагічнага і паліталагічнага гледзішча важна таксама, што падобны падзел прыхільнікаў палітычных партый распачаўся вясной 1994 г. і праіснаваў да студзеня 1999 г. Даследаванне, праведзенае ў траўні 1994 г. (перад датэрміновымі парламенцкімі выбарамі), выявіла — па лініі станоўчага стаўлення да аўтарытарызму — прыхільнікаў менавіта тых партый, якія пазней, восенню 1994 г., стварылі новы, г.зв. трэці ўрад Мечыяра. Таму нельга пагадзіцца з аргументацыяй тых, хто лічыць, што ўсе гэтыя разнародныя партыі аб’яднаў выключна прыватызацыйны інтарэс.

Прынцыповы палітычны канфлікт у грамадстве (усталяванне мечыярызму і барацьба з ім) рашуча паўплываў на вярбоўку і “міграцыю” прыхільнікаў тых ці іншых партый. Стварэнне розных рухаў і палітычных саюзаў, а таксама суперніцтва паміж імі нельга патлумачыць без узгляду на гэты галоўны палітычны канфлікт. Згаданыя раскол і барацьба былі загалоўнымі ў палітычнай сітуацыі канца 90-х і тым самым аслаблялі значэнне іншых рэальна існуючых канфліктных ліній (напрыклад, правыя — левыя, лібералы — кансерватары). Славакія да паражэння мечыярызму на выбарах 1998 г. была сярод рэжымаў, якія Фарыд Закарыя характарызаваў як “неліберальныя дэмакратыі”.

Пётр Мацей з Кларай Улахавай канстатуюць (датычна Чэшскай Рэспублікі), што пацвердзілася гіпотэза палітолага Герберта Кітшэльта аб узаемасувязі эканамічнага патэрналізму і аўтарытарызму (Мацей, Улахава і інш., 2000, с. 278). Досвед Славакіі таксама пацвердзіў гэтую тэндэнцыю. Праўда, тут мы мусім згадаць і адно выразнае выключэнне, а менавіта прыхільнікаў Партыі Венгерскай Кааліцыі. Нягледзячы на тое, што іх спадзяванні ў эканамічным плане былі таксама патэрналісцкія, аднак становішча нацыянальнай меншасці трымала іх наўзбоч аўтарытарызму. У падобнай, хоць і менш ярка выяўленай, пазіцыі апынуліся ў другой палове 1990-х гг. і прыхільнікі посткамуністычнай Партыі Дэмакратычных Левых Сіл, таму не выпадкова, што яны таксама адхіліліся ад супрацоўніцтва з Мечыярам, а ў міжвыбарчы перыяд 1998—2002 гг. іх партыя ўзяла ўдзел у антымечыяраўскай урадавай кааліцыі.

У электаральным плане РЗДС быў найбольш паспяховай партыяй за ўвесь перыяд 1992—2002 гг. З нашага гледзішча, за надзвычайнай папулярнасцю гэтага палітычнага руху ў некаторых рэгіёнах Славакіі стаіць досвед мінулага, які прыхавана ўплывае на прыярытэты выбарцаў ужо не адно дзесяцігоддзе. Гэты досвед будзе слушна назваць “тэрытарыяльна-электаральнай спадчынай Славацкай Народнай Партыі Глінкі (СНПГ)”. Патлумачым. СНПГ была найпапулярнейшай партыяй у Славакіі ў эпоху свабодных выбараў падчас Першай Чэхаславацкай Рэспублікі ў 20-я і 30-я гг. ХХ ст. Гэта была каталіцкая і ў немалой ступені нацыянальная партыя. У часы Першай ЧСР (за выключэннем 1927—1929 гг.) яна заўсёды знаходзілася ў апазіцыі, што фармавала ў ёй аўтарытарныя тэндэнцыі. У рэшце рэшт у канцы 30-х яна зліквідавала ці праглынула іншыя партыі і стала “хрыбтом” аўтарытарнага рэжыму ваеннай Славацкай Рэспублікі 1939—1945 гг. Падтрымка СНПГ была надзвычай высокай у многіх раёнах Славакіі. Пасля вайны СНПГ забаранілі. РЗДС Мечыяра, без непасрэднай сувязі з колішняй праграмай СНПГ, пра якую не ўзгадвалі шмат дзесяцігоддзяў, пазней аднавіў былы аўтарытарны код і з гэтага атрымаў падтрымку грамадскасці ў тым самым рэгіянальным профілі.

Славакія ў 90-я выдзялялася сярод сваіх суседзяў небяспечнай камбінацыяй вялікай долі г.зв. “лузераў” (тых, хто лічыў, што ў выніку палітычных змен шмат страціў) і разам з тым іх высокай электаральнай мабілізацыяй. Іначай кажучы, выбарцы з ліберальна-дэмакратычнымі арыентацыямі хадзілі на выбарчыя ўчасткі менш ахвотна, чым прыхільнікі аўтарытарызму. Да таго ж, у агульным плане актыўнасць выбарцаў у вясковым асяроддзі была значна вышэйшай, чым у гарадах, асабліва найбуйнейшых — Браціславе і Кошыцах. Далей будзем улічваць і тое, што пасля 1989 г. вёска апынулася ў сістэмным крызісе, а тых, што найбольш выйгралі ад грамадскіх перамен, хутчэй можна было сустрэць не на вёсцы, а ў гарадах, сярод маладых і адукаваных людзей. Апрача таго, хаця славацкае грамадства паводле сацыяльнай структуры ўжо і перастала быць аграрнай краінай, але ў ментальным плане дамінуючай у грамадстве заставалася вяскова-местачковая культура.

З такога дыферэнцыраванага ўдзелу ў выбарах найлепей скарыстаўся РЗДС Мечыяра, які меў галоўную базу падтрымкі на вёсцы, сярод людзей старэйшага ўзросту і з меншай адукацыяй. Зрэшты, менавіта сам старшыня руху са сваёй здольнасцю да палітычнай камунікацыі быў галоўным “фактарам” электаральнай мабілізацыі гэтых груп на сваю карысць.


ПАРАЗА МЕЧЫЯРЫЗМУ НА ВЫБАРАХ 1998 ГОДА

Нават перамогі на выбарах у 1998 і 2002 гг. Мечыяраваму РЗДС не хапіла, каб самастойна сфармаваць урад. Хаця і ў першым, і ў другім выпадку ён набраў найбольшую колькасць галасоў, але палітычна ўрэшце прайграў. Прычынай таму стаўся востры палітычны канфлікт у грамадстве, дрэнная слава РЗДС, правал на выбарах (ці сыходжанне ўпрочкі) былых саюзнікаў, што аслабіла кааліцыйны патэнцыял. Гэтак было з аднаго боку, а з другога — узмацненне пазіцый антымечыяраўскіх ды іншых партый.

Перад выбарамі 1998 г. існавалі пэўныя засцярогі наконт таго, ці аўтарытарная ўлада дасць сябе перамагчы, ці не сфальсіфікуе вынікаў галасавання? Такія засцярогі ўзмацняліся яе папярэднімі захадамі, у выніку якіх кантралюемыя ўрадам СМІ паводзілі сябе надзвычай тэндэнцыйна. Надалей у гэтым напрамку ўлада зайшла ў траўні 1997 г., калі меўся адбыцца рэферэндум адразу па некалькіх пытаннях. Першае з іх тычылася ўступлення Славацкай Рэспублікі ў НАТА. Нягледзячы на тое, што ў выніку антыдэмакратычных дзеянняў Мечыяра СР у НАТА не запрасілі, урадавая кааліцыя ўсё ж вырашыла правесці ўсенароднае галасаванне на гэтую тэму, прычым увязала яго з пытаннямі аб вайсковых базах і ядзернай зброі. А далей было пытанне аб наўпроставых выбарах прэзідэнта грамадзянамі краіны, якое зыніцыявала апазіцыя. Аднак урадавыя партыі жадалі самі выбіраць прэзідэнта, таму міністр унутраных спраў у апошнюю хвіліну самавольна загадаў змяніць бюлетэні, дзе пытання пра выбары прэзідэнта ўжо не было. З гэтага пачаўся масавы байкот рэферэндуму як з боку грамадзян (у ім узяло ўдзел менш за 10% насельніцтва), так і многіх участковых камісій. Цэнтральная камісія па правядзенню рэферэндуму аб’явіла яго несапраўдным, што пацвердзіў і Канстытуцыйны Суд.

Пасля зрыву рэферэндуму супраціў рэжыму Мечыяра ўзмацніўся як сярод апазіцыйных палітычных партый, так і сярод шараговага насельніцтва, дзе ранейшая апатыя змянілася жаданнем перайначыць палітычную і грамадскую сітуацыю. Рызыка фальсіфікацыі зменшылася дзякуючы грамадзянскай мабілізацыі, арганізаванай няўрадавымі ўстановамі, а пазней была практычна поўнасцю выключана паралельным падлікам галасоў, сацыялагічнымі даследаваннямі тыпу exit poll і шырокай прысутнасцю замежных назіральнікаў. З гэтага ўсе палітычныя акторы, як айчынныя, так і замежныя, прызналі выбары карэктнымі. Гістарычная традыцыя свабодных і несфальсіфікаваных выбараў у гады Першай ЧСР, у 1946 г. і ў 1990, 1992 і 1994 гг. разам з пільнасцю грамадскай супольнасці адыгралі ў гэтым працэсе вырашальную ролю. У гэтым Славацкая Рэспубліка прынцыпова адрознівалася, напрыклад, ад Украіны ў 2004 г. ці Беларусі ў мінулыя гады, дзе тамтэйшая апазіцыя, замежныя назіральнікі і адпаведныя міжнародныя арганізацыі не палічылі выбары свабоднымі і дэмакратычнымі.

Парламенцкія выбары 1998 г. па сваіх выніках сталіся пераломнымі для грамадства, перадусім дзякуючы адметнай выбарчай мабілізацыі. Тады як на папярэдніх выбарах удзел у галасаванні на вёсцы быў прыкметна больш высокім, чым у гарадах, дык на гэты раз сітуацыя выглядала іначай. У драматычнай перадвыбарчай атмасферы актыўнасць вяскоўцаў яшчэ нават крыху падрасла, аднак не параўнальна з горадам, дзе яўка выбарцаў зраўнялася з 1990 г. і цяпер амаль не саступала вёсцы. Гэты фактар аб’ектыўна згуляў на карысць апазіцыі.

Tабліца 1. Выбары 1992—2002 гг. у Славакіі: колькасць выбарцаў у розных населеных пунктах адносна колькасці насельніцтва (у %)




Рэлевантнага падвышэння атрымалася дасягнуць сярод тых, хто ўпершыню браў удзел у выбарах, як і наогул сярод выбарцаў маладога ўзросту. Натуральна, на вынікі выбараў 1998 г. (акрамя электаральнай актыўнасці) уплывалі самыя розныя фактары. Перадусім вылучым супрацоўніцтва апазіцыйных партый, ужо згаданую перамену эмацыйнай атмасферы, выкліканую праваленым рэферэндумам 1997 г., падтрымку значнай часткі СМІ, міжнародныя захады супраць рэжыму неліберальнай дэмакратыі, параўнанне Славакіі з Чэхіяй, Польшчай і Венгрыяй, якія рухаліся ў кірунку ЕС і НАТА, а таксама маёмасныя скандалы прэм’ера Мечыяра і “яго” прыватызатараў.

Усё гэта разам паспрыяла таму, што ў агульным балансе сіл немечыяраўскія і антымечыяраўскія партыі атрымалі большую падтрымку грамадства, чым іх праціўнікі.

Табліца 2. Выбары 1990—2002 гг. у СНР і НР СР: неаддадзеныя, страчаныя і нястрачаныя галасы (у % ад колькасці ўпаўнаважаных выбарцаў)

Такім чынам, асноўны канфлікт у 1990-я гг. разгортваўся па лініі аўтарытарызм — лібертарыянства. Гэта не азначае, што не існавала разыходжанняў, скажам, паміж левымі і правымі ў разуменні сацыяльнай ці эканамічнай палітыкі, але на тую пару ўсе яны адступалі на другі план. Дэфінаваны такім чынам палітычны канфлікт пачаў аслабляцца толькі пасля выбараў 1998 і 2002 гг. А перад парламенцкімі выбарамі ў 2006 г. на пярэднім плане ўжо былі сацыяэканамічныя пазіцыі палітычных актораў.

Усе палітычныя партыі, якія пасля 1990 г. выступалі на палітычнай сцэне Славакіі, можна раскласці на некалькі блокаў: рэфармісцкі — РЗДС — левыя — нацыяналісты — усе іншыя партыі. Рэфармісцкі блок, у прынцыпе, прадстаўлялі правыя сілы, хрысціянска-дэмакратычны рух і партыі венгерскай меншасці. Пры гэтым некаторыя рэфармісцкія партыі мелі падтрымку (і часткова маюць яе сёння) зусім не ў звязку з іх рэфармісцкім характарам. Гэта тычыцца, напрыклад, Хрысціянска-дэмакратычнага Руху, электарат якога аб’ядноўвае не столькі стаўленне да рэформаў, колькі высокая рэлігійнасць, кансерватыўныя погляды і антыкамунізм. А, скажам, падтрымка Партыі Венгерскай Кааліцыі ў першую чаргу забяспечваецца этнічнымі венграмі, незалежна ад іх стаўлення да рэформаў.

Tабліца 3. Выбары 1992—2002 гг. у парламент (СНР і НР СР). Вынікі галасавання за палітычныя блокі

З табліцы вынікае, што падтрымка рэфармісцкага блока за дзесяць год (калі адлічваць з 1992 г.) значна павялічылася, асабліва ў горадзе — з 24% да 46% (у вёсцы з 28% да 39%). Між іншым, “на пачатку” гэтага перыяду падтрымка рэфармісцкага блока была большай у вёсцы (28:24%), а ў канцы — наадварот (39:46%).


НОВЫЯ КАНФЛІКТЫ І ПАДЗЕЛЫ

З цягам часу ў Славакіі ўсё болей паглыбляліся класавыя размежаванні, і таму пасля вырашэння канфлікту па лініі аўтарытарызм — лібертарыянства на пярэднім плане апынуўся канфлікт паміж правымі і левымі сіламі. Гэта значыць, што кожны сацыяльны клас пачаў рабіць выбар на сваю карысць. Праўда, статусны фактар у Славакіі быў аслаблены “тоеснасным” (Партыя Венгерскай Кааліцыі і Хрысціянска-дэмакратычны Рух выступаюць як “партыі тоеснасці”).

Вядома, што як толькі вырашаецца пытанне грамадзянскіх і палітычных свабод, на першы план выступаюць эканамічныя інтарэсы. У Славакіі пытанне свабоды дамінавала да выбараў 1998 г., а затым наперад выступілі сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Пазней з імі пачала канкурыраваць “спрэчка аб тоеснасці”, гэта значыць канфлікт кансерватызму з лібералізмам.

Славацкае грамадства традыцыйна было расколатае на каталіцкую большасць (пераважна рыма-каталікоў) і евангелістаў аўгсбургскага вызнання. Іх суіснаванне часамі было спакойным і прадуктыўным, а часамі — канфліктным. Параўнанне канфесіянальнай структуры Славакіі 30-х гг. ХХ ст. і пачатку ХХІ ст. паказвае, што доля евангелістаў аўгсбургскага вызнання зменшылася ў большай ступені, чым каталікоў. А калі казаць агулам, дык у славацкім грамадстве стаўся цяпер дамінантным падзел паміж каталікамі і секулярызаванай часткай грамадства. І хаця большасць насельніцтва пры перапісе заяўляе сябе вернікамі, пераважна рымска-каталіцкага вызнання, але веру як важную частку сваёй самаідэнтыфікацыі падкрэслівае (паводле сацыялагічных даследаванняў) нават не кожны трэці вернік. А катэгорыя “глыбока веруючых” прадстаўлена ўсяго 10%.

Вялікая палітычная вага партый, якія грунтуюцца на калектыўнай тоеснасці, а не на сацыяльных інтарэсах, звычайна тлумачыцца значнай доляй этнічных супольнасцей у Славакіі. Прыблізна 10% насельніцтва краіны належыць да венгерскай меншасці. Праблемы суіснавання з Вугоршчынай у мінулым, канфлікты апошняга часу, якія паўстаюць з сутыкнення нацыянальных прыярытэтаў, ствараюць у адносінах паміж славакамі і венграмі напружаную атмасферу. Палітычныя арыентацыі венгерскай меншасці блізкія да арыентацыі славакаў з вышэйшай адукацыяй, аднак што датычыць сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў, дык тут яны прыпадабняюцца да прыярытэтаў шараговага славацкага насельніцтва.

Славакі і венгры — гетэрагенныя групы, і таму яны ўвесь час трапляюць у канфліктныя пазіцыі адносна адзін да аднаго. У прыклад згадаем спрэчку аб канструкцыі дзяржавы — якой яна мусіць быць: нацыянальнай ці грамадзянскай? Не цяжка здагадацца, што большасць венграў за “грамадзянскую” дзяржаву. У гэткім падыходзе венграў падтрымлівае толькі траціна славакаў, а большая частка з іх хоча бачыць сваю дзяржаву нацыянальнай. Зрэшты, выбар формы дзяржавы залежыць не столькі ад грамадскасці, колькі ад палітычных эліт.

Яўка на выбары ў горадзе і вёсцы пасля актыўнай мабілізацыйнай кампаніі ў 1998 г. не ўтрымалася на былым узроўні, але падраўнялася. У гарадах пачалі больш адказна ставіцца да выбараў і тым самым падымаць іх палітычную вагу. Гэтым часткова пацвярджаецца ранейшая гіпотэза, паводле якой большы ўдзел у выбарах бяруць тыя слаі насельніцтва, якім пайшлі на карысць грамадскія перамены.

На сёння мы маем тры галоўныя восі дыферэнцыяцыі:

1. Кансерватыўна-ліберальная, якая патэнцыяльна ўяўляе з сябе прастору сур’ёзнага супрацьстаяння.

2. Лева-правая, якая размяжоўвае не толькі праз палітычнае суперніцтва за выбар падыходаў да вырашэння актуальных сацыяльна-эканамічных праблем, але і праз стаўленне да мінулага камуністычнага рэжыму (наколькі ён быў “добры” ці “дрэнны”). Славакі і венгры ў гэтым падзеле падобныя, а сам падзел характарызуецца не ўмеркаванай рэпрэзентацыяй, а радыкальным супрацьстаяннем, выяўленым у катэгарычнай форме.

3. Варожасць — талеранцыя стасоўна венграў і супрацоўніцтва з імі.

Дыяграма 2. Пазіцыі: “добры камунізм”, “грамадзянскія і эканамічныя свабоды”. Стаўленне розных узроставых груп

У Славакіі яшчэ моцныя спадзяванні на “сацыяльную падтрымку дзяржавы”, папулярныя эгалітарызм і ідэя пераразмеркавання багаццяў (“у багатых трэба забраць”). Многія спадзяюцца, што калі дзяржава стане кіраваць эканомікай, дык яно будзе лепей. Досыць пашыранае ўяўленне пра “добрых бедных” і “дрэнных багатых” — хаця трымаюцца яго далёка не ўсе. Дамінуе асцярога перад павелічэннем сацыяльнага расслаення — гэтая праблема непакоіць кожнага трэцяга дарослага славака. Да гэтай “сацыяльнай вертыкалі” каштоўнасцей дадаецца “антыцыганская неталерантнасць”, насцярожанае стаўленне часткі грамадства да клерыкалізму, “традыцыйная” антывенгерская неталерантнасць (таксама сярод часткі насельніцтва) і моўныя праблемы (славацкая нацыянальная тоеснасць збудаваная на мове). Такім чынам, акрамя “сацыяльнай вертыкалі” каштоўнасцей, амаль усе іншыя звязаныя з праблематыкай “тоеснасці”. Хіба што з гэтага ў бок прагматычнай палітыкі яшчэ вылучаецца пэўная трывога за рэгіёны — ці будзе ім дапамога з “цэнтра”? Альбо які лёс чакае невялікія краіны ў ЕС? Ці ўжо зусім лакальныя сацыяльныя каштоўнасці, кшталту аплаты за вышэйшую адукацыю.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Славацкае грамадства заўсёды было гетэрагенным рэлігійна, нацыянальна і сацыяльна. Зыходзячы з гэтых падвалінаў і будаваліся палітычныя партыі на свабодных выбарах у 20-я і 30-я гг. ХХ ст.

З 50-х гг. ХХ ст. ва ўмовах камуністычнага ладу пачалася запозненая і таму паскораная мадэрнізацыя індустрыяльнага тыпу. Яна вельмі істотным чынам паўплывала на далейшае фармаванне славацкага грамадства не толькі фактам сваёй наяўнасці, але і тым, што адбывалася ва ўмовах адсутнасці свабоды і дэмакратыі.

Падзенне камуністычнага рэжыму напрыканцы 1989 г., распад усходніх рынкаў, эканамічная рэформа і палітычная барацьба за ўладу сталіся прычынай росту незадаволенасці сярод насельніцтва, уздыму нацыяналізму і з гэтага папулярнасці Руху за Дэмакратычную Славакію пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мечыяра. Пасля яго прыходу да ўлады праз перамогу на выбарах і падзелу Чэха-Славакіі быў узяты палітычны курс цалкам супрацьлеглы ліберальнаму.

Большасць славакаў успрымалі тады сваё становішча як значна горшае ў параўнанні з сітуацыяй да 1989 г. Пры гэтым незадаволеныя грамадзяне (асабліва вяскоўцы, людзі з нізкай адукацыяй і сталага ўзросту) выяўлялі самую высокую актыўнасць падчас выбараў. Таму іх электаральны ўплыў прапарцыянальна быў значна большым адносна іх дэмаграфічнай колькасці.

Важную ролю ў барацьбе супраць неліберальнага курсу Славакіі, асабліва ў перыяд 1994—1998 гг., адыгралі апазіцыйныя партыі з малым прадстаўніцтвам у парламенце, культурная і акадэмічная грамадскасць, венгерская меншасць, Канстытуцыйны Суд, адукаваная частка насельніцтва (асабліва ў вялікіх гарадах), няўрадавыя арганізацыі, многія СМІ, сама ідэя еўрапейскай інтэграцыі і, не ў апошнюю чаргу, крытычнае стаўленне заходніх краін да існага рэжыму.

Многіх славакаў Мечыяр сам настроіў супраць сябе крытыкай ліберальнай дэмакратыі, аднак найбольшую незадаволенасць ён выклікаў сваімі фінансавымі аферамі (і аферамі блізкіх да яго прыватызатараў). Не спрыяў папулярнасці Мечыяра і яго палітычны курс, які радыкальна розніўся з выбарам Чэхіі, Венгрыі ды Польшчы (асабліва гэта тычылася выключэння з працэсаў еўрапейскай інтэграцыі). Да таго ж, неталерантнасць адносна венгерскай меншасці, якую рэжым Мечыяра актыўна выкарыстоўваў у сваіх палітычных мэтах, спакваля страціла сваю актуальнасць.

Барацьба з мечыярызмам сталася цэнтральным палітычным канфліктам, які дамінаваў у славацкім грамадстве цягам амаль усіх 1990-х гг. У параўнанні з гэтым канфліктам, усе астатнія адступілі на другі план.

Рэферэндум 1997 г., калі ўлада сілавым прымусам адхіліла пытанне аб наўпроставым выбары прэзідэнта ўсім насельніцтвам краіны, эмацыйна наэлектрызаваў грамадства, змяніўшы апатычнае незадавальненне рэжымам на актыўную барацьбу з ім.

Да таго ж, апазіцыйныя партыі навучыліся супрацоўнічаць паміж сабой і таму змаглі згуртавацца, што дазволіла мінімізаваць страту галасоў сярод прыхільнікаў менавіта гэтых партый на вырашальных выбарах 1998 г. Падчас перадвыбарчай агітацыі эфектыўнай была і электаральная мабілізацыя, да якой спрычынілася вартая здзіўлення актывізацыя няўрадавых арганізацый. Дасягнутага выніку, аднак, нельга было б дамагчыся без заангажаванасці ў перамены часткі СМІ.

Электаральная мабілізацыя прыцягнула да ўдзелу ў выбарах многіх маладых людзей (сярод іх і тых, хто галасаваў упершыню), адукаваную частку грамадства і насельніцтва гарадоў. У 1998 г. удзел гарадскога насельніцтва ў выбарах наблізіўся да вясковага, які ў папярэднія гады быў значна вышэйшым.

Быў яшчэ адзін немалаважны фактар, які не часта згадваецца. Незадоўга да выбараў 1998 г. узнікла новая палітычная партыя (Партыя Грамадскай Згоды). Сваёй “цэнтрысцкай гульнёй” яна хаця і адабрала нейкую частку выбарцаў у антымечыяраўскіх партый, але адабрала іх і ў мечыяраўскага РЗДС. Пасля выбараў ПГС уступіла ў новую ўрадавую антымечыяраўскую кааліцыю, маючы на мэце зрабіць старшыню партыі (былога мэра Кошыц Рудольфа Шустэра) прэзідэнтам Славацкай Рэспублікі.

Актыўнасць апазіцыйных палітычных партый, няўрадавага сектара і міжнароднай супольнасці паспрыяла таму, што на выбарах 1998 г. не адбылося ашуканства. Першае месца з мінімальнай перавагай галасоў атрымаў РЗДС Мечыяра, але ён не змог скласці ўрадавай кааліцыі, а вось нядаўнія апазіцыйныя партыі (кансерватыўныя, ліберальныя, правыя, левыя і нават партыя венгерскай меншасці) такую кааліцыю стварылі. Уключэнне ва ўрадавую кааліцыю партыі венгерскай меншасці аказалася не простай справай: трэба было пераадолець уласны недавер да яе і не збаяцца адмоўнай рэакцыі славацкага грамадства на саюз з венгерскай меншасцю. Аднак, як паказаў час, нейкіх заўважных антывенгерскіх рэакцый, якія б паставілі пад пагрозу існаванне антымечыяраўскай урадавай кааліцыі, не адбылося.

Стракатасць урадавай кааліцыі пасля выбараў 1998 г. (асабліва наяўнасць у ёй левых партый) пазней вельмі ўскладняла кіраванне краінай, бо ўвесь час патрабавала пераадолення ўнутрыкааліцыйных спрэчак і значных саступак адзін аднаму. Але ўсё гэта разам не адмаўляе станоўчага выніку ад змены палітычнай улады ў краіне, якая дазволіла Славакіі вярнуцца на ліберальна-дэмакратычны шлях развіцця.

Затуханне палітычнага канфлікту паміж аўтарытарызмам і палітычным лібералізмам вызваліла месца для новых канфліктаў і падзелаў у славацкім грамадстве, якія, з аднаго боку, адлюстроўваюць, а з другога — ініцыююць самі палітычныя партыі. У апошні перыяд на пярэдні план выступіла супрацьстаянне левых і правых сіл, якое ўскладняецца палемікай кансерватараў з лібераламі наконт формы ўладкавання сацыяльнага жыцця. Аднак гэта ўжо іншы “раздзел” гісторыі, у якім новыя канфлікты Славакіі не вельмі адрозніваюцца ад тых, што не абмінаюць кожнае грамадства з ліберальна-дэмакратычным рэжымам.


Соня Самалані. Наш шлях да стандартнай дэмакратыі

УВОДЗІНЫ

Сёння ўжо відочна, што песімістычныя прагнозы сацыёлагаў, датычныя развіцця краін сярэдняўсходняй Еўропы (СУЕ) (Джон Элстэр, Сэймур Марцін Ліпсэт, Клаўс Офэ, Адам Пшэворскі і г.д.), як, зрэшты, і айчынныя сцэнары верагоднай катастрафы, не спраўдзіліся. Яшчэ ў 1997 г., у часы палітычнай нявызначанасці і “змагання за правілы гульні”, кансалідаваная дэмакратыя лічылася для Славакіі менш праўдападобнай за адзін з варыянтаў нестабільнага рэжыму (Szomolбnyi, 1997, s. 24). У 1997 г. ў знакамітым рэйтынгу “Freedom House” Славакія апынулася на дзевятым месцы (з балам 3,80), што адпавядала ўзроўню Расіі і толькі ненамнога апярэджвала Македонію і Малдову (3,90). Праз шэсць гадоў (2003) Славакія зрабіла вялікі скачок з дзевятага месца на чацвёртае і такім чынам размясцілася ў групе кансалідаваных дэмакратыяў. Да таго ж, з мая 2004 г. яна далучылася да сваіх суседзяў, стаўшы сябрам ЕС.

У сувязі з такой нечаканай пераменай сітуацыі ўнутры Славакіі і вакол яе напрошваюцца два пытанні, на якія я і паспрабую знайсці адказы. Пачнем з першага: чаму дэмакратычны пераход Славацкай Рэспублікі быў больш складаным і пакручастым, чым у яе суседзяў, і ў якім сэнсе гэты шлях ўяўляў з сябе “дэвіяцыю” (адхіленне). Другім будзе пытанне наконт фактараў, якія паспрыялі таму, што Славакія пасля колькігадовага адхілення зноў заняла пазіцыі побач са сваімі сярэднееўрапейскімі суседзямі.

Апрача таго, досвед Славакіі, якая здолела даць рады як з нацыянальна-аўтарытарнымі памкненнямі (асабліва ў перыяд 1994—1998 гг.), так і з праблемнай структурнай спадчынай, можа мець практычнае значэнне для краін, што дагэтуль не дасягнулі поспеху ў посткамуністычнай дэмакратызацыі.


ПРАБЛЕМНАСЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНАГА ПЕРАХОДУ

З прычыны канфлікту на ўзроўні найвышэйшых канстытуцыйных чыннікаў і аўтарытарных тэндэнцый у часе кіравання Уладзіміра Мэчыяра ў 1994—1998 гг. Славакія не адпавядала капенгагенскім палітычным крытэрам для ўступлення ў ЕС і, адрозна ад астатніх трох краін вышаградскай чацвёркі, не была запрошана ў НАТА. Таму яна і ўспрымалася як праблемны выпадак у складзе гэтай групы (гл.: Бgh, 2001; Heinrich, 1999; Kitchelt, 1995; Pridham, 2001; 2002; Szomolбnyi, 1999). І хоць неўзабаве Славакія пачала паспяхова скарачаць сваё адставанне ад суседзяў, аднак яшчэ перад вераснёўскімі выбарамі 2002 г. ступень няпэўнасці наконт яе развіцця была вышэйшай, чым у іншых краінах вышаградскай дамовы. Прычым, нават нягледзячы на тое, што, адрозна ад усіх папярэдніх парламенцкіх выбараў (1990, 1992, 1994 і 1998 гг.), у 2002 г. вырашалася пытанне не выжывання дэмакратыі, а яе эфектыўнасці.

Славакія ў 90-х гг. была для кампаратывістаў-класіфікатараў цвёрдым арэшкам, бо ўяўляла з сябе “памежны выпадак” паміж сярэднееўрапейскімі краінамі, якія паспяхова рухаліся наперад у працэсе трансфармацыі, і краінамі паўднёва-ўсходняй Еўропы, якія рэфармаваліся марудна. Пакручастасць транзіцыйнага шляху Славакіі звязана з тым, што пасля атрымання дзяржаўнай незалежнасці яна паступова пачынае адхіляцца ад ранейшай чэхаславацкай траекторыі і сярэднееўрапейскага фармату транзіту да ўсходнееўрапейскага, каб пасля змены ўраду ў 1998 г. вярнуцца назад у вышаградскую групу і пачаць скарачаць адставанне ў працэсах інтэграцыі з Еўрапейскім Саюзам і НАТА.

У канцэнтраваным выглядзе адказ на пытанне, чаму Славакія сталася “памежным выпадкам” між сярэднееўрапейскімі краінамі і краінамі паўднёва-ўсходняй Еўропы, можна сфармулявацьь наступным чынам. З гледзішча ўмоў, якія тэарэтычна лічацца базавымі для станаўлення сучаснай дэмакратыі, у Славакіі, параўнальна з яе сярэднееўрапейскімі суседзямі, выявілася найбольшая колькасць гістарычна абумоўленых задач, якія яна мусіла вырашаць не адну за адной паслядоўна, але адначасова і сінхронна. Наспелыя трансфармацыйныя працэсы, якія ў суседзяў былі разведзены ў часе, у нас аказаліся шчыльна знітаванымі міжсобку. Славакія — адзіная краіна ў рэгіёне, якая ў адначассе рэалізоўвала тры канцэптуальныя трансфармацыі. Акрамя эканамічнай і палітычнай, было яшчэ неабходна трансфармаваць федэратыўную краіну ў самастойную дзяржаву, што, у дадатак, запатрабавала завяршэння працэсаў нацыянальнай кансалідацыі. Паняццем “нацыянальная кансалідацыя” тут мы абазначаем пераўтварэнне дамадэрнай, фрагментарнай і рэгіянальна дыферэнцыяванай грамады ў агульную супольнасць. Гэты працэс яшчэ быў далёка не завершаны, калі паўстала самастойная дзяржава. І таму палітыкам было нескладана выкарыстоўваць этнічную гетэрагеннасць насельніцтва Славакіі як інструмент у вырашэнні ўласных задач, як гэта было падчас трэцяга Мэчыяравага кіравання, калі пасля выбараў 1994 г. ўладная эліта змагла атрымаць манаполію над прыбыткамі ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

Падзел чэхаславацкай федэрацыі дадаў абедзвюм яе часткам да задач эканамічнай і палітычнай трансфармацыі яшчэ адну — збудовы самастойных дзяржаў. Аднак задача гэтая толькі з фармальнага гледжання была аднолькавай у абедзвюх краінах-пераемніцах. Цэнтр былой федэрацыі зрабіўся цэнтрам чэшскай дзяржавы, які скарыстаў усе былыя інстытуты і адміністрацыйна-экспертныя “know how”. Таксама й з пазіцыі “прыдатнай для ўжытку гісторыі” Чэхія мела больш спрыяльныя ўмовы для адбудовы ўласнай дзяржаўнасці. Акрамя гістарычнага досведу чэшскай дзяржаўнасці, што ўтрымліваўся і ў найменні “гістарычныя землі чэшскія”, станаўленне першай Чэхаславацкай Рэспублікі пакінула пасля сябе багаты гістарычны досвед, з якога маглі карыстацца і стваральнікі інстытутаў незалежнай Чэшскай Рэспублікі. Наадварот, досвед ваеннай Славацкай дзяржавы 1939—1945 гг. быў для Руха за Дэмакратычную Славакію (РЗДС), пераможцы выбараў 1992 г., які абвяшчаў сябе “заснавальнікам” славацкай дзяржаўнасці, непрыдатным для скарыстання. Дзеля паспяховага пераходу да дэмакратыі, як і для кансалідацыі грамадства, істотны быў менавіта папярэдні дэмакратычны досвед, якога ў славакаў было не шмат (гл.: Schmitter, 1994, s. 65).

З гісторыка-сацыялагічнай перспектывы да значных дэтэрмінантаў транзіцыйнага шляху належаць час і характар мадэрнізацыі краіны ў розныя перыяды. Запозненая перыферыйная мадэрнізацыя Славакіі на пачатку стагоддзя ў межах Аўстра-Венгрыі, а затым у складзе ЧСР і дэфармаваная мадэрнізацыя савецкага тыпу паказваюць, чаму асноўная палітычная палярызацыя славацкага грамадства 90-х гг. палягала ў дыскурсе культурнага канфлікту, а не сацыяльна-эканамічнага, як у Чэхіі. Венгрыя ды Польшча таксама зведалі запознены і перыферыйны тып мадэрнізацыі, але, адрозна ад гэтых краін, якія мелі даўнюю гісторыю ўласнай дзяржаўнасці, у Славакіі ва ўсіх мадэрнізацыйных хвалях дамінавалі г.зв. экзагенныя суб’екты (напрыклад, банкі з сядзібай у Вене або ў Будапешце), што таксама запавольвала праніканне ліберальных ідэй у славацкае асяроддзе. Да таго ж, параўнальна з суседзямі, Славакія мела найвышэйшую ступень этнічнай гетэрагеннасці і вызначалася больш сегментаванай палітычнай культурай ды кароткім досведам уласнай дзяржаўнасці, а да таго ж, і апрычоным спосабам яе паўставання. Спосаб, якім вырашалася праблема дзяржаўнасці ў былой Чэхаславакіі, палярызаваў эліты і грамадства Славакіі так, як у ніводнай з суседніх краін (Szomolбnyi, 1997).

Насуперак устойліваму меркаванню, што транзіцыйны шлях Славакіі быў больш складаным, чым у астатніх краінах вышаградскай групы, былая сітуацыя ў Славакіі, асабліва пасля выбараў 1994 г., не ёсць падставай, каб класіфікаваць краіну як “дэвіянтны выпадак” у сэнсе вылучэння з эмпірычнай генералізацыі (абагульнення — рэд.) альбо як выпадак, які ставіў бы пад сумнеў некаторыя базавыя канцэпты тэорыі дэмакратыі. Наадварот, Славакія 90-х гг. пацвярджае сілу эмпірычных генералізацый (Dahl, 1989; Elster et all, 1998; Whitehead, 2000; Kitchelt, 1999; Evans and Whitefield, 1998), што вызначаюць умовы, пры якіх паспяховая дэмакратычная кансалідацыя тэарэтычна падаецца досыць праблематычнай. Большасць згаданых аўтараў пагаджаецца, што ў краінах, дзе адбываецца фармаванне дзяржавы сінхронна з дэмакратызацыяй, працэс дэмакратычнай кансалідацыі, з азначэння, вельмі складаны. За песімістычнымі прагнозамі наконт дэмакратычнага развіцця славацкага грамадства стаяла эмпірычна выразная наяўнасць такіх неспрыяльных умоў, як этнічна-культурная гетэрагеннасць, субкультурныя канфлікты, адсутнасць кансэнсуальнанай эліты і кароткі досвед уласнай дзяржаўнасці.


ТЭАРЭТЫЧНА АБУМОЎЛЕНАЯ ТРАЕКТОРЫЯ І НЕЧАКАНЫ ВЫПАДАК

Фармаванне самастойнай дзяржавы пасля ціхага падзелу Чэхаславакіі сапраўды ўскладніла працэсы дэмакратызацыі. Пытанні нацыянальнай ідэнтынасці і ўласнай дзяржаўнасці належалі да чыннікаў, якія палярызавалі Славакію як на ўзроўні эліт, так і шырокай грамадскасці, не перастаючы падзяляць яе й пасля ўтварэння незалежнай Славацкай Рэспублікі. З узнікненнем у 1993 г. новай дзяржавы да канфліктаў вакол ідэнтычнасці, нацыянальнага пытання і правоў этнічных меншасцяў дадаліся спрэчкі вакол эканамічнай трансфармацыі, асабліва прыватызацыі, а таксама канфрантацыйнага і аўтарытарнага стылю кіравання Мэчыяра і ягонай кааліцыі. Паводле тэорыі “залежнасці ад траекторыі” (“path dependency”), Славакія рухалася праз адзін з тых дэмакратычных пераходаў, які, пры адсутнасці кансэнсуальнай эліты, палярызуе грамадства, што, у сваю чаргу, мусіць выліцца або ў некансалідаваную дэмакратыю (псеўдадэмакратыю), або ў вяртанне да аўтарытарызму. Выснова, якая вынікае з такой дэтэрмінісцкай тэорыі, гучыць наступным чынам: кансалідаваная дэмакратыя вельмі малаверагодная ў краіне, дзе няма кансэнсуальнай эліты. Менавіта гэткую сітуацыю мы й мелі ў Славакіі 90-х гг.

Цэнтральнае месца нацыянальнага пытання і міжэтнічных стасункаў у палітыцы Славакіі абумоўлена не асаблівасцямі палітычнай культуры, этнічнай неталерантнасці або нацыяналізму. Такі стан рэчаў — вынік структурных праблем з пабудовай дзяржавы і наяўнасцю значнай венгерскай меншасці з яе гістарычнымі сувязямі з суседняй Венгрыяй, а таксама прысутнасцю шматлікай цыганскай папуляцыі. Традыцыйна лічыцца, што ва ўмовах высокай этнічнай гетэрагеннасці правы этнічных меншасцяў робяцца важнай тэмай міжпартыйнай барацьбы (гл.: Evans — Whitefield, 1998). І з гэтых прычын Славакія прэзентуецца як краіна з не вельмі спрыяльнымі ўмовамі для кансалідацыі дэмакратыі. “Там, дзе адыгрываюць немалую ролю этнічныя адрозненні і дзе палітычныя сілы абцяжараны дадатковай праблемай пабудовы дзяржавы, там палітычная палярызацыя і нецывілізаваныя формы палітычнага спаборніцтва і барацьбы пераважаюць. Гэта выпадак Славакіі” (Elster 1998, s. 148).

Праўдзівасць падобнай генералізацыі пацвярджаюць эмпірычныя звесткі пра асноўны палітыка-культурны канфлікт, што праходзіць па этнічнай лініі між славакамі і венграмі (гл.: Krivэ, 1997). Хоць гэтае размежаванне нельга лічыць фатальным, яно дае магчымасць нацыянал-папулісцкім палітыкам у імя заваявання палітычнай і эканамічнай улады мабілізаваць патэнцыял міжэтнічнай напружанасці і гістарычнай зацятасці. Да таго ж, этнічнасць — як эматыўная тэма — зазвычай ставіць у цэнтр улады дэмагогаў, падобных да Мэчыяра. Калі пагадзіцца, што праз этнічную лінію размежавання вельмі цяжка перакінуць масток паразумення, бо кожная ідэнтычнасць моцна фіксаваная, а міжэтнічныя палітычныя канфлікты няпроста вытлумачыць інструментальнымі сродкамі, дык можна чакаць, што ў такой краіне ўзровень палітычнай канфліктнасці і нестабільнасці эліты будзе вышэйшым, чым там, дзе дамінуюць адно сацыяэканамічныя рознагалоссі (як у выпадку Чэшскай Рэспублікі). Радыкальныя ж канфлікты, да якіх належаць і этнічныя, артыкулююцца — адрозна ад дыстрыбуцыйных, — у фармаце “або — або”, таму іх складана змінімізаваць. Палітычнае развіццё Славакіі ў 90-я гг. падае чарговы эмпірычны доказ праўдзівасці падобнага цверджання.

Наступная генералізацыя сведчыць пра залежнасць між характарам папярэдняга рэжыму і працэсам дэмакратызацыі. Так, напрыклад, Кітчэлт у сваёй ацэнцы трываласці і жыццяздольнасці посткамуністычных дэмакратыяў выказвае меркаванне, што гэтыя шанцы істотна большыя ў краін з бюракратычна-аўтарытарным і нацыянальна-прыстасоўным рэжымам, чым з патрыманіяльным (тэрмін Вэбэра). У ягонай мадэлі залежнасці формы посткамуністычнага рэжыму ад тыпу камуністычнага рэжыму Харватыя і Славакія — як новыя незалежныя дзяржавы — уключаны ў адзін шэраг з балтыйскімі і іншымі постсавецкімі рэспублікамі. Але калі Харватыю ён залічвае да нацыянальна-прыстасоўнай формы камуністычнага рэжыму, дык Славакію характарызуе як прыклад камбінацыі элементаў абодвух тыпаў — нацыянальна-прыстасоўнага і патрыманіяльнага. Хаця нацыянальнае камуністычнае кіраўніцтва імкнулася да нацыянальна-прыстасоўнага ўладавання ўнутры гэтых рэспублік, усё ж абедзвюм бракавала падтрымкі грамадзянскай супольнасці, якая ціснула б на эліты знізу. Таму былыя камуністычныя сістэмы ў гэтых краінах, як і спосаб іх зліквідавання, маюць многія рысы патрыманіялізму, г.зн. належаць да тыпу, найменш спрыяльнага для далейшай змены рэжыму (Kitchelt, 1999, s. 41). Такім чынам, з пункту гледжання тэорыі дэмакратызацыі выглядала на тое што дэмакратычны пераход Славакіі ў 90-я гады будзе вельмі складаным.


ШТО ПАСПРЫЯЛА ДЭМАКРАТЫЧНАЙ КАНСАЛІДАЦЫІ?

Маючы апісаную вышэй структурную спадчыну, якая вызначалася моцнай інерцыяй, цалкам натуральна паўстае пытанне: чаму насуперак аўтарытарным памкненням нацыянал-папулісцкай кааліцыі ў Славакіі адбыўся дэмакратычны пераход? Ці на гэта паўплывалі інстытуцыйныя чыннікі, г.зн. дзеянне і інерцыя спрыяльных для дэмакратызацыі канстытуцыйных законаў? Ці змена канфігурацыі палітычных эліт у бок кансэнсусу? Альбо стратэгічная кансалідацыя ўсіх нацыянальных эліт у патрэбны час? А можа загалоўную ролю адыграў так часта згадваны пасля выбараў 1998 г. культурны зрух, змена пазіцый усяго грамадства пасля пэўнага перыяду “спроб і памылак”? Альбо, нарэшце, тут перадусім меў значэнне вонкавы чыннік — “ЕС-кандыцыянальнасць”? Кожнае з гэтых пытанняў заслугоўвае самастойнага даследавання, таму далей я паспрабую толькі часткова адказаць на некаторыя з іх.

Найперш што да інстытуцыйных чыннікаў. Перыяд інстытуцыялізацыі новага рэжыму ў 1990—1992 гг. прайшоў у рамках агульнай чэхаславацкай дзяржавы, а з красавіка 1991 г. (пасля першай адстаўкі Уладзіміра Мэчыяра) — і пад кантролем некамуністычнага ўраду Яна Чарнагурскага. Таму, напрыклад, вызначэнне перамен у Славакіі, разам з Балгарыяй, як выпадку “абмежаванай лібералізацыі пад кантролем камуністаў” (Linz — Stepan, 1996) не адпавядае сапраўднасці. Падчас “федэральных” змен і для Славакіі былі ўсталяваны парламенцкая форма кіравання ды прапарцыйная выбарчая сістэма, (што, натуральна, лічыцца спрыяльнымі для дэмакратыі інстытуцыйнымі рамкамі), якія захаваліся і ў незалежнай Славакіі. Інерцыя першапачаткова ўсталяваных інстытутаў паспрыяла таму, што нават недэмакратычныя палітыкі не змаглі ў далейшым скіраваць Славакію на аўтарытарны шлях. Пра тое ж сведчаць і спробы Мэчыяравай кааліцыі змяніць гэтыя рамкі. Неўзабаве пасля выбараў 1994 г. трэці ўрад Мэчыяра ўжо на першым пасяджэнні новага парламенту пачаў дамагацца змены саміх “правіл гульні” — падмурку законаў паслялістападаўскага рэжыму. Акрамя рэалізаваных змен падчас згаданага начнога пасяджэння Нацыянальнай Рады Славацкай Рэспублікі, былі зафіксаваны спробы змены канстытуцыйных рамак, асноўнымі складнікамі якіх былі парламенцкая сістэма ўлады і прапарцыйная выбарчая сістэма. Пераможца выбараў РЗДС дамагаўся й замены парламенцкай сістэмы на прэзідэнцкую, але натыкнуўся на прынцып кваліфікаванай большасці, дзеля пераадолення якога ўладнай кааліцыі не хапіла 7—8 галасоў.

Аналіз канстытуцый у краінах СУЕ паказаў, што нават калі яны недасканалыя (з гледжання зместу і таго, як іх прымалі), дык усё раўно выконваюць сваю функцыю — “трымаць інстытуцыйную барацьбу за ўладу ў рамках прававых і палітычных умоў, спрыяльных для прышчаплення дэмакратыі” (Elgie — Zielonka, 2001, s. 47). Гэта датычыць і канстытуцыі Славацкай Рэспублікі, якую нярэдка і справядліва крытыкуюць за супярэчлівыя законы. З аднаго боку, яе хібы, з адсутнасцю духу канстытуцыяналізму, далі магчымасць уладнай нацыянал-папулісцкай эліце кіраваць краінай у стылі “пераможца бярэ ўсё”, але з другога, — менавіта гэтая канстытуцыя знемагчыміла Мэчыяру і яго кааліцыі рэалізаваць напоўніцу аўтарытарныя намеры. Таму Славакія і пры гэтым кіраванні засталася дэмакратыяй, хай сабе й не ліберальнай і не стабільнай. Я падзяляю думку, што “хібы канстытуцыі маглі паспрыяць няўдачы кансалідаванай дэмакратыі ў Славакіі, але ёсць падставы меркаваць, што й намнога больш дасканалая канстытуцыя прывяла б да падобных вынікаў” (Elster et al., 1998, s. 291). Такім чынам, можна падагульніць, што недасканалая канстытуцыя давала магчымасць ураду ў 1994—1998 гг. кіраваць краінай на мяжы канстытуцыйнасці, але ўвогуле канстытуцыйныя рамкі, у т.л. за конт таго, што яны былі сфармаваны яшчэ ў “федэральны” рэфармацыйны перыяд, сталіся перашкодай для больш паспяховага выкарыстання аўтарытарных тэндэнцый уладнай кааліцыяй на чале з Мэчыярам.

Павароту ў пазітыўны бок пасля выбараў 1998 г. паспрыялі й некаторыя стратэгічныя рашэнні партыйных эліт, без якіх не ўдалося б адхіліць нацыянал-аўтарытарныя сілы ад ўлады і тым самым стварыць умовы для паступовага зруху ў бок кансэнсуальнасці. Дакладна за год да выбараў, у 1997 г., былі прыняты наступныя рашэнні:

— Партыі правага цэнтру пасля дамовы з Венгерскай кааліцыяй здолелі рэалізаваць уласныя палітычныя памкненні (праект закону аб наўпростых выбарах прэзідэнта, петыцыя за прызначэнне рэферэндуму аб наўпростых выбарах прэзідэнта, мабілізацыя шырокай грамадскасці дзеля падтрымкі сваіх мэт).

— Пяць дэмакратычных партый — ХДР (Хрысціянска-дэмакратычны рух), ДП (Дэмакратычная партыя), ДУ (Дэмакратычная унія), ПЗС (Партыя зялёных Славакіі), СДПС (Сацыял-дэмакратычная партыя Славакіі) — пасля змены выбарчага закону, які ставіў у невыгоднае становішча кааліцыі, вырашылі злучыцца і зарэгістравацца як самастойны палітычны суб’ект з назвай “Славацкая дэмакратычная кааліцыя”. Так узнікла рэальная альтэрнатыва ўсё яшчэ дамінантнаму РЗДС.

— Да падобнай інтэграцыі былі гэтаксама змушаны й партыі венгерскай кааліцыі — ВХДР (Венгерскі хрысціянска-дэмакратычны рух), Egyьttйlйs/Сужыццё, ВГП (Венгерская грамадзянская партыя), — якія стварылі супольную Партыю венгерскай кааліцыі.

З карэктнай ацэнкаю чыннікаў палітычнай культуры і пазіцыйных кантэкстаў дэмакратызацыі высвятляецца, што культуралісцкая гіпотэза, якая падкрэслівае палітычную адметнасць Славакіі як прычыну складанасцяў яе пераходу да дэмакратыі, не пацвердзілася (гл.: Evans — Whitefield, 1998). Хаця апошняе не адмаўляе таго факту, што каштоўнасныя арыентацыі прыхільнікаў нацыянал-папулісцкіх партый (РЗДС, СНП, ЗПС) дазволілі ім у 1994—1998 гг. беспакарана змяняць правілы гульні на сваю карысць.

Падобна, і паварот курсу пасля выбараў 1998 г. няможна вытлумачыць як вынік культурнага зруху, пасля якога істотна паменшала колькасць прыхільнікаў Мэчыяравага РЗДС. У рэшце рэшт, яны ніколі й не мелі большасці, але з прычыны значнай фрагментаванасці партый справа ад цэнтру пасля выбараў 1994 г. РЗДС хапіла нават траціны галасоў дзеля атрымання перавагі ў парламенце і рэалізацыі “тыраніі большасці”.

Павароту ў пазітыўны бок паспрыялі не столькі змены на ўзроўні палітычнай культуры, колькі ўзмацненне кансэнсуальнасці дэмакратычных эліт, якія — навучаныя папярэднімі паразамі — прыйшлі напярэдадні выбараў 1998 г. да супрацоўніцтва, у выніку чаго й атрымалася нарэшце выціснуць Мечыяра і ягоны РЗДС з цэнтру палітычнай сістэмы. Нават вынікі выбараў 2002 г. не дазваляюць казаць пра нейкі значны зрух у палітычнай свядомасці славакаў. Упэўнена можна казаць толькі пра дэмабілізацыю тых сегментаў насельніцтва, што раней былі сітуацыйна прыцягнуты дзеля падтрымкі РЗДС і СНП.

Кажучы тэзісна, стабілізацыя дэмакратыі ў Славакіі ёсць вынікам складанай дынамікі, абумоўленай шматлікімі стасункамі ва ўзаемадзеяннях айчынных інстытуцыяналізаваных суб’ектаў (эліт, кааліцый, груп па інтарэсах) і моцнага ўплыву з боку ЕС. Гэты ўплыў, аднак, мог быць эфектыўным толькі тады, калі й айчынныя акторы палітычнай сцены ды само грамадства мелі рэальную сілу і жывыя памкненні да еўраінтэграцыі. Для надзвычай высокай падтрымкі грамадствам ідэі інтэграцыі не апошнюю ролю адыграў негатыўны досвед 1997 г., калі Славацкая Рэспубліка за невыкананне пэўных палітычных умоў была выключана з першай групы кандыдатаў на ўступленне ў ЕС. Гэты досвед “пэўнай забранасці перспектыў” апазіцыйныя эліты здолелі ў свой час пазітыўна трансфармаваць у непрыняццё большасцю насельніцтва нацыянал-папулісцкіх партый на выбарах 1998 г. Жаданне вывесці Славакію з ценю “чорнай авечкі” зрабілася агульным. Пытанне “калі і ці ўвогуле” Славацкая Рэспубліка ўвойдзе ў шэраг іншых краін-кандыдатаў на ўступленне ў ЕС сталася цэнтральнай тэмай айчыннай палітыкі. Гэтая рашучасць эліт і грамадскасці дала магчымасць прадстаўнікам ЕС больш дзейсна ўплываць на Славакію, патрабуючы выканання шэрагу палітычных крытэраў (стабільнасць інстытуцый, правы чалавека, правы меншасцяў і г.д.). Падчас Мэчыяравага кіравання націск ЕС (крытыка, дэмаршы і да т.п.) выяўляўся толькі ўскосна, а менавіта праз грамадскасць, якая ў імя сяброўства ў ЕС больш актыўна ангажавалася ў барацьбе супраць аўтарытарных тэндэнцый уладаў. Гэтая канфрантацыя з уладамі ў канчатковым выніку і ўзмацніла эмансіпацыю, паскорыўшы фармаванне грамадзянскай супольнасці.

Вонкавы ўплыў у гісторыі не толькі Славакіі, але і ўсіх краін СУЕ быў вырашальным фактарам інстытуцыйных змен. За праяву пэўнай гістарычнай пераемнасці можна ўважаць і ўплыў непасрэдна “ЕС-кандыцыянальнасці”. Ролю гэтага чынніку ў стабілізацыі дэмакратыі ў Славакіі нельга недаацэньваць, аднак і няма падстаў называць яго асноўнай прычынай, бо дасягнутая кансалідацыя дэмакратыі насамрэч ёсць сумай некалькіх зменных велічынь — іншымі словамі, гэта вынік спалучэння рашучасці дэмакратычных эліт, актыўнасці грамадскасці і вонкавага ўплыву — г.зн. падтрымкі дэмакратычных сіл з боку ЕС.

Вынікі выбараў 2002 г. стварылі ўмовы для працягу пазітыўнай тэндэнцыі. Нечакана вялікая колькасць выбарцаў, якая навучылася разважаць стратэгічна, дзякуючы пэўнай долі ўдачы, умагчыміла пераемнасць улады рэформавых сіл ад папярэдняй шырокай “лева-правай” кааліцыі. Да таго ж, адбыліся маргіналізацыя і выдаленне экстрэмальных нацыяналістычных сіл з парламенту, за конт чаго быў дасягнуты такі шырокі кансэнсус рэлевантных палітычных эліт, як ніколі дагэтуль. Лідэры партый правага цэнтру пад час фармавання ўраду праявілі здольнасць дамаўляцца і ў імя кансэнсусу ісці на кампрамісы. Таксама пацвердзілася, што Уладзімір Мэчыяр на дзесятым годзе дзяржаўнай незалежнасці ўжо не той чалавек, які можа ўплываць на фармаваннепалітычных арыентацый Славакіі. Праўда, ён яшчэ заставаўся загалоўнай постаццю ў РЗДС, які пад яго кіраўніцтвам зноў атрымаў найбольш галасоў, але ў выніку амаль нулявога кааліцыйнага патэнцыялу РЗДС рэальна выбары прайграў і другі раз быў асуджаны на ролю апазіцыі.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

На пытанні, сфармуляваныя ва ўводзінах — “як гэта здарылася і якія фактары былі вырашальнымі для ўваходжання Славакіі ў групу новых кансалідаваных дэмакратый?” — можна сцісла адказаць наступным чынам: кансалідаваная дэмакратыя ў Славакіі ёсць вынікам комплекснай дынамікі як унутраных фактараў (інстытуцыйныя рамкі, часткова створаныя яшчэ ў перыяд супольнай чэхаславацкай трансфармацыі, паступовае пераўтварэнне разасобленай эліты ў кансэнсуальную, паскоранае палітызаванне грамадскасці і моцная падтрымка славакамі ідэі сяброўства ў ЕС), так і вонкавых (замежнае фінансаванне і лагістычная падтрымка для няўрадавых арганізацый і дэмакратычнай апазіцыі, націск з Брусэлю на кіроўныя эліты Славацкай Рэспублікі з мэтай выканання палітычных патрабаванняў, патрэбных дзеля ўступлення ў ЕС).

Правамоцна спытаць: а што гісторыя дэмакратызацыі Славакіі можа даць, напрыклад, Беларусі, у якой пераход ад Лукашэнкавага аўтарытарнага рэжыму яшчэ нават не распачаўся? З перспектывы неабходнасці структурных перадумоў для ажыццяўлення дэмакратыі (Барынгтан Мур, Сэймур Марцін Ліпсэт) адказ будзе іншым, як з гледжання класікаў транзіталогіі. Рознасць адказаў будзе тут вынікаць з таго, на што будзем абапірацца — альбо на гістарычны фаталізмам структурных дэтэрміністаў, альбо на “пасібілізмам”, г.зн., такі інтэлектуальны канструкт, які, ахвочы прыпісваць інстытуцыйныя ўтварэнні чалавечай волі альбо разважлівай здольнасці да правільных рашэнняў у патрэбны час.

Сёння, калі Славакія ўжо ёсць кансалідаванай дэмакратыяй, некаторыя аўтары рэтраспектыўна сцвярджаюць, што, уласна кажучы, Славакіі — акрамя кароткачасовай анамаліі дэфектнай дэмакратыі — нішто вяртаннем да аўтарытарнага рэжыму не пагражала. Бо з доўгатэрміновага гледзішча такія спрыяльныя структурныя фактары, як параўнальна высокая ступень сацыяэканамічнага развіцця і высокі ўзровень адукаванасці, разам з геапалітычнай сітуацыяй (вакол былі краіны ЕС), выяўляліся мацнейшымі, чым антыдэмакратычныя палітычныя памкненні. Даследчыкі, якія прытрмліваюцца такога погляду, нават робяць выснову: “значнасць гэтых структурных фактараў выключае меркаванне, што Славакія магла б быць мадэльным прыкладам для іншых дэфектных дэмакратый, раз большасць з іх не дасягае падобнага ўзроўню сацыяэканамічнага развіцця і не мае надзеі на дэмакратызацыю шляхам еўраінтэграцыі” (Merkel — Croissant, 2004, s. 210).

Нешта мне не дазваляе з такой высновай пагадзіцца. Можа, тое, што сёння (амаль выпадак Іспаніі!) уяўляецца гісторыяй поспеху: у крытычныя моманты магло адбыцца й зусім інакш, калі б не было своечасовых стратэгічных рашэнняў палітычных актораў (суб’ектаў), а таксама пэўнай удачы. Аргументам супраць падобнага дэтэрмінізму ёсць і згаданыя вышэй не вельмі спрыяльныя структурныя ўмовы, з якімі славакі на пакручастым шляху да стабільнасці паспяхова справіліся.

Транзітолагі паспрыялі — як у тэорыі, так і ў практыцы — рэдукцыі песімізму адносна магчымасці адолець аўтарытарызм у краінах, якія не выконвалі абавязковых умоў для станаўлення працэсаў дэмакратызацыі. Тое, што яны акцэнтуюць увагу на акторах (суб’ектах) і структурных перадумовах дэмакратыі, я разумею як вынік стратэгічнага паразумення палітычных эліт, якія азіраюцца на грамадзянскую супольнасць. Аўтары сёння ўжо класічнай працы “Transitions from Authoritarian Rule” (O’Donnell, Schmitter і Whitehead, 1986) заразілі і акадэмікаў, і шараговых, але актыўных грамадзян “апантанасцю надзеяй”. “Пасібілісцкі” падыход разумее дэмакратызацыю як тое, да чаго можна імкнуцца, што можна культываваць і з чаго пры найменшай удачы дэмакратыя можа заквітнець нават насуперак неспрыяльным умовам. Гэты аптымізм, акцэнтуючы ўвагу на стратэгічным выбары, паспрыяў поспеху дэмакратызацыі ў розных рэгіёнах свету. Між іншым, “пасібілісцкі” падыход транзітолагаў не адмаўляе доўгатэрміновага ўплыву структурных фактараў. Ён адно не лічыць іх прысутнасць за фатальную неабходнасць.

Досвед Славакіі сведчыць, што інерцыю неспрыяльных структурных умоў можна саслабіць, калі крытычная маса прадэмакратычных актораўпаяднае свае ўласные сілы і разам з тым здолее эфектыўна выкарыстоўваць замежную дапамогу ў памкненні да стварэння новых дэмакратычных інстытутаў. Але без наяўнасці гэтай крытычнай масы такіх суб’ектаў вонкавая дапамога будзе неэфектыўнай.

Нягледзячы на тое, што на апошніх недэмакратычных выбарах у Беларусі зноў “перамог” Лукашэнка, у канфрантацыі з брутальнасцю яго дзяржаўных структур узрасла й сіла дэмакратычнай апазіцыі рэжыму. Умовы яе функцыянавання пакуль неспрыяльныя, аднак з дастаткова моцнай падтрымкай звонку падвышаецца верагоднасць таго, што скептычныя прагнозы наконт немажлівасці хуткага падзення аўтакратыі ў Беларусі не спраўдзяцца, як і не спраўдзіліся песімістычныя прагнозы наконт магчымасці дэмакратызацыі краін сярэдняўсходняй Еўропы.

Пераклаў са славацкай Сяргей СМАТРЫЧЭНКА.


Грыгорый Мясежнікаў. Палітычныя партыі — акторы дэмакратызацыі і сацыяльных рэформаў

Палітычныя партыі адыгрываюць выключную ролю ў працэсе сацыяльнай трансфармацыі і пераходу да дэмакратыі. Гэтая роля вынікае з тых функцый, якія толькі яны могуць выконваць у палітычнай сістэме дэмакратычна ўладкаванага соцыуму. У пераходных грамадствах, дзе палітычнае спаборніцтва акрамя змагання за ўладу накіраванае таксама на замацаванне пэўных уяўленняў аб сістэмных зменах, якім наканавана вызначыць далейшы курс развіцця грамадства, надзвычайнае значэнне мае рэформенны патэнцыял палітычных партый, г.зн. іх здольнасць:

— канцэптуалізаваць уяўленні аб наспелых зменах у грамадстве;

— атрымліваць падтрымку з боку грамадскасці дзеля такіх змен у сістэме інстытутаў улады, каб рэформы можна было рэалізоўваць на практыцы;

— разбудоўваць партыйныя структуры (праз кааліцыі, альянсы), патэнцыялу якіх будзе даволі для рэалізацыі дэмакратычных і рынкавых рэформаў;

— заваёўваць падтрымку з боку ўплывовых непартыйных актораў (няўрадавыя арганізацыі, органы самакіравання, сродкі масавай інфармацыі, аўтарытэтныя асобы і т.п.);

— рэкрутаваць экспертныя групоўкі, якія гатовыя браць удзел у генерыраванні рэформенных стратэгій;

— умець на кароткі час канцэнтраваць свае сілы ў пэўных лакальных накірунках дзеля ажццяўлення першачарговых крокаў.

З прычыны адметнасці грамадска-палітычнага развіцця ў Славакіі досвед дзейнасці славацкіх дэмакратычных палітычных партый у перыяд посткамуністычнай трансфармацыі можа быць цікавым для палітычных актораў і ў іншых краінах, якія пасля краху камуністычных рэжымаў абралі шлях пабудовы дэмакратычнага грамадства. Гэты досвед, перадусім, тычыцца абароны дэмакратычных прынцыпаў, стварэння эфектыўных заслонаў аўтарытарным тэндэнцыям, мабілізацыі грамадзян падчас выбараў у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў, фарміравання парламенцкіх і ўрадавых кааліцый, а таксама рэалізацыі рэфармісцкай палітыкі пасля дэмакратычнага выбару.


ЗАПАЧАТКАВАННЕ ПАРТЫЙНАЙ СІСТЭМЫ І БАРАЦЬБА З АЎТАРЫТАРНЫМІ ТЭНДЭНЦЫЯМІ

Партыйная сістэма Славацкай Рэспублікі пачала фармавацца практычна адразу пасля звяржэння камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі ў 1989 годзе. Калі ўвесну 1990 года быў прыняты адпаведны закон, узнікла мноства партый рознай арыентацыі. Адны з іх існуюць па сёння і аказваюць значны ўплыў на грамадскае жыццё ў краіне, другія пазнікалі, а некаторыя трансфармаваліся і цяпер дзейнічаюць пад іншымі назовамі.

Славацкая Рэспубліка стала самастойнай дзяржавай 1 студзеня 1993 года. Сёння мы можам выдзеліць два галоўныя этапы ў яе развіцці:

— перыяд глыбокага дэфіцыту дэмакратыі, які выключыў краіну з працэсаў еўраатлантычнай інтэграцыі (1993—1998 гады). У гэты перыяд Славакію лічылі краінай-адлюдкам і “чорнай дзіркай у Цэнтральнай Еўропе”;

— перыяд рэалізацыі радыкальных сацыяльна-эканамічных рэформаў і паглыблення дэмакратыі, падчас якога краіна вярнулася на шлях еўраінтэграцыі (1998—2006 гады). Пасля 2002 года Славакію нават сталі называць “цэнтральнаеўрапейскім тыграм рэформаў”.

Ключавым фактарам, які паўплываў на сацыяльнае станаўленне Славакіі пасля 1993 года, была разарваная канфігурацыя палітычных сіл. Партыйная сістэма краіны на пачатку 90-х распалася на дзве групы палітычных партый. Першую складалі г.зв. стандартныя, праграмныя партыі з яснай ідэйнай арыентацыяй, прарэформеннымі і праінтэграцыйнымі пазіцыямі. Яны мелі трывалыя сувязі з міжнароднымі партыйнымі арганізацыямі тыпу Сацыялістычнага Інтэрнацыянала, Ліберальнага Інтэрнацыянала, Еўрапейскага Дэмакратычнага Саюза і т.п. Да другой групы належалі г.зв. нестандартныя, нацыянальна-папулістычныя партыі з невыразным ідэйным профілем і адсутнасцю сувязей з міжнароднымі партыйнымі структурамі. У плоскасці практычнай палітыкі яны вызначаліся гранічна рознымі падыходамі да фармавання сістэмы ўлады: стандартныя партыі цалкам прытрымліваліся прынцыпаў ліберальнай дэмакратыі, а нестандартныя рэалізоўвалі ўладны патэнцыял цалкам супрацьлеглымі спосабамі. У сярэдзіне 90-х Славакія адназначна была залічаная да краін з неліберальнымі палітычнымі рэжымамі.

Як і чаму ў Славакіі перамаглі палітычныя сілы, якія сваёй дзейнасцю фактычна скасавалі ўвесь плён “аксамітнай рэвалюцыі”? З якіх прычын дэмакратычныя партыі тады не змаглі супрацьстаяць неспрыяльнай тэндэнцыі, і чым была абумоўленая іх перамога ў больш аддаленай перспектыве?

У першапачатковы, г.зв. федэральны перыяд трансфармацыі (1990—1992 гады), калі краіна яшчэ была складовай часткай чэхаславацкай федэратыўнай дзяржавы, у Славакіі кіравалі партыі, якія сваёй палітыкай сімвалізавалі памкненне да сістэмных змен, спрабавалі закласці трывалы фундамент дэмакратычнай палітычнай сістэмы і рынкавай эканомікі. Найперш гэта тычылася партый правацэнтрысцкай арыентацыі: Грамадскасць Супраць Гвалту — Грамадзянска-дэмакратычны Саюз (ГСГ-ГДС), Хрысціянска-дэмакратычны Рух (ХДР) і Дэмакратычная Партыя (ДП). Да падобных мэт гэтаксама імкнуліся палітычныя партыі, якія прадстаўлялі венгерскую нацыянальную меншасць — Венгерскі Хрысціянска-дэмакратычны Рух (ВХДР) і рух “Суіснаванне”, якія хаця і не прысутнічалі ва ўрадзе, але падтрымлівалі палітыку рэформаў.

Аднак радыкальныя перамены, якія праводзілі федэральны і славацкі ўрады, досыць хутка сустрэлі супраціў значнай часткі насельніцтва. Найбольшую нязгоду выклікалі рэформы ў сферы эканомікі. Інфляцыя, імклівы рост цэн і беспрацоўя — усё гэта разумелася многімі грамадзянамі Славакіі як вынік распачатага працэсу лібералізацыі эканомікі. Досыць хутка на хвалі незадаволенасці “федэральнай” палітыкай сфарміраваліся палітычныя сілы, якія пабудавалі свае палітычныя праграмы на супраціве “цэнтру”. Праўда, сярод іх не было Партыі Дэмакратычных Левых Сіл (ПДЛС), якая найбольш скарысталася з абурэння грамадства.

На працэс фарміравання базавай канфігурацыі палітычных структур у Славакіі на пачатку 90-х у значнай ступені паўплывала пытанне дзяржаўна-прававой арганізацыі Чэхаславакіі. Да канфлікту паміж адэптамі і праціўнікамі сістэмных змен у грамадстве дадаўся яшчэ адзін канфлікт — паміж абаронцамі агульнай федэратыўнай дзяржавы і прыхільнікамі іншых варыянтаў, улучна з сепарацыяй ад Чэшскай Рэспублікі.

У 1991—1992 гадах у рамках партыйнай сістэмы СР адбылося некалькі важных перамен. З шырокага грамадзянскага руху ГСГ, што быў ініцыятарам змены палітычнага рэжыму ў лістападзе 1989 года (і пасля першых вольных выбараў разам з іншымі правацэнтрысцкімі партыямі праводзіў палітыку сістэмных рэформаў), вылучыўся Рух за Дэмакратычную Славакію (РЗДС), які адназначна выказаўся супраць рэфармісцкай палітыкі ўрада. Гэты рух, з элементамі аўтарытарызму і нацыянал-папулізму, пачаў актыўна пазіцыянаваць сябе як носьбіта альтэрнатыўнай канцэпцыі дзяржаўна-прававой арганізацыі, выразнай часткай праграмы якога было ўсталяванне дзяржаўнага суверэнітэту Славакіі. РЗДС неўзабаве здабыў досыць моцную падтрымку грамадства і стаў дамінуючай палітычнай сілай. Ён перамог на выбарах 1992, а пасля на датэрміновых выбарах 1994 года.

Агульны стан славацкага грамадства ў 1993 годзе складваўся з камбінацыі цэлага шэрага фактараў, ад самага пачатку неспрыяльных для паглыблення працэсу дэмакратызацыі. Будаванне новай незалежнай славацкай дзяржавы праходзіла ва ўмовах:

— слабай самаідэнтыфікацыі грамадзян з уласнай дзяржавай, якая хоць і ўзнікла легальным шляхам у выніку негвалтоўнага падзелу чэхаславацкай федэрацыі, аднак не была падмацаваная рэферэндумам;

— кіравання кааліцыі аўтарытарных палітычных партый, аб'яднаных адным разуменнем сутнасці ўлады, але розных па сваіх уяўленнях аб сацыяльна-эканамічнай палітыцы (ад выразна антырэфармісцкай лева-экстрэмісцкай партыі Згуртаванне Рабочых Славакіі (ЗРС) і ксенафобска-нацыяналістычнай Славацкай Нацыянальнай Партыі (СНП), якая адмаўляла эканамічную інтэграцыю, да дамінуючага РЗДС, што дапускаў пэўныя лібералізацыйныя зрухі ў тым выпадку, калі гэта не супярэчыла працэсу канцэнтрацыі ўлады ў руках лідэра гэтай партыі);

— паступовага фарміравання напаўаўтарытарнага рэжыму, заснаванага на партыйна-эканамічным кліентэлізме, нацыяналістычнай ідэалогіі і не-ліберальных формах улады (эрозія канстытуцыйнасці, парушэнне палітычных правоў грамадзян, адмаўленне правоў меншасцей, адміністрацыйнае абмежаванне дзейнасці палітычнай апазіцыі і т.п.). Пасля парламенцкіх выбараў 1994 года гэтыя тэндэнцыі пачалі дамінаваць;

— выключэння краіны з працэсаў еўраінтэграцыі і няздольнасці пануючых партый да рэалізацыі дэклараваных імі знешнепалітычных прыярытэтаў у звязку з унутрыпалітычнымі праблемамі (абмежаванне дзейнасці дэмакратычных інстытутаў, неспалучальнасць формы ўлады з правіламі, што дамінавалі ў структурах ЕС і НАТА, членам якіх СР імкнулася стаць паводле афіцыйных заяў).

Напаўаўтарытарная кааліцыя РЗДС — СНП — ЗРС, створаная пасля выбараў 1994 года, з першага дня свайго кіравання імкнулася да канцэнтрацыі ўлады і абмежавання прасторы свабоднай палітычнай канкурэнцыі. Фактычна яна затармазіла працэсы рэформаў у сацыяльна-палітычнай сферы і дапускала сістэмныя перамены адно ў тым выпадку, калі яны маглі ўзмацніць яе пазіцыі (прыкладам таму непразрыстая прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці па прынцыпу “партыйнага сваяцтва” з мэтай стварэння слоя прадпрымальнікаў, палітычна лаяльных да ўрада). У супраціў праграмныя дэмакратычныя партыі паступова ўтварылі антыаўтарытарны блок, галоўнай мэтай якога было захаванне дэмакратычных прынцыпаў унутры існуючага палітычнага рэжыму. Пасля таго як урад У. Мечыяра не дапусціў рэферэндуму аб прамых выбарах прэзідэнта ў ліпені 1997 года, узнікла Славацкая Дэмакратычная Кааліцыя, сябрамі якой сталі пяць партый — апрача трох правацэнтрысцкіх (ХДР, Дэмакратычны Саюз і ДП), дзве невялікія партыі іншай ідэйнай арыентацыі — левая Сацыял-дэмакратычная Партыя Славакіі ды экалагічна арыентаваная Партыя “зялёных”. Асноўным матывам гэтага палітычнага саюзніцтва была не агульнасць ідэйных пазіцый, а спроба стварэння эфектыўнага механізму супрацьстаяння антыдэмакратычнай экспансіі і перамогі на выбарах, якая б дазволіла прыйсці да ўлады дэмакратычнымі сіламі.

Пад ціскам дыскрымінацыйнага закона ў выбарчым кодэксе, прынятага ўрадавай кааліцыяй РЗДС — СНП — ЗРС усяго за некалькі месяцаў да парламенцкіх выбараў 1998 года (гэты закон фактычна забараніў выбарчыя кааліцыі), СДК мусіла змяніць свой статус і фармальна зарэгістравалася як самастойная палітычная партыя. Хаця ў рэальнасці гэта была “выбарчая партыя” з абмежавай колькасцю членаў (150 чалавек), інакш кажучы, выбарчы спіс кандыдатаў, якія прадстаўлялі ўсе пяць “мацярынскіх” партый СДК, дзе кожная мела сваю ідэйную платформу (хрысціянска-дэмакратычную, ліберальную, ліберальна-кансерватыўную, сацыял-дэмакратычную і “зялёную”). І хаця фармальна партыі, якія склалі СДК, не прымалі ўдзел у выбарах 1998 года (ад іх выстаўляла кандыдатаў выбарчая партыя пад назвай СДК), аднак рэальна яны працягвалі сваю дзейнасць. Іншую мадэль супрацоўніцтва выбралі тры венгерскія палітычныя партыі — ВХДР, рух “Суіснаванне” і Венгерская Грамадзянская Партыя (ВГП), якія раней утваралі Венгерскую Кааліцыю. Гэтыя партыі ў 1998 г. пад ціскам дыскрымінацыйнага закона ў выбарчым кодэксе аб'ядналіся ў адну партыю — Партыю Венгерскай Кааліцыі (ПВК).


ПЕРАМОГА КААЛІЦЫІ ПРАДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ

Парламенцкія выбары 1998 года былі паваротнымі ў развіцці краіны. На іх перамаглі прадэмакратычныя сілы, перадусім дзякуючы двум палітычным аб’яднанням — СДК і ПВК. Поспех ПВК быў чаканы. Гэтай аб'яднанай партыі ўдалося схіліць на свой бок лічы ўсю венгерскую нацыянальную меншасць, якая прадстаўляе амаль 10% насельніцтва краіны. Поспех СДК быў, перадусім, вынікам:

— правільна абраных перадвыбарчых стратэгій, якія дапамаглі пераадолець празмерную фрагментацыю правацэнтрысцкай часткі палітычнага спектра і задзіночылі галасы выбарцаў;

— высокай мабілізацыі насельніцтва, 84% якога прыняло ўдзел у выбарах;

— эфектыўных падыходаў пры звароце да прадэмакратычна арыентаваных грамадзян;

— моцнай пазіцыі правацэнтрысцкіх партый у асяродку грамадскай супольнасці і іх актыўнага ўдзелу ў шырокіх нефармальных дэмакратычных альянсах (разам з НУА, “think-tanks”, незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, уплывовымі групамі інтэлектуалаў, прадстаўнікамі царквы);

— устойлівага іміджу правацэнтрысцкіх партый, як галоўных абаронцаў дэмакратыі, якія рашуча адмаўлялі аўтарытарызм нацыянал-папулісцкіх партый;

— выразнай праінтэграцыйнай (праеўрапейскай) арыентацыі СДК, у якой грамадзяне бачылі сілу, здольную зняць перашкоды, створаныя ўрадам Мечыяра на шляху да злучэння Славакіі з ЕС і НАТА.

Галоўным фактарам, які дапамог правацэнтрысцкім партыям атрымаць дастатковую падтрымку на выбарах, каб перамагчы аўтарытарысцкі РЗДС, а пасля кансалідавацца ў рамках шырокай урадавай кааліцыі, быў моцны праграмны падмурак. СДК прадставіла перад выбарамі 1998 года выбарчую праграму ў форме збору “policy papers”, над падрыхтоўкай якой працавалі не толькі эксперты “мацярынскіх” партый (перш за ўсё ХДР, ДС, ДП), але і спецыялісты з акадэмічных сфер і незалежных аналітычных цэнтраў (think-tanks). СДК прапанавала грамадскасці не толькі палітычную, але і сацыяльную альтэрнатыву існуючаму рэжыму. Пасля шмат якія ключавыя пункты гэтага дакумента сталі базай для праграмы дзеянняў, прынятай першым урадам М. Дзурынды. У тых сектарах, якія ўрад імкнуўся рэфармаваць, ён супрацоўнічаў з незалежнымі аналітычнымі цэнтрамі і ў якасці асновы рэфармісцкай стратэгіі карыстаўся іх экспертнымі высновамі. Больш за тое, у некаторых галінах (эканоміка, сацыяльная сфера, знешняя палітыка) выкарыстоўваліся не толькі экспертныя напрацоўкі, але і самі эксперты, праз уключэнне прадстаўнікоў think-tanks у працу дзяржаўных органаў на адказных пасадах.

Дзякуючы пераканаўчай перамозе СДК і ПВК на выбарах узнік урад шырокай дэмакратычнай кааліцыі правацэнтрысцкіх і левых партый (СДК, ПВК, ПДЛС і ПГЗ — Партыя Грамадзянскай Згоды), які стабілізаваў унутрыпалітычнае жыццё, ліквідаваў дэфіцыт дэмакратызму, атрыманы ў спадчыну ад Мечыяра, і пачаў рэформы ў самых розных сферах. У рамках шырокай кааліцыі правацэнтрысцкія сілы (СДК разам са сваімі “мацярынскімі” партыямі і ПВК) мелі мацнейшыя пазіцыі, чым левыя сілы (ПДЛС, ПГЗ). І хаця адносіны паміж самімі правацэнтрысцкімі суб'ектамі (ХДР, ДП, ДС) у міжвыбарны перыяд 1998—2002 гадоў ускладніліся, на ўзроўні практычнай палітыкі, асабліва што тычылася рэформаў, яны захавалі дастатковую ступень згуртаванасці, каб падтрымаць рэалізацыю ліберальнай урадавай праграмы.

Гэтае супрацоўніцтва не было пастаўлена пад пагрозу нават фрагментацыяй правацэнтрысцкай прасторы, якая адбылася ў перыяд 1999—2001 гадоў. Рэч у тым, што пасля выбараў у СДК распачаўся працэс размежаванняў, які суправаджаўся сур’ёзнымі канфліктамі паміж паасобнымі партыйнымі прадстаўнікамі. Гэтыя канфлікты былі звязаныя з рознымі ўяўленнямі аб будучай форме супрацоўніцтва паміж партыямі, што належалі да левага крыла кааліцыі. Тады як лідэр СДК М. Дзурында, які першапачаткова прадстаўляў хрысціянска-дэмакратычную платформу, дамагаўся стварэння моцнага правацэнтрысцкага аб’яднання кшталту “народнай партыі”, паасобныя “мацярынскія” партыі СДК, асабліва ХДР, імкнуліся да захавання ўласнай ідэйнай тоеснасці і арганізацыйнай самастойнасці. У канцы 2000 года з дэпутацкага клуба СДК выйшлі члены ХДР, якія належалі да кансерватыўнай групы хрысціянска-дэмакратычнай платформы СДК. Тым самым ХДР канчаткова вылучыўся з СДК і стаў афіцыйным (пятым) сябрам урадавай кааліцыі. Аднак М. Дзурындзе ўдалося сабраць пад ідэю “народнай” партыі большасць прадстаўнікоў ліберальнай платформы СДК (членаў ДС) і частку сяброў хрысціянска-дэмакратычнай платформы СДК. У 2000 годзе група, згуртаваная вакол М. Дзурынды, заснавала новую партыю — Славацкі Дэмакратычна-хрысціянскі Саюз (СДХС), з якой пазней аб'яднаўся ліберальны Дэмакратычны Саюз.

Заснавальнікі СДХС назвалі сваю партыю “спадчынніцай СДК па аб'яднанню хрысціянскіх, кансерватыўных і ліберальных сіл”. Гэта меў быць “саюз правацэнтрысцкіх палітычных плыней”, у якім маглі б злучыцца каталіцкія, евангелічныя ды іншыя хрысціянскія дэмакраты з лібераламі, сучаснымі кансерватарамі і ўсімі дэмакратычна настроенымі грамадзянамі. СДХС планаваў, паводле канцэпцыі яго заснавальнікаў, “выйсці за ідэалагічныя межы і скончыць з бяздумным падзелам на канфесіянальныя і агульнаграмадскія правыя палітычныя згуртаванні”. Заснавальнікі новай партыі былі перакананыя, што кааліцыя малых партый як арганізацыйная форма супрацоўніцтва правацэнтрысцкіх сіл гістарычна вычарпала сябе.

Аднак далейшая хада падзей толькі часткова пацвердзіла слушнасць такога падыходу. З прычыны розных уяўленняў аб формах супрацоўніцтва правацэнтрысцкіх партый паміж СДХС і ХДР распачалася ўпартая канкурэнтная барацьба. ХДР утрымаў пры сабе пераважную большасць сваіх прыхільнікаў, а вось СДХС не змог рэалізаваць сцэнарый пераўтварэння ў дамінуючую “народную” партыю, якая змагла б заняць правацэнтрысцкую прастору і фактычна замяніць сабой усе існаваўшыя да таго партыі. Урэшце СДХС стабілізаваўся як адносна моцны, аднак ні ў якім разе не дамінантны палітычны актор. Канфлікты, якія спадарожнічалі перагрупоўцы сіл у правацэнтрысцкай частцы партыйнай сістэмы, адмоўна паўплывалі на падтрымку выбарцамі кожнай партыі паасобку. Але гэта не зашкодзіла СДХС, ХДР і ПВК у прынцыповых пытаннях палітыкі рэформаў выступаць адзіным фронтам.

У 1999—2001 гадах у партыйнай сістэме СР адбыліся і другія важныя змены, якія істотна паўплыў на расстаноўку палітычных сіл і ў значнай ступені прадвызначылі вынікі парламенцкіх выбараў 2002 года ды далейшае развіццё падзей. У 1999 годзе ў посткамуністычнай ПДЛС, якая была складовай часткай шырокай урадавай кааліцыі, адбыўся раскол, які прывёў да выхаду з партыі намесніка старшыні Роберта Фіцы, на той час найбольш папулярнага левага палітыка. Неўзабаве Р. Фіца заснаваў новую апазіцыйную партыю “Смэр” (“Кірунак”), якая паступова зрабілася дамінуючай левай сілай. А пасля аб'яднання ў 2000 годзе ДС з СДХС вызвалілася прастора для магчымага ўзнікнення новай ліберальнай партыі. Яе нарэшце заснаваў у 2001 годзе прадпрымальнік Павал Руска, тагачасны саўладальнік славацкай прыватнай тэлевізійнай станцыі “Маркіза”, якая мела найбольшую аўдыторыю.

Абедзве новыя партыі — “Кірунак” і Альянс Новага Грамадзяніна (АНГ) (яе славацкі скарот ANO сугучны слову “Так!” — Заўв. пер.) — пачалі шукаць падтрымку перш за ўсё сярод тых, хто быў не згодны з палітыкай урада М. Дзурынды. “Кірунак” пачаў перацягваць на свой бок электарат ПДЛС. АНГ паспрабаваў перахапіць выбаршчыкаў правацэнтрысцкіх сіл. Абедзве партыі крытыкавалі ўрад шырокай права-левай кааліцыі, аднак матывы іх крытыкі былі рознымі. Тады як “Кірунак” прынцыпова адхіляў ліберальную сацыяльна-эканамічную палітыку ўрада, АНГ крытыкаваў яго за метады рэфармавання і палітычныя скандалы, што раз-пораз узнікалі ва ўладнай кааліцыі, аднак не адмаўляў саміх рэформаў. Хаця даследаванні грамадскай думкі, праведзеныя ў 2000—2001 гадах, сведчылі аб зніжэнні падтрымкі правацэнтрысцкіх партый, асноўная частка іх электарату засталася з імі. А незадоўга да выбараў, у выніку эфектыўнай агітацыйнай кампаніі, адбыўся нават рост іх электаральнай падтрымкі.


ПАСЛЯ 2002 ГОДА: КААЛІЦЫЯ НА КАРЫСЦЬ РЭФОРМАЎ

Вынікі парламенцкіх выбараў 2002 года можна лічыць яшчэ адной перамогай дэмакратычных і рэфармісцка арыентаваных партый. Выявілася, што падчас чатырохгадовага сумеснага кіравання правацэнтрысцкіх і левых партый аслаблі і зніклі посткамуністычныя сілы, а пазіцыі правацэнтрыстаў узмацніліся, што дало ім магчымасць і надалей працягваць рэфармісцкі курс.

Правацэнтрысцкія партыі — СДХС, ХДР, ПВК і АНГ — адносна хутка знайшлі паразуменне дзеля стварэння ўрадавай кааліцыі. Хаця ў перадвыбарчы перыяд АНГ часта выступаў з крытыкай урада Дзурынды, у сітуацыі выбару супрацоўніцтва ён схіліўся да ўступлення ў кааліцыю з трыма партыямі кансерватыўнай арыентацыі.

Поспех на выбарах 2002 года для ПВК у звязку са стабільнасцю яе электарату быў прадвызначаны. Можна было чакаць спрыяльнага выніку і для навастворанага АНГ (партыя карысталася моцнай медыяльнай падтрымкай з боку найбольш уплывовай тэлевізійнай станцыі і дыстанцыянавалася адносна непапулярных крокаў урада Дзурынды), а вось актыўная электаральная падтрымка СДХС і ХДР (апошнім і была завершаная канфігурацыя новай урадавай кааліцыі) многіх здзівіла. Пэўна, рэч тут у тым, што абедзве кіруючыя партыі плённа выкарысталі бонус, які вынікаў з іх удзелу ў паспяховай ліквідацыі дэфармацый, атрыманых у спадчыну ад урадаў Мечыяра, і аднаўлення інтэграцыйных шансаў краіны. З апошняй тэмай асабліва эфектыўна працаваў СДХС, падкрэсліваючы зробленыя крокі на шляху да еўраатлантычнай інтэграцыі і авансуючы ўступленне ў ЕС і НАТА.

Хаця ў перыяд 1998—2002 гадах ужо не было патрэбы ў змаганні за дэмакратыю, аргументы аб неабходнасці нанесці канчатковы ўдар па мечыярызму праз паўторную паразу яго прыхільнікаў на выбарах, якія часта выкарыстоўвалі СДХС і яго лідэр М.Дзурында, аказалі ўплыў на грамадства. Дадатковым фактарам поспеху СДХС і ХДР была таксама адносна стабільная сацыяльна-эканамічная сітуацыя, якую станоўча ацэньвалі шмат якія міжнародныя інстытуты, улучна з ЕС. СДХС інтэрпрэтаваў гэты факт як пацверджанне эфектыўнасці рэфармісцкай палітыкі ўрада.

Асобнай гаворкі, звязанай з дзейнасцю дэмакратычных палітычных сіл у Славакіі, патрабуе праблема функцыянавання партыйных кааліцый. У звязку са складанай канфігурацыяй сістэмы палітычных партый і заканстытуяваным тыпам выбарчай сістэмы пытанне стварэння кааліцый надзвычай актуальнае ў СР, асабліва для фарміравання інстытутаў выканаўчай улады (дзейнасці ўрадавых кабінетаў). Прапарцыянальная выбарчая сістэма, выразная фрагментацыя партыйнай сістэмы і адсутнасць партый, здольных дамагчыся абсалютнай перавагі на выбарах, стымулюе палітычныя партыі да стварэння ўрадавых кааліцый. Пачынаючы з 1989 года ўсе ўрады, якія фарміраваліся ў Славакіі пасля парламенцкіх выбараў 1990, 1992, 1994, 1998 і 2002 гадоў, былі ўрадамі кааліцыйнымі.

Для большасці палітычных партый рэалізацыя кааліцыйных стратэгій стала непадзельнай часткай іх дзейнасці. За невялікімі выключэннямі амаль усе рэлевантныя партыі набылі практычны досвед супрацоўніцтва ва ўрадавых кааліцыях. Гэта мела істотнае значэнне не толькі для развіцця партыйнай сістэмы, але і для агульнага працэсу кансалідацыі дэмакратыі. Рэалізацыя кааліцыйных стратэгій спрыяла фарміраванню г.зв. кансацыянальнай дэмакратыі з суразмернай рэпрэзентацыяй у палітычнай практыцы розных сегментаў насельніцтва (уключна з нацыянальнымі меншасцямі) і падвышала значэнне культуры палітычных перамоваў. Усё гэта разам дапамагло стварыць больш прыдатныя ўмовы для дзейнасці дэмакратычных і рэфармісцка арыентаваных палітычных сіл, якія ўрэшце змаглі пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці краіны і далучылі яе да працэсаў еўраатлантычнай інтэграцыі.

У перыяд 2002—2006 гадоў у краіне дзейнічаў правацэнтрысцкі кансерватыўна-ліберальны кааліцыйны ўрад. Ён значна пашырыў прастору рэформаў, распачаўшы амбіцыйны план сектарных (структурных) рэформаў. Да ўжо рэалізаваных рэформаў канстытуцыйнай сістэмы, дэцэнтралізацыі мясцовай адміністрацыі і дэнацыяналізацыі натуральных манаполій дадаліся падатковая рэформа, рэформа сістэмы грамадскіх фінансаў, судовай, сацыяльнай і пенсійнай сістэм, рэформа службы аховы здароўя і ўзброеных сіл. Натуральна, адначасовыя працэсы такога актыўнага рэфармавання негатыўна адбіліся на дабрабыце шырокіх колаў насельніцтва. Таму нават пазітыўныя эфекты рэформенных мерапрыемстваў у выглядзе агульнай макраэканамічнай стабільнасці і наплыву замежных інвестыцый не змаглі забяспечыць урадавым партыям захавання іх электаральнай падтрымкі на ўзроўні, параўнальным з вынікамі 2002 года. Падзенне іх папулярнасці суправаджалася электаральным ростам наймацнейшай апазіцыйнай партыі “Кірунак”, якая не прымала палітыку ўрада і абяцала прынцыповы перагляд рэформенных мерапрыемстваў у тым выпадку, калі дойдзе да ўлады пасля выбараў 2006 года. Нягледзячы на вынікі выбараў і іх уздзеянне на канфігурацыю ўрадавай групоўкі, да якой пяройдзе ўлада ў краіне, Славакія, па ўсёй імавернасці, будзе і надалей развівацца ў рамках, створаных у перыяд кіравання рэфармісцкіх дэмакратычных сіл, а прынамсі як краіна з кансалідаваным дэмакратычным рэжымам і як складовая частка еўраатлантычных інтэграцыйных структур.

Поспех рэфармісцка арыентаваных дэмакратычных партый у Славакіі быў абумоўлены некалькімі істотнымі прычынамі. Перадусім адзначым рашучасць пры абароне дэмакратычных прынцыпаў падчас барацьбы (1993—1998 гадоў) з рэжымам Мечыяра і здольнасць да выпрацоўкі рэальных палітычных і праграмных альтэрнатыў. Важную ролю адыграла таксама ўмельства стварэння шырокіх кааліцыйных саюзаў, якія здымалі многія лініі падзелу ў рамках партыйнай сістэмы (напрыклад, супрацоўніцтва славацкіх партый з партыямі, што прадстаўлялі венгерскую нацыянальную меншасць, альбо супрацоўніцтва правацэнтрысцкіх і левых сіл). Дэмакратычныя партыі змаглі сфармуляваць ідэі, якія закраналі найбольш балючыя праблемы грамадства, і пры іх рэалізацыі дасягнулі станоўчых вынікаў. Да таго ж, яны навучыліся эфектыўна выкарыстоўваць экспертны патэнцыял незалежных спецыялістаў. У перыяд, калі краіна ўключылася ў працэсы еўрапейскай інтэграцыі, яны здолелі актуалізаваць трансфармацыйны патэнцыял грамадства (г.зв. “EU conditionality”) і з гэтага атрымалі міжнародную падтрымку ў рэалізацыі сваёй палітыкі ўнутры краіны.


ДАДАТАК. ВЫНІКІ ПАРЛАМЕНЦКІХ ВЫБАРАЎ У СЛАВАКІІ

Табліца 1. Вынікі выбараў у Славацкую Нацыянальную Раду ў 1990 годзе


Табліца 2. Вынікі выбараў у Славацкую Нацыянальную Раду ў 1992 годзе


Табліца 3. Вынікі выбараў у Нацыянальную Раду СР у 1994 годзе


Табліца 4. Вынікі выбараў у Нацыянальную Раду СР у 1998 годзе


Табліца 5. Вынікі выбараў у Нацыянальную Раду СР у 2002 годзе


Табліца 6. Вынікі выбараў у Нацыянальную Раду СР у 2006 годзе


Табліца 7. Спіс малавядомых скаротаў палітычных партый і кааліцый

Са славацкай пераклаў Алесь КАРЦЕЛЬ. 


Міраслаў Колар. СМІ: пошук новага аблічча

УВОДЗІНЫ

Вобраз свету, які ствараюць сродкі масавай інфармацыі — перадусім электронныя,— істотна ўплывае на прыняццё грамадзянамі палітычных рашэнняў. Зусім не абыякавыя да таго, што пішуць медыі, і палітыкі. А якасць дэмакратыі ў краіне залежыць, у рэшце рэшт, ад якасці СМІ. Таму ў краінах, якія ўмацоўваюць дэмакратыю, пазіцыя і наагул функцыянаванне СМІ маюць надзвычай важкае значэнне, пра што й сведчыць прыклад Славакіі.

Зразумела, што змены, якія адбыліся пасля зрыну камунізму ў 1989 г., не абмінулі й сферы мас-медыяў. Свабода слова набыла сілу закону і дастатковую прастору для сваёй рэалізацыі. Прыватныя асобы атрымалі права валодаць сродкамі масавай інфармацыі, узнікла дуалістычная сістэма электронных СМІ — прыватныя і грамадскія (паводле ўжыванай у Славакіі тэрміналогіі, “грамадска-прававыя”) радыё- і тэлевізійныя станцыі).

У жывы вір адкрытай медыя-прасторы Славакіі паступова пранікалі й глабальныя ўплывы. Такім чынам, газеты, тэлебачанне, радыё ды Інтэрнэт пачалі выконваць у нашым грамадстве тыя ж самыя функцыі, што і ў развітых краінах. Медыі ператварыліся ў арэну, на якой разыгрываюцца падзеі грамадскага жыцця. Яны сталіся таксама сродкам уплыву на масавую аўдыторыю і прасоўвання ў ёй пэўных інтарэсаў, а для некаторых асоб (медыя-зорак) — прамотарамі славы ды магчымасцяў для новых кар’ерных прыступак. Пры гэтым СМІ захавалі сваю ролю крыніцы інфармацыі, якая мае жыццёва важнае значэнне для функцыянавання структур грамадства, зрабіліся прасторай прадукавання ўяўленняў пра сацыяльную рэальнасць, крыніцай сацыяльных і культурніцкіх сэнсаў, што маюць дачыненне да падтрымання эталону нармальнасці. Нарэшце, і не ў апошнюю чаргу, яны сталіся сродкам забавы і найпрыемных спосабаў баўлення вольнага часу.


РАЗВІЦЦЁ СМІ З 1989 ГОДУ

Заканадаўства

Дзеля рэфармавання медыя-сферы неабходна было найперш стварыць заканадаўчыя механізмы. Першым заканадаўчым актам пасля лістапада 1989 г. у тагачаснай Чэхаславакіі сталася новая рэдакцыя Закону аб перыядычным друку, прынятага яшчэ ў 1966 г. Новая рэдакцыя не датычыла радыё- і тэлевяшчання, аднак яна скасавала цэнзуру і прымус падтрымліваць дамінантную ролю Камуністычнай партыі ды дазволіла прыватным юрыдычным альбо фізічным асобам займацца прадпрымальніцтвам у сферы друку.

Змену поглядаў на функцыянаванне электронных СМІ сімвалізавала сабой Грамата асноўных правоў і свабод чалавека, прынятая федэральным парламентам у студзені 1991 г. Асноўныя правы чалавека, уключна з правам на інфармацыю і свабоднае выказванне сваіх ідэй, цяпер гарантуе Канстытуцыя Славацкай Рэспублікі (прынятая 1 верасня 1992 г., яна набыла сілу 1 студзеня 1993 г. адначасова з узнікненнем Славацкай Рэспублікі). Артыкул 26 Канстытуцыі забараняе цэнзуру, гарантуе свабоду слова і права на інфармацыю. Для выдавання газет і часопісаў не трэба нават праходзіць працэдуры атрымання дазволу, аднак для прадпрымальніцтва ў сферы радыё і тэлебачання патрабуецца дазвол дзяржаўных органаў.

Дыскусія пра немінучасць перамен у сферы электронных СМІ пасля 1989 г. мела вынікам прыняццё 31 кастрычніка 1991 г. Закону аб дзейнасці радыё- і тэлевізійнага вяшчання, які абапіраўся на Eўрапейскую дамову аб трансгранічным тэлебачаннi,прынятую Радай Еўропы. Прыняўшы гэты закон, Славакія вызначылася з галоўнымі мэтамі сваёй палітыкі ў галіне СМІ. А менавіта:

1. стварэнне прасторы для ўзнікнення медыя-рынку са свабодным рухам аўдыёвізульных тавараў і паслуг;

2. вызначэнне рэгуляцыйных рамак у галіне аховы правоў дзяцей і моладзі, аўтарскіх правоў, на рынку рэкламы і г.д.;

3. вызначэнне ролі і падтрымка грамадскага вяшчання (гэтаму былі прысвечаны адмысловыя законы “Аб Славацкім тэлебачанні” і “Аб Славацкім радыё”);

4. рэгуляванне спосабу і ўмоў перадачы праграм праз кабельныя сеткі альбо іншыя тэхнічныя сродкі.

Да таго ж, законы аб дзейнасці радыё- і тэлевізійнага вяшчання ўпарадкавалі асноўныя ўмовы для ўзнікнення дуалістычнай (грамадска-прыватнай) сістэмы вяшчання і размежавалі галоўныя абавязкі і правы вяшчальнікаў. Грамадскія станцыі маюць паўнамоцтвы на вяшчанне паводле закону; прыватныя павінны атрымаць ліцэнзію ад незалежнага рэгулявальнага органа.

Адначасова былі прыняты Законы “Аб Славацкім тэлебачанні” і“Аб Славацкім радыё”, на базе якіх утварыліся грамадскія ўстановы — Славацкае тэлебачанне (STV) і Славацкае радыё (SRo).Абодва законы вызначылі ролю гэтых устаноў і структуру іх кіроўных органаў такім чынам, каб забяспечыць праграмную аб’ектыўнасць і незалежнасць гэтых інстытутаў публічнай камунікацыі.

У 1992 г. парламент стварыў першы рэгулявальны орган для сферы вяшчання — Раду СР па радыё- і тэлевізійным вяшчанні (далей — папросту “рада”), не залежную ад ураду, але з паўнамоцтвамі органа дзяржаўнай адміністрацыі. Фінанасаванне дзейнасці рады забяспечвалася са сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Да кампетэнцыі рады было сярод іншага аднесена выдаванне ліцэнзій на вяшчанне і нагляд за выкананнем артукулаў закону адносна зместу вяшчання.

Аднак па-сапраўднаму развіццё дуалістычнай сістэмы вяшчання пачалося толькі з прыняццём у 1993 г. Закону аб сферы радыё- і тэлевізійнага вяшчання, які вырашыў сітуацыю з размеркаваннем частотнага спектру пасля падзелу ЧСФР і спадчыны Чэхаславацкага тэлебачання і радыё. Гэты закон вызначыў шляхі перадачы грамадскім вяшчальнікам і будучым уласнікам ліцэнзій на вяшчанне. У выніку названыя законы стварылі базавыя прававыя рамкі дзейнасці электронных СМІ ў Славацкай Рэспубліцы.

У лютым 1997 г. СР далучылася да Eўрапейскай дамовы аб трансгранічным тэлебачанні Рады Еўропы. У 2000 г. быў прыняты й новы Закон аб вяшчанні і рэтрансляцыі. Прычынай падрыхтоўкі і прыняцця закону перадусім было абавязанне гарманізаваць заканадаўства СР з юрыдычнымі нормамі Еўрасаюзу. Прыняццё закону дапамагло СР датэрмінова закрыць раздзел перамоў №20 (Kультура і аўдыёвізуальная палітыка) як складовую частку працэсу ўступлення Славакіі ў Еўрасаюз, хоць, з другога боку, закон не апраўдаў усіх спадзяванняў. Аднак упершыню ў кароткай гісторыі медыяльнага заканадаўства былі ўрэгуляваны ўмовы захавання плюралізму інфармацыі.


МЕДЫЯ-РЫНАК

Друкаваныя СМІ

Свабоду друку, якую прынёс 1989 г., суправаджаў масавы ўсплёск колькасці выдаўцоў і саміх выданняў. Напачатку друк існаваў паводле старых эканамічных правіл (планавы завоз паперы і яе размеркаванне паміж выдаўцамі), што стварала шмат праблем. Значная частка газет і часопісаў атрымлівала датацыі; не існавала абавязку пералічваць дзяржаве падатак ад прыбытку. У 1990 г. быў скасаваны падатак з абарачэння, але й кошт газетнай паперы ўзрос на 170%. Далейшае павышэнне цэн амаль на 100% адбылося ў 1991 г., бо зноў падаражэлі паліграфічныя паслугі і газетная папера. Моцным ударам для друку сталася ўвядзенне 22-працэнтнага падатку ад абарачэння. Пазней ён быў зніжаны да 11%, аднак жа разам з ім дзейнічалі 20-працэнтны падатак ад аб’ёму заробнай платы і 55-працэнтны падатак ад прыбытку. З 1993 г. пачалося ўвядзенне падатку на даданую вартасць. Усё гэта азначала, што друк аказаўся ў складанай эканамічнай сітуацыі, да чаго, праўда, спрычынілася й канкурэнцыя з боку электронных СМІ.

Насёння ў Славакіі выдаюцца дзве штодзённыя грамадска-палітычныя газеты, адна эканамічная газета, адна спартовая, адна на венгерскай мове і дзве бульварныя. Апрача таго, у рамках сеткі рэгіянальнага друку выдавецтва Petit Press выходзяць рэгіянальныя газеты.

Электронныя СМІ

Да 1989 г. не існавала прыватных электронных сродкаў масавай інфармацыі — толькі дзяржаўныя радыё і тэлебачанне. Чэхаславацкае радыё распачало вяшчанне ў 1926 г., а Чэхаславацкае тэлебачанне на трыццаць гадоў пазней — у 1956 г. З чэрвеня 1990 г. на падставе пастановы ўраду ЧСФР на тэрыторыі былой Чэхаславакіі вяшчала Радыё Свабодная Еўропа, а з кастрычніка 1990 г. — Радыё BBC. У чэрвені 1990 г. у Славакіі пачала вяшчаць першая прыватная радыёстанцыя FUN Radio, якая выкарыстала заканадаўчую шчыліну ў законе аб Чэхаславацкім радыё і спрыяльную палітычную атмасферу пасля ліcтапада 1989 г.

Пасля падзелу ЧСФР на асобныя рэспублікі развіццё радыё- і тэлевяшчання было абумоўлена як патрэбамі суверэннай краіны, так і рэальнымі магчымасцямі частотнага спектру, што дастаўся Славацкай Рэспубліцы паводле размеркавання.

Славацкае радыё (SRo) у якасці грамадскай установы было заснавана на падставе прыгаданага закону ад 1991 г. Сёння яно мае сем каналаў. Фінансаванне SRo і тэлебачання (STV) ажыццяўляецца з некалькіх крыніц: галоўную частку прыбытку дае абаненцкая плата, другую частку — прыбыткі ад рэкламы, а трэцяй крыніцай з’яўляюцца датацыі з дзяржаўнага бюджэту. Асігнаванні з дзяржаўнага бюджэту ў апошнія гады знізіліся да мінімуму, што, разам з недастатковай дысцыплінаю абанентных плацельшчыкаў і вялікай колькасцю дамавых гаспадарак, вызваленых ад платы, прывяло да неспрыяльнай фінансавай сітуацыі ў абедзвюх установах.

У 1993—1998 гг. колькасць уладальнікаў ліцэнзій на радыёвяшчанне вырасла да 27. Надалей прыватных вяшчальнікаў не пабольшала. Наадварот, некаторыя рэгіянальныя і мясцовыя радыёстанцыі закрыліся, прычым, да іх знікнення спрычыніўся, акрамя неразвітага рэкламнага рынку, недастатковы мэнэджэрскі досвед іх уласнікаў, альбо мэнэджэраў. Камерцыйныя вяшчальнікі, у сваю чаргу, імкнуцца павялічваць тэрытарыяльны ахоп свайго вяшчання. Таму свае пазіцыі на рынку ўзмацнілі мультырэгіянальныя радыёстанцыі.

Развіццё Славацкага тэлебачання не было лёгкім. Частыя змены на кіроўных пасадах (трынаццаць дырэктараў з 1991 г.), спробы палітыкаў падпарадкаваць STV сваім інтарэсам, невырашэнне канцэптуальных пытанняў, рост запазычанасці і нізкая эфектыўнасць кіравання гэтай установы спарадзілі хранічны фінансавы крызіс, які адбіваецца на якасці праграм, а ў выніку — на спадзе папулярнасці ў гледачоў.

Для тэлевяшчання ў Славацкай Рэспубліцы пераломным быў 1995 г.: Рада СР па радыё- тэлевізійным вяшчанні 4 траўня выдала ліцэнзію на тэлевяшчанне праз спадарожнік фірме VTV, і 3 чэрвеня 1995 г. гэта фірма распачала вяшчанне сваіх праграм. На конкурснай аснове ў жніўні 1995 г. Рада выдала ліцэнзію на трэці тэлевізійны наземны канал фірме Markнza Slovakia s.r.o., якая пачала вяшчаць 31 жніўня 1996 г. Інвестарам гэтага тэлебачання з’яўляецца амерыканская фірма CME, якая інвеставала ў шмат якія тэлевізіі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Прыход TV Markнza, адрозна ад з’яўлення VTV (якая пазней спыніла вяшчанне), быў вельмі паспяховы. Адным з фактараў поспеху TV Markнza стаў і той факт, што якасць перадач Славацкага тэлебачання не ўяўляла для камерцыйнага тэлебачання практычна ніякай канкурэнцыі.

Хаця ў 1997—1998 гг. экран TV Markнza злоўжывалі яго суўладальнікі дзеля рашэння прыватных спрэчак, аднак у перыяд “мэчыярызму” TV Markнza заставалася альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі, не абцяжаранай інтарэсамі аўтарытарнага рэжыму.

Насёння ў Славакіі, апроч TV Markнza, на ўсю краіну вяшчае яшчэ TV Joj, якое ўзнікла праз атрыманне кантролю над TV Global (тое першапачаткова аб’ядноўвала рэгіянальных вяшчальнікаў), калі ў яго ўклаў грошы Ўладзімір Жалезны — тагачасны шэф найбуйнога чэшскага прыватнага тэлебачання TV Nova.

Праз спадарожнік і кабельныя сеткі вяшчаюць таксама Інфармацыйнае тэлебачанне і некалькі меншых тэматычных тэлестудый, якімі, аднак, гледачы амаль не цікавяцца, а таму тыя ледзь выжываюць. У Славакіі вяшчае й некалькі дзесяткаў мясцовых тэлестанцый, якія, у пераважнай бальшыні, маюць фінансавыя праблемы, а да таго ж, часта змушаны змагацца з залежнасцю ад мясцовых уладаў, што й адбіваецца на змесце іх перадач.

Перспектывы медыя-рынку

Славацкі медыя-рынак параўнальна малы. Абсалютная колькасць чытачоў, гледачоў ці слухачоў занадта малая, каб “пракарміць” якое-небудзь спецыялізаванае перыядычнае выданне. Выразнага інтарэсу да ўступлення на славацкі медыя-рынак спярша не выказвалі ніякія замежныя выдаўцы ці тэлекампаніі. Сітуацыя змянілася з узнікненнем камерцыйнага тэлебачання ў сярэдзіне 90-х гадоў, а ў друкаваных СМІ — пад канец 90-х гадоў.

У рэчышчы агульнай тэндэнцыі да канцэнтрацыі СМІ ў руках міжнародных карпарацый на славацкую глебу паступова пераносяцца — асабліва на тэлебачанні — серыялы, папулярныя перадачы, стандартызаваныя прыёмы і метады журналісцкай працы. Структура перадач камерцыйнага тэлебачання ў Славакіі сёння практычна не адрозніваецца ад камерцыйнай тэлепрадукцыі ў любой іншай краіне свету.

На фоне глабалізацыі масавай культуры абвастраецца антаганізм паміж “вялікімі” СМІ (агульнадаступнымі папулярнымі мас-медыямі) і “малымі” — рэгіянальнымі медыямі: прафесійнымі ці галіновымі часопісамі, перыядычнымі выданнямі па інтарэсах, выжыць якім няпроста. Мясцовыя радыёстанцыі пасля некалькіх гадоў балансавання над безданню страчваюць — перадусім, з эканамічных прычын — ліцэнзіі і вызваляюць прастору купцы больш моцных вяшчальнікаў з агульнанацыянальным ахопам аўдыторыі.

Стыхійным было й развіццё ў Славакіі друкаваных рэгіянальных СМІ. Толькі прыканцы 90-х гадоў на рынак рэгіянальных перыядычных выданняў прыйшоў замежны інвестар, які стварыў моцную сетку з такіх медыяў — з мэтай дасягнуць прыбытку ў доўгатэрміновай перспектыве. Адзначу, што роля рэгіянальных СМІ нарастае са зменамі ў славацкім грамадстве, асабліва — у сувязі з развіццём рэгіянальнага самакіравання. Што да лакальных тэлестанцый, дык яны па-ранейшаму адносна слабыя, і ўзнікненне TV Global, якое аб’ядноўвае частку з іх у сетку, прынцыпова становішча не змяніла.

На развіццё газет і часопісаў, відавочна, будзе й надалей уплываць тэндэнцыя ўзмацнення новых крыніц інфармацыі — электронных медыяў ды Інтэрнэту. Да таго ж, роля гэтых СМІ як крыніцы забавы яшчэ больш узмацняе іх уплыў. У выніку больш праблем будуць мець сур’ёзныя газеты (гэта ўжо адлюстроўваецца ў іх паступовай бульварызацыі). Напэўна, будзе працягвацца зрух чытацкай увагі ў кірунку тыднёвікаў і месяцовікаў, якія таксама будуць бульварызавацца, змяняцца з інфармацыйнага ў больш “забаўляльны” фармат; доказам з’яўляецца рост чытання часопісаў, прысвечаных сенсацыям, скандалам, прыватнаму жыццю экранных зорак.

На сітуацыю ў электронных СМІ у значнай меры ўплывае развіццё сферы грамадскіх паслуг праз гэтыя ж медыі (г.зв. Public Service Broadcasters, часта называныя не толькі грамадскімі, але й грамадска-прававымі СМІ), якія й сёння стаяць перад задачай нанава вызначыць сваю ролю — у сувязі са зменай сітуацыі ў медыя-асяроддзі і ў самім грамадстве. І гэта не толькі пытанне іх палітычнай незалежнасці, якое ўсё яшчэ не страціла сваёй надзённасці, але таксама й праблема пошуку эфектыўнай мадэлі падвышэння папулярнасці. Імклівае пранікненне новых тэхналогій ізноў актуалізуе дыскусію аб тым, як мусяць змяняцца грамадскія СМІ. Паводле еўрапейскіх тэндэнцый, уплывовасць грамадскіх медыяў падае, і ўсё болей людзей адмаўляецца плаціць абаненцкую плату прыдзяржаўным вяшчальнікам.


АСНОЎНЫЯ ПРАБЛЕМЫ

Хаця ў 1990—1992 гг., калі закладаліся падваліны дэмакратычнай сістэмы, славацкія СМІ не заманіфеставалі сваёй прыхільнасці да ліберальна-дэмакратычных прынцыпаў (асабліва што да асвятлення дзяржаўна-прававых спрэчак ды іншых падзей), іх крытычная “ангажаванасць” ва ўнутрыпалітычныя  падзеі падчас кіравання краіны У.Мэчыяра была ўжо вышэйшай. Можа быць, тое адбылося з жадання выправіць сітуацыю пасля правалу ў папярэдні перыяд. Пасля 1998 г. становішча знешне нармалізавалася, аднак і на пераломе тысячагоддзяў на дзейнасць СМІ істотна ўплывалі непразрыстыя маёмасныя адносіны ў прыватных медыях ды залежнасць грамадскіх СМІ ад паноўных палітычных груповак.

Тым не менш, і ў гэты час паўстала некалькі паспяховых праектаў. Напрыклад, газета Sme, якая ў сярэдзіне 90-х гадоў адыграла ключавую ролю крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі. Умацаваўшы свае эканамічныя пазіцыі на рынку СМІ з дапамогай замежнага інвестара, Sme, да таго ж, захавала пазіцыю адной з дзвюх найуплывовых газет у краіне (другой з’яўляецца газета Pravda).

Вось ужо цягам сямнаццаці гадоў, прамінулых пасля “аксамітнай рэвалюцыі”, славацкія СМІ застаюцца аб’ектам крытыкі. Апошнім часам гэтая крытыка тычыцца галоўным чынам дзвюх рэчаў — адказнасці за пашырэнне ў грамадстве песімізму, які можа небяспечна адбіцца на паводзінах выбарцаў, і бульварызацыі, г.зн. спрошчванні рэальнага вобразу свету і нават “адэбільванні” грамадскасці.

Прэтэнзіі адносна адмоўнага ўплыву СМІ на настроі ў грамадстве і недастатковай падтрымкі рэфарматарскіх пачынанняў абгрунтоўваюцца тым, што мэдыі маюць наступныя галоўныя функцыі ў свабодным грамадстве:

СМІ — гэта “ахоўны сабака дэмакратыі”, з чаго вынікае іх крытычнае стаўленне да палітыкі і палітыкаў, увага да памылковых рашэнняў і недапушчальных учынкаў.

СМІ мусяць усебакова асвятляць рэчаснасьць. І іх дзейнасць не падпадае пад імператыў негатыўнасці паведамлення, які рэальна выяўляецца ў селекцыі адно негатыўных навін ды тэм. Тое не толькі звужае плюралізм інтэрпрэтацый свету (розных падзей), але й дэз’інфармуе чытачоў, гледачоў ці слухачоў, пазбаўляючы іх поўнай карціны. А галоўнае: прызвычайвае іх да “катастрафічнага” ўспрыняцця рэчаіснасці, калі тыя неўзабаве пачынаюць успрымаць нават напраўду трагічныя падзеі як нешта трывіяльнае, ня вартае ўвагі ці эмацыйнай рэакцыі. Апроч таго, падставамі для крытыкі СМІ з’яўляюцца слабы агульны ўзровень славацкай журналістыкі, павярхоўнасць зместу, не цалкам празрыстыя маёмасныя адносіны ў славацкіх СМІ, спробы скарыстаць іх у палітычных гульнях. Усе гэтыя праблемы вынікаюць з асаблівасцяў развіцця Славакіі пасля 1989 г., якія можна артыкуляваць наступным чынам:

Адсутнасць медыйнай палітыкі дзяржавы

Дзяржава не разумее, што кіраваць медыя-прасторай мае само грамадства. Да гэтага неабходна дадаць няздольнасць аптымізаваць правілы функцыянавання медыя-рынку і нявызначанасць кампетэнцыі галоўных дзейных асоб. Вынікам адсутнасці медыйнай палітыкі з’яўляецца таксама й дэфармаванасць фінансавых патокаў на рынку. У дзяржавы няма ніякага ўяўлення пра тое, якім чынам павінны альбо не павінны развівацца канкрэтныя сегменты медыя-рынку.  (Ці добра, напрыклад, што мясцовыя радыёстанцыі банкрутуюць, а іх месца ў эфіры займаюць некалькі агульнадзяржаўных вяшчальнікаў?)

Нефункцыянальныя альбо дэфармаваныя грамадскія СМІ

Грамадскія СМІ пасля 1989 г. не прайшлі праз такую структурную, персанальную і эканамічную трансфармацыю, якая зрабіла б іх эфектыўнымі, што вынікае перадусім з перакосаў у разуменні іх ролі як нацыянальнай, культурніцкай, асветнай і г.д. установы. За гэтым фактам трэба бачыць нежаданне палітычных эліт, якія ўспрымаюць грамадскія СМІ звужана — як службу навін і публіцыстыку, адмовіцца ад свайго ўплыву ў гэтых медыях. Невырашанасць такога пытання вядзе да карупцыі ды кумаўства. З 2003 г. на Славацкім тэлебачанні праблему неэфектыўнага функцыянавання рашаюць праз пэўную камерцыялізацыю праграмы, фінансаванай з дзяржаўных крыніц, але гэта крытыкуюць многія прадстаўнікі культурнай грамадскасці. Тым самым шляхам з 2006 г. пайшло й Славацкае радыё.

Залішняя палітызацыя

СМІ нацэлены на вышнія паверхі палітыкі і спаборнічаюць між сабой у негатыўнасці навін. Некаторыя тэлекампаніі і журналісты ўпэўнены, што іх місіяй з’яўляецца актыўнае ўмяшанне ў палітычныя падзеі і de facto маніпуляванне палітыкамі.

Бульварызацыя

Каб павялічыць прывабнасць палітычных — з сутнасці сваёй, нудотных — тэм, СМІ імкнуцца зацікавіць чытачоў ці гледачоў дробнымі сенсацыямі, якія прэзентуюцца на першых палосах газет, злоўжываюць паданне імёнаў вядомых асоб, почасту перакручваюць факты — то бок бульварызуюцца. Тэлеэкран стварае ўражанне, што ўсё, апроч вышшай палітыкі і шоў-бізнесу, ёсць не цікавым, а таму бязвартасным і эфемерным.

“Маналагізацыя” дыскурсу

Дэклараваны плюралізм СМІ стаўся плюралізмам “ідэалагічных бункераў”. Паасобныя выданні і праграмы часам маюць тэндэнцыю “веставаць праўду”, цвёрдалоба перамолваць яе і не дапускаць іншых поглядаў на каментаваныя факты.

Крызіс журналістыкі

Славацкія СМІ пасля 1989 г. практычна не змяніліся — у сэнсе “ўнутранага ачышчэння”. Дый з новых, паслялістападаўскіх, журналістаў не вырасла дастаткова моцнага пакалення, якое магло б надаць славацкім СМІ непаўторнае аблічча.

Функцыі журналістаў усё часцей бяруць на сябе запрошаныя на ролю шоў-мэнаў эксперты і аналітыкі, спартоўцы, акторы. Медыі не імкнуцца тлумачыць падзей у свеце, але схільны даваць ім бязглузды, у лепшым выпадку, смешны каментар. Журналісты недастаткова кампетэнтныя, каб заставацца сур’ёзнымі. Няпэўныя этычныя рамкі ствараюць для асобных журналістаў небяспеку прафесійнага і асабістага правалу.

Праблему ўскладняе кепскае фінансавае становішча славацкіх СМІ, якое адбіваецца ў нізкіх заробках большасці журналістаў, спрыяе вонкавым уплывам і карупцыі. Таленавітыя ці папросту спрытныя журналісты ахвотна пераходзяць працаваць прэс-сакратарамі ўрадавых устаноў ці буйных камерцыйных фірм, наймаюцца ў PR-агенцтвы альбо “прыкормліваюцца” пры палітычных партыях.

Злоўжыванне СМІ ў палітычных мэтах

Спецыфічнай праблемай Славакіі была канцэнтрацыя ўлады над СМІ ў руках чалавека, які спачатку стаўся “медыя-магнатам”, а потым пайшоў і ў палітыку. Павел Руска (да 2006 г. — уласнік найбуйной прыватнай тэлекампаніі TV Markнza, які пасля выбараў 2002 г. стаўся намеснікам старшыні парламенту, а пазней міністрам эканомікі) валодаў камерцыйным тэлебачаннем, радыёстанцыяй, газетай, тыднёвікам, фірмай вулічнай рэкламы (білборды), Інтэрнэт-парталам і г.д. Тыя “кішэнныя” СМІ спрыялі прадстаўнікам палітычнай партыі Альянс новага грамадзяніна (АНГ), старшынём якой быў П. Руска: пра партыю і блізкіх да яе людзей распавядалася выключна пазітыўна. (Урэшце гэтая партыя страціла давер выбарцаў — і з вынікаў чэрвеньскіх выбараў 2006 г. нават не прайшла ў парламент.) Грамадскасць цяпер дыскутуе, дзе палягае граніца між свабодай прадпрымальніцтва і небяспекай злоўжывання СМІ дзеля здабычы і захавання палітычнай улады.


СМІ І ВЫБАРЫ

Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца “нервовай сістэмай” дэмакратыі, праз пасярэдніцтва якой камунікуюць грамадзяне і абранае імі палітычнае кіраўніцтва: адны хочуць ведаць, іншыя — кіраваць. Такое вымярэнне дзеяння СМІ рэгулярна ўзмацняецца ў перыяд выбарных кампаній. Спосабы, з дапамогай якіх медыі,— а сёння, асабліва, тэлебачанне — асвятляюць сферу палітыкі, уплываюць на характар выбарчага працэсу, на сумленнасць палітыкаў і, у канчатковым выніку, на агульную якасць дэмакратыі ў краіне.

Аднак адмовімся ад заўчаснага ўяўлення пра ператварэнне масы выбарцаў у “нацыю кваліфікаваных грамадзян”. Задаволімся канстатацыяй, што СМІ ў прадстаўнічай дэмакратыі мусяць даваць грамадзянам дастатковую колькасць праўдзівай інфармацыі, якая дазволіла б ім прымаць кампетэнтныя палітычныя (электаральныя) рашэнні. Як у гэтым сэнсе зарэкамендавалі сябе славацкія медыі за мінулыя сямнаццаць гадоў?

У першай палове 90-х гадоў на паводзіны СМІ падчас выбарных кампаній уплываў той факт, што яшчэ не існавала дуалістычнай сістэмы вяшчання (апроч таго, палітыкі яшчэ не мелі дастатковага досведу вядзення кампаніі з пасярэдніцтвам СМІ). Таму ключавой крыніцай інфармацыі засталіся грамадскія медыі, а яны пасля прыходу да ўлады першага і — асабліва — другога ўраду Ўладзіміра Мэчыяра былі далёка не аб’ектыўнымі. Створаныя ў другой палове 90-х гадоў прыватныя электронныя СМІ пачалі ўраўнаважваць уздзеянне прысабечаных уладамі грамадскіх медый. Аднак пазней гэта праявілася ў амбіцыі буйных прыватных СМІ (асабліва — медыя-канцэрну Паўла Рускі) маніпуляваць палітычным і эканамічным развіццём краіны.

Пасля ўвядзення дуалістычнай сістэмы вяшчання галоўнай праблемай славацкіх СМІ была адсутнасць дакладнага заканадаўчага абмежавання магчымасцяў выкарыстоўваць медыі ў перадвыбарнай барацьбе. Кожны з выбарчых законаў — аб выбарах у парламент, аб прэзідэнцкіх выбарах, аб выбарах у Еўрапейскі парламент ці ў мясцовыя альбо рэгіянальныя органы самакіравання — рэгуляваў правілы дзейнасці СМІ (асабліва электронных) па-свойму.

Апроч таго, на пераломе тысячагоддзяў з’явілася праблема Паўла Рускі, палітыка і ўласніка найуплывовага прыватнага тэлебачання ў краіне. Яшчэ ў 1998 г. дзейнасць ТV Markнza і некаторых прыватных радыёстанцый (напрыклад, Rбdio Twist) успрымалася пазітыўна, таму што “дзеля добрай справы” яны ўраўнаважвалі прапагандысцкае ўздзеянне грамадскіх СМІ, якімі тым часам адкрыта маніпуляваў урад. Аднак жа калі ўладальнік ТV Markнza пачаў “рабіць” сваю палітыку (адкрыта падтрымаў кандыдата і пазнейшага прэзідэнта Рудольфа Шустэра на прэзідэнцкіх выбарах, стварыў палітычную партыю, ключавымі асобамі ў якой прызначыў сваіх супрацоўнікаў з тэлебачання, узначаліў урад), грамадскасць гэтага не ўпадабала.

Пазітыўным аспектам, які датычыць перадвыбарнай дзейнасці славацкіх СМІ, з’яўляецца той факт, што іх паводзіны (асабліва — у другой палове 90-х гадоў і на пераломе тысячагоддзяў) падрабязна адсочваліся. За ўплывовымі электроннымі СМІ назіралі, з аднаго боку, афіцыйны рэгулявальны орган (Рада па вяшчанні і рэтрансляцыі), а з другога — грамадскія ініцыятывы па маніторынгу (перадусім недзяржаўная беспрыбытковая арганізацыя MEMO-98). Недзяржаўныя арганізацыі пільна адсочвалі парушэнні дзейнага заканадаўства і магчымае маніпуляванне вяшчаннем.

У сучасны перыяд, дзякуючы больш структураванаму раскладу на палітычнай сцэне і маёмасным зменам у найбуйных прыватных СМІ, электронных і друкаваных (большасць з іх перайшла ў рукі замежных медыя-канцэрнаў, першачарговай мэтай якіх з’яўляецца атрыманне прыбытку), грубае злоўжыванне грамадскіх і прыватных медый у палітычных мэтах ужо малаверагоднае. Больш за тое, з прыходам новых вяшчальнікаў пасля пераходу ТБ на лічбавае наземнае вяшчанне чакаецца далейшае пашырэнне плюралізму СМІ.


ЗАКЛЮЧЭННЕ: НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ І ЯКАСЦЬ СЛАВАЦКІХ СМІ Ў БУДУЧЫНІ

Ацэньваючы развіццё славацкіх СМІ пасля 1989 г., трэба канстатаваць, што яны, насуперак усім згаданым праблемам, пазітыўна паўплывалі на славацкія рэформы, якія ўрэшце прывялі да сяброўства нашай краіны ў ЕС і НАТА. Без незалежных СМІ гэты поспех быў бы немагчымы. З іншага боку, нельга замоўчваць і таго факту, што на працягу ўсіх гэтых сямнаццаці гадоў журналісты працавалі ва ўмовах больш ці менш інтэнсіўнага палітычнага ўціску.

Гэты ўціск меў розныя формы — ад наўпростых умяшанняў улады ў змест вяшчання грамадскіх СМІ да выкарыстання эканамічных і заканадаўчых механізмаў для ўскладнення працы незалежным медыям. Сваю незалежнасць СМІ баранілі настойліва і почасту паспяхова, але падмурак, на якім трымаецца аб’ектыўнасць журналістыкі, і да сёння не нагэтулькі моцны, каб быць упэўненым, што яна зможа супрацьстаяць любым палітычным ці эканамічным пагрозам.

Грамадскія СМІ ўсё яшчэ не з’яўляюцца цалкам не залежнымі ад паноўных на дадзены момант палітычных сіл. Пасля ўвядзення дуалістычнай сістэмы Славацкае ТБ страціла былую манаполію на эфір, а бесперапынныя палітычныя злоўжыванні і непрафесійнае кіраванне знізілі яго аўтарытэт і папулярнасць. Пакуль што агульны ўзровень грамадскага тэлебачання, параўнальна з падобнымі ўстановамі ў іншых краінах, вымагае спадзявацца на лепшае.

Напрыканцы 90-х гадоў быў прыняты Закон аб свабодным доступе да інфармацыі, аднак выконваць гэты закон яшчэ доўгі час будзе складана. Зрэшты, галоўнай праблемай цяпер з’яўляецца не столькі крохкая незалежнасць СМІ і свабоды слова, колькі якасць працы саміх журналістаў: тут у Славакіі яшчэ вялізная прастора для ўдасканалення.

У наступныя гады можна чакаць яшчэ больш інтэнсіўнага пранікнення ў краіну новых камунікацыйных тэхналогій (пераход тэлебачання на лічбавы фармат, шырэйшае ўкараненне Інтэрнэт, сёння ўжо — шырокапалоснага), у выніку чаго будзе працягвацца дыферэнцыяцыя грамадства на тых, хто карыстаецца імі, і тых, хто доступу да гэтых тэхналогій не мае альбо ўжывае іх не для атрымання інфармацыі, адукацыі і г.д., а толькі для рэлаксацыі, задавальнення “спaжывецкіх” патрэб. Таму будзе цікава прасачыць, у якой ступені СМІ і новыя камунікацыйныя тэхналогіі спрычыняцца да дэмакратызацыі грамадства і павышэння яго чуйнасці да якіх-кольвек спроб дэмантажу дэмакратычных інстытутаў, ці, наадварот, якім чынам новыя тэхналогіі будуць прытупляць увагу грамадзян да выпазнавання антыдэмакратычных, папулісцкіх ці дэмагагічных практык на палітычнай сцэне.

Падаецца вартым наноў акрэсліць сутнасць грамадскіх СМІ — у сувязі са зменай сітуацыі ў медыя-асяроддзі і ў самім грамадстве. Трэба не толькі гарантаваць ім палітычную незалежнасць (гэтая праблема застанецца надзённай, прынамсі, некалькі наступных гадоў), але таксама паспрыяць стварэнню новага іх аблічча, канкурэнтаздольнай мадэлі працы.

Папраўдзе, дык развіццё славацкага медыя-асяроддзя ў апошнія гады выглядае больш-менш здавальняльна: вонкава СМІ дзейнічаюць свабодна, без разбуральнага ўмяшання з боку палітычнай улады (вызначаюцца яны як свабодныя і ў штогадовай справаздачы Freedom House), заканадаўчая база функцыянавання СМІ паволі дасканаліцца, тэлевізійны рынак пасля ўвядзення ўліку глядацкага рэйтынгу праграм імкнецца да міжнародных стандартаў. Аднак належыць тэрмінова давырашыць адкрытыя пытанні — заканадаўча ўрэгуляваць дзейнасць дзяржаўнага агенцтва прэсы, удасканаліць спосабы фінансавання грамадскага тэлебачання і радыё, каб умацаваць іх незалежнасць ад палітычных эліт, і падрыхтаваць медыя-прастору да прыходу новых гульцоў пасля дыгіталізацыі тэлевяшчання, якая абяцае яшчэ больш пашырыць праграмную размаітасць і плюралізм поглядаў. А ўсё гэта, між тым, пазітыўна паўплывае на далейшае развіццё дэмакратыі ў краіне.


ІІІ. Фармаванне знешняй палітыкі і яе абрысы


Аляксандр Дулеба. Стасункі з Расіяй і кансалідацыя дэмакратыі ў 90-х гадах

Галоўным пытаннем знешнепалітычнай дыскусіі ў Славакіі пасля атрымання дзяржаўнай незалежнасці быў выбар паміж інтэграцыяй у міжнародныя арганізацыі, якія аб'ядноўваюць развітыя краіны “заходняга свету” (перш за ўсё ў НАТА і ЕС), і пошукам “іншых” варыянтаў (нейтралітэт альбо г.зв. геапалітычная канцэпцыя Славакіі як “моста паміж Усходам і Захадам”, Расіяй і ЕС, і т.п.). Істотнай характарыстыкай гэтай праблемы было тое, што яна з'яўлялася складовай часткай унутранай дыскусіі аб дэмакратыі і, адначасна, палітычнай барацьбы паміж яе прыхілінікамі, скептыкамі а адэптамі аўтарытарнага рэжыма. Таму знешнепалітычныя прэферэнцыі тутэйшых актораў і іх стасункі з замежжам былі на тую пару адлюстраваннем хутчэй унутрыпалітычных, чым знешнепалітычных праграм.

У 90-я гады толькі вельмі ўмоўна можна было казаць пра паслядоўную знешнюю палітыку СР, паколькі ў грамадстве не існавала кансэнсусу адносна яе прыярытэтаў. Кульмінацыя спрэчкі аб знешнепалітычным курсе прыпала на 1994—1998 гг. падчас г.зв. трэцяга ўрада Уладзіміра Мечыяра, які складаўся з кааліцыі трох палітычных партый (Рух за Дэмакратычную Славакію — РЗДС, Славацкая Нацыянальная Партыя — СНП і Згуртаванне Рабочых Славакіі — ЗРС). Гэтая кіруючая кааліцыя паспрабавала вынайсці для Славакіі “іншую” пазіцыю, альтэрнатыўную сяброўству ў НАТА і ЕС.

Але сапраўднага кансэнсусу адносна знешнепалітычнага выбару ўдалося дасягнуць толькі на пачатку новага стагоддзя. Пераломным момантам можна лічыць галасаванне ў Нацыянальнай Радзе СР па пытаннях “Стратэгіі бяспекі Славацкай Рэспублікі” ў сакавіку 2001 года і “Стратэгіі абароны СР” у траўні таго ж году, калі большасць асноўных палітычных партый, прадстаўленых у парламенце, улучна з ужо апазіцыйнай на той час РЗДС, прагаласавала за сяброўства ў НАТА і ЕС у якасці знешнепалітычных прыярытэтаў СР. Разам з тым, гэта была згода галоўных палітычных актораў краіны адносна таго, што яны аддаюць перавагу ліберальнай дэмакратыі ў СР. Што да Расійскай Федэрацыі і яе дыпламатыі, дык у 1994—1998 гг. яна падтрымлівала тыя славацкія палітычныя сілы, якія рабілі стаўку на “трэці шлях”, альтэрнатыўны еўраатлантычнай інтэграцыі.


РАСІЙСКАЯ ПАДТРЫМКА “ТРЭЦЯГА ШЛЯХУ”

Пасля вострай крытыкі СР з боку ЗША і ЕС (г.зв. перыяд дэмаршаў у “дыялогу аб дэмакратыі” паміж урадам Уладзіміра Мечыяра і заходнімі партнёрамі) у 1994—1995 гг. тагачасная славацкая ўрадавая кааліцыя ўсвядоміла, што пры захаванні існага стылю кіравання перспектыў інтэграцыі ў заходнія структуры ў краіны няма. З гэтага паўстала няпростая дылема, бо змена ўнутранай палітыкі сведчыла б пра правал абранага курсу, а адсутнасць змены азначала б, што Славакія, у адрозненне ад сваіх бліжэйшых суседзяў (Польшчы, Чэхіі і Венгрыі), застаецца па-за НАТА і ЕС. Кааліцыя ахвяравала стратэгічнымі дзяржаўнымі інтарэсамі і прыняла рашэнне на карысць уласнага выжывання. Але яшчэ трэба было пераканаць будучых выбарцаў (між іншым, як і саміх сябе), што Славакіі, уласна кажучы, “непатрэбная інтэграцыя ў НАТА ды ЕС”, а “заходняя мадэль” не адпавядае славацкай ментальнасці.

Знешнепалітычная ўрадавая праграма ўпершыню была публічна прадстаўленая лідэрамі дзвюх кааліцыйных партый у кастрычніку 1995 г. Старшыня СНП Ян Слота і старшыня ЗРС Ян Люптак у сваіх інтэрв'ю расійскаму агенцтву навін ІТАР-ТАСС, агучаных амаль запар, паведамілі, што “СР не варта ўступаць у розныя вайсковыя блокі, а лепей было б захаваць нейтралітэт”... “Большасці простых славакаў не патрэбны ні НАТА з ЕС, ні МВФ”. У канцы таго самага месяца старшыня наймацнейшай кааліцыйнай партыі і прэм'ер урада Мечыяр падчас афіцыйнага візіту ў Маскву выказаўся наступным чынам: “Пашырэнне НАТА змешчана ў праграмнай дэкларацыі ўрада, і ўрад пакуль што [пры паўторы сказа ён ужо гэта словазлучэнне прапусціў. — Заўвага карэспандэнта.] гэту праграмную дэкларацыю не мяняе”. Сваё ўяўленне бяспечнай Еўропы ён звязаў са стварэннем сістэмы бяспекі на кантыненце, якая б уключала ў сябе таксама Расію. “Адным з магчымых шляхоў з'яўляецца трансфармацыя НАТА ва ўсееўрапейскую арганізацыю, у якой могуць быць краіны-сябры і кааптаваныя краіны (курсіў аўтара.А.Д.). Было б гістарычнай памылкай падзяліць Еўропу на дзве часткі”. Аднак адчужэнне ад НАТА і ЕС нельга было патлумачыць толькі “панкантынентальнымі” знешнепалітычнымі спекуляцыямі, якія капіравалі тагачаснае расійскае бачанне пабудовы ў Еўропе новай сістэмы бяспекі. Трэба было давесці, што дыялог з Захадам праваліўся зусім не з “унутрыпалітычных прычын”.

Расійская палітыка вельмі аператыўна адрэагавала на “славацкія праблемы ў сувязях” з Захадам і вуснамі свайго тагачаснага пасла Сяргея Ястржэмбскага падхапілася падтрымліваць і бараніць Славакію: “Гэта новы бальшавізм, калі заходнія краіны кажуць: ідзіце за намі. Маўляў, існуе толькі адзін шлях да дэмакратыі, і мы гэты шлях ведаем...”. У красавіку 1996 г. расійская газета “Известия” надрукавала вялікі артыкул аб Славакіі, дзе расійскі пасол адзначыў: “...на Захадзе не разумеюць спецыфіку маладой дзяржавы, не бяруць пад ўвагу ні гісторыю славацкага народа, ні славацкі менталітэт. Адчуваецца і незадаволенасць самастойнай лініяй урада... Славакам кажуць: паглядзіце, як гэта робяць чэхі, палякі, венгры. Чаму вы робіце іначай? Таму што гэта іншая дзяржава, славакі ўсё хочуць рабіць па-свойму”.

Экс-амбасадар Ястржэмбскі, тады ўжо ў якасці прэс-сакратара расійскага прэзідэнта, назваў выступ пасла ЗША Ральфа Джонсана ў Прэшаве ў кастрычніку 1996 г. “адкрытым ціскам і беспрэцэдэнтным умяшаннем ва ўнутраныя справы” Славацкай Рэспублікі. Карацей кажучы, у Славакіі нічога не рабілася недэмакратычна, а толькі па-іншаму, і як суверэнная дзяржава Славакія мела на гэта права, у якім ёй адмаўляў “бальшавіцкі” Захад... І недзе на пераломе 1995—1996 гг. нарадзіўся міф аб “славацкім шляху”, які нібыта ўяўляе з сябе ўласную альтэрнатыву рэформам у посткамуністычным свеце.

Упершыню славацкае трансфармацыйнае “ноу-хау” публічна прадставіў у замежжы прэм'ер Уладзімір Мечыяр падчас свайго афіцыйнага візіту ў Саюзную Рэспубліку Югаславію напрыканцы студзеня 1996 г. Падчас працэдуры атрымання ганаровай доктарскай ступені Універсітэта імя братоў Карычаў у Бялградзе ён выступіў з прамовай пра “славацкую мадэль трансфармацыі эканомікі”, дзе, між іншага, заявіў: “Кожны мае права на ўласны шлях, мы не прымаем панавання агульных дагматаў. У пераходны перыяд не памяншаецца роля дзяржавы, а змяняюцца яе функцыі... Працэс трансфармацыі можна падтрымаць звонку, аднак яго нельга звонку навязаць”. У лютым 1996 г. эксклюзіўны расійскі часопіс “V.I.P.” апублікаваў вялікае інтэрв'ю са славацкім прэм'ерам, дзе той казаў: “Несумненна, на Захадзе існуюць пэўныя колы, якія крытычна настроены і супраць мяне асабіста, і супраць нашага руху (РЗДС. — Аўтар), а нават і супраць усёй краіны... У палітычнай сферы мы не сталі капіяваць традыцыйнай структуры заходніх краін. Наш рух узнік не на ідэалагічных, а на прагматычных прынцыпах... Ён не падобны да заходніх партый... Мы для краіны вызначылі наступную перспектыву: як мага меней чакаць дапамогі звонку і максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэзервы... Не ўсе гэта разумеюць, і не ўсім гэта падабаецца... Мы не шукаем “трэці шлях”, мы шукаем шлях для саміх сябе. Толькі той, хто мысліць дагматычна, дзівіцца: чаму ў нас па-іншаму, чым на Захадзе? Так, па-іншаму! Але калі па-іншаму атрымліваецца добра — дык ці гэта дрэнна?”. Прэм'ер славацкага ўрада, бадай, быў насамрэч перакананы, што захады, якія зрабіў яго ўрад пасля парламенцкіх выбараў 1994 г. (скасаванне мандатаў дэпутатаў парламента супраць іх волі, цкаванне прэзідэнта, які не пагаджаўся з палітыкай урада, татальная канцэнтрацыя ўлады ў руках яго партыі, аблога апазіцыі, фінансавыя злоўжыванні ў сферы прыватызацыі, выкарыстанне сакрэтнай службы ў барацьбе з палітычнымі праціўнікамі і да т.п.), — гэта “не дрэнна, а па-іншаму”. Аўтарытарныя кіраўнікі заўсёды тлумачаць умацаванне персанальнай улады “нацыянальнымі асаблівасцямі”.


ЧАМУ І ЯК РАСІЯ ПАДТРЫМЛІВАЛА МЕЧЫЯРА

Рэжым Расійскай Федэрацыі, які сфармаваўся ў выніку палітычнага крызісу 1993 г., з гледзішча ліберальнай дэмакратыі ўяўляў сабой альтэрнатыву посткамуністычнай трансфармацыі. Яго палітычнай базай сталася г.зв. “ельцынаўская мадэль” узору 1993 г., якая надавала прэзідэнту, як найвышэйшаму прадстаўніку выканаўчай улады, права выдаваць дэкрэты, што маюць заканатворчы характар і з'яўляюцца абавязковымі для выканання на ўсіх узроўнях улады. Такі палітычны лад, дзе парушаны баланс паміж заканатворчай, выканаўчай і судовай уладамі, дэфармуе асноўны прынцып дэмакратыі і значна ўскладняе працэс палітычных пераўтварэнняў, што мы і бачым на прыкладзе некаторых постсавецкіх рэспублік. Пасля Расіі падобная мадэль была скарыстаная ў канстытуцыях Беларусі (1994) і Ўкраіны (1996).

Урады, якія фармальна нясуць адказнасць за выкананне законаў, залежаць ад волі прэзідэнтаў, а не ад шырокага кансэнсусу палітычных сіл. Прэзідэнцкія адміністрацыі ды іншыя органы ўлады, якія фармуюцца прэзідэнтамі паводле ўласнай волі (часам нават не звяртаючы ўвагі на закон), маюць большыя выканаўчыя кампетэнцыі, чым тыя інстытуцыі, што павінны былі б іх мець згодна Канстытуцыі. У такой сітуацыі парламенты адыгрываюць маргінальнае значэнне, паколькі не з'яўляюцца адзінай крыніцай заканатворчасці. Апрача таго, прэзідэнты звычайна валодаюць шырокім правам вета ў дачыненні да законаў, што прымае парламент. Палітычныя партыі, якія маюць у парламенце мандат ад выбарцаў, пазбаўленыя рэальнага права фармаваць выканаўчую ўладу, а таму не выконваюць функцыю, якая ўскладзеная на іх гэтым дэмакратычным інстытутам улады. Сродкі масавай інфармацыі цалкам знаходзяцца пад кантролем дзяржаўнай улады альбо залежных ад яе юрыдычных асоб. У выніку мы маем дэфармаваную сістэму прадстаўнічай дэмакратыі, вітрынны плюралізм, адсутнасць культуры палітычнага кансэнсусу, свабоднай медыя-прасторы і слабую грамадзянскую супольнасць.

У выніку Расія ўяўляе сабой сёння не толькі альтэрнатыўную мадэль посткамуністычнай трансфармацыі з пункту гледжання ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцей, але і супрацьстаўляе сябе НАТА і ЕС у міжнароднай і абароннай палітыцы. З 1993 г., асабліва ў стасунках з былымі камуністычнымі краінамі, Расія заўсёды падтрымлівала тыя палітычныя сілы, якія імкнуліся да пошуку “іншых шляхоў” у трансфармацыйным працэсе, улучна са славацкім урадам 1994—1998 гг. Яна падтрымала стыль кіравання тагачаснага ўрада, таму што была зацікаўлена: 1) у ізаляцыі Славакіі ад НАТА (пашырэнне НАТА вызначалася стратэгічнымі абароннымі дакументамі РФ як пагроза нацыянальнай бяспецы); 2) у прасоўванні на еўрапейскія рынкі сваіх тавараў (перадусім у транзіце нафты і прыроднага газу, якія пераважна фармуюць дзяржаўны бюджэт РФ); 3) у падтрыманні “сваяцкага” палітычнага рэжыму (тое самае можна прасачыць у палітыцы Расіі ў 90-я гады ў адносінах да Югаславіі, Беларусі, Украіны, Грузіі і т.п.). Дзеля таго, каб звярнуць Славакію з курсу на ліберальную дэмакратыю, Расія выкарыстоўвала наступныя спосабы:

— “аднабаковую дыпламатыю” ў двухбаковых дачыненнях, г.зн. падтрымку толькі тых палітычных сіл, што былі лаяльныя да Расіі (асабліва выразна апошняе праявілася пры г.зв. урадзе Мараўчыка (май — верасень 1994 г.) і падчас кіравання трэцяга ўрада Мечыяра ў 1994—1998 гг.);

— палітыку “прывілеяваных адносінаў”, г.зн. абяцанне выключных эканамічных выгодаў, прадстаўленне гарантый бяспекі на той выпадак, калі Славакія не ўступіць у НАТА і стане нейтральнай дзяржавай (эканамічныя прывілеі былі важкім аргументам на карысць геапалітычнай канцэпцыі Славакіі як моста паміж Расіяй і Захадам; пасля мадрыдскай сустрэчы НАТА на вышэйшым узроўні гэтая канцэпцыя сталася амаль афіцыйнай міжнароднай стратэгіяй СР);

— умяшанне ва ўнутрыпалітычную дыскусію, дзе падкрэсліваліся адрозненні ў культуры і менталітэце “заходняга” і “славянскага (усходняга)” свету (непрымальнасць “заходніх” палітычных канструкцый для славянскіх краін).

У палітычнай барацьбе за будучае Славакіі Расійская Федэрацыя рабіла ўсе магчымыя захады, каб перашкодзіць распаўсюджванню ідэй ліберальнай дэмакратыі і прадухіліць далучэнне краіны да еўрапейскіх эканамічных і палітычных структур.


ЗАМЕСТ ЗАКЛЮЧЭННЯ: ПЕРАМЕНЫ ПАСЛЯ 1998 ГОДА

Новаму славацкаму ўраду на чале з Мікулашам Дзурындай, утворанаму пасля парламенцкіх выбараў у 1998 г., перадусім неабходна было вызначыцца са знешнепалітычнай спадчынай свайго папярэдніка. Складовай часткай змены канцэпцыі замежнай палітыкі была і трансфармацыя стасункаў з Расіяй. Апошняе запатрабавала вырашэння трох задач:

пераканаць ключавых знешнепалітычных партнёраў у тым, што славацкая знешняя палітыка заслугоўвае даверу, а “саюзніцкія адносіны” з Расіяй не з’яўляюцца альтэрнатывай інтэграцыі ў заходнія структуры;

1) правесці рэвізію славацка-расійскай дагаворнай базы перыяду 1994—1998 гг.;

2) “дэпалітызаваць” гандлёвыя стасункі з Расіяй і разблакаваць расійскую запазычанасць такім чынам, каб вывесці з-пад яе суб'екты гаспадарання з аднаго і другога боку палітычнага поля.

Пасля выбараў 1998 г. паміж Славакіяй і Расіяй пачаўся перыяд “палітычнага пахаладання”, які працягваўся да візіту міністра замежных спраў Ігара Іванова ў студзені 2001 г. Усім было зразумела, што новы склад славацкага ўрада цвёрда вырашыў правесці канцэптуальныя змены ва ўнутранай і знешняй палітыцы, дзе ў якасці прыярытэтаў было заяўлена ўступленне ў НАТА і ЕС. Інакш кажучы, пахаладанне ў двухбаковых адносінах было лагічным вынікам радыкальных перамен у краіне і таго факта, што расійская дыпламатыя ў папярэдні перыяд 1994—1998 гг. у стасунках са Славакіяй падтрымлівала толькі тыя палітычныя сілы, якія тады былі пры ўладзе. Пасля выбараў 1998 года Расіі спатрэбіліся два гады, каб зразумець, што перамены ў Славакіі маюць незваротны характар. І толькі падчас згаданага візіту міністра замежных спраў Ігара Іванова ў Браціславу Расія публічна адмовілася ад спроб змяніць знешнепалітычны курс СР і аказваць уплыў на яе ўнутрыпалітычнае жыццё. Ігар Іваноў падкрэсліў, што Расія паважае еўраатлантычную арыентацыю Славакіі і будзе імкнуцца да ўсталявання шырокіх кантактаў з новай Славакіяй. З 2001 і да сярэдзіны 2004 гг. мы былі сведкамі прагматычнага падыходу з абодвух бакоў да ўзаемных стасункаў, калі ніхто не надаваў ім большага значэння, чым яны мелі на самой справе, і не патрабаваў змены знешнепалітычных прыярытэтаў партнёра. Уступленне Славакіі ў НАТА і ЕС азначала канец яшчэ аднаго важнага этапа ў супрацоўніцтве з Расіяй.

У 1993—1998 гг. адносіны з Расіяй былі складовай часткай унутрыпалітычнай барацьбы ў Славакіі за форму палітычнай сістэмы, паколькі аўтарытарны рэжым, які сфармаваўся ў Расіі восенню 1993 года, уяўляў сабой мадэль, альтэрнатыўную ліберальна-дэмакратычнай трансфармацыі. Таму Расія ў тагачасных стасунках са Славакіяй рабіла ўсе магчымыя захады, каб заблакаваць нам шляхі ў накірунку да ліберальнай дэмакратыі і навязаць расійскую мадэль г.зв. кіруемай дэмакратыі. Натуральна, праз такую палітыку ў нас не было ніякіх шанцаў злучыцца з НАТА і ЕС. Славацкую дылему той пары найлепш перадае выказванне былога прэм'ера Уладзіміра Мечыяра: “Калі нас не захочуць на Захадзе, мы звернемся да Усходу”.

Уступленне Славакіі ў НАТА і ЕС азначала радыкальную перамену стасункаў з Расіяй. Перадусім, двухбаковыя кантакты паміж СР і РФ перастаюць ужо быць усяго толькі двухбаковымі. Дачыненні паміж НАТА і Расіяй, а таксама ЕС і Расіяй сталі часткай двухбаковай славацка-расійскай павесткі дня. Разам з тым адбыўся кардынальны зрух у сферу палітыкі і бяспекі, бо цяпер гандлёвыя аперацыі з Расіяй СР павінна рэгуляваць праз пасрэдніцтва ЕС. А калі СР хоча дасягнуць нейкіх спецыфічных мэт датычна Расіі, дык ёй неабходна скаардынаваць свае дзеянні з саюзнікамі ў рамках агульных правілаў Еўрасаюза і палітыкі альянсу НАТА. Іншымі словамі, СР павінна навучыцца выкарыстоўваць ЕС і НАТА ў сваіх стасунках з Расіяй. Безумоўна, Славакія пасля ўступлення ў НАТА і ЕС адназначна выйграла з пункту гледжання яе значэння для Расіі як партнёра. Сяброўства ў абедзвюх арганізацыях узмацняе “вялікадзяржаўны” патэнцыял Славакіі і ўздымае яе значэнне для Расіі. З іншага боку, той факт, што любыя захады Расіі ў дачыненні да Славакіі мусяць быць адаптаваныя да правілаў і нормаў ЕС і НАТА, стварыў сітуацыю, калі Расія страціла ранейшы патэнцыял свайго ўздзеяння, які яна мела ў 1993—1998 гг. Больш за тое, сёння ўжо няма нават рызыкі, якая хай сабе і тэарэтычна, але яшчэ існавала ў 1998—2004 гг., што такая сітуацыя можа паўтарыцца.

Пераклаў са славацкай Алесь КАРЦЕЛЬ.


Уладзімір Більчык. Уступленне ў Еўрапейскі саюз

У гэтым артыкуле я засяроджу ўвагу на працэсах палітычнага ўзаемадзеяння Славакіі з краінамі-сябрамі і арганізацыямі Еўрапейскага Саюзу (ЕС) у 1994—2004 гг. і разгледжу некаторыя вынікі еўрапейскай інтэграцыі, што паўплывалі на яе палітычны рэжым. У якасці сябра ЕС Славакія ўжо вызначылася наконт кірунку свайго палітычнага развіцця. Цяпер нам трэба адно забяспечыць выкананне абавязкаў, што вынікаюць з сяброўства ў ЕС, у тым ліку й абавязкаў датычна якасці, дзейснасці і легітымнасці інструментаў дэмакратыі.


ЕС І ПАЛІТЫЧНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ

Палітычныя інстытуты змяняюцца разам з развіццём грамадства. Паказальным прыкладам можа служыць досвед посткамуністычнай Еўропы. Краіны былога савецкага блоку, зведаўшы каму­ністычны, дый больш ранні, негатыўны досвед, з 1989 г. ступілі на шлях урэгулявання асноў свайго палітычнага жыцця. Насуперак разнастайным падзелам краін Сярэдняй і Усходняй Еўропы, гэты рэгіён цягам апошняга дзесяцігоддзя вызначаецца высокай ступеняю інстытуцыянальнай канвергенцыі, што яскрава пацверджае працэс інтэграцыі ў ЕС.

Уплыў ЕС на форму і характар палітычных інстытутаў Славацкай Рэспублікі (СР) можна падзяліць на тры асноўныя этапы, якія часткова супадаюць з храналогіяй эвалюцыі адносін СР і ЕС. Першы этап датычыў тых палітычных умоў, ня выканаўшы якіх, краіна не магла быць запрошана на перамовы адносна яе будучага ўступлення ў ЕС. Другі ахопліваў сам працэс уступлення і, найперш, тычыўся акрэслівання Славацкай Рэспублікай і 15 краінамі-сябрамі ЕС умоў уступлення. Трэці этап вызначаецца інстытуцыянальнай эвалюцыяй, калі Славакія сталася назіральнікам, а пазней — сябрам арганізацый ЕС.

Зважаючы на першыя крокі да сяброўства ў ЕС, можна казаць пра масштабны аднавектарны і вертыкальны ўплыў патрабаванняў ЕС на палітычную сістэму Славакіі. Асіметрычнасць гэтых стасункаў падштурхоўвала да таго, каб мы як мага хутчэй прыстасавалі свае палітычныя і адміністрацыйныя структуры да выканання ўмоў уступлення.

Падчас трэцяй хвалі ўплыву, якая датычыцца дзейнасці СР у органах ЕС, асіметрыя паступова адступаецца. А ўдзел у палітычных працэсах усярэдзіне Саюзу запатрабаваў новых фармулёвак пазіцый і прыярытэтаў СР у кантэксце развіцця ЕС.

Трансфармавальны ўплыў Саюзу на палітычную сістэму краін-кандыдатаў, безумоўна, быў і ёсць вельмі шырокім, але гісторыя адносін з іншымі краінамі-сябрамі ды інстытутамі ЕС можа шмат расказаць і пра магчымасці краіны эфектыўна змагацца за ўласныя прыярытэты.


КРЫТЭРЫІ ДЛЯ ЎСТУПЛЕННЯ Ў ЕС

Вынікі пасяджэння Еўрапейскай рады ў Кодані ў чэрвені 1993 г. адкрылі магчымасць пашырэння Еўрапейскага Саюзу шляхам далучэння да яе краін посткамуністычнай Еўропы і вызначылі агульныя крытэры для такога пашырэння. Асноўнай умовай для сяброўства краіны ў ЕС была названа магчымасць прадэманстраваць стабільнасць інстытутаў, якія гарантуюць існаванне дэмакратыі, прававой дзяржавы, ахову правоў чалавека і меншасцяў. Наступныя ключавыя ўмовы датычыліся існавання рыначнай эканомікі і здольнасці супрацьстаяць ціску ўнутры свабоднага еўрапейскага рынку, таксама, як і здольнасці прыняць і задзейнічаць на практыцы еўрапейскія прававыя нормы. Саміт канстатаваў, што пашырэнне не павінна парушыць функцыянавання Еўрапейскіх супольнасцяў.

Хаця гэтыя ўмовы не патрабавалі адзінай мадэлі палітычнай інстытуцыяналізацыі, яны дапамаглі сфармаваць некаторыя агульныя рысы палітычных сістэм посткамуністычных краін, якія ўступілі ў Саюз 1 траўня 2004 г. Для іх палітычных інстытутаў дамінантнымі сталіся такія канцэпты, як парламенцкая дэмакратыя, прапарцыйная выбарчая сістэма, кааліцыйная ўлада і незалежная судовая сістэма.

Славацкая Рэспубліка сваёй палітычнай сістэмай ніякім чынам не выпадае з гэтых агульных характарыстык краін Сярэдне-Ўсходняй Еўропы (выключэннем ёсць, хіба, Румынія, дзе прэзідэнт валодае большымі паўнамоцтвамі). Аднак падчас пабудовы сваёй па­літычнай сістэмы Славакія прайшла “турбулентны” перыяд, азначаны знешнепалітычнай ізаляцыяй ураду, найбольш выяўленай у 1996—1998 гг. Гэта  прывяло да сітуацыі, калі СР з прычыны невыканання коданьскіх палітычных умоў, паводле пастановы Еўрапейскай рады ў Люксембургу ў снежні 1997 г., не атрымала запрашэння на перамовы адносна ўступлення ў ЕС.

Усё ж вышэй апісаныя палітычныя праблемы не заміналі фармальнай інстытуцыяналізацыі ўзаемадзеяння з Еўрапейскім Саюзам у кантэксце, вызначаным Кааліцыйнай дамовай, і не стваралі для Славакіі ніякіх значных цяжкасцяў. Памянёная дамова сталася юрыдычнай базай для ўрэгулявання адносін Славацкай Рэспублікі, Еўрапейскіх супольнасцяў і Еўрапейскага Саюзу. Працягам першай Кааліцыйнай дамовы, падпісанай яшчэ Чэхаславакіяй 16 снежня 1991 г., стала новая дамова (ад кастрычніка 1993 г.), якая набыла сілу ў лютым 1995 г. Для ўзаемадзеяння на палітычным узроўні была створана Кааліцыйная рада, што складалася з сябраў Рады Еўрапейскіх супольнасцяў, Еўрапейскай камісіі і сябраў, названых урадам. У рамках гэтай Рады быў створаны Кааліцыйны камітэт, які меўся вырашаць канкрэтныя тэхнічныя пытанні, што вынікалі з дамовы, і якому былі падпарадкаваны розныя тэхнічныя падкамітэты.

Акрамя двухбаковых сустрэч Кааліцыйнай рады і Кааліцыйнага камітэту, Славакія рэгулярна брала ўдзел у шматбаковых сустрэчах на міністэрскім узроўні ў межах г.зв. структурнага дыялогу краін-сябраў ЕС і краін-кандыдатаў. На парламенцкім узроўні быў створаны Супольны парламенцкі кааліцыйны камітэт, у які ўваходзілі сябры Народнай рады СР і Еўрапейскага парламенту. Паводле камюніке Еўрапейскай камісіі ад 15 ліпеня 1997 г., славацкі бок быў “падрыхтаваны да выкарыстання механізмаў” узаемаадносін, скіраваных на вырашэнне разнастайных праблем (Commission of the European Communities, 1997, с. 13). Базавыя інстытуцыянальныя рамкі былі перадумовай для функцыянальнага выканання мэт кааліцыйнай дамовы.

Але самай істотнай праблемай на шляху да інтэграцыі паўстала палітычная сітуацыя ў краіне. Тое ж самае камюніке Еўрапейскай камісіі не рэкамендавала краінам-сябрам пачынаць перамовы пра ўступленне Славакіі ў ЕС — з прычыны невыканання коданьскіх палітычных умоў. Згадаем: у ліку самых выразных недахопаў былі названы непавага да пастаноў Канстытуцыйнага суду, становішча парламенцкай апазіцыі, агульная інстытуцыянальная нестабільнасць — як вынік адносін прэзідэнта са старшынём ураду і тагачаснага спосабу выбараў прэзідэнта ў НР СР, а таксама заганы ў механізмах кантролю сакрэтных службаў. Недасканалымі аказаліся й прынцыпы ўсталявання незалежнасці судовай справы і забеспячэння правоў нацыянальных меншасцяў.

Урад — ключавы ўдзельнік адносін з ЕС — стварыў элементарныя мажлівасці для інтэграцыі. Аднак эфектыўнае выкарыстанне гэтых мажлівасцяў не магло ажыццяўляцца без змен паводзін самога ўраду. Пасля адмоўнага рашэння Люксембургскага саміту ў снежні 1997 г. Славакія ў наступныя гады змушана была даганяць тыя краіны, з якімі, на глебе пастановы таго ж саміту, ужо ў сакавіку 1998 г. пачаліся перамовы пра ўступленне,— Польшчу, Чэшскую Рэспубліку, Венгрыю, Славенію, Эстонію і Кіпр.

Прагрэс у камунікацыі і дасягненні інтэграцыйных мэт настаў пасля парламенцкіх выбараў у верасні 1998 г. Новы ўрад СР пад кіраўніцтвам прэм’ера Мікулаша Дзурынды паставіў на мэце як мага хутчэй пераадолець негатыўныя знешнепалітычныя вынікі дзейнасці папярэдняга кабінету. Неўзабаве пасля яго сфармавання пачалося цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі (ЕК) і краін-сябраў ЕС. У лістападзе 1998 г., падчас першага афіцыйнага наведання Брусэлю, новы старшыня ўраду Мікулаш Дзурында і Ханс ван дэн Бро, сябра Еўрапейскай камісіі, вырашылі стварыць новы інстытуцыянальны орган — Высокаўзроўневую працоўную групу “Еўрапейская камісія — Славакія” (The European Commission — Slovakia High Level Working Group). Галоўнай мэтай яе стала дапамога Славакіі ў новых працэсах падрыхтоўкі да сяброўства ў ЕС.

Працоўная група пад кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратара МЗС СР Яна Фігеля і намесніка генеральнага дырэктара ЕК па знешніх адносінах Франсуа Ламурё (Franзois Lamoureux) у перыяд з лістапада 1998 г. да верасня 1999 г. сустракалася пяць разоў. Падчас падрыхтоўкі да перамоў пра ўступленне ў ЕС група зьяўлялася асобным органам, які з боку Еўрапейскай камісіі спрыяў намаганням славакаў. Кансультацыі тычыліся розных аспектаў уступнага працэсу — як больш шырокіх палітычных, эканамічных і заканадаўчых спраў, так і спецыфічных пытанняў — такіх, напрыклад, як эфектыўнасць фінансавых праграм PHARE ці ядравая бяспека Славакіі.

Дзейнасць Працоўнай групы дапамагла падштурхнуць палітычныя змены ў Славакіі. Пасля парламенцкіх выбараў увосень 1998 г. і пасля мясцовых і прэзідэнцкіх выбараў у першай палове 1999 г. у краіне аднавілася інстытуцыянальная стабільнасць палітычнай сістэмы. Абранне на прэзідэнцкую пасаду Рудольфа Шустэра ў адкрытым двубоі з былым прэм’ерам Уладзімірам Мэчыярам неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў аказалася ўжо другой паразай палітычнай групоўкі, што спрычынілася да мінулых няўдач Славакіі. Больш за тое, пасля выбараў пачаліся сістэмныя змены: новая парламенцкая большасць улічыла пажаданні Еўрапейскай камісіі і паклапацілася пра мадыфікацыю Канстытуцыі СР і ўвядзенне наўпростых выбараў кіраўніка дзяржавы, што дапамагло стабілізаваць сітуацыю ў краіне. Наступным прыкладам сістэмных змен, пажаданых для ЕК, сталася прыняццё Закону аб выкарыстанні ўмоў нацыянальных меншасцяў у ліпені 1999 г.

Справы Працоўнай групы датычыліся шырокага спектру пытанняў, уключаючы праблему ядравай энергетыкі. ЕС, канечне, не мае адзінай і стандартнай палітыкі адносна атамных электрастанцый, аднак некаторыя краіны — напрыклад, суседняя Аўстрыя, а разам з ёй і ЕК — у рамках уступнага працэсу патрабавалі спыніць старыя ядравыя рэактары савецкіх часоў, бяспека якіх выклікае сумневы. У Славакіі гаворка вялася пра атамны энергаблок V-1 у Яслаўскіх Багуніцах. Еўрапейская камісія прапанавала магчымасць фінансавай дапамогі і кампенсацыі ў разе спынення такіх рэактараў, і славацкі бок паабяцаў прыняць рашэнне пра спосаб і дату спынення двух рэактараў на V-1 да канца верасня 1999 г.

Поспех інтэграцыйных намаганнняў Славакіі ў значнай ступені залежаў ад тэмпу і вынікаў унутраных рэформ. У палітычнай галіне паасобку стаяла пытанне судовай улады: Еўрапейская камісія паўторна раскрытыкавала недастатковую незалежнасць усёй сістэмы выбару суддзяў, якія мусілі праходзіць чатырохгадовы выпрабавальны тэрмін. Палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай праблемай, што трывала шмат гадоў, абярнулася таксама (і дасюль ёсць) становішча цыганскай меншасці. У эканамічнай галіне акцэнт быў зроблены на паскарэнне рэформ, прыватызацыю банкаў і стратэгічных прадпрыемстваў. Але, нягледзячы на асобныя хібы, маніторынг задач Еўракамісіі даў станоўчы вынік — і адкрыў Славакіі шлях да перамоў пра ўступленне ў ЕС.

Акрамя наўпростых кантактаў з Еўрапейскай камісіяй, новы ўрад Славацкай Рэспублікі меў намер аднавіць двухбаковыя адносіны з урадамі краін-сябраў Еўрапейскага Саюзу. Калі ЕК уяўляе з сябе інстытут, які рэгулярна праводзіць маніторынг і ацэньвае становішча падрыхтаванасці краін-кандыдатаў да сяброўства ў ЕС, дык рашэнне пра непасрэднае адкрыццё наўпростых перамоў з кандыдатамі ў Еўрапейскі Саюз прымаюць асобныя краіны ЕС. Часам улады Мэчыяравай кааліцыі РЗДС—СНП—ЗРС (Рух за дэмакратычную Славакію, Славацкая нацыянальная партыя і Згуртаванне працоўных Славакіі) адбылося паступовае пахаладанне адносін Славакіі з краінамі ЕС, што адбілася паслабленнем інтэнсіўнасці двухбаковых кантактаў на вышэйшых узроўнях. Запомнілася, да прыкладу, беспаспяховае намаганне прэм’ера Мэчыяра наладзіць афіцыйную сустрэчу з нямецкім канцлерам Гельмутам Колем.

Кантраснае ўражанне пакінуў і знешнепалітычны поспех ягонага пераемніка — Дзурынды. Сам старшыня ўраду за 1999 г. правёў 35 двухбаковых, а ў далейшым — вялікую колькасць шматбаковых замежных сустрэч. Таксама й іншыя чальцы ўраду СР наведалі сваіх калег у краінах ЕС. Пачаліся частыя візіты ў Славакію з-за мяжы. Параўнальна з дзейнасцю папярэдняга ўраду, міністэрскія кантакты з прадстаўнікамі краін-сябраў ЕС шматразова ўзраслі, і змест сустрэч, да таго ж, стаў больш акрэслены. Славакія пакуль заставалася краінай са шматлікімі праблемамі. Але адкрыліся ўжо новыя магчымасці супрацоўніцтва.


УСТУПНЫЯ ПЕРАМОВЫ З ЕС

Еўрапейская камісія і краіны ЕС ухвалілі палітычныя змены на выбарах увосень 1998 г. Аптымістычныя чаканні новага ўраду наконт хуткага далучэння Славакіі да групы краін, што ўжо вялі перамовы пра ўступленне ў ЕС, аказаліся, аднак, перабольшанымі. Сам Саюз не быў гатовы прыняць рашэнне адносна свайго пашырэння да прыняцця новага бюджэту на 2000—2006 гг. Нарэшце той быў зацверджаны ў заключныя гадзіны Берлінскага саміту ў сакавіку 1999 г. Асноўныя рашэнні адносна далейшага працэсу пашырэння былі адсунуты на перыяд фінскага старшыньства ў другім паўгоддзі 1999 г. Што да Славакіі, то Саюз чакаў далейшых змен у палітычнай і эканамічнай галінах краіны. Увогуле, заўважалася некаторая насцярожанасць ЕС што да патэнцыйнага распаду ўрадавай каа­ліцыі і магчымага аднаўлення палітычнай нестабільнасці.

13 кастрычніка 1999 г. Еўрапейская камісія абнародавала сваё камюніке, у якім была канстатавана падрыхтаванасць Славацкай Рэспублікі да ўступлення ў ЕС. Пацвердзіла гэта й Працоўная група. Былі адзначаны пазітыўныя змены, факт выканання палітычных умоў у адносінах да дэмакратыі, прававой дзяржавы, а таксама ў адносінах да правоў чалавека і правоў меншасцяў. Было прапанавана пачаць перамовы пра ўступленне. Такім чынам, 1999 г. стаўся для Славакіі не толькі годам унутраных змен, але й годам набыцця новага палітычнага іміджу. Падобнае запрашэнне  атрымалі й іншыя краіны-кандыдаты з так званай “другой групы” (Латвія, Літва, Балгарыя і Румынія), а разам з імі й Мальта.

У той жа час камюніке адзначыла недахопы ў функцыянаванні славацкіх судоў і заклікала да прагрэсу ў правах меншасцяў. Што да эканамічнай галіны, то азначылася: у выпадку паспяховых і хуткіх рэформ Славакія, таксама, як і Літва, можа выканаць умовы, якія тычацца функцыянавання рыначнай эканомікі. Здольнасць славацкай эканомікі існаваць у рамках канкурэнцыі Еўрапейскага рынку залежала ад “прыняцця і выканання сучаснай праграмы заканадаўчых і структурных рэформ”. У дакуменце таксама было ўхвалена рашэнне славацкага ўраду пра спыненне двух рэактараў блоку V-1 атамнай электрастанцыі ў Яслаўскіх Багуніцах у перыяд 2006—2008 гг.

Абапіраючыся на гэтае камюніке, краіны ЕС на саміце ў Хельсінках у снежні 1999 г. прынялі рашэнне пра пашырэнне ліку краін, з якімі вяліся перамовы адносна ўступлення ў ЕС. Да папярэдняй мадэлі 5+1 з люксембургскага саміту далучыліся 6 краін другой групы, сярод якіх была й Славакія. Апроч таго, у выніку працяглых перамоў і закуліснай дыпламатыі Турцыя атрымала статус краіны-прэтэндэнта.

Вынікі саміту пацвердзілі “прынцып рэгаты”, які праявіўся яшчэ да заканчэння люксембургскага саміту. Падчас ацэнкі становішча краін-кандыдатаў ключавым быў абраны індывідуальны падыход: кожная краіна ацэньваецца з гледзішча яе ўласных вынікаў. Для СР запрашэнне на перамовы пра ўступ азначала выразныя знешнепалітычныя змены, якія былі істотнымі й для ўнутранага развіцця. Без перабольшання можна канстатаваць, што пастанова ў Хельсінках — найважны славацкі знешнепалітычны поспех.

Адносіны паміж СР і краінамі ЕС выйшлі на новы ўзровень. Пасля пачатковага пераадолення мясцовых палітычных праблем акцэнт змясціўся на канкрэтныя тэхнічныя праблемы, знітаваныя з перамовамі пра ўступленне. Перамовы з Еўрапейскім Саюзам уяўлялі з сябе праверку здольнасці да аб’яднання заканадаўчай базы краін-кандыдатаў з заканадаўчай базай і нормамі ЕС. Акрамя гарманізацыі заканадаўчых норм з правіламі ЕС, для ўступлення патрабавалася таксама практычнае выкананне гэтых норм у штодзённым жыцці.

Сукупнасць заканадаўчай базы і міжнародных пагадненняў Еўрапейскіх супольнасцяў і Еўрапейскага Саюзу acquis communautaireналічвае сённякаля 80 тысяч старонак. Acquis communautaireапісвае агульныя палітычныя органы, супольны еўрапейскі рынак, дзейнасць асобных інстытутаў ЕС, у тым ліку Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламенту.

З 2000 г. абмеркаванне ўмоў уступлення стала прадметам больш частых перамоў СР з краінамі ЕС і інстытутамі ЕС. Трэба адзначыць: вызначаныя ўмовы, у аснове якіх ляжыць прыняццё кандыдатамі ўсіх абавязкаў і правіл, што дзейнічаюць у ЕС, датычыліся найперш праверкі здольнасці краіны прыняць гэтыя правілы і дзейнічаць адпаведна з імі. Трэба было таксама дамовіцца наконт дзейнасці ў розныя пераходныя перыяды, падчас якіх у пэўных эканамічных ці палітычных галінах краіна можа карыстацца часовымі правіламі — да поўнай адаптацыі іх да acquis communautaire.

Славакія мусіла падрыхтавацца да функцыянавання ў ЕС у розных палітычных і эканамічных вымярэннях. У самой краіне трэба было вызначыць канкрэтныя прыярытэты, а таксама рэакцыю што да патрабаванняў ЕС, сфармуляваць заўвагі да іх. Таму ў перамовы ўключыліся розныя адміністрацыйныя структуры. А галоўную адказнасць несла Міністэрства замежных спраў.

У кожным міністэрстве быў створаны аддзел, што займаўся праблематыкай ЕС. Дзейнасць гэтых аддзелаў была прыстасавана да патрэб перамоў. Аднак, паводле характару сваёй працы (на якую ўплывалі часовыя рамкі ўступнага працэсу) і яе зместу (удзел у рэгулярных сустрэчах Працоўнай групы галоўнага саветніка), тое былі пераважна часовыя лакальныя ўтварэнні. Іншымі словамі, перамовы пра ўступленне непасрэдна датычыліся вузкага кола адміністрацыйных структур, якія мелі дастаткова абмежаваныя стасункі і сувязі з вышэйшым бюракратычным апаратам.

Прыемна ўражвае той факт, што раздробленая палітычная сцэна асабліва не разбурала намаганняў уладных структур, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы ўступлення ў ЕС. На працаздольнасць выканаўчай улады не паўплывалі нават дыскусіі пра склад ураду. Парламент адыгрываў вядучую ролю ў выкананні патрабаванняў да прававой сістэмы СР у сувязі з пажаданнямі acquis. У рамках уступнага працэсу ён перш-наперш вырашаў кантрольныя і кансультацыйныя задачы ў адносінах з выканаўчай уладай і выконваў рэпрэзентатыўную ролю для партнёраў за мяжой. Перадусім гаворка ішла пра рэгулярныя кансультацыі Супольнага парламенцкага камітэту ЕС і СР, складзенага з дэпутатаў славацкага парламенту і Еўрапарламенту. У славацкім парламенце былі створаны два камі­тэты — Замежны камітэт і Камітэт па еўрапейскай інтэграцыі, якія павінны былі рэгулярна праводзіць перамовы адносна пазіцыі СР падчас уступовага працэсу, кансультуючыся пры гэтым з урадам.

Такім чынам, перамовы пра ўступленне пацвердзілі дамінантнае палітычнае і адміністрацыйнае становішча выканаўчай улады СР. Акрамя таго, яны вызначылі пытанне сяброўства ў ЕС як асноўны знешнепалітычны прыярытэт краіны, які падчас уступовага працэсу стаў дамінаваць і ў вырашэнні ўнутрыпалітычных праблем. Можна падаць некалькі выпадкаў, калі працэс уступлення ў ЕС паўплываў на змены ва ўнутранай палітычнай сістэме.

Па-першае, яскравым прыкладам было абнаўленне Канстытуцыі Славацкай Рэспублікі. 26 лютага 2001 г. Народная Рада прыняла самы вялікі, з часоў абвяшчэння незалежнай дзяржавы, дадатак да Канстытуцыі рэспублікі. Абнаўленне адбылося з пазіцый неабходнасці еўрапейскай інтэграцыі. Дадатак набыў сілу з 1 ліпеня 2001 г., але ў некаторых галінах ён пачаў дзейнічаць 1 студзеня 2002 г.

Прынятыя заканадаўчыя акты рэфармавалі славацкую судовую сістэму, залежнасць якой Еўрапейская Камісія перыядычна крытыкавала. Галоўная змена датычылася парадку прызначэння суддзяў: быў скасаваны абавязковы дагэтуль чатырохгадовы выпрабавальны тэрмін. Таксама зменены былі склад і некаторыя правы Канстытуцыйнага суду СР.

Акрамя таго, дадатак да Канстытуцыі ўдакладніў прыярытэтнасць міжнародных пагадненняў, у тым ліку дамовы пра збліжэнне з ЕС у рамках славацкай юрыдычнай сістэмы. Вырашылася й пытанне вышэйшай і наўпростай правамоцы заканадаўчых актаў Еўрапейскіх супольнасцяў. Адбыліся змены ў пытаннях кампетэнцыі прэзідэнта і, перадусім, органаў мясцовага самакіравання. Заадно дадатак да Канстытуцыі ўмацаваў правы чалавека і абарону грамадзян ад дзяржаўнай бюракратыі. Прыняты дадатак наблізіў Славакію да сяброўства ў ЕС і зняў шматлікія заканадаўчыя і палітычныя перашкоды на шляху да ўступлення.

Па-другое, працэс уступлення зрабіўся падставай для некаторых унутраных рэформ. Добрай ілюстрацыяй гэтага з’яўляецца рэформа грамадскага самакіравання, якая не была абавязковай умовай для ўступлення. Але ж яна патрэбна была Славакіі — унітарнай дзяржаве — для пашырэння, да прыкладу, магчымасцяў адміністрацыйных структур эфектыўна выкарыстоўваць дапамогу ЕС з уступных фондаў, а таксама прымаць большую фінансавую дапамогу ад агульных рэгіянальных і структурных фондаў пасля ўступлення ў ЕС.

Па-трэцяе, уступны працэс спрыяў кароткачасовым палітычным зменам і спрычыніўся да стварэння новых органаў знешняга і ўнутранага палітычнага кантролю. Згадваецца ў гэтай сувязі справа пра падазрэнне ў злоўжыванні сродкаў фондаў Еўрапейскага Саюзу, што распачалася ўвесну 2001 г. У карупцыі западозрылі тагачаснага дырэктара аддзелу замежнай дапамогі пры ўрадзе СР. Паследкам гэтых падазрэнняў сталі замарожанне ўступнай дапамогі Еўрапейскага Саюзу Славакіі і наступныя палітычныя змены: пасля распаўсюджання ў СМІ звестак пра гэтую справу пасаду віцэ-прэм’ера 4 мая 2001 г. заняў тагачасны намеснік старшыні Камітэту па інтэграцыі і старшыня Партыі грамадскага паразумення Павал Гамжык.

Расследаваннем памянёнай справы ў Славакіі займаўся Найвышэйшы кантрольны камітэт (НКК). З боку ЕС гэтую справу пачалі расследаваць прадстаўнікі Еўрапейскага антыкарупцыйнага камітэту (ЕАК), якія яшчэ да завяршэння следства ўнеслі прапанову пра “забеспячэнне больш празрыстай арганізацыйнай структуры атрымання і выкарыстання сродкаў з фондаў ЕС і выпрацоўку адпаведнай заканадаўчай базы для стварэння кантрольных сістэм, каб мінімілізаваць рызыку злоўжывання гэтых сродкаў”.

Падазрэнне пра злоўжыване еўрафондаў не пацвердзілася; заключэнне следства, высновы НКК і ЕАК былі апублікаваны ў камюніке ЕК 13 лістапада 2001 г. Падрабязнага даследавання дзейнасці славацкай адміністрацыі і органаў ЕС патрабавалі й дэпутаты Еўрапейскага парламенту. Бюджэтны камітэт ЕП падаў у першым чытанні праект бюджэту ЕС на 2002 г. з прапановай замарозіць 15 мільёнаў еўра з дапамогі ўступленню Славакіі. Акрамя арганізавання следства, ЕП патрабаваў узмацніць у Славакіі фінансавы кантроль і барацьбу з карупцыяй. Узніклая сітуацыя засведчыла наяўнасць праблемы з недастатковай фінансавай празрыстасцю дапамогі для ўступлення ў ЕС. Важным захадам у карэкцыі сістэмы размеркавання сродкаў сталася прыняццё закону аб фінансавым кантролі.


СЯБРОЎСТВА Ў ЕС І ПАЛІТЫЧНЫ РЭЖЫМ КРАІНЫ

У 2003 годзе узаемаадносіны Славацкай Рэспублікі і Еўрапейскага Саюзу змяніліся з асіметрычных на партнёрскія. 16 красавіка 2003 г. СР нарэшце падпісала Дамову ўступлення ў ЕС. У траўні 2003 г. гэтая дамова была ўхвалена на рэферэндуме, які пацвердзіў абавязкі СР уступіць і ў Еўрапейскія Супольнасці. У ліпені дамову ратыфікавала Народная рада СР, а ў жніўні сваім подпісам яе зацвердзіў прэзідэнт.

Праз падпісанне Дамовы аб уступленні 16 красавіка 2003 г. Славацкая Рэспубліка атрымала статус назіральніка ў ЕС. Практычна тое азначала, што прадстаўнікі краіны пачалі рэгулярна ўдзельнічаць з гэтага часу ўва ўсіх пасяджэннях органаў ЕС. Славакія як выканаўца acquis і краіна, што праводзіць перамовы адносна перыяду, неабходнага для адаптацыі згодна з правіламі Саюзу, стала больш уплывовым палітычным гульцом. Прыспеў час і новай стратэгіі адносна еўрапейскай інтэграцыі, норм, досведу і практыкі ЕС што да іх адлюстравання і функцыянавання ва ўнутраным жыцці. Славакія ад гэтага часу ўжо не ёсць выключна аб’ектам пастаноў ЕС — яна сталася суаўтарам гэтых пастаноў.

Уступленне ў Еўрапейскі Саюз 1 траўня 2004 г. і месца СР у інстытуцыянальнай архітэктуры ЕС далі рэальную магчымасць уплываць на справы Саюзу. У кароткачасовай перспектыве важнымі былі практычныя крокі, найперш — асэнсаванне вынікаў уступных перамоў для паўсядзённага жыцця і камунікацыі паміж краінамі, інстытутамі і грамадзянамі ЕС. Каб дзяржава была добрым гульцом на полі інтэграцыі, яна павінна выклікаць давер у іншых краін і эфектыўна вырашаць свае ўнутраныя праблемы.

Сяброўства Славакіі ў ЕС стварыла абсалютна новыя рамкі і для знешняй, і для ўнутранай палітыкі СР. Праблемы ЕС сталі часткай праблем Славакіі. Краіна-ўдзельніца Саюзу мусіць дэклараваць уласныя падыходы і пазіцыі, прапаноўваць свае варыянты рашэння агульных пытанняў. Трэба вызначыцца са спосабамі камунікацыі, каардынацыі, браць удзел у абмеркаванні ўсіх пытанняў, што клапоцяць ЕС.

Цяпер перад Славакіяй стаіць доўгатэрміновая задача інстытуцыянальнай адаптацыі. А гэта азначае, што справы Саюзу з’яўляюцца адначасова й справамі нашай унутранай палітыкі. Славакія як краіна-сябра ЕС не адчувае асаблівых перасцярог наконт абмежавання праў дзяржавы з рэжымам ліберальнай дэмакратыі. Галоўнай і доўгатэрміновай робіцца новая праблема — якім чынам палепшыць якасць функцыянавання ліберальнай дэмакратыі.


Вольга Дзярфашава. Славацкае грамадства ў праекцыі інтэграцыі, міжнародных саюзаў і глабальных пагроз

УВОДЗІНЫ

Не толькі ў пару панавання камуністычнага рэжыму, але й пасля ўзнікнення самастойнай дзяржавы Славакія адчувала дэфіцыт ведаў ва ўсіх галінах знешняй палітыкі — ад выпрацоўкі стратэгічных канцэпцый да арганізацыі бягучага працэсу (падрабязней гл.: Lukби 2000, с. 6). Як палітычным элітам, гэтаксама й цэламу грамадству не хапала гістарычнага досведу жыцця ў незалежнай дзяржаве, якая праводзіла б самастойную замежную палітыку, адстойвала ўласныя знешнепалітычныя прыярытэты і абараняла нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Пасля 1993 г. спатрэбілася амаль адпачатку разбудоўваць усю структуру дзяржаўных інстытутаў, дыпламатыі, ствараць аналітычныя цэнтры, часопісы і шмат чаго іншага, дзе й пачалі фармавацца абрысы будучай замежнай палітыкі. Але ўсё гэта патрабавала часу, а пакуль панавалі недастатковая інфармацыйная кампетэнцыя як усяго грамадства, так і яго палітычных актораў.

Да вышэй названых прычын, што абумовілі такую сітуацыю, далучым яшчэ дзьве:

— Сацыяльныя выдаткі эканамічнай трансфармацыі (аб’ектыўнае зніжэнне ўзроўню жыцця і суб’ектыўная драматызацыя паўсталых складанасцяў), а таксама шматлікія іншыя праблемы, што зазвычай узнікаюць у пару радыкальных змен у грамадстве, адсунулі знешнепалітычныя тэмы на самыя ніжнія пазіцыі ў табліцы актуальных праблем, дзе доўгі час дамінавала сацыяльная праблематыка (беспрацоўе, узровень жыцця, ахова здароўя і інш.).

— Даследаванні паказваюць, што знешнепалітычная актыўнасць вельмі цесна звязана з цікавасцю грамадства да замежнай палітыкі, а таксама інтэнсіўнасцю кантактаў з іншымі культурамі. У гэтым сэнсе славацкае грамадства не вылучалася асаблівым дынамізмам. Так, паводле даследаванняў грамадскай думкі з 1992 г. да сакавіка 2000 г., колькасць тых, хто не авалодаў ніводнай заходняй замежнай мовай, знізілася ўсяго толькі з 76% да 67%, а колькасць тых, хто ніколі не знаходзіўся ў ніводнай развітай заходняй краіне больш за тыдзень, — з 77% да 68% (параўн. Butorova 1998, с. 175). Да аператыўнага пераадолення гэтай сітуацыі не былі падрыхтаваны ні сродкі масавай інфармацыі, што толькі зрэдзьчас згадвалі пра замежную палітыку, ні палітычныя і грамадскія эліты, якія ў сваіх дыскусіях амаль цалкам абміналі знешнепалітычнную праблематыку.


АКТУАЛІЗАЦЫЯ ПРАБЛЕМ ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ

Але нягледзячы на ўсе складанасці, досыць хутка ў якасці базавай знешнепалітычнай мэты Славакіі вызначылася ўступленне ў Еўрапейскі Саюз і Паўночна-атлантычны альянс. Праўда, стаўленне грамадства да кожнай з гэтых інтэграцыйных мэт на пачатку 90-х гадоў вельмі моцна рознілася. Калі стасоўна ЕС давер пераважаў над недаверам і колькасць прыхільнікаў інтэграцыі стабільна перавышала колькасць тых, хто выступаў супраць, дык грамадскае стаўленне да НАТА мянялася паводле досыць драматычнага сцэнару.

Як ужо казалася, на пачатку незалежнасці значная частка насельніцтва ўвогуле не цікавілася знешнепалітычнымі праблемамі. А таму свайго стаўлення да НАТА ў красавіку 1992 г. не маглі вызначыць 45%, а ў сакавіку 1993 — 34% жыхароў краіны (Aktualne..., сакавік 1993). Нейкі час пасля ўзнікнення самастойнай Славакіі досыць пашыраным увогуле было меркаванне, што дзяржава павінна абапірацца на свае ўласныя сілы і не далучацца ні да якіх пактаў і саюзаў. Так, у сакавіку 1993 г. трэцяя частка насельніцтва краіны лічыла, што Славакія не можа нікому давяраць і мусіць карыстацца толькі з уласнага патэнцыялу (Aktualne..., сакавік 1993, с. 71). На тую пару шлях на Захад (далучэнне да краін ЕС і НАТА) падтрымлівала толькі чвэрць дарослага насельніцтва.

Першы год самастойнасці быў — лічы — страчаны ў плане выпрацоўкі знешнепалітычнай арыентацыі Славакіі. Тады дамінавала меркаванне, што славацкая знешняя палітыка мусіць быць працягам той, якая была пры ЧСФР, хаця час ад часу актуалізоўвалася ідэя нейтралітэту і нават перспектывы “скіравацца на Ўсход у выпадку, калі не паспеем на Захад”. Аднак паступова ўсе парламенцкія партыі і большасць грамадскіх арганізацый згадзіліся не толькі з ідэяй далучэння Славакіі да ЕС і Вышаградскага супрацоўніцтва, але й прызналі мэтазгоднасць уступлення ў НАТА. Змянілася й стаўленне грамадскасці да знешнепалітычнай праблематыкі і яе прыярытэтаў.

Калі ў першыя месяцы 1993 г. дамінавалі нявызначанасць і нізкі давер да міжнародных арганізацый, а ў выпадку з НАТА — недавер нават пераважаў, дык ужо ў кастрычніку 1993 г. Паўночна-атлантычнаму альянсу давярала 45%, а Еўрапейскаму Саюзу — 55% апытаных. Такім чынам, 1993 г. можна лічыць пераломным у знешнепалітычным адукаваньні славацкай грамадскасці.

Фактараў, якія паўплывалі на перамену сітуацыі, было некалькі. Але тут мы адзначым толькі наступнае: славакі досыць хутка зразумелі, што ва ўмовах самастойнасці ім ужо няма на каго больш крыўдаваць, акрамя як на саміх сябе, а значыць належыць самім выбіраць і адстойваць сваю знешнюю палітыку. І тады яны пачалі ўспрымаць шлях на Захад як больш прывабную альтэрнатыву цьмянай ідэі “трэцяга шляху” ці чарговага падпарадкавання Расіі. Разам з тым, нягледзячы на рост інтэграцыйных настрояў, ладная частка славацкага грамадства ўсё яшчэ хілілася да аўтакратызму ды ізаліцыянізму. “Такое становішча не можа дзівіць: дзесяцігоддзі палітычнай і эканамічнай ізаляцыі спрыялі рэпрадукцыі менталітэту закрытай краіны, правінцыялізму. Тым часам, калі чэхі былі звыш меры занятыя панеўрапеізмам (згадаем хаця б словы Т.Г.Масарыка “чэшскае пытанне — гэта сусветнае пытанне”), славакі звыкла памяшчалі сябе ў больш лакальныя абсягі: айчынныя гарызонты былі абмежаваны бліжэйшымі суседзямі. Славакі параўноўвалі сябе перадусім з венграмі ды чэхамі і, да таго ж, часта дэфензіўным спосабам”. (Butorova — Butora 1994, с. 60).

Наступны этап у развіцці славацкага грамадства характарызуецца выразным прафіляваннем, і з гэтага — палярызацыяй падыходаў да замежнай палітыкі. Болей за тое, знешнепалітычная арыентацыя робіцца галоўным складнікам сістэмы грамадскіх каштоўнасцяў. Дарэчы, мяжа паміж інтэграцыйнай, адкрытай для трансфармацый пазіцыяй і рухам супраць інтэграцыі тоеснілася з мяжой культурна-каштоўнаснага падзелу на дэмакратычна скіраваных грамадзян і тых, каму бліжэйшымі падаваліся аўтарытарныя падыходы.

У 1994—1998 гг. славацкі шлях “адхіліўся” ад інтэграцыйнага вектару. А якраз у гэтую пару тры краіны з былой Варшаўскай дамовы былі запрошаны ў НАТА і адначасна пачаліся перамовы з першай групай новых кандыдатаў на сяброўства ў ЕС. Славакія мела ўсе перадумовы “быць сярод іх”, аднак палітыка Мэчыяра выключыла краіну з абодвух працэсаў, нязважна на тое, што ў самім грамадстве давер да Еўрапейскага Саюзу і Паўночна-атлантычнага альянсу тады прыкметна падвысіўся. Найбольш выразна гэтыя тэндэнцыі праявіліся падчас праваленага рэферэндуму аб наўпростых выбарах прэзідэнта і ўступленні Славакіі ў НАТА. Паводле тагачасных апытанняў, калі б гэты рэферэндум быў прызнаны за легітымны, яго вынікі былі б адназначна пазітыўнымі. У кастрычніку 1997 г. уступленне ў НАТА падтрымлівала 52% дарослага насельніцтва, а супраць было толькі 35%.

Пасля прыходу да ўлады Мікулаша Дзурынды ў 1998 г. Славакія выйшла з міжнароднай ізаляцыі і ў інтэграцыйных працэсах стала набліжацца да сваіх вышаградскіх суседзяў — Польшчы, Венгрыі і Чэхіі. З восені 1999 г. яшчэ мацнейшай стала падтрымка ідэі ўступлення Славакіі ў ЕС і НАТА. Найпершай важнасці было меркаванне адносна ўступлення ў НАТА (падтрымка грамадства дасягнула амаль 50%). Нарэшце інтэграцыйныя памкненні паспяхова завершыліся — у 2000 г. Славакія стала сябрам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), а ў 2004 г. сябрам Еўрапейскага Саюзу і Паўночна-атлантычнага альянсу.


ПРАЦЭС ДАЛУЧЭННЯ ДА ЕС І НАТА

Еўрапейскі Саюз

Як мы ўжо адзначалі раней, славакі падтрымлівалі ідэю ўлучэння ў ЕС і НАТА зусім не аднолькава. Стаўленне да інтэграцыі з ЕС было стабільна пазітыўным, уступленне ў ЕС падтрымлівала каля 70% насельніцтва. Гэта перадусім было звязана з чаканнем эканамічных і сацыяльных выгод, а таксама з высокай ступеняю кансэнсусу палітычных партый і іншых уплывовых эліт адносна гэтага накірунку інтэграцыі. Паводле вынікаў большасці даследаванняў, пазітыўныя чаканні грамадства спачатку грунтаваліся на трох галоўных аргументах, два з якіх наўпрост тычыліся сацыяльна-эканамічнай сферы. Найперш славакі спадзяваліся на новыя працоўныя месцы, якія мусілі з’явіцца праз адкрыццё рынку працы. Другі аргумент быў звязаны з надзеяй на падвышэнне агульнага дабрабыту ад замежных інвестыцый, фондаў, росту прыбыткаў і т.д. Трэці абапіраўся на магчымасці свабоднага пераруху па дарогах кантыненту (Еўропа без межаў і варожых лагераў, канчатковае разбурэнне “жалезнай заслоны”).

Разам з тым, у інтэграцыйных працэсах славакаў палохала небяспека зніжэння ўзроўню жыцця, падвышэння цэн і павелічэння сацыяльных разрозненняў. Пабойваліся славакі й іміграцыі, г.зн. наплыву таннай працоўнай сілы. Як, зрэшты, і пранікнення ў краіну замежнага крыміналу. Таксама былі засцярогі наконт эміграцыі кваліфікаваных людзей са Славакіі, т.зв. brain drain (вымыванне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны за мяжу). Аднак у цэлым пераважалі чаканні канкрэтных выгод і агульнага пазітыву.

Пасля ўступлення краіны ў ЕС у грамадстве не настала ніякага расчаравання. Тое адбылося з некалькіх момантаў. У першую чаргу, не рэалізаваліся прадказваныя негатыўныя сцэнары: драматычнае падвышэнне цэн на прадукты харчавання, паслугі і да т.п. Макраэканамічныя паказчыкі за 2004 г. параўнальна з папярэднім годам, нават палепшыліся. Славакія дасягнула найвышэйшага росту знешняга валавага прадукту сярод краін Вышаградскай дамовы, падвысілася рэальная заробная плата, інфляцыя заставалася нізкай, некаторыя прадукты харчавання сталі нават таннейшымі. Хаця гэтыя станоўчыя тэндэнцыіі былі вынікам не столькі еўраінтэграцыі, колькі рэгіянальных і сацыяльных расслаенняў, аднак разам з іншымі станоўчымі момантамі неэканамічнага характару яны спрычыніліся да пазітыўнай ацэнкі сяброўства ў ЕС. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў другім паўгоддзі 2005 г. Паводле даследавання Еўрабарометра (Eurobarometer), увосень 2005 г. 62% насельніцтва па-ранейшаму лічыла, што сяброўства ў ЕС станоўча ўплывае на Славакію, а тым жа часам у ЕС-25 (25 краінах-сябрах ЕС) падобнага меркавання прытрымлівалася толькі 52% грамадзян. (Eurobarometer 64, восень 2005).

Паўночна-атлантычны альянс: аргументы “за” і “супраць”

Матывацыі ўступлення ў ЕС найперш былі звязаны са спадзяваннямі на паляпшэнне сацыяльна-эканамічных аспектаў жыцця, а вось ясных аргументаў на карысць уступлення краіны ў НАТА ў славакаў было не шмат. Выразна ўсведамлялі сувязь паміж уступленнем у НАТА і бяспекай краіны у студзені 1999 г. 36% рэспандэнтаў, пятая частка прытрымлівалася меркавання, што гэты крок не паўплывае на ўзровень бяспекі, а трэць увогуле была супраць саюзу з Паўночна-атлантычным альянсам (Інстытут грамадскіх пытанняў, студзень 1999). Яшчэ значная частка рэспандэнтаў не магла вызначыцца ў сваім стаўленні да НАТА (або не бачыла ніякага сэнсу ў хаўрусаванні з ім). Такая сітуацыя захоўвалася да канца 2000 г.

Слабая падтрымка ідэі ўступлення ў НАТА трымалася не толькі на адсутнасці выразных аргументаў на яе карысць, але й на моцных асцярогах перад небяспекаю такога захаду. У спантанных адказах найчасцей выказвалася боязь за магчымасць уцягвання Славакіі ў ваенныя канфлікты, павелічэнне выдаткаў на войска і страту Славацкай рэспублікай суверэнітэту.

У 2000—2002 гг. славацкія ўлады распачалі шырокую камунікацыйную кампанію, скіраваную на павышэнне інфармаванасці грамадскасці пра сутнасць Паўночна-атлантычнага альянсу. У вялікай ступені былі задзейнічаны таксама й непарламенцкія арганізацыі. Дзякуючы гэтай кампаніі, інфармаванасць насельніцтва павялічылася, а разам з тым узрасла й падтрымка ідэі ўступлення Славакіі ў НАТА. Хаця даволі заставалася й стрымлівальных фактараў, сярод якіх вылучаліся падвышэнне выдаткаў на войска і верагоднасць таго, што інтэграваная краіна можа стацца мішэнню для тэрарыстычных атак. Аднак упэўненасць у тым, што НАТА павысіць бяспеку і што Славакіі патрэбна калектыўная ваенная абарона, пераважылі ва ўспрыманні грамадскасці ўсе перасцярогі.


ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫЯРЫТЭТТЫ ПАСЛЯ ЎСТУПЛЕННЯ Ў ЕС І НАТА

Міжнароднае становішча

Якую ролю ў свеце міжнародных стасункаў бачаць для Славакіі яе грамадзяне? Паводле даследавання, праведзенага Маршалаўскім нямецкім фондам у 2005 г., прыблізна дзве трэці грамадзян лічыцлі што ім будзе лепш, калі Славакія пачне актыўна прысутнічаць у міжнародных падзеях. Чвэрць схілялася да захавання пэўнай дыстанцыі. Калі ж параўнаць Славакію з іншымі краінамі, у якіх таксама праводзілася даследванне, дык у нас колькасць актыўна скіраваных людзей была меншая. У актыўнай ролі сваю краіну хацелі б бачыць, напрыклад, 89% французаў, 84% партугальцаў і 83% іспанцаў. Гэта й зразумела, бо на колькасць актыўна скіраваных грамадзян уплываюць памер краіны, яе знешнепалітычная роля ў мінуласці, сучасныя ваенныя амбіцыі і да т.п.

Графік 1. Як вы лічыце, што будзе лепшым для будучыні Славакіі — актыўны ўдзел у міжнародных падзеях альбо захаванне пэўнай дыстанцыі ад іх? (% прыхільнікаў актыўнага ўдзелу)

Заўвага: ЕС-9 = сярэдняя колькасць насельніцтва ў дзевяці краінах-сябрах ЕС, задзейнічаных у даследаванні (Германіі, Францыі, Італіі, Галандыі, Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Вялікабрытаніі і Славакіі).

Крыніцы: Трансатлантычныя трэнды 2004, 2005

Як бачым, колькасць грамадзян, якія аддаюць перавагу актыўнаму ўдзелу Славакіі ў міжнародных падзеях, за апошні год узрасла з 59% да 64%, і гэта важны факт. Гэты зрух, адзначаны й шматлікімі іншымі даследаваннямі, сведчыць, што славацкае грамадства, якое да апошняга часу засяроджвалася пераважна на ўласных праблемах, пачынае пакрысе прызвычайвацца да больш шырокага міжнароднага кантэксту.

Адказваючы на пытанне, якая дзяржава можа дамінаваць у свеце, славакі выразна выявілі “антыглабалісцкі” рэфлекс. У 2005 г. 46% славакаў аддало перавагу ЕС, 4% — ЗША, а 44% засведчыла: “Ніводная краіна не павінна быць вялікай дзяржавай”. Гэты адказ сустракаецца ў Славакіі намнога часцей, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Што да старэйшага пакалення, дык такую сітуацыю можна патлумачыць “савецкай крыўдай”, для ўсіх іншых, пэўна, сваю ролю тут адыгралі невыразная “палітычная сацыялізацыя” Славакіі як сябра ЕС, недахоп геапалітычнага рэалізму, рамантычная схільнасць да нейтралітэту і г.д.

Трансатлантычныя стасункі Славакія ацэньвае паводле агульнага еўрапейскага ўзору: большая частка насельніцтва лічыць, што ЗША і ЕС маюць дастаткова агульных каштоўнасцяў, каб супрацоўнічаць у вырашэнні міжнародных праблем. Аднак жа, калі славакам трэба вырашыць, “хто больш важны для Славакіі — ЗША ці ЕС”, перавага цалкам аддаецца Еўропе. Акрамя таго, Славакія, разам з усімі еўрапейскімі краінамі, лічыць, што Еўрапейскі Саюз можа мець сваю, незалежную ад ЗША, пазіцыю ў пытаннях бяспекі і дэмакратыі.

Магчыма, таму на пытанне: “Ці пажадана, каб ЗША выкарыстоўвалі сваю моц усясветнай дзяржавы ў міжнародных справах?” у 2005 г. 55% славакаў адказалі адмоўна (33% — станоўча). Гэтая пазіцыя славакаў супадае з пазіцыяй французаў, немцаў, іспанцаў, аднак розніцца ад меркавання ангельцаў, галандцаў і палякаў, якія часцей выказваюць праамерыканскія настроі.

Глабальныя пагрозы

У сучасных умовах глабальнага свету істотна мяняецца характар пагроз. На першы план выходзяць т.зв. асіметрычныя пагрозы, якімі, у першую чаргу, паўстаюць міжнародны тэрарызм і пашырэнне колькасці зброі масавага знішчэння. Ацэнка гэтых пагроз у кожнай краіне розная і шмат у чым залежыць ад канкрэтнага гістарычнага досведу.

Славакі лічаць міжнародны тэрарызм самай вялікай з усіх сучасных пагроз (табл. 1). Што да пашырэння ядравага ўзбраення, глабальных эканамічных крызісаў ці праблем іміграцыі, дык тут пазіцыя славацкага грамадства тоесная з агульнаеўрапейскай. Праўда, адрозна ад многіх еўрапейцаў, славакі менш востра ўспрымаюць пагрозы масавых інфекцый, глабальнае пацяпленне і ісламскі фундаменталізм.

Табліца 1. Вось міжнародныя пагрозы, якія могуць пагражаць Еўропе ў наступныя дзесяць год. Пра кожную з іх скажыце: гэта “вельмі сур’ёзная”, “сур’ёзная” альбо “несур’ёзная пагроза”. (% адказаў — “гэта вельмі сур’ёзная пагроза”)

Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005

У 2005 г. Трансатлантычнае даследаванне вызначала суб’ектыўнае адчуванне пагроз і на ўзроўні асобы. У анкету было ўключана пытанне: “Наколькі верагодна, што асабіста Вас могуць закрануць пералічаныя пагрозы на працягу наступных дзесяці гадоў?” Тут адказы больш дыферэнцыяваныя. Досыць натуральна, што амерыканцы куды вастрэй успрымаюць усе вышэйназваныя пагрозы, і перадусім тыя, што звязаныя з эканамічнымі крызісамі і тэрарызмам. Еўрапейцы ўвогуле найперш зважаюць на вынікі глабальнага пацяплення, а славакі ўпаасобку найбольш абвострана ўспрымаюць пагрозу тэрарызму (табл. 2).

Табліца 2. Наколькі верагодна, што Вас асабіста ў бліжэйшыя дзесяць гадоў могуць закрануць наступныя пагрозы? Гэта абсалютна верагодна, хутчэй, верагодна, не вельмі верагодна, абсалютна неверагодна (% адказаў — абсалютна + хутчэй, верагодна)

Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005

Апошняе Трансатлантычнае даследаванне адлюстравала значныя змены ў славацкім грамадстве. Раней славакі былі найбольш занепакоены эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а бяспека пераважна звязвалася з “унутранымі” пагрозамі. І толькі ў даследаванні Інстытута грамадскіх пытанняў у лістападзе 2004 г. асноўнай небяспекай быў названы ўжо тэрарызм. Гэта значыць, што цяпер і ў славацкім грамадстве акцэнт з класічных (традыцыйных) пагроз у форме інтэрвенцыі перамясціўся на т.зв. асіметрычныя пагрозы сучаснага свету. Між тым, бачна, што, інтэнсіўнасць, з якой славакі ўспрымаюць многія пагрозы, значна ніжэйшая, чым у іншых (даследаваных) еўрапейскіх краінах і ЗША. Найбольш ярка гэтая розніца праяўляецца адносна непакою за глабальнае пацяпленне. На жаль, мы не можам параўнаць гэтых вынікаў з вынікамі падобных даследаванняў у іншых краінах Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы. Аднак у цэлым можна канстатаваць, што малая ўвага славакаў да экалагічных праблем паказвае на абыякавасць да “зялёных” тэм як грамадскіх, так і ўрадавых арганізацый і палітычных партый.

Дапамога іншым краінам і палітыка падтрымкі дэмакратыі

Пасля ўступлення ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў 2000 г. і ў ЕС у 2004 г. Славакія далучылася да краін, якія аказваюць дапамогу іншым народам. Даследаванне Інстытута грамадскіх пытанняў у чэрвені 2005 г. паказала, што славацкая грамадскасць надзвычай актыўна падтрымлівае захады ў гэтым накірунку, — 83% рэспандэнтаў. Падобныя вынікі былі і ў верасні 2004 г., калі 77% дарослага насельніцтва палічыла правільным, што Славакія аказвае гуманітарную дапамогу іншым краінам. У свядомасці славацкай грамадскасці дамінуе акцэнт на гуманітарнай дапамозе.

У Трансатлантычным даследаванні 2005 г. таксама аналізавалася, наколькі еўрапейцы і амерыканцы падтрымліваюць прасоўванне дэмакратыі ў іншыя краіны свету. Паводле яго вынікаў (графік 2), гэтая палітычная мэта мае падтрымку ў славацкага грамадства, але падтрымка тут меншая, чым у іншых еўрапейскіх краінах: “За” выказалася 63% рэспандэнтаў (74% у ЕС-9). У Славакіі часцей сустракаюцца і нявызначаныя пазіцыі (12% супраць 4% у ЕС-9), а вось колькасць тых, хто выступае супраць экспарту дэмакратыі, толькі крыху большая, чым у ЕС-9 (25% супраць 22%).

Графік 2. Прасоўванне дэмакратыі як мэта палітыкі ЕС (у %)

Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005

Што да канкрэтных інструментаў такой палітыкі, дык славацкая грамадскасць аддае перавагу “мяккай сіле”: 56% рэспандэнтаў ухваляе маніторынг выбараў і падтрымку незалежных супольнасцяў (напр., няўрадавых ці рэлігійных арганізацый і інш.); 38% выступае за эканамічныя санкцыі, а 36% — за палітычныя. Пагадзіліся на скарыстанне ўзброенай сілы пры змаганні з таталітарным рэжымам толькі 19% апытаных. Падтрымка ўсіх гэтых канкрэтных крокаў у Славакіі меншая, чым у ЕС-9 (графік 3). Цікава заўважыць: хаця амаль дзве трэці насельніцтва наагул згаджаецца падтрымліваць дэмакратыі ў несвабодных краінах, канкрэтныя формы падтрымкі ўхваляе значна меншая колькасць рэспандэнтаў. Прычына падобнай “асіметрыі” палягае, бадай, у тым, што публічная дыскусія наконт форм падтрымкі дэмакратыі праводзіцца недастаткова актыўна, і шырокаму грамадству ў цэлым незразумела, што ўяўляюць з сябе гэтыя канкрэтныя формы.

Графік 3. Уявіце сабе, што ў нейкай краіне пануе аўтарытарны рэжым і адсутнічаюць палітычная ды рэлігійная свабоды. Ці можа ЕС ужываць наступныя спосабы для падтрымкі дэмакратыі? (% станоўчых адказаў сярод рэспандэнтаў Славакіі і ЕС-9)

Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005

Ухвала канкрэтных форм падтрымкі дэмакратыі звязана яшчэ з тым, што Славакія цягам сваёй гісторыі часта была аб’ектам інтэрвенцыі, і з гэтага ў ёй выразна сфармавалася “культура адслоненасці” ці “неінтэрвенцыянізму”. Пра гэта сведчыць і той факт, што, параўнальна з іншымі еўрапейскімі краінамі (найперш — з Вялікабрытаніяй, Іспаніяй і Галандыяй) і ЗША, у Славакіі найчасцей можна пачуць, што “ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін ніколі не бывае апраўданым” (64% станоўчых адказаў) (графік 4). Гэты феномен, верагодна, сведчыць, што шматвяковы гістарычны досвед існавання славакаў пад чужынскай уладай навучыў іх быць закрытымі ад свету, каб унікнуць лішняй агрэсіі з боку большых і мацнейшых.

Графік 4. Умяшанне ва ўнутраныя справы іншых краін ніколі не бывае апраўданым (% станоўчых адказаў)

Крыніца: Трансатлантычныя трэнды 2005


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Славакія — невялікая сярэднееўрапейская краіна, якая за сваю гісторыю перажыла шмат палітычных рэжымаў і дзяржаўных утварэнняў (славацкі гісторык Ліптак слушна гаворыць пра “changes of changes“, Liptak 2002). У гістарычнай памяці славакаў запісана, што іх лёс заўсёды залежаў ад іншых і вырашаўся ў іншым месцы. Таму славакаў і сёння мала цікавяць падзеі ў свеце, пра якія яны, да таго ж, і не вельмі шмат ведаюць. Таму асноўнымі творцамі знешняй палітыкі з’яўляюцца палітычныя эліты і арганізацыі. Зрэшты, апошнім часам досыць заўважную ролю пачынае адыгрываць і ўласна грамадзянская супольнасць. Тут мы яшчэ раз павінны згадаць пра дэфіцыт гістарычнага досведу ў дзяржаўным будаўніцтве і недахоп — з гэтай прычыны — ведаў у міжнароднай палітыцы. Менавіта таму мы залішне доўга былі ў пазіцыі прэтэндэнта на сяброўства ў еўрапейскай супольнасці, затым наганялі “страчаны час” і толькі зусім нядаўна атрымалі магчымасць заняцца “самаідэнтэфікацыяй ў якасці сябра ЕС і НАТА”.

Вось чаму нам надзвычай важна ведаць, якія (і ў якой ступені) знешнепалітычныя пытанні хвалююць сёння славацкую грамадскасць. Пры гэтым будзем выразна ўсведамляць, што мы не можам параўноўваць славакаў з грамадзянамі вядучых краін свету, дзе пытанні знешнепалітычнага характару абмяркоўваюцца і ва ўнутрыпалітычных дыскусіях. З таго якраз славацкія рэспандэнты часцей за грамадзян іншых краін адказвалі на пытанні словамі “не ведаю” і “мяне гэта не цікавіць.

Надзвычай важнай падзеяй у станаўленні сучаснай Славакіі стала інтэграцыя з Еўрапейскім Саюзам і Паўночна-атлантычным альянсам, якую славакі паспяхова рэалізавалі. Аднак гэта яшчэ не “канец гісторыі”. Колькасць мэт, праблем ды выклікаў з цягам часу будзе адно павялічвацца, а не памяншацца. Гэта вынікае як мінімум з двух фактараў — перадусім мы сталі часткай вялікага звязу краін, яго дзейнай асобай, партнёрам і апанентам. А другім фактарам ёсць тая дынамічная міжнародная сітуацыя, што характарызуецца новымі выклікамі і пагрозамі.

Са славацкай пераклала Ірына СІТНІК.


IV. Эканамічная трансфармацыя...


Яўген Южыца. Эканамічная трансфармацыя: пакручастая дарога да новых даляглядаў

УВОДЗІНЫ

Усе мы імкнемся да лепшага жыцця. Ацэньваючы ягоную якасць, мы звычайна абапіраемся на канкрэтныя лічбы інфляцыі, валавога ўнутранага прадукту, узроўня беспрацоўя, росту рэальных заробкаў, даходаў, кошту камунальных паслуг і да таго падобнае. Менш гаворыцца пра тое, што застаецца па-за лічбамі, а менавіта, ці ствараем мы перадумовы для больш якаснага жыцця ў будучым?

У Месапатаміі тысячы гадоў таму, імаверна, быў найвышэйшы ўзровень жыцця з хоць калі існаваўшых. Але зусім не таму, што народ там раней за ўсіх здагадаўся, як эфектыўна рэгуляваць натуральныя манаполіі, кантраляваць банкі, арганізоўваць сацыяльную падтрымку, рэфармаваць пенсійную і судовую сістэмы. Не было там і асаблівай карэктнасці, талерантнасці ці адказнасці (інакш кажучы — высокай этыкі) у стасунках паміж людзьмі. Да прыняцця кодэкса законаў Хамурапі (1800 г. да н.э.) Месапатамія ўвогуле не мела сістэмы фармальных правілаў і законаў. Але яна знаходзілася на вельмі ўрадлівай тэрыторыі паміж рэкамі Еўфрат і Тыгр. Тады гэтага хапала, каб мець выдатную эканамічную сітуацыю.

Сёння гэтага ўжо мала, а тэрыторыя былой Месапатаміі, паводле даных ААН, залічваецца да эканамічна найменш развітых рэгіёнаў свету. Для поспеху недастаткова цяпер і таго, каб краіна знаходзілася ў выгадным геаграфічным становішчы. Германская Дэмакратычная Рэспубліка была побач з Федэратыўнай Рэспублікай Германія і мела аднолькавую з ёй культурную спадчыну. Аднак у ГДР дзейнічалі іншыя законы і правілы, якія, урэшце, і абумовілі яе знікненне з мапы свету.

Хаця геаграфічнае палажэнне ўсё яшчэ з’яўляецца важным фактарам эканамічнага росту, аднак яшчэ большую ролю адыгрываюць фармальныя і нефармальныя правілы функцыянавання кожнага дзяржаўнага ўтварэння. Напрыканцы ХХ ст. усе краіны пераходнага тыпу зведалі рэформы фармальных правілаў.


ЭКАНАМІЧНАЯ ТРАНСФАРМАЦЫЯ 1991—1998 ГАДОЎ

Славакія прайшла доўгі і складаны шлях развіцця — ад праблемнай дзяржавы з нестабільнай эканомікай, што знаходзілася ў міжнароднай палітычнай ізаляцыі да сітуацыі, якая характарызуецца макраэканамічнай стабільнасцю, эканамічным ростам і інтэнсіўнай міжнароднай палітычнай кааперацыяй. Пераход ад планавай да рынкавай эканомікі патрабуе цэлага комплексу самых розных трансфармацый. І каб правільна ацаніць усё, што адбылося, неабходна ўлічыць сітуацыю напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гг., якую збольшага можна прадставіць наступнымі характарыстыкамі:

— цэнтралізаванае кіраванне эканомікай;

— дзяржаўная ўласнасць;

— дысбаланс спажывання і прадукцыйных магчымасцей эканомікі;

— аднабаковая арыентацыя на колькасны рост (вытворчасць без уліку патрэб грамадства);

— дэфармаваная роля коштаў і грошай;

— мінімальная канкурэнцыя і высокая мера канцэнтрацыі вытворчасці з прычыны манапольнай ці алігапольнай структуры рынкаў;

— рэгуляванне дзяржавай знешнеэканамічных стасункаў;

— нізкая эфектыўнасць і стагнацыя эканомікі;

— мяккія бюджэтныя абмежаванні, з чаго нерэнтабельныя прадпрыемствы маглі доўга ўтрымлівацца на рынку;

— дэфармацыя сістэмы вартасцей і матывацый.

Частковымі трансфармацыямі выправіць гэтае становішча было немагчыма. Таму эканамічная рэформа мусіла распачынацца з прынцыповай замены ўсёй сістэмы. Перамены датычыліся ўсталявання новай макраэканамічнай раўнавагі, формы ўласніцтва, цвёрдых бюджэтных абмежаванняў, лібералізацыі цэн і знешняга гандлю, стварэння адпаведных інстытуцыянальных рамак і радыкальнай трансфармацыі ролі дзяржавы ў эканоміцы.

Рэфармацыйныя мерапрыемствы пачалі рэалізоўвацца з 1 студзеня 1991 г. Меркавалася, што на першым этапе ў выніку лібералізацыі цэн высока падымуцца кошты на ўсе віды тавараў і паслуг. Рэстрыктыўная валютная і бюджэтная палітыка павінна была прывесці іх да максімуму, каб на гэтым узроўні і зафіксаваць макраэканамічную раўнавагу. І ўжо на аснове гэтай раўнавагі павінен быў сфармавацца рынак пакупніка. Устойлівы эканамічны кантэкст будзе прымушаць прадпрыемствы адаптавацца да яго, спыніцца эканамічная рэцэсія, а эфектыўнасць эканомікі ў цэлым пачне нарастаць.

Што датычыць росту цэн, дык прагнозы цалкам спраўдзіліся. А вось працэс адаптацыі прадпрыемстваў, які першапачаткова меркавалася завяршыць за некалькі год, апынуўся больш працяглым, чым чакалася. Рэч у тым, што ён запатрабаваў змены не толькі фармальных, але і нефармальных правілаў.

Трансфармацыя мела два этапы:

— рэвалюцыйны — хуткая рэалізацыя прынцыповых перамен (прыватызацыя, лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, макраэканамічная стабілізацыя). Гэтыя канцэптуальныя перарухі выклікалі хутчэй палітычныя, чым эканамічныя праблемы;

— эвалюцыйны — стварэнне функцыянальных інстытутаў рынкавай эканомікі, забеспячэнне доўгатэрміновага росту з механізмамі ўласнай рэгенерацыі.

Тады як першы этап трансфармацыі можна рэалізаваць адносна хутка (калі ў грамадстве збольшага існуе згода да непазбежнасці такіх крокаў), дык на другім этапе тэмп змены фармальных і нефармальных правілаў лімітаваны шматлікімі фактарамі.

Трансфармацыя эканомікі Славакіі пачала рэалізоўвацца яшчэ ў рамках федэрацыі ў 1991 г., а з 1993 г. гэты працэс ужо быў злучаны са стварэннем інстытутаў самастойнай рэспублікі. Пасля дасягнення адносна пазітыўных вынікаў у 1994—1995 гг. пачалі, аднак, усё больш выразна выяўляцца прыкметы вонкавай і ўнутранай макраэканамічнай нераўнавагі. Але ўзніклыя праблемы нікім не вырашаліся, а наадварот, акумуляваліся, і з гэтага эканоміка хутка дэстабілізоўвалася.

Неабходнай перадумовай пераходу да рынкавай эканомікі з’яўляецца, як вядома, лібералізацыя цэн. Яна была зробленая яшчэ ў 1991 г. у рамках тагачаснай Чэха-Славакіі. Натуральна, інфляцыя дэвальвавала чэхаславацкую крону (Kиs). У 1993 г. адбылася яшчэ адна дэвальвацыя, на гэты раз ужо славацкай кроны (Sk).

Пасля пачатковага вызвалення цэн працэс іх дэрэгуляцыі амаль спыніўся, а некаторыя цэны (на электраэнергію, цяпло, газ, ваду, камунальныя аплаты, транспартныя і паштовыя паслугі…) штучна рэгуляваліся і ўтрымліваліся на нізкім узроўні. Хаця гэтыя меры на нейкі час і прыпынілі інфляцыю, але разам з тым дэфармавалі ўсю эканамічную рэформу. Адкладанне дэрэгуляцыі стварала розныя праблемы вытворцам, зніжала прыбытковасць іх прадукцыі, наступствам чаго было змяншэнне падатковых адлічэнняў (адначасна ўзраслі патрабаванні новых датацый) і скарачэнне капіталаўкладанняў у развіццё прадпрыемстваў. З боку попыту штучна нізкія цэны рабілі непатрэбнай рацыяналізацыю і пошук альтэрнатыўных магчымасцей (як у выпадку цэн на электраэнергію). Прапанова і попыт разгортваліся ў супрацьлеглых кірунках. Штучна нізкія цэны стваралі толькі ілюзію дабрабыту, бо нехта мусіў пакрываць іх розніцу з рэальнай вартасцю. Фармальна гэта рабіла дзяржава, але насамрэч — самі спажыўцы, дадаткова аплачваючы са сваёй кішэні кошты іншых паслуг. Больш за тое, Славакія ў той час не стварыла нават законаў для рэгулявання г.зв. натуральных манаполій, таму не было механізмаў супрацьвагі звычайным манапольным пазіцыям. Рэгуляванне цэн, такім чынам, не мела прадуманай матывацыйнай мадэлі, а зыходзіла, як правіла, з акцэптавання руху выдаткаў на рэгуляваных прадпрыемствах.

У перыяд трансфармацыі звычайна выяўляецца некалькі інфляцыйных імпульсаў (напрыклад, прынцыповая лібералізацыя цэн, дэвальвацыя, выроўніванне цэн адносна развітых эканомік, дэфіцыт фінансаў, высокія крэдытныя стаўкі і іх уплыў на кошт прадукцыі, дэфармацыя канкурэнтнага асяроддзя). Таму адной з мэт валютнай палітыкі ў тагачаснай Славакіі была элімінацыя рызыкі раскручвання інфляцыйнай спіралі.

Рэстрыкцыі ў манетарнай і фіскальнай галіне на пачатку трансфармацыі дапамаглі ўтрымаць макрастабільнасць, неабходную пры лібералізацыі замежнага гандлю і лібералізацыі цэн, але пазней з гэтых як бы эфектыўных захадаў мы атрымалі макраэканамічную нераўнавагу. А з 1996 г. усё больш выразна пачалі праяўляцца адмоўныя вынікі тагачаснай эканамічнай палітыкі (экспансія дзяржаўных выдаткаў, рэалізацыя вялікіх інфраструктурных праектаў, гаспадаранне з дэфіцытам дзеля падтрымкі г.зв. імпульсаў развіцця з боку ўрада, выцісканне прыватных інвестыцый дзяржаўнымі, селектыўнасць эканамічнай палітыкі, умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку і да т.п.).

Рос дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, гандлёвага балансу, павялічвалася запазычанасць эканомікі, якая, да таго ж, была яшчэ значна вышэйшай за аб’яўленую, бо ўтваралася не толькі коштам дзяржаўнага дэфіцыту, а і запазычанасцямі ў сістэмах аховы здароўя і адукацыі ці прадпрыемстваў, падпарадкаваных дзяржаве (чыгунка, сродкі масавай інфармацыі — тэлебачанне і радыё, — некаторыя банкі і да т.п.). Што да валавой знешняй запазычанасці, дык Славацкая Рэспубліка была сярод найбольш кансалідаваных краін Цэнтральнай Еўропы. Але недзе з 1996—1997 гг. сітуацыя пачала мяняцца на горшую. Пад канец “эпохі” Мечыяра (на 31.12.1998) СР мела агульную валавую запазычанасць амаль у 12 млрд. долараў ЗША; а чыстая знешняя запазычанасць (розніца паміж валавой запазычанасцю і замежнымі актывамі) складала 4,2 млрд. долараў ЗША. Таму пасля палітычных перамен у 1998 г. адным з асноўных прыярытэтаў сталася аднаўленне эканамічнай раўнавагі і стабілізацыя эканомікі.

Прынятая канцэпцыя дынамічнай гаспадарчай рэформы асноўвалася на хуткай і сістэмнай актуалізацыі інстытута прыватнай уласнасці. Прыватызацыя, адпаведна, уяўляла сабой базавае апірышча рэформы. Пералічым яе асноўныя зыходныя пункты:

а) рэстытуцыя, г.зн. вяртанне маёмасці;

б) працэс прыватызацыі быў падзелены на малую і вялікую. У рамках першай прыватызаваліся рознічныя гандлёвыя кропкі, рэстараны, невялікія майстэрні, гатэлі, заводы, фабрыкі і да т.п.;

в) поруч са стандартнымі метадамі выкарыстоўвалася і купонная прыватызацыя;

г) працэс вялікай прыватызацыі быў падзелены на дзве г.зв. хвалі, у рамках якіх існаваў намер прыватызаваць большасць усёй маёмасці, што падлягала прыватызацыі;

д) былі створаны спецыялізаваныя інстытуты — фонды нацыянальнай маёмасці.

Маёмасць, якая падлягала прыватызацыі ў Славацкай Рэспубліцы, у 1991 г. мела кошт каля 385 млрд. крон. Малая прыватызацыя была першым этапам агульнай прыватызацыі і праводзілася ў 1991—1993 гг. У ходзе яе рэалізацыі быў створаны падмурак прыватнага сектара ў гандлі, сферы паслуг, а таксама ў мясцовай і малой прамысловасці (у якасці асноўнага метаду ўжываўся публічны аўкцыён). Праблемы гэтага этапа былі перадусім звязаныя з недасканалай юрыдычнай базай, якая ўскладняла працэс перадачы выстаўленай на аўкцыён маёмасці новаму ўладальніку, і таму часта даводзілася звяртацца ў суд па канчатковае вырашэнне пытання.

Што датычыць вялікай прыватызацыі, дык падзел яе на першую і другую хвалі быў абумоўлены складанасцю гэтага працэсу як з працэдурнага гледзішча, так і з прычыны вялікай колькасці падлеглых прыватызацыі аб’ектаў ды значнасці аб’ёмаў маёмасці. Спісы прадпрыемстваў, падлеглых прыватызацыі, складаў урад. 1991—1993 гг. — яе першая хваля, прыватызавана мусіла быць 678 дзяржаўных прадпрыемстваў у галіне прамысловасці, паслуг ды ў іншых сферах агульнай вартасцю 169 млрд. славацкіх крон. Яе асноўнай характарыстыкай быў г.зв. нестандартны метад, а канкрэтна — купонная прыватызацыя, якая рэагавала на дыспрапорцыі паміж аб’ёмам прызначанай для прыватызацыі маёмасці і аб’ёмам наяўных фінансавых сродкаў, што дазваляла хутка змяніць уласніка.

Прыватызацыя адбывалася ў складаным палітычным кантэксце. Пачыналася яна ва ўмовах федэральнай дзяржавы. Але пасля незалежнасці падзеі тут сталі разгортвацца іначай, чым у Чэшскай Рэспубліцы. У верасні 1992 г. урад СР ухваліў новую канцэпцыю прыватызацыі, якая маргіналізавала купонны метад, дэкларавала прыярытэт стандартных метадаў, панізіла значэнне ўласна цаны, павялічыла значэнне абавязкаў па інвеставанні ды працаўладкаванні і змякчыла ўмовы пры продажы маёмасці ў крэдыт. Новая канцэпцыя замарудзіла прыватызацыю. Гэты перыяд (з чэрвеня 1992 да сакавіка 1994 г.) можна ахарактарызаваць як перыяд стагнацыі. Рэч у тым, што на больш масавую і хуткую прыватызацыю стандартнымі метадамі бракавала айчынных і замежных інвестыцый.

У лютым і сакавіку 1994 г. урад Уладзіміра Мечыяра, прадчуваючы адстаўку, ухваліў прамы продаж. Пасля адстаўкі Мечыяра ў сакавіку 1994 г. урад Ёзэфа Мараўчыка (ён праіснаваў толькі 6 месяцаў, да датэрміновых выбараў у верасні 1994 г.) вярнуўся да скарыстання механізмаў, падобных на тыя, што дзейнічалі да чэрвеня 1992 г. А таму паскорыўся працэс прамога продажу маёмасці, і рыхтаваўся другі этап купоннай прыватызацыі.

З 1 верасня 1994 г. пачалася рэгістрацыя грамадзян для другога этапа купоннай прыватызацыі. Цікавасць да яе была вялікай — зарэгістравалася амаль 3,5 млн. чалавек, што было ў 1,3 разы болей, чым на першым этапе. Аднак уся гэтая падрыхтоўчая праца была скасаваная новым урадам Мечыяра пасля перамогі на выбарах у верасні 1994 г.

Падчас новага кіравання Мечыяра ў краіне шмат што змянілася. Хаця працэс прыватызацыі і паскорыўся, аднак усё выразней праяўлялася яго палітычная абумоўленасць: маёмасць прэферэнцыйна і на больш выгадных умовах атрымлівалі людзі, блізкія да ўрадавай кааліцыі, у якую акрамя Руху за Дэмакратычную Славакію ўваходзілі таксама Згуртаванне Рабочых Славакіі і радыкальна-нацыяналістычная Славацкая Нацыянальная Партыя. Прыватызацыя ўсё болей станавілася непразрыстай і кліентэлісцкай, пашырылася карупцыя, фармаваліся палітыка-эканамічныя альянсы.

Другая хваля прыватызацыі тычылася 610 прадпрыемстваў на агульную суму 137 млрд. славацкіх крон. Першапачатковы аб’ём маёмасці, выдзелены для яе, панізіўся на вартасць маёмасці, выключанай з прыватызацыі паводле закона аб стратэгічных прадпрыемствах, прынятага ў 1995 г. (прадпрыемствы энергетыкі, газавай гаспадаркі, пошты і тэлекамунікацый, машынабудаўнічай і фармацэўтычнай прамысловасці, Славацкая Ашчадная Каса, Славацкая Страхавая Фірма ды іншыя).

З гледзішча тэмпаў і аб’ёму прыватызацыю ў Славакіі можна было б ацэньваць як паспяховую — калі б не тое, як яна рэалізоўвалася. Паступова ўрад страціў над ёй кантроль (як і адказнасць за яе), з чаго стасункі ў гэтай сферы сталіся непразрыстымі, перавага (звычайна па палітычных матывах) аддавалася айчынным, а не замежным прыватызатарам. Гэта выклікала недахоп капіталу, менэджэрскіх інавацый і, адпаведна, запаволіла ўключэнне суб’ектаў славацкай вытворчасці ў працэсы глабалізацыі (да таго ж, не дазволіла стварыць натуральнае замежнае лобі, якое было б зацікаўленае ў хутчэйшым прылучэнні Славакіі да еўрапейскіх і атлантычных структур).

Шматлікія праблемы ўзніклі і ў стасунках паміж новымі ўласнікамі. Некаторыя з іх думалі не пра доўгатэрміновы эфект ад сваіх прадпрыемстваў, а пра хуткі прыбытак. Таму ў гэтую пару шырока распаўсюдзілася сумна вядомая з’ява выкачвання актываў з прадпрыемстваў і трансферт прыбыткаў на карысць мажарытарных уласнікаў, што многім прыносіла страты, асабліва мінарытарным акцыянерам. У выніку ўсё гэта блакавала атрыманне крыніц фінансавання праз фондавы рынак і адштурхоўвала замежных інвестараў. Стрымліваў іх і той факт, што правы інвестараў у краіне не былі дастаткова гарантаваныя, а на палітыку прадпрыемства пасля яго прыватызацыі нельга было цалкам выключыць уплыву дзяржавы (напрыклад, тое рабілася праз самыя буйныя банкі).

Такая сітуацыя выклікала негатыўнае стаўленне ў грамадстве не толькі да прыватызацыі (з-за яе непразрыстых формаў ды іншых прычын), але і да самой ідэі трансфармацыі краіны. Шматлікія сацыялагічныя даследаванні тых часоў паказваюць, што больш за 70% грамадзян не падтрымлівалі прыватызацыю, якая, з аднаго боку, зрабілася палітычным інструментам, а з другога — дала магчымасць эканамічным групам уплываць на палітыку ўрада. Аднак эканоміка, якая абапіраецца на асабістыя сувязі і пратэкцыю, не можа эфектыўна развівацца. Калі ёсць так, што лягчэй атрымаць прыбытак праз знаёмства з дзяржаўнымі чыноўнікамі, чым стварыць канкурэнтаздольны прадукт, тады лагічна адбываецца дэградацыя гаспадарчай сістэмы краіны.

Эканамічную сістэму, якая дзейнічала да 1998 г., можна было б назваць “рынкавай эканомікай з загадзя вызначанымі пераможцамі”. Прадпрыемства прадавалася наперад вызначанаму кандыдату. Эканамічныя праблемы амаль увогуле ніяк не вырашаліся, а страты мінімізаваліся ростам замежнай запазычанасці. Банкаўскія крэдыты толькі аддалялі сістэмны крызіс. І хаця цэны на энергію заставаліся нізкімі, але самі энергетычныя прадпрыемствы мелі вялікія праблемы.


ПАЛЯПШЭННЕ НЕФІНАНСАВЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ

Пасля выбараў 1998 г. уся ўвага ў эканоміцы была зарыентаваная на стабілізацыю, ліквідацыю дысбалансаў, пабудову рэфармацыйных інстытутаў на вырашэнне самых наспелых праблем. Першыя пазітыўныя вынікі былі зарэгістраваныя звонку, калі міжнародныя інстытуты пачалі даваць сваю ацэнку сітуацыі.

Бадай што найбольш дыскутаванай эканамічнай трансфармацыяй на той час была прыватызацыя банкаў. Прыватызаванымі былі, між іншага, і базавыя банкі: “Агульны крэдытны банк”, “Славацкая Ашчадная Каса” і “Банк інвестыцый і развіцця”. Гэтак званыя “дрэнныя” крэдыты, якія доўгі час былі бар’ерам на шляху да паспяховай прыватызацыі, кампенсавала дзяржава. Банкруцтва слабых банкаў, рэструктурызацыя і прыватызацыя банкаў вядомымі замежнымі суб’ектамі стварылі перадумовы для аздараўлення банкаўскага сектара.

Важнай якаснай зменай дзяржаўнага бюджэту было фармаванне базы праграмнага бюджэтнага фінансавання. Галіновую класіфікацыю выдаткаў паступова пачала замяняць іх кваліфікацыя паводле функцый.

Да пазітыўных перамен належала і адкрыццё праз Інтэрнэт поўнага рэгістра ўсіх фірмаў. Так аднавілася празрыстасць эканомікі, на мове тэорыі гульняў гэта азначала, што разавая гульня, у якой яшчэ ёсць нейкі сэнс ашукаць, змянілася шматразовай, дзе найбольшы сэнс мае карэктнасць. Інфармацыя аб суб’ектах гаспадарання, запісаная ў рэгістры, дала грамадскасці магчымасць сачыць за гісторыяй іх станаўлення. Рэгістр быў адкрыты для публікі з 1 студзеня 2001 г.

Хаця па сваіх фінансавых паказчыках напрыканцы 90-х Славакія ўсё яшчэ не дасягала гаспадарчага ўзроўню 1989 г., нефінансавыя паказчыкі сведчылі аб адваротным. Гэта відаць, напрыклад, па колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў у СР ці па колькасці легкавікоў у 1990 і 2001 гг. і да т.п.

Крыніца: Статыстычная канцылярыя СР.


Дыяграма 2. Колькасць легкавых аўтамабіляў у 1990 і 2001 гг.

Крыніца: Статыстычная канцылярыя СР.


Пацвярджаюць гэта таксама і некаторыя іншыя нефінансавыя паказчыкі, звязаныя з узроўнем ці з якасцю жыцця славацкага насельніцтва.

Табліца 1. Дынаміка некаторых нефінансавых паказчыкаў у 1990 і 2001 гг.


Заўвага: СК СР — Статыстычная канцылярыя Славацкай Рэспублікі.


Праўда, лічбы, якія, безумоўна, адлюстроўвалі рэальнасць, не абавязкова адпавядалі таму, як да гэтай рэальнасці ставілася грамадства. У славакаў пры ацэнцы падзей той пары досыць выразна панаваў песімізм. Праілюструем гэтую сітуацыю вынікамі толькі аднаго даследавання, у якім параўноўваецца, наколькі адказы рэспандэнтаў адпавядаюць рэальнасці.

Дыяграма 3. На колькі працэнтаў, на вашу думку, павялічыліся цэны за 2001 г.?

Крыніца: Даследаванне агенцтва MVK (студзень 2002 г.), праведзенае для славацкага think-tank’у INEKO.


Ацэнка грамадствам стану свайго жыцця сур’ёзна ўплывае на палітыкаў і на тыя рашэнні, што яны прымаюць. Песімізм акцэнтуе ўвагу на выдатках рэформаў і зніжае іх станоўчыя эфекты. Праблема яшчэ ў тым, што канцэптуальныя трансфармацыі патрабуюць напачатку значных інвестыцый дзеля змены сістэмы, і плён гэтых укладанняў можа аб’явіцца не хутка. У такой сітуацыі нават палітыкі-рэфарматары звычайна схіляюцца да кампрамісаў. Каб утрымацца пры ўладзе, яны адаптуюць радыкальныя планы да канкрэтнай сітуацыі ці адкладваюць іх на паслявыбарны перыяд — іначай ім пагражала б падзенне папулярнасці, і яны ўвогуле страцілі б магчымасць уплываць на рэфармаванне краіны. У такой сітуацыі звычайна найбольшага поспеху дасягаюць эканамічныя папулісты.

У Славакіі напрыканцы 90-х гг. усё яшчэ заставаліся эканамічныя праблемы, што вынікалі, так бы мовіць, з сацыяльнай прычыны, якую можна сфармуляваць наступным чынам: “працаваць не выгадна”. Кодэкс законаў аб працы не быў дастаткова дынамічным для таго, каб спрыяць натуральнаму касаванню адных і стварэнню другіх працоўных месцаў. Падатковая сістэма, як і сістэма адлічэнняў, мінімізавала ўсе матывацыі да вытворчай актыўнасці. Антыкарупцыйная палітыка — напрыклад, закон аб свабодным доступе да інфармацыі ці нацыянальная праграма барацьбы з карупцыяй,— яшчэ не выявіла тады свой патэнцыял.


РЭФОРМЫ ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ 2002 ГОДА

Пераемнасці рэалізацыі рэфарматарскіх планаў у Славакіі паспрыяла тое, што пасля чарговых парламенцкіх выбараў у 2002 г. другі раз запар быў сфармаваны ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ера Дзурынды, і змены маглі працягвацца. На гэтым этапе былі актывізаваныя рэформы ў палітычна і сацыяльна актуальных сферах (служба аховы здароўя, сістэма сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, падатковая сістэма, дзяржаўная адміністрацыя, сістэма адукацыі і да т.п.), якія з цягам часу павінны былі станоўча паўплываць на эфектыўнасць усёй гаспадарчай сістэмы. Вынікі гэтых рэформаў сведчаць, што функцыянальна славацкае грамадства робіцца ўсё больш згарманізаваным, а ў кіраванні эканомікай ужо досыць выразна праяўляецца сістэмнасць.

Гэты найноўшы перыяд ужо прынёс свой заўважны плён, які можна паказаць на канкрэтных фактах з перыяду 2003—2005 гг.:

— На карысць рэфарматарскіх крокаў сведчаць не толькі ацэнкі знаных рэйтынгавых агенцтваў, але, напрыклад, і ацэнкі Сусветнага Банка ці Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Першы вызначыў Славакію ў справаздачы “Doing Business in 2005” сусветным лідэрам у галіне рэформаў. Другі параўнаў развіццё ў перыяд з 2002 да 2005 г. у 26 пераходных краінах і зазначыў, што сярод іх у Славакіі найлепш атрымлівалася зніжаць карупцыю, рэфармаваць судовую сістэму, павялічваць эфектыўнасць знешняга гандлю і да т.п. З сямі прапанаваных параметраў Славакія, паводле гэтай справаздачы, чатыры разы вызначылася першым месцам, адзін раз — другім і два разы была трэцяй.

— Сусветны эканамічны форум складае рэйтынг канкурэнтаздольнасці эканомік. У выпадку Славацкай Рэспублікі адпаведны індэкс вырас з 4,23 у 2002 г. да 4,43 у 2004 г.

— У тым самым годзе прэстыжная арганізацыя “Transparency International”, што змагаецца супраць карупцыі, адзначыла пазітыўныя тэндэнцыі ў Славакіі, індэкс якой, паводле антыкарупцыйнага індэкса, вырас з 3,7 у 2003 г. да 4 у 2004 г.

— За той жа самы перыяд часу індэкс Славакіі, згодна даследаванняў вядомага Інстытута імя Фрэйзера, павысіўся з 6,3 да 6,6. Паводле даклада ААН, якасць жыцця ў Славакіі ў 2004 г. параўнальна з 2002 г. палепшылася (адпаведны індэкс вырас з 0,833 да 0,842).

Ацэнка рэфарматарскіх крокаў пачала мяняцца на пазітыўную і ў айчыннай публікі, перш за ўсё ў тых асяродках, якім рэформы прынеслі хуткую і рэальную карысць. Гэта відаць, напрыклад, па даследаваннях стаўлення бізнесменаў да сітуацыі ў бізнесе, якія арганізоўваў Альянс бізнесменаў Славакіі (дыяграма 4).

Дыяграма 4. Індэкс бізнес-асяроддзя (ІБА) паводле Альянсу бізнесменаў Славакіі





ЛОМКА СТЭРЭАТЫПАЎ

Многія стэрэатыпы пераадольваюцца вельмі марудна. Цяжка звыкнуцца, напрыклад, з вялікай розніцай паміж фармальнымі правіламі, якія дзейнічаюць пры дэмакратыі і рынкавай эканоміцы, ды традыцыйнымі ўяўленнямі аб справядлівым і маральным грамадстве, што склаліся значна раней.

Так, у лакальным соцыуме (скажам, у сям’і) можна дзяліць прыбытак — гэтаксама як і працу, — на падставе таго, хто чаго варты, на думку большасці альбо дамінуючай меншасці. У вялікім соцыуме (у горадзе альбо дзяржаве) з вялікай колькасцю індывідаў, непасрэдна паміж сабой ніяк не звязаных, падобныя крытэрыі выкарыстаць нельга. Не эфектыўна, напрыклад, раздаваць акцыі на біржы паводле таго, што мы думаем пра таго ці іншага палітычнага дзеяча. Цэнтралізаваная эканоміка імкнулася выкарыстоўваць кодэксы малых соцыумаў у вялікім соцыуме. Кватэры, зямельныя надзелы, дачныя ўчасткі, валютныя сертыфікаты і многія іншыя выгоды размяркоўваліся паводле заслуг, меру якіх вызначала паноўная меншасць. Праца індывіда і яе інтэнсіўнасць не былі матываваныя рынкам, а залежалі ад адміністрацыйных рашэнняў. Рынкавыя правілы (калі яны дзейнічаюць у адпаведнай сістэме) не больш амаральныя, чым правілы, якім нас вучылі нашы бабулі (ці ідэолагі сацыялізму). Перыяд з 1989 г. па сёння — гэта пара шырокай акцэптацыі ў Славакіі рынкавых правілаў вялікіх соцыумаў.

Даволі былых стэрэатыпаў яшчэ пануе і адносна пераразмеркавання даходаў. У сучасным грамадстве існуе глыбока ўкаранёны погляд, што левыя надаюць большае значэнне пераразмеркаванню, а правыя — меншае. Аднак такія ўяўленні не бяруць пад увагу той факт, што істотным з’яўляецца не само пераразмеркаванне, а тое, ад каго і каму даходы пераразмяркоўваюцца. Пенсійная сістэма, што да нядаўняга часу дзейнічала ў СР, была сістэмай, якая пераразмяркоўвала даходы ад працоўных да спекулянтаў, а не ад багатых да бедных. Формула, паводле якой пенсія залежыць ад найбольш прыбытковых пяці (з апошніх дзесяці) гадоў працы, была на карысць таму, хто большую частку жыцця быў “у цені”, а затым уладкаваўся на працу, і, наадварот, карала шчырага працаўніка, які напярэдадні пенсіі апынуўся сярод беспрацоўных. Такая сістэма (і да яе падобныя — безадрасная сацыяльная падтрымка, некантралюемыя выплаты па беспрацоўі, дапамога хвораму) маскуецца пад левую палітыку. Але гэткая палітыка заснаваная альбо на няведанні таго, што адбываецца ў сапраўднасці, альбо на папулізме, інакш кажучы — на дрэнных намерах. Большую частку сучасных рэформаў складаюць захады, якія імкнуцца навесці парадак у гэтых сферах грамадскага жыцця. І толькі пасля таго, як гэтыя захады будуць рэалізаваныя, настане час вызначаць меру салідарнасці паміж беднымі і багатымі.

Падобным чынам варта дэфінаваць і межы таго, што называецца “грамадскай маёмасцю”. Яе існаванне абапіраецца на прынцыпы невыключальнасці і непадзельнасці. Гаворка ідзе пра маёмасць, з карыстання якой ніхто не можа быць выключаны, але пры гэтым якую нельга падзяліць, напрыклад, маяк ці гарадское асвятленне. І тут не выпадае дыскутаваць, ці існуе маёмасць, якую можна легітымна акрэсліць грамадскай: калі грамадства сцвярджае, што такая маёмасць сапраўды існуе, тады важна толькі дэфінаваць яе межы. Пры сацыялізме сфера грамадскай маёмасці была надзвычай шырокай і шматвымернай. Тады дзяржава, напрыклад, дэкларавала, што ўсе сем’і з пэўнай колькасцю дзяцей маюць права на адпаведнае жыллё, а грамадства ў цэлым атрымлівала датаванае малако, піва, будаўнічыя матэрыялы, транспартныя паслугі і да т.п. У сучаснай Славакіі сфера грамадскай маёмасці значна звузілася.

З гледжання сённяшніх дыскусій важнае месца належыць акрэсліванню мяжы, якая ў нашых уяўленнях аддзяляе грамадскую маёмасць ад прыватнай. Калі грамадства вырашыць, што нейкая маёмасць з’яўляецца агульнай, яно і бярэ на сябе абавязак забяспечыць яе функцыянаванне, а гэта істотна розніцца ад праблем прыватнай сферы. Скажам, калі хлеб — гэта прыватная справа, дык і без дзяржаўнай дапамогі яго выпеча пекар і прадасць гандляр. Але калі грамадства скажа, што хлеб — гэта дзяржаўная справа (Германія пасля Другой сусветнай вайны), дык забеспячэнне насельніцтва хлебам павінна фінансаваць і кантраляваць дзяржава. Прыбытак пекара няма патрэбы рэгуляваць звонку, а прыбытак чыноўніка — патрэбна. Гандляру не трэба аддаваць загадаў, каму ён мусіць прадаваць хлеб, а чыноўніку — трэба. Вялікая частка сучасных рэформаў — гэта спроба вызначыць мяжу паміж грамадскай і іншай маёмасцю з мэтай павелічэння эфектыўнасці іх выкарыстання. Калі мы выдзяляем датацыі на ахову здароўя і не маем выразнага размежавання маёмасці, то будзем таксама датаваць мільянерам пуцёўкі на курорт. З 1989 г. Славакія імкнецца больш ясна дэлімітаваць граніцы грамадскай маёмасці, і рэформы ў гэтым накірунку дасягнулі значнага прагрэсу.


НОВЫЯ ВЫКЛІКІ

Спрошчана можна сказаць, што эканоміка ХХ ст. трымалася на прадпрыемствах, якія для свайго існавання перадусім патрабавалі сыравіны, тэхналогій і энергіі. Таму не было праблемай, асабліва на пачатку стагоддзя, забяспечыць насельніцтва працай. Аднак такая “формула” гаспадарання сыходзіць у мінулае, і няма сумневу, што ў ХХІ ст. сацыяльна-эканамічнае жыццё будзе трымацца “чалавечым фактарам”. Таму менавіта на ім мы і мусім засяродзіць сваю ўвагу.

У выпадку Славакіі гэта перадусім азначае, што ўжо ў блізкім будучым мы мусім засяродзіцца на рэформе сістэмы адукацыі. Размова ідзе не толькі аб вышэйшай адукацыі, але і аб базавай ды сярэдняй, уключна з рэформай зместу выкладання ў базавых і сярэдніх школах. Лекары, паліцэйскія, вайскоўцы ці выкладчыкі маюць свае прафсаюзы, і іх падтрымліваюць не тыя, дык іншыя палітычныя сілы. А дзеці такой падтрымкі не маюць, як няма яе і ў падручнікаў. Што датычыць рэформы адукацыі, дык мы моцна завінаваціліся перад моладдзю.

Зразумела, рэформа адукацыі — гэта не адзіная неабходная нам рэформа. Трэба хутчэй скончыць рэформу аховы здароўя, павялічыць адказнасць за выкананне законаў, скараціць судовыя працэсы. А яшчэ неабходна навесці парадак з падаткамі, асабліва ў бізнесовых асяродках. Беспрацоўе хаця і падае, але ўсё яшчэ знаходзіцца на тым узроўні, які сведчыць, што захады, зробленыя для яго зніжэння, пакуль недастатковыя. Вельмі важна адладзіць механізмы дзяржаўнага фінансавання культуры, спорту, навукі. Тут павінны дакладна ведаць, якія сродкі грамадства можа ім выдзеліць, як і грамадства мусіць ведаць, што яно атрымае за свае грошы. Грамадскі кантроль за цэнтральнай уладай трэба ўзмацніць не толькі ў сталіцы, але на мясцовым і рэгіянальным узроўнях.

Неабходна таксама больш актыўна заняцца людзьмі ў бядзе, аднак дапамога ім павінна быць адраснай. Паколькі мы небагатая краіна, нам трэба пільна кантраляваць выдзяленне грошай пацярпелым. “Сацыяльны падыход”, на маю думку, найперш азначае вельмі дакладную ідэнтыфікацыю, а менавіта, хто з якой прычыны апынуўся ў цяжкім становішчы. Калі мы карэктна вырашым гэтую праблему, дык на дапамогу людзям у нас будзе значна больш грошай, чым было падчас некантралюемай дапамогі. Адмаўляцца ад кантролю — гэта не левы, а псеўдалевы прынцып. Падобны падыход сацыяльнай дапамогі будзе больш эфектыўным і ў выпадку тых зарэгістраваных беспрацоўных, якія маюць ахвоту працаваць. Калі яны жадаюць браць удзел у грамадскіх працах, дык няхай, атрымліваючы сацыяльную дапамогу, працуюць.

Ухваленая пенсійная рэформа — гэта таксама не рэформа толькі правых палітычных сіл. Пры папярэдняй сістэме, калі нехта ўсё сваё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам і нічога дзяржаве не адлічваў, а ў апошнія пяць гадоў ішоў працаваць на легальную зарплату, ды атрымліваў аднолькавую пенсію, як і той, хто ўсё жыццё сумленна працаваў на заводзе ці ў шахце. Ранейшы падыход называўся левым, а сённяшнюю рэформу лічаць правай, але гэта памылка. Старая сістэма была псеўдалевай. Левыя якраз і павінны сачыць за сацыяльна справядлівым падзелам грошай.

Плён рэформаў у першы дзень, першы месяц і праз пяць гадоў выглядае зусім па-рознаму. Калі мы хочам, каб краіна мела стабільны рост, не трэба ацэньваць рэформы на другі дзень пасля іх пачатку, набярэмся цярплівасці, каб пачакаць хаця б пяць год.


ЗАКЛЮЧЭННЕ: ШТО ДАЛЕЙ?

Цягам апошніх стагоддзяў структура грамадства мянялася з вертыкальнай на гарызантальную. Ад эпохі фараонаў у старажытным Егіпце праз еўрапейскі прыгон і амерыканскае рабства сучаснае грамадства паступова ўваходзіць у сітуацыю, калі кожны грамадзянін у той ці іншай меры мае магчымасць удзельнічаць у кіраванні краінай. Таму вызначэнне шляхоў у будучыню не можа быць справай толькі цэнтральных органаў, а вынікам шырокай дыскусіі, заснаванай на валоданні ўсёй наяўнай інфармацыяй.

У сувязі з ростам тэмпаў і складанасцю змен, праз якія праходзіць сучаснае грамадства, правілы яго функцыянавання мусяць утрымліваць магчымасць перманентных рэформаў. Значную ролю тут будуць адыгрываць сістэма адукацыі і сродкі масавай інфармацыі, якія мусяць карэктна і поўна знаёміць грамадства з тымі працэсамі, што ў ім адбываюцца. Многія праблемы і крызісы часта выкліканыя запозненай рэакцыяй на аб’ектыўна наспелыя перамены.

Каб ясна прадбачыць будучае Славакіі, неабходна аб’ектыўнае спазнанне як яе цяперашняй рэальнасці, так і мінуўшчыны. Уінстан Чэрчыль у свой час сказаў: “Чым глыбей зазірнеш назад, тым далей убачыш спераду”. Перад гісторыяй Славакіі мы ўсё яшчэ застаёмся ў вялікім даўгу. Да таго ж, недастаткова, каб веды пра нашы мінулыя два тысячагоддзі засталіся ляжаць на сталах навуковых супрацоўнікаў. Вельмі важна, каб яны ў адпаведнай форме дайшлі да ўсіх грамадзян краіны і сталі складовай часткай іх культурнай і інфармацыйнай спадчыны.

Пачатак новага тысячагоддзя працягнуў разгортванне разнастайных камунікацый. І надалей яны будуць рабіцца ўсё больш інтэнсіўнымі не толькі на рэгіянальным узроўні, але і паміж народамі, краінамі ды кантынентамі. Свет імкліва згортваецца ў сваіх памерах. Гэта відавочны факт, і Славакія мусіць гэта ўлічваць і рыхтавацца да жыцця ў новым свеце. Тэхнічна, заканадаўча, арганізацыйна і асабліва ідэйна.

Аб’ектыўны працэс глабалізацыі прыносіць больш інтэнсіўныя кантакты з іншымі краінамі, культурамі, народамі. Будзем верыць, што пазітыў гэтай канцэптуальнай трансфармацыі пераважыць негатыў. Мы павінны будзем навучыцца адрозніваць сапраўды дрэннае ад усяго толькі “іншага”, непадобнага да таго, з чым мы даўно звыкліся. Негатыву мы будзем супраціўляцца. А новае паспрабуем зразумець і талераваць. Так, традыцыйна вырашальная роля ў грамадстве (асабліва ў эканоміцы) належала мужчыне. Відавочна, што гэтая сітуацыя мяняецца і жанчына пачынае выконваць усё больш важныя сацыяльныя функцыі. І гэта аб’ектыўная тэндэнцыя, якую неабходна вывучаць, аналізаваць і стварыць для яе разгортвання такія ўмовы, якія прынясуць карысць усяму грамадству.

Гістарычны досвед сведчыць, што не існуе простай “арыфметычнай” формулы эканамічнага росту, як і адзінай для ўсіх падставы крызісу. Краіны апынаюцца ў бядзе па самых розных прычынах. Адны таму, што ў іх няма нафты, другія таму, што яна ў іх ёсць. Нейкае грамадства пакутуе ад залішняй рэгламентацыі жыцця, а іншае з таго, што ў ім не дзейнічаюць ніякія правілы і законы. Камусьці дзеля сваёй абароны не хапае зброі, а некаму лішак гэтай зброі толькі сабе на шкоду і г.д. Гісторыю станаўлення Славакіі нельга патлумачыць лінейна праз адну незалежную ад разнавектарных падзей пераменную. Аднак менавіта складанасць гістарычнага шляху Славакіі сведчыць, што поспех заўсёды магчымы.

Са славацкай мовы пераклаў Алесь КАРЦЕЛЬ.


Антон Марцінчын. Прыватызацыя і прамыя замежныя інвестыцыі

УВОДЗІНЫ

Адной з фундаментальных умоў сучаснага гаспадарання з’яўляецца  існаванне інстытута прыватнай уласнасці. Вядома, існуюць і выключэнні, у выпадку, калі перавага аддаецца дзяржаўнай уласнасці. Падобнае, аднак, мае месца адно тады, калі прыватная вытворчасць не забяспечвае неабходных вынікаў (напрыклад, не вырабляе дастаткова пэўных тавараў ці паслуг).

Здаецца, што ўсе краіны з пераходнай эканомікай рана ці позна, але перадаюць частку дзяржаўнай маёмасці ў прыватныя рукі, нават калі падставы дзеля гэтага ў кожным разе будуць розныя. Ад праблем, якія абавязкова паўстануць у такім выпадку, варта засцерагчыся. І дзеля гэтага зусім не лішне азнаёміцца з досведам іншых краін: ад Вялікабрытаніі, якая мае, бадай што, найбагацейшы досвед прыватызацыі, да краін Цэнтральнай Еўропы, што адно нядаўна сталі сябрамі ЕС.

Прыватызацыя — гэта не драматычны працэс, як яго часам малююць ідэолагі з абодвух бакоў палітычнага спектра. Яна можа прыўнесці шмат станоўчага ў жыццё краіны, напрыклад, знізіць беспрацоўе, падвысіць заробкі і ашчаджанні, палепшыць знешнегандлёвы баланс. Да таго ж, абмежаваць сваволю дзяржаўнай адміністрацыі. Бо гаспадарчая палітыка цяпер ужо рэалізуецца не праз загады, а шляхам урэгулявання праблем паміж самімі суб’ектамі гаспадарання. Разам з тым, неабходна ўсведамляць, што прыватызацыя можа спараджаць і надзвычай складаныя сітуацыі.

Некапіталізаваныя эканомікі падчас прыватызацыі патрабуюць значных замежных інвестыцый. Аднак іх з’яўленне залежыць ад спадзяванага чыстага прыбытку за мінусам інвестыцыйнай рызыкі ў той ці іншай краіне. Адной з магчымасцей знізіць інвестыцыйную рызыку і пачаць ствараць прадпрымальніцкае асяроддзе, спрыяльнае і для айчынных інвестараў, з’яўляецца выкарыстанне прыватызацыі ў якасці механізма прываблівання ў краіну замежных інвестараў.

У гэтым артыкуле мы каротка апішам тое, на чым палягае славацкі эканамічны поспех, прааналізуем праблему замежных інвестыцый, а напрыканцы зробім падсумавальнае рэзюмэ.


СЛАВАЦКІ ЭКАНАМІЧНЫ ПОСПЕХ

Славацкая эканоміка за апошнія дзесяць год зведала радыкальныя трансфармацыі. Пасля распаду Чэхаславакіі ў 1993 г., які азначаў для Славакіі разбурэнне структуры даўно ўсталяваных грамадскіх інстытутаў і з гэтага эміграцыю інтэлектуальных эліт, група айчынных менэджэраў, сукупна з пэўнымі палітычнымі сіламі, вырашыла рэалізаваць адну простую прыватызацыйную схему: менэджэры атрымліваюць — прэферэнцыйна і за мінімальны кошт — грамадскую маёмасць, а ў якасці кампенсацыі фінансава забяспечваюць паноўныя палітычныя групоўкі. Афіцыйна такі спосаб прыватызацыі, уведзены пры ўрадзе Уладзіміра Мэчыяра, быў названы фармаваннем айчыннай праслойкі прадпрымальнікаў. Але яго палітычныя апаненты крытыкавалі гэтую схему як кліентэлісцкую, непразрыстую прыватызацыю, скіраваную на дасягненне пэўных палітычных мэт.

У жыцці грамадства гэтая рэформа напачатку адбілася станоўчым чынам. Па-першае, паводле дамоўленасцей, працадаўцам забаранялася скарачаць колькасць працоўных месцаў (табліца 1), а па-другое, нейкі час прадпрыемствы яшчэ добра трымаліся на старым патэнцыяле і раней напрацаваных сувязях. Дарэчы, для паноўнай палітычнай эліты падобная прыватызацыя таксама мела станоўчы эфект, бо не толькі забяспечвала сродкамі палітычныя кампаніі, але і гарантавала падтрымку працоўных (Марцінчын, 1997a, 1997b). Аднак змены на горшае не змусілі сябе доўга чакаць. Пасля некалькіх год таннага поспеху “прыйшоў рахунак” у выглядзе набліжэння фінансавага крызісу і страты канкурэнтаздольнасці многімі прадпрыемствамі. Да таго ж, Славакія з прычыны дэфіцыту дэмакратыі патрапіла ў міжнародную палітычную ізаляцыю і тым самым была адсунутая са свайго месца ў чарзе кандыдатаў на сяброўства ў ЕС. Няма чаго здзіўляцца, што замежныя інвестары абыходзілі тады Славакію. Зрэшты, і ўнутры краіны ніхто не быў зацікаўлены ў замежных інвестыцыях.

Пасля парламенцкіх выбараў 1998 г. да ўлады прыйшлі апазіцыйныя партыі. Эканамічная сітуацыя была настолькі дрэннай — галоўным чынам праз пагрозу банкруцтва найбольшых (спрэс дзяржаўных) банкаў, — што ўраду нічога не заставалася, як распачаць рэформы. Другой прычынай  старту рэформаў (для большасці дэпутатаў, відаць, найбольш зразумелай) было жаданне аднавіць курс на ўступленне ў ЕС. Сёння Славакія з’яўляецца сябрам НАТА і ЕС і ў якасці адной з найбольш рэфармаваных краін свету прыцягвае да сябе і ўвагу, і інвестыцыі. Яна зрабілася краінай, куды выгадна інвеставаць.

Распачатыя тады рэформы ўключалі ў сябе: (i) перабудову дзяржаўнай сістэмы кіравання і яе інфраструктуры, (ii) рэальную падтрымку прыватызацыі і (iii) разгортванне бізнесовых асяродкаў праз падатковую рэформу, спрашчэнне працэдур па ўваходу прадпрыемстваў на рынак (і па выхаду з яго), кансалідацыю банкаўскага сектара і дынамізацыю рынку працы.

Як вынік Славакія, паводле даных Сусветнага Банка, была найбольшым рэфарматарам у свеце ў 2003 г. і займала чацвёртае месца ў 2004 г. А паводле стану бізнесовых асяродкаў яна была семнаццатай сярод 135 краін у 2003 г. і трыццаць сёмай у 2004 г. (сярод 155 краін). Прыклад Славакіі паказвае, што краіна можа адносна хутка выправіць свае эканамічныя хібы і прыцягнуць замежныя інвестыцыі на карысць свайго грамадства.


Табліца 1.

Валавы ўнутраны прадукт пачаў прырастаць у 2000 г.


Краіна дасягнула стабільнасці знешняга гандлю (у % ад ВУП)



Дзякуючы росту вытворчасці знізілася беспрацоўе (у адсоткавых пунктах)


Аб’ём замежных інвестыцый павялічыўся (у % ад ВУП)


Нягледзячы на рост заробкаў (змена пагадзіннай зарплаты ў % у 2004 г. у параўнанні з 1997 г.)


І насельніцтва гэта ацаніла больш станоўча (% адказаў на пытанне, як змянілася іх фінансавае становішча ў параўнанні з мінулым годам)


Крыніца: Статыстычная канцылярыя СР, EUROSTAT, Інстытут грамадскіх праблем і разлікі аўтара.


ПРАМЫЯ ЗАМЕЖНЫЯ ІНВЕСТЫЦЫІ

Ад прамых замежных інвестыцый краіна можа чакаць росту знешнегандлёвага балансу, рэструктурызацыі прадпрыемстваў і цэлых галін эканомікі, прытоку капіталу, стварэння працоўных месцаў, мадэрнізацыі менэджменту, трансферу ноу-хау, з’яўлення новых тэхналогій (spillovers) і, адпаведна, падвышэння сваіх знешнепалітычных пазіцый. Акцэнты ў інвестыцыйнай палітыцы звычайна расстаўляюцца зыходзячы з патрэб краіны і ступені палітыка-эканамічнай кансалідацыі грамадства. Пазней, калі ўнутраны банкаўскі сектар запрапануе танныя крэдыты і ў краіне вызваліцца пэўная колькасць адукаванай працоўнай сілы, замежныя інвестары змогуць скамбінаваць гэтыя два вытворчыя фактары такім чынам, каб канчатковы прадукт стаўся канкурэнтаздольным.

Найбольш заўважнымі вынікамі замежных інвестыцый у Славакіі з’яўляюцца ўключэнне славацкай эканомікі ў еўрапейскую сістэму падзелу працы, усталяванне сувязей паміж мясцовымі вытворцамі і стварэнне патэнцыялу для росту прадукцыйнасці айчынных прадпрыемстваў праз інфармацыйную інфраструктуру (Яворцык — Kaмінскі, 2004, с. 456—472).

Калі краіна вызначылася з неабходнасцю замежных інвестыцый і ведае, дзеля чаго яны патрэбныя, самы час выпрацаваць стратэгію па іх пошуку. Найлепш стварыць прафесійнае агенцтва, здольнае прадстаўляць інвестыцыйныя праекты краіны, інфармаваць патэнцыйных замежных партнёраў і весці з імі перамовы. Добры прыклад тут падае Чэшская Рэспубліка, а вось пра Славакію можна сказаць, што інвестары прыходзяць да нас хутчэй “насуперак” такому агенцтву.

Шмат якія краіны прапануюць замежным інвестарам розныя стымулы. Падобны падыход цяжка абгрунтоўваць у эканамічным плане, бо ён дыскрымінуе айчынных інвестараў. З другога боку, калі з прычыны залішняй рызыкі замежных інвестараў мала, а дзяржаўная адміністрацыя абмежаваная ў сваіх магчымасцях (да таго ж, падобнай практыкай карыстаюцца суседнія краіны), дык становіцца зразумелым, чаму мала які з урадаў здольны адмовіцца ад дадатковага стымулявання замежных інвестараў.

Прыватызацыя ўяўляе сабой унікальную магчымасць прывабіць замежных інвестараў. Часта справа ідзе аб продажы вялікіх прадпрыемстваў альбо нават цэлых галін вытворчасці, якія ў выніку дрэннага адміністравання апынуліся на грані краху, аднак па ўсіх іншых параметрах уяўляюць з сябе прыдатнае месца для ўкладання інвестыцый. У такой сітуацыі важна падрыхтаваць празрысты тэндэр і не дыскрымінаваць замежных кандыдатаў. А яшчэ вельмі істотна запрасіць вядомага прыватызацыйнага кансультанта. Славакія ў апошнія гады засведчыла, што яна ў стане падрыхтаваць празрыстую прыватызацыю і мець у гэтай справе добрых кансультантаў (у прыклад згадаем прыватызацыю банкаў). Але, вядома ж, хапала ў нашай краіне і досыць сумнеўных прыватызацый.

Карацей кажучы, для кожнага ўрада найперш трэба вызначыцца са стратэгіяй прываблівання замежных інвестараў і выпрацаваць адпаведныя механізмы яе рэалізацыі.

Табліца 2.

Інвестыцыі ў славацкую эканоміку адносна ўсяго рэгіёну (у % ад ВУП)


Галоўнымі аб’ектамі інвестыцый былі сфера паслуг, банкі і перапрацоўчая прамысловасць (у % ад ВУП)


Замежныя інвестыцыі стварылі працоўныя месцы




Каментар:

а) Доля створаных працоўных месц (у %)

б) Доля страчаных працоўных мест (у %)

в) Занятасць (у %)

state – дзяржаўны сектар; domestic private - прыватны сектар; foreign - замежныя прадпрыемствы


І падвысілі заробкі (намінальны пагадзінны заробак у славацкіх кронах)


Каментар:

Male - Для мужчыны

Female - Для жанчыны

All - Разам

Private - Прыватны сектар

State – Дзяржаўны сектар

Foreign - Замежныя прадпрыемствы

All - Разам


Крыніца: Статыстычная канцылярыя СР, EUROSTAT, Зібертава З. (2005). Інфармацыйная распрацоўка для Сусветнага Банка, графіка і разлікі аўтара.


ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ

Пад прыватызацыяй далёка не заўсёды разумеюць адно і тое ж, хаця найчасцей маюць на ўвазе пераклад правоў уласніка маёмасці на прыватную асобу. Праўда, часам уладальнікам становіцца юрыдычная асоба (напрыклад, французскія авіялініі, якія ў сваю пару прыватызавалі чэшскія авіялініі). Да таго ж, уладальнік можа мець абмежаваныя ўласніцкія правы, напрыклад, адпаведна адсотку тых акцый, якімі ён валодае. З усяго гэтага ўзнікаюць розныя непаразуменні, як, скажам, дапамога быццам “прыватызаваным”, але фактычна ўсё яшчэ дзяржаўным прадпрыемствам у “постпрыватызацыйнай” фазе (ці спецыяльныя заканадаўствы для падобным чынам прыватызаваных прадпрыемстваў). Падкрэслім, што пасля прыватызацыі прадпрыемства становіцца аб’ектам прыватнага права, і, як кожнае іншае прадпрыемства, якое належыць прыватнай асобе, яно не можа прэтэндаваць ні на якія льготы. Трохі інакш сітуацыя выглядае ў манапольных галінах, дзе акрамя рэгулявання прыватных манаполій існуе яшчэ і спецыяльнае галіновае заканадаўства (напрыклад, аб рэгуляванні стасункаў паміж структурамі ўсёй галіновай сістэмы).

Што можна чакаць ад прыватызацыі? Прыватны ўласнік можа палепшыць менэджмент і падняць эфектыўнасць прадпрыемства. З фіскальнага пункту гледжання прыватызацыя азначае рост даходаў дзяржаўнага бюджэту і зніжэнне рызыкі знікнення прадпрыемстваў, паколькі на прыватнае прадпрыемства немагчыма накласці бюджэтныя абмежаванні. Акрамя гэтага яна здольная забяспечыць незваротнасць рэформаў і палітычную падтрымку рэфарматарам. Нарэшце, прыватызацыя — эфектыўны спосаб прыцягнуць прамыя замежныя інвестыцыі ў краіну.

У “старыя добрыя часы” (у першай палове дзевяностых гадоў), калі інфармацыі аб зменах у эканоміцы з’яўлялася мала, для прызнання  факта эканамічных транфармацый у краіне дастаткова было прадэманстраваць як мага вышэйшыя адсоткі прыватызаванай маёмасці. Аднак досыць хутка высветлілася, што абраныя тады формы і спосабы прыватызацыі не былі эфектыўнымі. І таму, бадай, найбольш карысным досведам з таго перыяду сталася разуменне, што сама па сабе прыватызацыя, якой бы непазбежнай яна не выглядала,— гэта далёка не дастатковая ўмова для рэструктурызацыі прадпрыемства.

Адносна лёгка прыватызаваць канкурэнтныя (ці канкурэнтаздольныя) прадпрыемствы. Калі размова ідзе аб прыватызацыі манаполій, дык патрабуецца асаблівая ўвага (уключна з дапрыватызацыйнай рэструктурызацыяй) да падрыхтоўкі юрыдычных дакументаў і інстытутаў рэгулявання. Як паказвае брытанскі досвед, няўвага да гэтых праблем (пакуль прадпрыемства знаходзіцца ў руках дзяржавы) вельмі дорага потым абыходзіцца ўласніку. Адной з падстаў прыватызацыі манаполій з’яўляецца спроба пазбегнуць перакрыжаваных датацый. Сёння ўжо можа толькі здзівіць аргумент, які некалі ўжывала фірма “Брытыш Тэлеком”, маўляў, манапольныя прыбыткі з продажу тэлефонных апаратаў дапамагаюць ёй датаваць тыя стратныя паслугі, якіх ад яе патрабуе дзяржава.

Пры прыватызацыі манаполіі ўрад часам саступае новаму ўласніку манапольную прэмію, гэта значыць прыбытак, што забяспечваецца манапольнымі пазіцыямі прадпрыемства на ўнутраным рынку. Напрыклад, калі дзяржава цягам некалькіх гадоў будзе ахоўваць тэлекамунікацыі ад рынку, дык тым самым узрастуць будучыя прыбыткі прадпрыемства і, натуральна, ягоны агульны кошт. Аднак пры гэтым дэфармуецца ўвесь бізнесовы асяродак, і таму агульныя страты могуць быць вышэйшымі за атрыманы прыбытак.

Вельмі істотна, каб падчас прыватызацыі ўрад аддаваў перавагу празрыстым і канкурэнтным метадам. І хаця, паводле некаторых цверджанняў, усё адно, хто прыватызуе прадпрыемства (уладальнік можа яго нават адразу прадаць), аднак эканамічная тэорыя папярэджвае, што ігнараванне прынцыпаў празрыстасці і канкурэнтнасці — далёка не лепшы шлях. Тым болей, што для новых уладальнікаў прыватызаванае прадпрыемства часта азначае нешта куды больш істотнае, чым проста сукупнасць будучых прыбыткаў, а менавіта — яно значна падвышае іх сацыяльны статус. Таму яны нават завышаюць ягоную цану, каб прадпрыемства ніхто не мог перакупіць (Бланшар — Агіён, 1995).

Часта ўрад не прыватызуе ўсе наяўныя прадпрыемствы, зыходзячы з патрабавання захавання працоўных месцаў. Вядомая і такая схема, калі дзяржава пакідае сабе мажарытарны пакет акцый, у іншым варыянце — пакет, які блакуе кваліфікаваную большасць, ці ўводзіць у прыватызацыйную дамову спецыяльныя пункты, праз якія пры галасаванні перавагу заўсёды атрымлівае ўрад.

Пры непразрыстай прыватызацыі ў ахвяру прыносіцца не толькі сацыяльная справядлівасць. З прычыны заніжанага кошту прадпрыемства змяншаюцца паступленні ў бюджэт, прынамсі, кошт прадпрыемства ніколі не сягае таго максімуму, які меў бы месца пры тэндэрным продажы. Да таго ж, непразрыстасць правакуе прыватызатараў на новыя махінацыі і пошук розных дзяржаўных ільгот. Як сведчыць славацкі досвед, прыватызацыйныя маніпуляцыі — гэта толькі пачатак будучых палітычных маніпуляцый.

Праблема прыватызацыі вымагае зрабіць і яшчэ адну істотную заўвагу. На самым пачатку яна звычайна адбываецца ў сітуацыі адсутнасці адпаведных інстытутаў, законаў і механізмаў іх выканання. Таму поспех усёй рэформы адразу ж патрапляе пад пытанне; бізнесовыя асяродкі ўвесь час ліхаманіць, а агульная інвестыцыйная рызыка не ведае межаў. Зусім натуральна, што ў такіх абставінах айчынны інвестар можа прыняць рашэнне перавесці свае актывы за мяжу. Такія яго паводзіны неабходна прадбачыць і па магчымасці паспрабаваць прадухіліць. Прыватызацыя — гэта яшчэ трохі і гульня ў курыцу і яйка. Без прыватызацыі няма эфектыўна функцыянуючай рынкавай эканомікі, а без адладжанага рынку нельга мець “добрасумленных” прыватных прадпрымальнікаў.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Станоўчы прыклад Славакіі ёсць выклікам для іншых краін з пераходнай эканомікай. Ён сведчыць, што, нягледзячы на былое эканамічнае і палітычнае адставанне, краіна можа адносна хутка ўзнавіць страчанае.


Табліца 3.

Канкурэнцыя за даходы ад прыватызацыі (колькасць і аб’ёмы прыватызацыі)


Паступленні ад прыватызацыі (у % ад ВУП, не ўключае ў сябе купонную прыватызацыю)


Высокія паступленні галоўным чынам былі забяспечаны дзякуючы некалькім прадпрыемствам (2000 г.)


Высокія паступленні галоўным чынам былі забяспечаны дзякуючы некалькім прадпрыемствам (2002 г.)


Прыватызацыя адкрыла славацкі рынак для замежных інвестыцый (% ад ВУП)


Заўвага: SPP Slovenskэ plynбrenskэ podnik — Славацкае Газавае Прадпрыемства.

Крыніца: Статыстычная канцылярыя СР; Кікеры — Кола, 2005; Міністэрства эканомікі СР і падлікі аўтара.


Прыватызацыя — гэта складаны працэс, таму ўраду перадусім неабходна вызначыць яе асноўныя мэты і сфармаваць механізмы іх рэалізацыі. Найбольш удалым выглядае спалучэнне прыватызацыі з прамымі замежнымі інвестыцыямі, якія дапамогуць краіне як палітычна (будзе здабыты давер іншых), гэтак і эканамічна (знізіцца інвестыцыйная рызыка).

Са славацкай пераклаў Алесь КАРЦЕЛЬ.


Іван Штулайтэр. Канверсія збройнай вытворчасці

Калі 28 кастрычніка 1918 года на развалінах Аўстра-Венгрыі культурна блізкія чэшская і славацкая нацыі заснавалі агульную дзяржаву, давялося аб'ядноўваць дзве зусім не раўнавартасныя эканомікі. Славацкае гаспадарства было бяднейшым за чэшскае, і сам край быў менш індустрыялізаваны і урбанізаваны. Славакія адставала шмат у якіх галінах, саступаючы Чэхіі, у тым ліку, і колькасцю інтэлігенцыі. Гэта было вясковае грамадства: пераважная большасць людзей жыла на сяле, гарады былі, хутчэй, мястэчкамі, і жыццё чалавека абмяжоўвалася сям’ёй, працай у полі, касцёлам ды карчмой па святах.

Шлях гістарычнага развіцця прадвызначыў, што славацкая эканоміка ў многіх галінах пачала ператварацца ў дадатак да чэшскай — тая, геаграфічна бліжэйшая да Захаду, развівалася ў кааперацыі з аўстрыйскай і, асабліва, германскай прамысловасцю. Менавіта дапасаванне да чэшскай гаспадаркі сталася найадметнай рысай пачатку славацкай мадэрнізацыі. Гістарычныя акалічнасці прадвызначылі й другую адметнасць — развіццё цяжкай прамысловасці. Зрэшты, у гэтым няма нічога незвычайнага: кожная прамыслова развітая краіна зведала ў свой час росквіт металургіі, цяжкага машынабудавання, буйнамаштабнай хімічнай вытворчасці. Звыклая тагачасная карціна: рабочыя па дарозе на працу з тэрмасамі таннай кавы “мельты”, удалечыні — завадскія коміны, з якіх валяць клубы едкага дыму. Але нікога яшчэ тое не турбуе: усё-ткі будуецца новы, лепшы свет...

Індустрыялізацыя закранула шмат якія рэгіёны планеты, аднак далёка не ўсім краінам давялося жыць ва ўмовах цэнтралізаванай планавай гаспадаркі. Належыць да апошніх і Славакія. Спярша, пасля камуністычнага путчу 1948 года, сітуацыя не была падобнай да эканамічнай катастрофы — прынамсі, для тых, хто не ставіцца ўсур’ёз да пытання свабоды. Аднак урэшце нас напаткаў усебаковы калапс — маральны, палітычны, эканамічны. Мала што можа быць больш згубным для краіны, чым цэнтралізаваная планавая эканоміка. Напачатку яна ўяўляецца дасягненнем камуністаў, пазней — іх дойнай каровай: без яе яны не могуць існаваць. Цэнтралізаванае планаванне спараджае дырэктывы, дырэктывы — паслухмянасць, паслухмянасць — дзяржаўную ўласнасць, а дзяржаўная ўласнасць нараджае Цэнтральны Дзяржплан. І ўсё трымаецца на пагрозе рэпрэсіяў. Дзяржаўная ўласнасць і татальны кантроль эканомікі плодзяць дэфіцыт, дэфіцыт — карупцыю і чорны рынак, які часам упрыемніць няўцешнае жыццё доўгачаканым таварам з-пад прылаўку.

Профіль славацкай эканомікі ў першай палове ХХ стагоддзя акрэслілі чэшская гаспадарчая перавага і развіццё цяжкай прамысловасці, у другой палове — палітыка КПЧ і міжнароднага камуністычнага руху пад кіраўніцтвам Крамля. Чэхаславацкае гаспадарства, а ў яго рамках і славацкае, сталася складовай часткай вялікай тэрыторыі за “жалезнай заслонай”, наднацыянальнай Рады Эканамічнай Узаемадапамогі (РЭУ), якая мела канкураваць з заходнім гаспадарчым пактам — ЕЭС.

Такім чынам, славацкая эканоміка ў “натуральным” свеце дэмакратыі і рынку развівалася цягам вельмі кароткага перыяду: ад узнікнення Чэхаславакіі ў 1918 года да яе паступовага знікнення ў 1938—1939 гадах. Эканамічныя ўмовы ў славацкай дзяржаве, якая ўзнікла з волі нацыстаў у 1939 годзе, таксама не ўяўлялі з сябе “натуральнай сітуацыі”. А пасля скону яе ў 1945 годзе, за выключэннем кароткага пасляваеннага перыяду, Славакія жыла за чырвоным таталітарызмам і цэнтралізаваным планам ажно да самай “пяшчотнай рэвалюцыі” ў канцы 1989 года.


БАСТЫЁН ЗБРОЙНАЙ ВЫТВОРЧАСЦІ

Абаронная прамысловасць можа “распавесці” шмат цікавага пра нядаўнюю гісторыю гэтай зямлі. Пачала яна фармавацца яшчэ ў Чэхаславакіі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. На размяшчэнне яе менавіта ў Славакіі паўплывала рэмілітарызацыя Германіі пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера. Новыя чэхаславацкія абаронныя заводы мелі быць збудаваны ў глыбіні дзяржавы, як мага далей ад чэшска-нямецкай граніцы, але адначасова ў межах лагістычнай дасягальнасці на выпадак нападу з захаду. Гэтым ды іншым стратэгічна-тактычным умовам адпавядала Паважжа, і першыя збройныя заводы выраслі ў Дубніцы-над-Вагам і ў Паважскай Быстрыцы.

Упадабалі гэты рэгіён і камуністычныя вайсковыя планавікі Варшаўскай дамовы на два дзесяцігоддзі пазней, калі дзейны “парк” абаронных прадпрыемстваў дапоўніўся новымі, напрыклад, у Марціне, Сніне і на Дзетве. Збройная прамысловасць паступова сталася адной з ключавых галін славацкай эканомікі. Славакія мела ў 1988 годзе ажно 65-працэнтную долю ў абароннай вытворчасці ўсёй Чэхаславацкай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЧССР). У гэтай галіне за тым часам працавала прыкладна 30 тысяч чалавек (каля 4 працэнтаў занятых у прамысловасці), і, паводле некаторых ацэнак, збройная вытворчасць наўпрост ці ўскосна падтрымлівала яшчэ больш за 100 тысяч працоўных месцаў у Славакіі. Доля яе ў агульнай прамысловай вытворчасці дасягала прыблізна 7 працэнтаў, а ў Чэшскай Рэспубліцы толькі 1,5 працэнта. Непазбежным вынікам экспансіі цяжкай прамысловасці, накіраванай на абаронную вытворчасць, была велізарная маса інвестыцый, якіх, праўда, пасля не ставала на развіццё іншых сектараў. Збройная вытворчасць праглынала таксама значную частку інтэлектуальнага патэнцыялу краіны. У 1988 годзе у навукова-даследчых інстытутах працавала прыблізна 4 тысячы чалавек, у тым ліку ажно 3 тысячы займаліся абароннай галіной.

Прадукцыйная праграма славацкай “абаронкі” пераважна была скіраваная на цяжкую тэхніку:

— вытворчасць танкаў, уключна з іх механічнымі, аптычнымі і электроннымі кампанентамі;

— вытворчасць бронетранспарцёраў;

— вытворчасць гармат і боепрыпасаў.

З пункту гледжання камплементарнасці, характэрнай з’яўляецца інфармацыя пра тое, што з агульнай колькасці 25 славацкіх прадпрыемстваў, якія мелі вытворчую праграму, скіраваную на вайсковую прадукцыю, толькі 8 выраблялі гатовыя прадукты. Астатнія прадпрыемствы забяспечвалі субпастаўкі. Складаная вытворчасць — авіятэхніка, радарныя сістэмы, ручная зброя — была сканцэнтравана ў Чэхіі. Паводле логікі цэнтралізаванага планавання, натуральна таксама было тое, што прадпрыемствы, якія выраблялі прадукцыю на экспарт, не былі звязаны з гандлем. Датычна зброі справы таксама не выглядалі інакш.

Такім чынам, пасля Другой усясветнай вайны збройная вытворчасць адыгрывала важную ролю ў галіновай структуры славацкай эканомікі. “Абаронка” адцягвала на сябе значныя людскія і матэрыяльныя рэсурсы. Яна на практыцы дапамагала рэалізоўваць важныя сацыялістычныя дэкларацыі поўнай працоўнай занятасці. Працаўнікам яе забяспечваўся спажывецкі чын жыцця на адносна прыстойным па тым часе ўзроўні. Аднак цэнтралізаванае планаванне і “мяккія” рынкі краін сацыялістычнага лагеру зрабілі з яе надзвычай далікатны арганізм.

Славацкія абаронныя прадпрыемствы мелі праблемы з лішкам працоўнай сілы, неэфектыўнасцю, недахопам уласнага капіталу, небагатым альбо вельмі слаба дыверсіфікаваным прадукцыйным асартыментам; цярпелі страты ад фізічна і маральна састарэлых тэхналогій і абсталявання, якія зніжалі іх канкурэнтаздольнасць. Акрамя таго, у іх не было ніякага вопыту вядзення міжнароднага гандлю ўзбраеннямі, бо гэтым займаліся выключна цэнтральныя прадпрыемствы знешняга гандлю, кіраваныя з Прагі. Таму аб’ектыўна ім не хапала здольнасці супрацьстаяць попытаваму шоку, да якога ўсё ішло ў канцы 80-х гадоў — у сувязі з разрадкай міжнароднай напружанасці — і які настаў-такі і напоўніцу выявіў сябе на пачатку 90-х, калі распаліся і Савецкі Саюз, і ўвесь сацыялістычны лагер, разам з РЭУ і яе плацёжнай адзінкай — перавадным рублём.


КАНВЕРСІЯ — ПАЛІТЫЧНАЯ ПРАБЛЕМА

Вытворчыя магутнасці збройнай прамысловасці ЧССР значна пераўзыходзілі патрэбы чэхаславацкай арміі, таму вялікая частка зброі, боепрыпасаў і вайсковых матэрыялаў накіроўвалася на экспарт. Аднак усё большая частка знешніх спажыўцоў рабілася неплацёжаздольнай, і зброю пачалі экспартаваць пад доўгатэрміновыя крэдыты. Пазней гэтыя замарожаныя актывы гадамі “тырчэлі” ў дзяржаўных балансах, а безнадзейная дэбітарная запазычанасць г.зв. “краін на шляху развіцця” ляжала там яшчэ доўга й пасля рэвалюцыі.

Не зважаючы на пагаршэнне плацёжаздольнасці знешніх гандлёвых партнёраў, напружаны стан грамадскіх фінансаў і поўныя склады зброі, “абаронка” павінна была доўжыць сваю вытворчасць. Бо ж яна займала людзей і гэтак выконвала важную сацыяльна-палітычную функцыю. Але ёй патрэбны былі сыравіна і энергія, а яе працаўнікам — заробкі. Такім чынам, пачало нарастаць супярэчанне між абмежаванасцю рэсурсаў, з аднаго боку, і патрэбамі заводаў і іх калектываў, з другога. У канцы 80-х гадоў з пасткі ўжо не стала выйсця: “нажніцы” між прапановай узбраенняў і попытам на іх выдавалі на смяротна небяспечныя. Таму камуністычная ўлада пад ціскам рэчаіснасці змушана была, нарэшце, даць задні ход і пачаць думаць пра канверсію.

У гэтым месцы важна падкрэсліць, што як праблемы, гэтак і палітычныя рашэнні, што прывялі да фізічнага спынення вытворчасці танкаў і бронетранспарцёраў у Славакіі на пачатку 90-х гадоў, узніклі яшчэ да зрыну камунізму. Распад усходніх рынкаў толькі паскорыў гэту паўзлівую дэструкцыю. Дзеля ілюстрацыі: агульная збройная вытворчасць гатовай прадукцыі ў Славакіі з 1976 да 1988 года дасягнула прыкладна 145 мільярдаў крон. З гэтага на экспарт пайшоў тавар вартасці 84 мільярды крон, альбо прыблізна 58%, а на рынкі краін па-за Варшаўскай дамовай — вартасці 18 мільярдаў крон, 21% ад усяго экспарту. Іншымі словамі, абаронная прамысловасць узнеслася і ўпала на знешнім попыце. Калі той хутка зморшчыўся, як прапораная вустрыца, пагібель сталася непазбежнай. Ізноў дзеля ілюстрацыі: славацкая “абаронка” дасягнула вытворчага піку ў 1988 годзе, калі яна вырабіла тавараў на 19,3 мільярда крон. А ў 1991 годзе — прадукцыі было ўжо толькі на 4,5 мільярда. Словам, — рэцэсія.

Заняпад у Славакіі традыцыйнай збройнай вытворчасці, безумоўна, спарадзіў сацыяльна азначальныя наступствы ў сітуацыі з прыбыткамі яе працаўнікоў і іх сем’яў. Таму ён ператварыўся ў важную палітычную праблему, вакол якой пачалі весціся гарачыя спрэчкі пра кампетэнтнасць паміж славацкім урадам (у Братыславе) і федэральным (у Празе). Са славацкага боку прамаўляліся заклікі прымаць пад увагу мясцовую спецыфіку ў федэральнай эканамічнай палітыцы, а водгукі з Прагі ніколі не адпавядалі чаканням.

Сапраўды, зашмат усяго здарылася адразу: Чэхаславакія на пачатку 1991 года распачала эканамічную рэформу. Адбылася лібералізацыя большасці цэн на тавары і паслугі, перайшлі да ўліку знешняга гандлю ў канвертаваных валютах, стартавалі праграмы шырокай прыватызацыі дзяржаўнага сектару, кааператывы былі трансфармаваны ў таварыствы ўласнікаў зямлі і сельскагаспадарчага інвентару. Прымаюцца законы пра рэстытуцыю — вяртанне маёмасці, нацыяналізаванай камуністамі.

Адваротнымі, але чаканымі праявамі эканамічнай рэформы сталіся рост інфляцыі, беспрацоўя, уліковых ставак, дэвальвацыя грашовай адзінкі і агульная гаспадарчая рэцэсія. Урад быў змушаны пайсці на суровую бюджэтную і грашовую палітыку. Для змякчэння наступстваў рэцэсіі і нарастальнага беспрацоўя ён разгарнуў г.зв. “ахоўную сацыяльную сетку”. Таму прастора для фінансавай дапамогі палеглай ужо “абаронцы” была выразна абмежавана. Нягледзячы на гэта, у памянёную галіну на пачатку 90-х гадоў укладаліся мільярды ў форме розных крэдытаў — ад непасрэдных дзярждатацый да дзяржаўных гарантый на банкаўскія пазыкі. Большасць з іх не далі адпаведнага эфекту. Для паспяховай канверсіі былі патрэбны час, рэсурсы, вынаходлівасць, прадпрымальнасць, досвед, палітычная стабільнасць. І нават адносна кваліфікаваная і здольная працоўная сіла не магла кампенсаваць іх адсутнасць.

Праблему заняпаду рэгіёнаў, на якія адмоўна паўплывала рэцэсія збройнай вытворчасці, пачалі з пэўнымі мэтамі скарыстоўваць нацыяналісты і палітычныя экстрэмісты. Зрабіць гэта было лёгка. Бо ў многіх галовах у Славакіі на той час панавала перакананне пра рэальнасць лепшага, сацыяльна больш прыязнага сцэнару эканамічнай рэформы, чым той, які рэпрезентаваў тагачасны федэральны міністар фінансаў і сённяшні чэшскі прэзідэнт Вацлаў Клаўс.

З’яўляліся і розныя альтэрнатыўныя сцэнары. Агульны спадзеў быў на тое, што ў новых палітычна-гаспадарчых умовах магчыма забеспечыць “мяккае прызямленне”, прычым, не толькі “абаронцы”, але і ўсёй славацкай прамысловасці. Адсюль заставаўся толькі крок да дэкларацый з боку г.зв. “пранацыянальных” сіл — пра тое, што ахвяр эканамічнай рэформы было б куды меней, калі б славакі ўзялі справы ва ўласныя рукі і пакончылі з пражскім цэнтралізмам, які не прымае пад увагу славацкай спецыфікі, несправядліва размяркоўвае федэральныя падаткі на карысць Чэхіі і г.д. Словам, вырашэнне праблемы яны бачылі ў адмежаванні Славакіі і Чэшскай Рэспублікі.

Гэта была, канечне ж, ілюзія. Прынамсі, з сярэднетэрміновага пункту гледжання. Патайная праўда хутка сталася явай — пасля ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі ў 1993 годзе. Славацкая крона прайшла тады праз некалькі дэвальвацый. Толькі шляхам паніжэння кошту славацкай працоўнай сілы ўдалося забяспечыць канкурэнтаздольнасць славацкай прадукцыі на замежных рынках ды хаця б прыблізную раўнавагу знешняга гандлю. Давялося, натуральна, падтрымліваць яе й  коштам пазык у Міжнароднага Валютнага Фонду, які выстаўляў дастаткова цяжкія ўмовы. Самастойная Славакія была змушана прыстасаваць — на карысць сапраўднай экспартнай эфектыўнасці, сапраўднай прадукцыйнасці працы — усю сваю структуру прыбыткаў, уключна з заробкамі. Вынікам гэтага з’яўляецца яшчэ й сёння адчувальнае адставанне жыццёвага ўзроўню славакаў параўнальна з чэхамі. У якасці прыкладу: на заканчэнне мінулага году ў курсавым пераліку і пры  падобнай міжсобку інфляцыі сярэдні заробак у Чэхіі склаў прыкладна 24 тысячы крон, а ў Славакіі — крыху болей за 17 тысяч.

Цяпер зразумела, што розныя ўмовы старту ў 1918 годзе прадвызначылі адрозненні ў развіцці дзвюх краін на доўгі перыяд часу. І калі эканамічнае адставанне было вынікам адрознай зыходнай базы, то цэнтралізаванае планаванне і 40 гадоў пад кіраўніцтвам Масквы нічога ў гэтым якасна не змяніла, нягледзячы нават на тое, што Славакія ў гэты перыяд прайшла праз шырокую індустрыялізацыю і урбанізацыю.

Заняпад збройнай вытворчасці выклікаў не толькі сацыяльную траўму, палітычныя пратэсты, нацыяналістычныя жарсці, але й спарадзіў цэлую капу міфаў. На пачатку 90-х многія бралі за чыстую манету, што праблемы вытворчасці цяжкай вайсковай тэхнікі ў Славакіі з’яўляюцца вынікам нейкай пацыфісцкай прыхамаці тагачаснага прэзідэнта Вацлава Гавела. Незадоўга да распаду супольнай дзяржавы чэхаў і славакаў, у лістападзе 1992 года, лідэр прафсаюзу КОВО Ёзэф Крумпалец заявіў: “Мы разумеем гуманны падыход былога прэзідэнта (В. Гавела — заўв. аўтара.), які настойваў на ўстрыманні ад новых кантрактаў па экспарце цяжкіх узбраенняў. Але ж мы перш за ўсё павінны быць гуманнымі ў адносінах да сваіх грамадзян. Ясна, што калі Чэхаславакія ці Славакія вырашаць не экспартаваць зброі, іх на рынках заменяць іншыя дзяржавы”.

Такім чынам, праблема зрыну збройнай вытворчасці не інтэрпрэтавалася як вынік паступовага тэхналагічнага адставання, неплацёжаздольнасці атрымоўцаў вайсковай тэхнікі “Made in Czechoslovakia”; яна не ўмантоўвалася ў кантэкст вычарпанасці рэсурсаў і гіпертрафіі (надмернага развіцця) цяжкай прамысловасці. Яе трактавалі як акт волі палітыка — наіўнага гуманіста. У лепшым выпадку...


РОСПАЧ ПЕРШЫХ ГАДОЎ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Звальванне віны на Прагу і звязванне праблем славацкай збройнай прамысловасці з экс-прэзідэнтам Гавелам хутка, пасля ўзнікнення самастойнай Славацкай Рэспублікі, сціхла. Да распаду федэрацыі не ўдавалася знайсці адэкватных вытворчых праграм для прыкметна саслаблай славацкай “абаронкі”, аднак і ў першыя гады самастойнасці лепш не было. Як ужо адзначалася, урад быў заклапочаны макраэканамічнай нераўнавагай, драматычным скарачэннем валютных рэзерваў, хуткім ростам беспрацоўя, якое ў некаторых рэгіёнах перасягнула 25%.

Ніхто з кіроўнага класу не мог ясна сказаць, як павінна выглядаць прамысловая палітыка, гарманічна збудаваная на рынкавых прынцыпах, якая не супярэчыла б рэкамендацыям Міжнароднага Валютнага Фонду, а, з другога боку, брала б пад увагу славацкую спецыфіку. Бадай, што найтрапны вобраз гэтага гістарычнага этапу — “хада навобмацак”, звальванне віны на іншых ды, хутчэй, хаатычная, чым кіраваная, дэструкцыя абароннай прамысловасці. Шмат кваліфікаваных кадраў з расчаравання пачалі пакідаць гэты сектар. Бо нешматлікія канверсійныя праграмы (напрыклад, вытворчасць пад’ёмнікаў), якія ўдалося, не без праблем, запусціць, далёка не маглі загрузіць раздзьмутых цэнтралізаваным планаваннем прадукцыйных магутнасцяў.

Першапачатковыя спробы інстытуцыянальнай рэарганізацыі абаронных прадпрыемстваў, хутчэй, “высмоктвалі” рэшткі вартасці з гэтых фірм, чым эканамічна аздараўлялі іх. Яшчэ адным ударам для збройных заводаў аказаўся стан славацкай арміі: склады былі поўныя зброі. Не было аніякай патрэбы замаўляць маральна састарэлыя танкі ды транспарцёры. На новыя ж тыпы ўзбраення, адным з якіх мела стацца гаўбіца “Зузана”, у бюджэце міністэрства не было прадугледжана грошай. Нарэшце, у Славакіі не было ніякай доўгатэрміновай абароннай дактрыны, паводле якой вызначаўся б шлях развіцця збройнай прамысловасці. Славакія нібыта знаходзілася ў стане левітацыі ў беспаветранай прасторы бяспекі: Варшаўская дамова засталася ў мінуласці, у НАТА яе ніхто не запрашаў.

Тым часам, калі Чэшская Рэспубліка лёгка ўсталёўвалася на міжнародным полі, дэмакратычная і празаходне арыентаваная частка славацкага грамадства ад узнікнення дзяржавы і аж да вераснёўскіх выбараў 1998 года змагалася з Уладзімерам Мэчыярам — папулістам-аўтакратам, якога Захад, разгублены развіццём падзей на Балканах, палохаўся. Гэта быў прынцыповы і ключавы для ўтрымання ліберальнай дэмакратыі ў Славакіі двубой дэмакратычных сіл з аўтакратычнымі тэндэнцыямі, і ў змаганні гэтым трэба было перамагчы. А час ішоў. У Чэхію ў 90-я гады пачалі масава плыць замежныя інвестыцыі, за конт якіх змяняўся воблік краіны. У Славакію ж накіроўваліся дыпламатычныя дэпешы.

Чэхія будавала эфектыўную сістэму прыцягвання замежных інвестараў, Славакія патанула ў г.зв. “дзікай прыватызацыі”: вялікую частку дзяржаўнай маёмасці за сімвалічныя цэны размеркавалі між сабой прыхільнікі прэм’ера Мэчыяра і яго кааліцыйныя сатэліты, нацыяналісты са Славацкай Народнай партыі і скрайне левыя са Згуртавання Рабочых Славакіі.

Мэчыяр у 1998 годзе ганарыўся сваім сціплым маёмасным станам, але неўзабаве высветлілася, што ён валодае фальваркам “Электра” ў Трэнчыянскіх Цепліцах. Адна толькі рэканструкцыя аб’екту каштавала прыблізна 40 мільёнаў крон, і да сённяшняга дня невядома, дзе гэтыя грошы трохразовы экс-прэм’ер узяў. Затое з дзяцей яго “вылупіліся” прадпрымальнікі з цалкам прыстойным стартавым капіталам.

Самастойная Чэшская Рэспубліка ў 90-я гады паспяхова крочыла да ўступу ў НАТА, Славакію ж Мэчыяра тагачасная кіраўніца амерыканскай дыпламатыі Мадлен Олбрайт назвала “чорнай дзіркай Еўропы”. Як у гэткіх палітычна і эканамічна складаных умовах і ў міжнароднай ізаляцыі можна было паспяхова праводзіць канверсію абароннай прамысловасці?


АД ТАНКАЎ ДА АЎТАМАБІЛЯЎ

Сапраўдная, хаця і запозненая, канверсія збройнай прамысловасці пачалася ажно пасля паразы Мэчыяра. Мэтай шырокай урадавай кааліцыі, якая ўтварылася пасля выбараў 1998 года, было зліквідаваць мэчыяраўскія дэфармацыі ў эканоміцы, паказаць новы, дэмакратычны спосаб кіравання і аднавіць давер Захаду. Перыяд ад 1998 да 2002 года быў вельмі складаны. У праграмна неаднароднай кааліцыі левых і правых партый рашэнні прымаліся цяжка, пошукі кампрамісу часта завяршаліся таптаннем на месцы. Аднак чаканы паварот у стылі кіравання ўсё-ткі адбыўся, і дэмакратычная Славакія магла з палёгкай уздыхнуць.

Наступныя выбары ў 2002 годзе далі магчымасць скласці больш кампактны правацэнтрысцкі ўрад. Паводле аналітыкаў, шмат хто на падставе досведу папярэдняга выбарчага этапу зразумеў ці, прынамсі, інтуітыўна адчуў, што былой шырокай урадавай кааліцыі не хапала дастатковай моцы, рашучасці ў рэформах і волі да інтэграцыі Славакіі ў заходнія структуры. Гэтыя чаканні найлепшым чынам здзяйснялі правыя партыі, левыя ж у той час праявілі сябе праграмна імпатэнтнымі, расколатымі, паўтараючы збляклыя фразы пра сацыяльную справядлівасць.

Калі раскласці па паліцах, паводле значнасці, рэформы другога ўраду Мікулаша Дзурынды, які сфармаваўся пасля выбараў 2002 года і распаўся, не датрываўшы канца тэрміну, у выніку нарастання нязгоды, то на першым месцы паўстала б пацверджанне дэмакратычнага курсу і знаходжанне выйсця з міжнароднай ізаляцыі. Славакія сталася сябрам АЭСР, НАТА і Еўрапейскага Саюзу. Аўтсайдэр Еўропы, дзякуючы двум “разумным” галасаванням грамадзян на дэмакратычных выбарах, ператварыўся ў інсайдэра. Быць знутры, а не на арбіце дэмакратычнага свету, супрацоўнічаць з развітымі краінамі, мець бяспошлінны доступ на іх рынкі, карыстацца фондамі, прызначанымі для падтрымкі праграм развіцця і структурнай трансфармацыі эканомікі, чэрпаць натхненне ў разумнай і таленавітай чыннасці новых суседзяў — вось трамплін для паспяховай эканамічнай трансфармацыі любой краіны з-за былой “жалезнай заслоны”. Асабліва гэта датычыць тых краінаў, што не маюць радовішчаў нафты і газу. Без элементарнага даверу прыватных інвестараў і замежных урадаў да стабільнасці айчыннай палітыка-эканамічнай сістэмы нельга й думаць пра рост жыццёвага ўзроўню шырокіх слаёў насельніцтва. Прынамсі, гэтакі досвед Славакіі.

Безумоўна, пасля “інстытуцыянальнага ўкаранення” Славакіі на Захадзе зноў пачалі адкрывацца “вечныя” тэмы — напрыклад, справядлівы падзел багацця, змяншэнне розніцы ў развітасці паміж рэгіёнамі, грамадзянская салідарнасць, межы індывідуальнай свабоды, грамадскі інтарэс, грамадская гаспадарка, роля і эфектыўнасць ураду ў барацьбе з беднасцю. Аднак гэтыя дэбаты вяліся ўжо на іншым узроўні рэфлексіі і ў іншым стане самой эканомікі: Славакія паводле росту ВУП цяпер належыць да еўрапейскіх лідэраў. Трэба шчыра сказаць: праблема канверсіі ўжо неактуальная.

Нікому ўжо сёння не прыйдзе ў галаву ідэя здзьмухваць пыл з праектаў мадэрнізацыі старых савецкіх танкаў, шантажаваць урад, каб той даў датацыю ці хаця б банкаўскую гарантыю. Збройная вытворчасць у Славакіі існуе цяпер пад кантролем дзяржавы-ўласніка — у значна скарочаным аб’ёме. Яна спецыялізуецца на некалькіх прадуктах — напрыклад, мабільных прыладах для ліквідацыі супрацьпяхотных і супрацьтанкавых мін. І яны, дарэчы, добра зарэкамендавалі сябе ў Іраку. Вытворчасць зброі пачала набываць рэальныя прапорцыі ў адносінах да наяўных рэсурсаў, знешняга попыту і, канечне, да патрэб славацкай арміі, якая з першапачатковых 50 тысяч салдат на пачатку 90-х гадоў сёння ў сваіх шэрагах пакінула прыкладна палову і спецыялізуецца ў замежных місіях Паўночнаатлантычнага альянсу ў інжынерна-сапёрнай дзейнасці. Апрача таго, гэта цяпер прафесійная армія, набор прызыўнікоў у яе больш ніхто не праводзіць.

Ролю “галоўнага лакаматыву” славацкай эканомікі паступова перацягнула на сябе аўтамабільная прамысловасць. За выключэннем аўтамабільнага канцэрну “Фольксваген”, які прыйшоў у Славакію на пачатку 90-х гадоў і таму ўяўляе зь сябе выключэнне з правіла, усе астатнія — ПСА “Пэжо”, “КІА/Хюндай” і “Форд” (вытворчасць аўтамабільных запчастак) пачалі будаваць свае заводы толькі пасля ўступлення Славакіі ў ЕС. Калі яны напоўніцу запусцяць у эксплуатацыю свае прадукцыйныя лініі, Славакія, з гледзішча колькасці насельніцтва і колькасці вырабленых легкавікоў на жыхара, стане літаральна ўсясветнай аўтамабільнай звышдзяржавай. Напрыклад, агульная планаваная вытворчасць заводаў “КІА/Хюндай” і ПСА мае дасягнуць прыкладна 800 тысяч легкавых машын у год. З улікам прадукцыі “Фольксвагена” мы выходзім на больш чым мільён штук.

Канцэнтрацыя аўтамабільнай прамысловасці ў Славакіі не з’яўляецца, безумоўна, выпадковасцю: яна абумоўлена традыцыямі машынабудаўнічай вытворчасці, якія цягам дзесяцігоддзяў фармавалі абаронная і звязаная з ёй металургічная прамысловасць. Такім чынам, мы з’яўляемся сведкамі пэўнага парадоксу: калі б Славакія развівалася як сельскагаспадарчая краіна, сёння ёй не хапала б кваліфікаванай працоўнай сілы для аўтамабільных заводаў. Наступствы індустрыялізацыі ў нярынкавых і недэмакратычных умовах можна пераадолець шляхам выкарыстання таннай рабочай сілы, бо наша адставанне ад развітых краін у прадукцыйнасці працы хоць і змяншаецца, але ўсё яшчэ застаецца значным.

Працу на аўтамабільных заводах і ў фірмах, якія забяспечваюць ім пастаўкі, знаходзяць сабе тысячы людзей розных прафесій: не толькі бляхары ці аўтамеханікі, г.зн. прадстаўнікі рабочых прафесій, але й адмыслоўцы з вышэйшай адукацыяй, што займаюць розныя пасады ў сярэднім і вышэйшым менеджменце. Ключавым фактарам у гэтым працэсе з’яўляецца кваліфікацыя. Вітаецца, натуральна, валоданне замежнымі мовамі — англійскай, французскай. Сістэма адукацыі тэрмінова перапрафілёўваецца, з улікам спецыфічных патрэб аўтамабільных прадпрыемстваў.

Нарэшце, Славакія мае прыстойныя традыцыі складанага машынабудавання: няма тут недахопу і ў надзейным інтэлектуальна-тэхнічным патэнцыяле, а таксама ў базе для яго культывавання і росту — працуюць сярэднія прафесійныя вучэльні, машынабудаўнічыя тэхнікумы, тэхнічныя універсітэты. Аўтазаводы, цалкам верагодна, прывядуць да рэнесансу славацкага машынабудаўніцтва.

Дзякуючы прыходу замежных інвестараў, ураду ўдаецца паступова зніжаць беспрацоўе. Аднак важнай праблемай ўсё яшчэ застаецца незанятасць, цягам году, а то й больш, немалога ліку працаздольных жыхароў краіны. Гэта датычыць найперш цыган і людзей без кваліфікацыі. Зыходна з патрэб рынку працы, адукацыя набыла яшчэ большую вартасць.


НАС ЧАКАЕ “ДРУГАЯ КАНВЕРСІЯ”?

Варта адзначыць, што імклівае развіццё аўтамабільнай прамысловасці дае не толькі станоўчыя вынікі. Машынабудаванне не з’яўляецца цалкам бяспечным портам для “вадаплаву” славацкай прамысловасці і яе працаўнікоў. Каб прыцягваць у Славакію замежныя аўтамабільныя канцэрны ды іншых замежных інвестараў, замала мець “парасон бяспекі” з боку НАТА, танную і адносна кваліфікаваную працоўную сілу, нізкі ўзровень падаткаабкладання, ліберальныя законы аб зарплаце ці прывабнае геаграфічнае месца знаходжання. Славакія, каб не прайграваць у канкурэнцыі са сваімі бліжэйшымі суседзямі, а таксама з сябрамі ЕС — Чэхіяй, Венгрыяй і Польшчай — мусіць даваць інвестарам датацыі. Пры гэтым гаворка вядзецца пра мільярдныя сумы, якіх, не хапае, да прыкладу, у сістэме адукацыі ці ў навуцы і даследаваннях.

Дзяржаўная дапамога інвестарам выдаецца паводле рамачных дырэктыў Еўрапейскага Саюзу, у адпаведнасці з якімі, дачынна аўтамабільнай прамысловасці, яна не мае пераўзыходзіць 15 працэнтаў ад усёй сумы інвестыцыі. Больш дакладна яе рэгулююць айчыннае заканадаўства і пастановы ўраду, якія маюць за мэту падтрымку ўрадавых палітыка-гаспадарчых прыярытэтаў. У сучасны перыяд славацкі ўрад абяцае датацыі тым фірмам, якія вырашаць інвеставаць у рэгіёны з высокім беспрацоўем і ў тыя таксама, інтэлектуальнаёмістая прадукцыя якіх набліжае Славакію да рангу краін з высокатэхналагічнай эканомікай. Таму Славакія падзелена ўрадам на зоны паводле ўзроўню беспрацоўя. Інвестары ў рэгіёнах з больш высокім беспрацоўем могуць пры вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці разлічваць на большую дапамогу з боку дзяржавы.

Розныя формы інвестыцыйных стымулаў, падаткавай палёгкі, уключна з маёмасна-прававой падрыхтоўкай пляцовак і збудовай інжынерных сетак, транспартнай інфраструктуры, з’яўляюцца адным з ключавых фактараў, якія ўплываюць на стратэгію інвестараў у Цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне. Калі астатнія ўмовы параўнальныя, то пытанне паступлення капіталу ў Польшчу, Чэхію альбо Славакію ў значнай ступені залежыць менавіта ад памераў дзяржаўных субсідый.

Аб’ем агульных датацый, безумоўна, апрача абмежаванняў з боку ЕС, фармуецца з улікам магчымасцяў дзяржаўных бюджэтаў. Больш моцныя эканомікі могуць дазволіць сабе стварыць лепшы інвестыцыйны клімат і эфектыўней дапамагаць інвестарам. Зноў прыклад для ілюстрацыі: не толькі лепшыя зыходныя ўмовы, больш хуткае ўступленне ў НАТА і лепшы стан эканомікі, але й большы аб’ем інвестыцыйных стымулаў грунтуе шырэйшы прыліў інвестыцый у Чэшскую Рэспубліку, чым у Славакію. І не пра малую розніцу вядзецца гаворка. Калі славацкай агенцыі па развіцці інвестыцый і гандлю ўдалося ў мінулым годзе прыцягнуць замежны капітал памеру прыкладна 20 мільярдаў крон, дык падобнай чэшскай агенцыі “CzechInvest” — ажно 346,5 мільярда крон. Аднак гэтая розніца мае яшчэ й квалітатыўны характар: у Чэхіі інвестыцыі ідуць у сферы з больш высокай даданай вартасцю.

Як мы ўжо адзначалі, аднабаковая арыентацыя на аўтамабільную прамысловасць ёсць досыць рызыкоўнай, прычым, нават з улікам таго, што вытворцы маюць вялікую колькасць мясцовых, славацкіх, субпастаўшчыкоў. Можна меркаваць, што праз пэўны час аўтазаводы пакіруюцца, з надзеяй на ніжэйшыя выдаткі, далей на ўсход. Нельга таксама выключыць і ўсясветнай рэцэсіі традыцыйнай аўтамабільнай прамысловасці. А таму праблема гэткая можа напоўна адаб’ецца на ўсёй Славакіі.

Каб краіна так і не засталася часовым зборачным цэхам, яна мусіць  працягваць рэформы, асабліва — у навуцы і адукацыі. З праграм ключавых палітычных партый да чэрвеньскіх выбараў 2006 года бачна, што пытанням развіцця адукацыі і, адпаведна, эканомікі высокіх тэхналогій надаецца значная ўвага. І гэта слушна: нельга выключаць, што Славакію праз пару гадоў пасля канверсіі збройнай прамысловасці чакае і канверсія аўтамабільнай прамысловасці. Добра, калі яна акажацца далёка не такой, як канверсія “абаронкі” ў 90-я гады мінулага стагоддзя — з “рухам навобмацак”. Цяпер мы можам загадзя пазнаць прыкметы набліжэння крызісу. Бо на тое ёсць добрыя райцы — адкрыты рынак і дэмакратыя.


V. Развітанне з мінулым і новыя рэаліі


Зора Бутарава. Посткамуністычная ментальнасць супраць выклікаў мадэрнізацыі

УВОДЗІНЫ

Славацкая Рэспубліка мае за сабой безмаль сямнаццаць гадоў цяжкага пераходу да дэмакратыі. Паступовае перараджэнне грамадства (часткі сацыялістычнай Чэхаславакіі, падлеглай савецкім сферам уплыву) у незалежную дэмакратычную рэспубліку, якая сталася сябрам еўраатлантычнай супольнасці, адбывалася ў досыць складаных абставінах і з менш выгоднай стартавай пазіцыі, параўнальна з астатнімі вышаградскімі краінамі, прыбалтыйскімі рэспублікамі або Славеніяй. У тым, што сёння мы можам канстатаваць пэўны поспех славакаў у справе пераходу да дэмакратыі (збудова рынкавай эканомікі, плюралістычнай дэмакратычнай сістэмы і незалежнай дзяржавы), адыграў ролю збег розных фактараў, сярод якіх не апошняй была і грамадская апінія саміх насельнікаў Славакіі.

Суадносіны рашэнняў палітычных эліт на макра- і іншых узроўнях з грамадскай думкай усюды і заўсёды складаныя. Так гэта было і ў Славакіі. Рэтраспектыўна можна сцвярджаць: з аднаго боку, грамадская думка ўмагчыміла ключавыя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя змены дзякуючы таму, што патрабавала і дамагалася іх, а з другога боку, таму, што паасобным зменам — хоць і выяўляла нязгоду — не змагла эфектыўна процістаяць. Урэшце змены гэтыя — у канфрантацыі з грамадскай думкай — былі рэалізаваны, а грамадзяне да іх пасіўна прыстасаваліся. У гэтым артыкуле я паспрабую паказаць асноўныя тэндэнцыі ў змене пазіцый грамадзян Славакіі, якія ўтрымліваюць як элементы пераемнасці з мінулага, так і нечаканыя метамарфозы.


РОСПАЧНАЕ РАЗВІТАННЕ З КАМУНІЗМАМ

Плюсы і мінусы былога і цяперашняга рэжымаў

Хаця аксамітная рэвалюцыя, якая прынесла падзенне камунізму, засталася ў памяці жыхароў Славакіі як адна з самых пазітыўных падзей новай славацкай гісторыі (Butorova, 1998), усё ж нельга адназначна сцвярджаць, што большасць славакаў прыняла варыянт новага жыцця, якое фармавалася ў перыяд радыкальных трансфармацый. Наадварот, немалая частка славакаў (на гэты момант каля 40%) бачыць у сённяшнім рэжыме больш заганаў, чым у папярэднім. Доля прыхільнікаў сучаснага рэжыму ўжо доўгі час вагаецца ніжэй за адзнаку “дзве пятыя” і, як правіла, не дасягае колькасці прыхільнікаў былога рэжыму. Не малой застаецца і тая частка грамадзян, якая абодвум палітычным уладаванням прыпісвае прыблізна аднолькавую колькасць плюсаў і мінусаў. Як відаць з графіка 1, стаўленне да цяперашняга і камуністычнага рэжымаў, хутчэй, падобна да хвалістай лініі, на якой пакуль не назіраецца ўмацавання пазіцый прыхільнікаў новага ладу.

Карані дыстанцыяванасці жыхароў СР ад паслялістападаўскіх падзей трэба шукаць перадусім у разбурэнні сістэмы звыклых сацыяльных гарантый. Як сведчаць адказы на адкрытае пытанне, у канцы 1994 г. рэспандэнты бачылі заганы новага рэжыму найперш у нізкім узроўні жыцця (25%), беспрацоўі (20%), дрэннай сацыяльнай палітыцы (13%) і росце злачыннасці (11%) (Aktualne...,снежань 1994).

Падобна як у Чэшскай Рэспубліцы, Венгрыі і Польшчы, у Славакіі таксама адной з асноў незадаволенасці паслялістападаўскімі падзеямі было пашыранае меркаванне, што пасля падзення камунізму больш выгодныя пазіцыі захавалі былыя кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і функцыянеры камуністычнай партыі (Plasser — Ulram — Waldrauch, 1997).

З іншага боку, сярод пераваг сучаснага рэжыму адназначна дамінуюць грамадзянскія і палітычныя свабоды і дэмакратыя. У адказах на адкрытае пытанне пра перавагі цяперашняга рэжыму рэспандэнты ў Славакіі ў 1994 г. найчасцей называлі: дэмакратыю і свабоду (21%), свабоду руху (19%), магчымасць займацца прадпрымальніцтвам (18%), свабоду выказванняў (13%), свабоду веравызнання (7%) (Butorova, 1997).

Графік 1. Ці лічыце вы, што цяперашні палітычны лад у параўнанні з тым, які быў да лістапада 1989 г., мае (больш пераваг) — (прыблізна тое самае) — (больш заган)?


Заўвага: Падлік пададзены ў адсотках. Рэшту да 100% складаюць адказы “не ведаю”.

Крыніца: Інстытут сацыяльнага аналізу Універсітэту імя Коменскага, 1991; Цэнтр сацыяльнага аналізу, 1992—1993; ФОКУС, 1993—1995; Інстытут грамадскіх пытанняў, 1997—2005.


Паўторныя апытанні паказваюць, што ў новых умовах пазітыў бачаць, хутчэй, прадстаўнікі маладога пакалення, людзі з вышэйшай адукацыяй, кваліфікаваныя спецыялісты інтэлектуальнай сферы, прадпрымальнікі, жыхары вялікіх гарадоў. А адчуванне падманутасці і прыналежнасці да т.зв. ахвяр пераходнага перыяду маюць перадусім людзі з нізкай адукацыяй, прадстаўнікі старэйшага пакалення, рабочыя, пенсіянеры і беспрацоўныя.


Недаўсведамленне неабходнасці глыбокіх змен

Аднак гаворка тут не толькі пра ацэнку актуальных змен пасля лістапада 1989 г., бо ў стаўленні да цяперашняга ладу адлюстроўваюцца й погляды на камуністычную эру. Важным чыннікам настальгіі па мінуўшчыне ёсць тая акалічнасць, што ў Славакіі да лістапада 1989 г. не было дастаткова развітага ўсведамлення патрэбы прынцыповых змен у грамадстве. Гэта звязана перадусім з запозненай сацыялістычнай мадэрнізацыяй, а таксама са спецыфічным, адносна мяккім варыянтам палітычнай нармалізацыі пасля акупацыі ЧССР войскамі Варшаўскай дамовы. Большасць жыхароў Славакіі ў канцы 80—х гадоў не ўспрымала камуністычнага рэжыму за імперыю зла, якая не паддаецца рэфармаванню і вядзе да маральнага заняпаду, як і не адчувала, што сацыялістычная эканамічная сістэма дасягнула мяжы свайго росту і ўтрымліваецца за кошт будучых пакаленняў. Хоць мы й не можам пацвердзіць гэта звесткамі з незалежнага даследавання грамадскай думкі, усё ж з пазіцыі колішніх назіральнікаў і “сведак” можна канстатаваць, што замест патрабавання радыкальнай змены рэжыму славацкія крытыкі тагачасных умоў схіляліся, хутчэй, да фантазій пра нейкую “перабудову” (Butora — Butorova, 1993a).

Слабое ўсведамленне неабходнасці прынцыповых эканамічных змен засталося зафіксаваным у памяці значнай часткі славацкай грамадскасці. У даследаванні Інстытуту грамадскіх пытанняў (ІГП) у красавіку 2006 г., г.зн. праз 17 гадоў пасля падзення камунізму і 14 гадоў ад пачатку эканамічнай рэформы, толькі 37% рэспандэнтаў дапускалі, што сацыялістычная эканоміка вымагала радыкальнай трансфармацыі. Наадварот, 42% захавалі ілюзію, што хапіла б толькі касметычнага рамонту, а 10% нават ставілі пад сумнеў неабходнасць якіх бы там ні было змен (Empiricke..., красавік 2006). Расклад эканамічных “рэалістаў” і “ілюзіяністаў” у Славакіі быў і застаецца на карысць апошніх.

Табліца 1. Пасля падзення камунізму мінула амаль 17 гадоў. Згадайце, калі ласка, эканамічныя і палітычныя варункі перад 1989 г. У якой ступені іх неабходна было мяняць?”


Заўвага: Вынікі падаюцца ў адсотках.

Крыніца: Інстытут грамадскіх пытанняў, красавік 2006 г.


Пабляклыя цені камуністычнага таталітарызму

Аднак што яшчэ больш здзіўляе і нават трывожыць, дык гэта апатычнае стаўленне да камуністычнага рэжыму. Паводле даследавання ІГП у красавіку 2006 г., доля рэспандэнтаў, якія сцвярджалі, што ён вымагаў прынцыповых змен, не дасягала і паловы (46%), тады як 38% дапускалі неабходнасць толькі касметычных змен, а 8% нават адмаўлялі абгрунтаванасць якіх бы там ні было палітычных рэформ (Empiricke..., 2006). Амаль палова (46%) насельнікаў Славакіі пры ацэнцы колішняга камуністычнага рэжыму не звяртала ўвагі на жахі інсцэнаваных палітычных працэсаў, штодзённыя праявы пераследу, дыскрымінацыю і маргіналізацыю “класавых ворагаў сацыялізму”, паўсюднае шызафрэнічнае жыццё ў зневажальным фальшы, тупасць цэнзуры, задушлівасць прасторы, адасобленай ад астатняга свету жалезнай заслонай.

Паводле таго самага даследавання, толькі няпоўная палова рэспандэнтаў (49%) пагаджалася, што камуністычны рэжым здзяйсняў злачынствы і вінаватыя мусяць быць пакараныя, тым часам жа 40%, хутчэй, былі за “тлустую рысу”, а 11% не мелі на гэты конт пэўнага меркавання. Тое апытанне таксама паказала, што сярод рэспандэнтаў толькі 33% былі прыхільнікамі захавання гістарычнай памяці пра змрочныя старонкі камуністычнага перыяду, 35%, наадварот, лічылі, што пра заганы камуністычнай мінуўшчыны залішне многа гаворыцца, а рэшта — 32% — не мелі пэўнага меркавання (Empiricke..., 2006). Гэтыя даследаванні сведчаць, што схільнасць да крытычнай гістарычнай самарэфлексіі не ёсць моцнай патрэбай славакаў. Гістарычная амнезія, што праяўляецца ў легкадумнай ацэнцы камунізму, дае зразумець, чаму славакі так хутка прызвычаіліся да грамадзянскіх і палітычных свабод, якія прынёс лістапад 1989 г. Аднак сваё прыязнае стаўленне да дэмакратычных каштоўнасцяў яны амаль не звязваюць з павагай да ахвяр камуністычнага таталітарызму і актыўным непрыняццем яго.


НОВАЯ ЭКАНОМІКА, СТАРЫЯ ІДЭАЛЫ

Патрабаванне прысутнасці дзяржавы

Цікава мяняліся погляды славакаў на прынцыпы функцыянавання эканомікі. У кантрасце з рэальнымі (і радыкальнымі) эканамічнымі зменамі, да якіх славакі адаптуюцца ўжо блізу 14 гадоў, яны захоўваюць неверагодна стабільныя пазіцыі адносна аптымальнай эканамічнай сістэмы. Паводле даследавання ІГП у красавіку 2006 г., мадэль сацыяльна-рынкавай эканомікі са значным удзелам дзяржавы мае падтрымку прыблізна паловы грамадзян (51%), а тым часам ліберальная эканамічная мадэль, заснаваная на вольным рынку з мінімальным удзелам дзяржавы, атрымала адно чвэрць прыхільнікаў (24%). Кола адэптаў сацыялістычнай эканомікі хоць і больш сціплае, але яно не звужаецца (Empiricke..., красавік 2006). У памяці гэтых людзей, відавочна, успаміны пра дэфіцытную эканоміку пабляклі — іх выціснула настальгія па суцэльнай працаўладкаванасці і стабільнасці жыцця кожнага, хто мог прыстасавацца да наяўных палітычных умоў (а такіх прыстасаваных у Славакіі была большасць).

Табліца 2. “Калі б вы маглі выбіраць, — якой эканоміцы аддалі б перавагу?”

Заўвага: Вынікі падаюцца ў адсотках.Рэшту да 100% складаюць адказы “не ведаю”.

Крыніца: ФОКУС, 1993 і 1994, Інстытут грамадскіх пытанняў, 1997—2006.


Большасць насельнікаў Славакіі не жадае, каб дзяржава даверыла лёс эканамічнага развіцця нерэгуляванаму вольнаму рынку. Толькі траціна апытаных (34%) верыць, што “чым меншым будзе непасрэднае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку, тым будзе лепей для грамадства”. Наадварот лічыць куды болей грамадзян — 55%. Пераважае перакананне, што чалавек не павінен быць пакінуты сам-насам у справе забеспячэння сябе працай і прыстойным узроўнем жыцця — асноўную долю адказнасці за гэта мусіць несці кіраўніцтва дзяржавы. Да меркавання, што “пра сваю працу і ўзровень жыцця мусіць клапаціцца кожны самастойна”, схіляецца толькі 16% рэспандэнтаў, а 57% адказнасць за гэта перакладаюць на дзяржаву. Астатнія 27% займаюць прамежкавую пазіцыю (Empiricke..., красавік 2006).

Параўнанне з больш даўнімі звесткамі паказвае, што такі расклад досыць стабільны. Пры гэтым важна адцеміць, што склаўся ён падчас разгортвання эканамічнай рэформы і захаваўся да перыяду, калі грамадзяне ўжо могуць ацэньваць яе рэальныя вынікі.

Чуйнае ўспрыманне няроўнасці

Можна меркаваць, што за падкрэсліваннем ролі дзяржавы стаіць перадусім высокая чуйнасць славакаў да ўзмацнення сацыяльнага расслаення, якое вынікае з аб’ектыўнага паглыблення сацыяльнай няроўнасці. Да такога развіцця падзей славакі аказаліся непадрыхтаванымі: эра камунізму прышчапіла іхняй ментальнасці “ўраўнілаўку”, пры якой немагчымы дыферэнцыйны падыход да заахвочвання працаўнікоў, што маюць розныя працоўныя вынікі. За камунізмам людзі звыкліся з пачуццём сацыяльнай абароненасці, якое паходзіла з амаль абсалютнай упэўненасці, што кожны чалавек будзе мець адпаведную працу — акрамя хіба тых, хто распачаў светаглядны ці палітычны канфлікт з рэпрэсіўным рэжымам. Пасля 1989 г., аднак, нівеліяванасць славацкага грамадства пачала сыходзіць, і з ацэнкі росту сацыяльнай дыферэнцыяцыі ў пераважнай часткі грамадскасці склалася перакананне, што такі стан рэчаў больш несправядлівы, чым за сацыялістычным часам. Паводле даследавання ІГП у 2002 г., такога меркавання прытрымлівалася 68% рэспандэнтаў (Aktualne..., чэрвень 2002).

Як зафіксавалі многія сацыялагічныя даследаванні, ключавы элемент эканамічнай трансфармацыі — працэс прыватызацыі, да якога славацкая грамадскасць мела шмат прэтэнзій яшчэ нават да таго, як ён увабраўся ў сілу (Krivy — Radicova, 1992), — знітаваўся ў свядомасці славакаў з карупцыяй і кліентэлізмам. У новых эканамічных умовах дамінантным сталася перакананне, што “людзі ў нас прыходзяць да багацця галоўным чынам несумленным шляхам” (гэтага погляду прытрымліваліся 83% рэспандэнтаў у 1994 г. і 91% у 1997-м — Aktualne..., травень 1994 і Empiricke..., кастрычнік 1997). Трэба зазначыць, што ў апошнія гады поўнай свабоды медыяў калектыўная думка пра малалікасць сумленных прадпрымальнікаў умацоўваецца ў грамадзянах і за конт інтэнсіўнай медыялізацыі карупцыйных скандалаў. Натуральна, гісторыям сумленных прадпрымальнікаў у медыях надаецца значна менш увагі. Праўда таксама й тое, што паспяховыя сумленныя прадпрымальнікі не імкнуцца лішне “свяціцца” на публіцы, бо асцерагаюцца зайздрасці людзей і залішняй увагі мафіі.

У выніку паглыблення сацыяльнай дыферэнцыяцыі ў грамадстве ўзраслі патрабаванні да змяншэння розніцы ў заробках: іх у 1994 г. падтрымлівала 67%, а ў 2004 — 83% (Aktualne..., снежань 1994 і Empiricke..., лістапад 2004). З гэтай тэндэнцыяй звязана й патрабаванне пераразмеркавання: паводле даследавання ІГП у красавіку 2006 г., 76% апытаных лічылі правільным, “каб як мага больш сродкаў ад багатых пераразмяркоўваць на карысць сацыяльна слабейшым” (Empiricke..., красавік 2006).

Грамадзяне Славакіі, такім чынам, востра ўспрымаюць паглыбленне сацыяльнай няроўнасці, якую прынесла эканамічная трансфармацыя. Актуальнай ёсць крытычная ацэнка розніцы становішча вясковых і гарадскіх жыхароў. Ува ўсіх сацыяльных асяродках дамінуе меркаванне, што вяскоўцам жывецца горш (72%), аднолькавымі ж умовы прызнаюць толькі 21% апытаных, а перавагу вяскоўцам аддаюць усяго 6%.

Асабліва чуйна славакі ўспрымаюць паглыбленне рэгіянальных адрозненняў. З аднаго боку, ёсць усведамленне шырэйшых магчымасцяў у жыхароў сталіцы і Браціслаўскага краю, дзе ўзровень жыцця блізкі да сярэдняга па ЕС, з другога, назіраецца амаль поўная дэпрывацыя жыхароў усходняй Славакіі. Фрустрацыя нарастае ў кірунку з захаду на ўсход, прычым, у значнай ступені яна капіюе аб’ектыўныя параметры эканамічнай і сацыяльнай спеласці рэгіёнаў (Butorova — Gyarfasova, 2006).

Наступнай сур’ёзнай праблемай ёсць няроўнасць магчымасцяў на рынку працы. Даследаванне ІГП у верасні 2005 г. дазволіла скласці “рэйтынг дыскрымінацыі” на рынку працы, які абапіраецца на апытанне: якімі бачыць славацкая грамадскасць прычыны дыскрымінацыі працаўнікоў? У адпаведнасці з частатой называння, на першым месцы знаходзіцца дыскрымінацыя паводле веку (згодна 93% рэспандэнтаў), на другім месцы — дыскрымінацыя паводле стану здароўя ці інваліднасці (88%), на трэцім — дыскрымінацыя з прычыны цяжарнасці і мацярынства (77%), на чацвёртым — дыскрымінацыя з расавых альбо этнічных прычын (67%) ( у Славакіі гэта перадусім праблема дыскрымінацыі цыганоў), на пятым — дыскрымінацыя сямейнікаў (64%), і, нарэшце, на шостым — дыскрымінацыя паводле палавой прыналежнасці (52%).

Згодна з даследаваннем Славацкага нацыянальнага цэнтру па правах чалавека, 73% рэспандэнтаў пагадзіліся, што найчасцей дыскрымінацыя выяўляецца ў прыватным сектары эканомікі, 7% лічаць, што найбольш яна характэрна для дзяржаўных арганізацый, 6% — што грамадскаму сектару, і яшчэ 6% — што ўсім сектарам аднолькава (цытуецца паводле: Butorova — Gyarfasova, 2006). Такім чынам, грамадскасць адчувае значную неадпаведнасць паміж патрабаваннем забароны дыскрымінацыі, што ўтрымліваецца ў нядаўна прынятым “Законе аб аднолькавым стаўленні да працаўнікоў” (2004), і рэальнай практыкай працадаўцаў.

Рэйтынг грамадскіх праблем

Чуйным індыкатарам змен у грамадстве, якія суправаджаюць пераход да дэмакратыі, ёсць рэйтынг праблем, якія грамадзяне ўспрымаюць як самыя вострыя. Паводле даследавання ІГП (Butorova — Gyarfasova, 2006), напрыканцы 2005 г. рэспандэнты лічылі найбольш актуальнымі праблемы узроўню жыцця, сацыяльных гарантый і беспрацоўя. Затым са значным адставаннем паўстаюць праблемы аховы здароўя, маралі і карупцыі ды арганізаванай злачыннасці. На далейшых пазіцыях размясціліся праблемы палітыкі і дэмакратыі, эканомікі і прыватызацыі, сістэмы адукацыі і выхавання, жылля, ксенафобіі, расізму, інталеранцыі і экстрэмізму. Астатнія праблемы згадалі менш за 5% апытаных.

Табліца 3. “Якія праблемы вы лічыце найбольш сур’ёзнымі?” (у %)

Заўвага: У спантанным адказе на пытанне рэспандэнты маглі назваць максімум тры праблемы.

Крыніца: Інстытут грамадскіх пытанняў, 1997—2005.


Уяўляе цікавасць і ўспрыманне найбольш вострых праблем, то бок тых, якія займаюць верхнія радкі рэйтынгу, параўнальна з 1997 г., калі Славакія змагалася з аўтарытарнымі тэндэнцыямі, а пры ўладзе была кіроўная кааліцыя на чале з Уладзімірам Мэчыярам. Як паказвае табліца 3, незадавальненне ўзроўнем жыцця і сацыяльнымі гарантыямі з той пары застаюцца асноўнымі праблемамі. Праўда, у параўнанні з 1997 г., рэзка абвострылася чуйнасць да беспрацоўя, што карэспандавала з падвышэннем колькасці тых, хто страціў працу пасля пачатку эканамічнай рэформы ў першыя гады кіравання Мікулаша Дзурынды. Выразна павялічылася заклапочанасць славакаў праблемамі аховы здароўя (замест сёмага —— трэцяе месца ў рэйтынгу), прычым, найбольшы рост адбыўся ў перыяд, калі якраз у гэтай сферы актыўна распачалася радыкальная рэформа. А вось праблема арганізаванай злачыннасці з другога месца ў 1997 г. апусцілася на пятае.

Падчас эпохі мэчыярызму ўзрасла цікавасць славакаў да праблем палітыкі і дэмакратыі, бо якраз тады пашырылася кола людзей, якія ўсвядомілі, што дэфіцыт свабоды абмяжоўвае й шанцы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ды яе інтэграцыйныя перспектывы. Але пасля падзення Мэчыяравага ўраду, калі Славакія пакінула за сабою шэраг “неліберальных дэмакратыяў”, актуальнасць гэтай праблемы рэзка падае (з 38% у 1997 г. да 15% у 1999—м і 13% — у 2005 г.).

Затое пасля 2000 г. славакі пачалі больш крытычна ўспрымаць праблемы карупцыі і кліентэлізму — з пятага месца яны перамясціліся на чацвёртае (з 16% у 1997 г. да 29% у 2005 г.). На думку славакаў, хабарніцтва і пратэкцыянізм найбольш пашыраны ў сферы аховы здароўя (71%), судовай справе (34%), адукацыі (31%), прадпрымальніцтве (19%), паліцыі (18%), у раённых, краёвых і мясцовых управах (16%) (Sicakova—Beblava, 2005). Дзякуючы медыям, грамадскасць надае значную ўвагу й выпадкам карупцыйных паводзін палітыкаў, а таксама рэакцыям палітычных дзеячоў на гэтыя скандалы.


БЛЯСК ДЭМАКРАТЫІ… І ЎБОСТВА ПАЛІТЫКІ?

Стаўленне да дэмакратыі

Як вынікае з адказаў рэспандэнтаў на адкрытае пытанне ў даследаванні ІГП на схіле 2004 г., для насельнікаў Славакіі на першы план выходзяць наступныя чатыры складовыя дэмакратыі: ліберальная (49%), сацыяльна-эканамічная (27%), канстытуцыйная (12%) і партыцыпатыўная (10%). Іншыя атрыбуты (маральныя каштоўнасці, палітычная культура і ліберальная эканоміка) згадваюцца значна радзей.

Графік 2. “Што асабіста вы разумееце пад паняццем “дэмакратыя”? Назавіце тры самыя важныя моманты” (% ад колькасці адказаў)

Заўвага: Адкрытае апытанне.

Крыніца: Інстытут грамадскіх пытанняў, лістапад 2004.


У ліберальнай інтэрпрэтацыі дэмакратыя — гэта найперш свабода, пад якой рэспандэнты зазвычай, акрамя “асабістай свабоды”, разумеюць свабоду слова і выбару месца жыхарства. За апошняе дзесяцігоддзе дадалося славакаў, якія пад дэмакратыяй уяўляюць менавіта магчымасць працаваць, вучыцца і жыць за мяжой.

На другое месца рэспандэнты ставяць сацыяльна-эканамічную складовую дэмакратыі, падкрэсліваючы сацыяльныя правы грамадзян, пад якімі найчасцей разумеюць права на працу і годныя яе ўмовы і права на прыстойны ўзровень жыцця, а таксама права на адукацыю і медычнае абслугоўванне.

На трэцім месцы размясцілася канстытуцыянальная складовая дэмакратыі: рэспандэнты прыгадваюць роўнасць перад законам, справядлівасць, раўнапраўе меншасцяў, захаванне правоў грамадзян.

Крыху слабей пададзены партыцыпатыўныя праблемы дэмакратыі, у рамках якіх рэспандэнты называлі перадусім палітычны плюралізм і магчымасць удзелу грамадзян у грамадскім жыцці.

Ва ўяўленні славакаў паасобныя атрыбуты ці характарыстыкі дэмакратыі лучацца міжсобку. Так, напрыклад, свабода пераруху азначае сёння больш, чым, магчымасць працаваць за мяжой і дзякуючы гэтаму дасягаць прыстойнага ўзроўню жыцця, як дзесяць гадоў таму. Роўнасць перад законам азначае, паводле слоў многіх рэспандэнтаў, роўнасць таго, хто мае маёмасць з тым, хто яе не мае. Выказванні пра свабоду слова апытаныя часта суправаджалі заўвагай, што рызыкоўна выказваць крытыку працадаўцы, калі не хочаш пазбавіцца месца і да т.п.

Параўнанне з даследаваннем 1994 г. паказвае, што за апошнія дзесяць гадоў паасобныя вымеры дэмакратыі зрабіліся для славакаў больш выразнымі, а часткова й значна абноўлены іх змест (Aktualne..., 1994).

Сённяшні вобраз палітыкі вачыма грамадзян

Хоць Славакія за прамінулыя 10 гадоў зрабіла якасны скачок да дэмакратычнай кансалідацыі, ранейшае негатыўнае стаўленне грамадзян да палітыкаў істотна не змянілася. Калі напрыканцы 1994 г. 91% славакаў былі ўпэўнены, што “палітыкі не цікавяцца поглядамі звычайных людзей”, дык праз дзесяць гадоў так лічыла не намнога менш — 85%. У 1994 г. 77% славакаў не пагаджалася, што “большасць палітыкаў дзейнічае бескарысліва і маральна”. Праз дзесяць гадоў мы маем тое самае (78%) (Aktualne..., снежань 2004 і Empiricke..., лістапад 2004).

Для многіх грамадзян палітыка атаясамляецца з дзейнасцю палітычных партый, да якіх яны адчуваюць моцны недавер. У 1994 г. суадносіны тых, хто давяраў, і тых, хто не давяраў палітычным партыям, былі 16% : 80%, а ў 2005 г. нават 11% : 84% (Butorova — Gyarfasova, 2006).

Для большасці славакаў палітыка застаецца малазразумелай справай, у якой яны цяжка арыентуюцца. Параўнальна з 1994 г., калі грамадзяне Славакіі змірваліся з паўторным прыходам Мэчыяра да ўлады, колькасць тых, хто нешта разумеў у бягучых палітычных падзеях, насамрэч не змянілася: праз 10 гадоў іх было толькі 37%, а тым часам доля дэзарыентаваных дасягала 62% (Aktualne..., снежань 2004 і Empiricke..., лістапад 2004).

У 1994 г. значная частка грамадзян (61%) разумела палітыку як рызыкоўную сферу, у якой небяспечна ангажавацца. За апошнія 10 гадоў такое стаўленне не змянілася.

Станоўчай тэндэнцыяй можна лічыць некаторае пабольшанне тых, хто верыць, што іх голас у парламенцкіх выбарах будзе мець вагу (з 37% у 1994 г. да 43% у 2004), хаця і тут пакуль пераважаюць скептыкі, абыякавыя да выбараў. З другога боку, большасць славакаў верыць у значнасць свайго голасу на муніцыпальных выбарах: у 1994 г. лічылі магчымым паўплываць на прыняццё рашэнняў у сваім населеным пункце 58% апытаных, у 2004 г. — 57% (Aktualne..., снежань 2004 і Empiricke..., лістапад 2004).

Парадаксальным фактам ёсць тое, што славакі, выяўляючы скептычнае стаўленне да выбараў, значна большы давер маюць да палітычных інстытутаў, якія фармуюцца паводле вынікаў выбараў, асабліва — да ўраду і парламенту. Праўда, крэдыт даверу і гэтым найвышэйшым палітычным інстытутам на пачатку апошняга выбарчага перыяду не перавышаў траціны, а пры канцы яго знізіўся да чвэрці і нават менш. Гэта, аднак, не датычыць муніцыпальнай палітыкі: колькасць грамадзян, якія давяраюць мясцоваму прадстаўніцтву, прыблізна адпавядае колькасці людзей, перакананых у мэтазгоднасці іх удзелу ў выбарах у мясцовыя органы ўлады (51% і 54% — адпаведна).

Табліца 4. Давер да выбарных палітычных інстытуцый (давер : недавер — у %)

Заўвага: У табліцы злучаны варыянты адказаў “цалкам + хутчэй, давяраю” і “хутчэй + зусім не давяраю”. Рэшту да 100% складаюць адказы “не ведаю”.

“—” — параўнальнымі звесткамі не валодаем.

Крыніца: Інстытут грамадскіх пытанняў, чэрвень 2002, верасень 2003 і лістапад 2005.


Перспектывы грамадзянскай партыцыпацыі

З кампаніі 1998 г., якая прынесла небывалую мабілізацыю грамадзян, у Славакіі паступова спадае цікавасць да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Апытанні сігналізуюць, што гэтае паніжэнне на датэрміновых парламенцкіх выбарах у чэрвені 2006 г. можа дасягнуць 50%-ай мяжы. Парадокс сітуацыі ў тым, што гэта мусяць быць першыя “нармальныя” выбары, калі ўжо не вырашаецца пытанне ні пра характар рэжыму, як у 1998 г., ні пра інтэграцыйныя магчымасці Славакіі, як у 2002 г., — сёння гаворка вядзецца “толькі” пра тое, як будуць працягвацца рэформы і ці не пяройме стырно кіравання дзяржавы пасля двух выбарчых тэрмінаў правага ўраду, які практыкаваў хутчэй неаліберальную эканамічную палітыку, каманда, у якой будуць пераважаць цэнтрысцкая і левая палітычная арыентацыі.

Аднак ёсць і іншыя трывожныя сігналы. Рэтраспектыўны пагляд сведчыць, што за апошняе дзесяцігоддзе не павялічылася колькасць славакаў, якія ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. А колькасць тых, хто не застаецца пасіўным і выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю у адной з 14 форм палітычнай актыўнасці, паменела. Зніжэнне актыўнага ўдзелу выявілася ў 13 з 14 даследаваных форм актыўнасці. І перспектывы на будучыню не выглядаюць вельмі аптымістычнымі: з адказаў рэспандэнтаў вынікае, што славакі ў 2004 г. паказвалі меншую цікавасць да палітычнай партыцыпацыі, чым 10 гадоў таму (Aktualne..., снежань 1994 і Empiricke..., лістапад 2004).

Табліца 5. Існуюць розныя спосабы палітычнай актыўнасці. Да якіх з іх у мінуласці вы звярталіся? (% станоўчых адказаў)

Крыніца: ФОКУС, снежань 1994 і Інстытут грамадскіх пытанняў, лістапад 2004.


Гэты факт вельмі важны. Ён азначае, што калі б адказнасць за стан дэмакратыі пакінуць толькі за выбарнымі палітыкамі, дык знізіліся б шанцы на ўзмацненне дэмакратыі. Вынікам было б нарастанне адчужанасці паміж шараговымі грамадзянамі і новым “палітычным класам”, які чым далей, тым вальней пачуваўся б у прасторы эканамічнай і палітычнай улады, падзеленай на дзялянкі міжпартыйнымі пагадненнямі. Для Славакіі пакуль небяспечна, каб грамадзяне загрузлі ў прыватных турботах, а ў палітыцы абмежаваліся кухоннымі размовамі пра скарумпаванасць палітыкаў ці “афіцыйных структур” замест таго, каб самім імкнуцца выправіць да лепшага сваё жыццё. Якім бы важным ні быў удзел у выбарах, ён упаасобку не можа эфектыўна вырашыць усіх праблем. Тым больш у краіне, якая толькі фармуе асновы партыцыпатыўнай палітычнай культуры.

І вось тут адкрываецца вялікае поле для дзейнасці няўрадавых (недзяржаўных) арганізацый (НДА), якія могуць дапамагчы людзям выблытацца з заганнага кола абыякавасці і фрустрацыі.

Як паказвае табліца 4, няўрадавыя арганізацыі карыстаюцца ўсё большым даверам славакаў. Яшчэ нядаўна такія паняцці, як “трэці сектар”, “грамадская асацыяцыя”, “фонд” і да т.п., былі людзям зусім не вядомыя, а сёння імідж НДА для многіх грамадзян набывае канкрэтныя станоўчыя рысы. Згодна з вынікамі даследавання ІГП у лістападзе 2005 г., найбольш высока людзі ацэньваюць тыя НДА, што спецыялізуюцца на сацыяльнай дапамозе абяздоленым або працуюць у галіне аховы здароўя. Высокі крэдыт даверу маюць і НДА, дзейнасць якіх скіравана на ахову прыроды, развіццё паселішчаў ці нават цэлых рэгіёнаў, расследаванне выпадкаў карупцыі ў грамадскім сектары, праблемы жанчын; нарэшце — НДА, якія абараняюць правы грамадзян перад дзяржавай і прыватнымі асобамі. Станоўчую ацэнку большасці насельніцтва маюць таксама тыя няўрадавыя арганізацыі, што выступаюць супраць расавай, этнічнай ці светапогляднай неталерантнасці, кантралююць працу органаў дзяржаўнага кіравання, самакіравання і судоў, манітаруюць фінансаванне палітычных партый і выкрываюць грашовыя махінацыі, рэалізуюць грамадскія ініцыятывы, праз якія актыўна ўплываюць на прыняццё палітычных рашэнняў ды адстойваюць інтарэсы шараговых грамадзян, нарэшце, ажыццяўляюць гуманітарную дапамогу і падтрымліваюць дэмакратыю ў іншых краінах (Empiricke..., лістапад 2005 і Strecansky — Butora — Vajdova — Szatmary — Butorova — Kubanova — Wolekova, 2006).

Але значэнне НДА не вычэрпваецца толькі іх удзелам у развязанні багатай палітры вышэйзгаданых праблем. Ключавым у факце існавання НДА ёсць тое, што сваёй дзейнасцю яны спрыяюць умацаванню партыцыпатыўнай палітычнай культуры, стымулююць у славакаў ініцыятыўнасць, творчасць, кааператыўнасць, а таксама індывідуальную адказнасць, умацоўваюць сацыяльны давер і дапамагаюць пераадольваць грамадзянскую абыякавасць і адчужанасць ад палітыкі.


ПРЫВЫКАННЕ ДА “ЗМЕНШАНАЙ” РАДЗІМЫ

Роспач на парозе славацкай самастойнасці

У папярэднім раздзеле я канстатавала пэўную непадрыхтаванасць славацкай грамадскасці канца 80-х да эканамічнага і палітычнага пераходу пасля лістапада 1989 г., аднак у яшчэ большай ступені гэтая непадрыхтаванасць датычыць чэхаславацкага “аксамітнага разводу”, які 1 студзеня 2003 г. выявіўся  паўставаннем дзвюх самастойных рэспублік.

Непасрэдна пасля падзелу ЧСФР многія жыхары Славакіі аказаліся ў стане, які нагадваў, хутчэй, шок пасля разводу, чым эйфарыю ад доўгачаканага вызвалення з чэшскіх пут. Сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў першыя месяцы існавання незалежнай Славацкай Рэспублікі, пацвердзілі, што падзел ЧСФР не меў падтрымкі большасці славацкіх грамадзян. Праз тры месяцы пасля падзелу 68% рэспандэнтаў асуджалі рашэнне палітыкаў, якія пазбавілі славакаў права выказаць сваё меркаванне пра лёс супольнай дзяржавы на рэферэндуме (Butora — Butorova, 1993b). Паводле апытанняў ЦСА і агенцтва ФОКУС у сакавіку і кастрычніку 1993 г., якія змадэлявалі вынікі нерэалізаванага рэферэндуму, пераважная большасць ягоных удзельнікаў выказалася б супраць падзелу ЧСФР (Aktualne..., сакавік 1993 і Aktualne..., кастрычнік 1993).

Згодна з даследаваннямі сакавіка 1993 г., толькі 32% насельніцтва Славакіі адчула радасць і ўсяго 42% палічыла з’яўленне сваёй дзяржавы як “ажыццяўленне памкненняў славацкага народу да ўласнай дзяржаўнасці”. Большасць славакаў адчула страх будучыні (60%) і трымалася меркавання, што Славакія да самастойнасці яшчэ не даспела (61%). А 84% рэспандэнтаў асцерагаліся, што распад ЧСФР ускладніць эканамічнае і сацыяльнае жыццё грамадзян Славацкай Рэспублікі (Aktualne..., сакавік 1993).

Аднак асабліва непакоілі палітычныя прыярытэты пратаганістаў падзелу ЧСФР, перадусім аўтарытарнага прэм’ера Мэчыяра, які пасля няўдалых перамоў наконт новай мадэлі адзінай дзяржавы ўзяў на сябе ролю “бацькі-заснавальніка” Славацкай Рэспублікі. Прыхільнікі РЗДС, як і нацыяналістычнай СНП, якая ідэю самастойнай Славакіі праводзіла ад пачатку свайго існавання, схіляліся да аўтарытарнага палітычнага стылю, нацыянальнай інталеранцыі ды разумення дэмакратыі як дамінавання большасці (Aktualne..., сакавік 1993 і Aktualne..., кастрычнік1993). Так, ужо ў часе падзелу ЧСФР праявіўся пэўны парадокс, а менавіта: у сваім дэмакратычным развіцці новая дзяржава мусіць абапірацца перадусім на палітычную апазіцыю, якая ўзнікнення яе не падтрымлівала.

Аднак у ходзе далейшай барацьбы за дэмакратычны характар Славакіі з новай дзяржавай “асвоіліся” й тыя, хто перад падзелам ЧСФР звязваў сваю ідэнтычнасць з больш шырокім чэхаславацкім кантэкстам. Праз пяць гадоў ужо на выбарах 1998 г. грамадзяне даверылі ўладу палітыкам, частку якіх у першыя гады пасля падзелу медыі ды функцыянеры, блізкія да РЗДС і СНП, вызнавалі за “чэхаславакістаў”, “федэралістаў” і нават “ворагаў славацкай дзяржаўнасці”. Менавіта ў пару іх кіравання атрымалася вярнуць Славакію на дэмакратычны шлях, а міжнародная рэпутацыя краіны палепшылася.

Падзеленыя, і ўсё ж у супольнай прасторы

І праз трынаццаць гадоў пасля падзелу ўзаемная прыхільнасць паміж славацкім і чэшскім народамі застаецца нязменнай. Як раз-пораз пацвярджаюць даследаванні, для чэхаў найбольш сімпатычная нацыя — славакі, і наадварот, славакі выказваюць падобную ж сімпатыю да чэхаў. (Slovensko je..., 2006). Нават ува ўмовах існавання дзвюх дзяржаў шматлікія славацкія сем’і па-ранейшаму жывуць у агульнай чэхаславацкай прасторы. Сотні тысяч славацкіх грамадзян звязаны з Чэшскай Рэспублікай не толькі сямейнымі сувязямі, але й працоўнай ды адукацыйнай дзейнасцю. Паводле даследавання ІГП, праведзенага ў лістападзе 2003 г., 30% славакаў маюць сярод сваякоў выхадцаў з Чэхіі, 44% — сваякоў, якія жывуць у Чэхіі, у 47% нехта з блізкіх у Чэшскай Рэспубліцы працуе, а ў 17% — вучыцца. Пасля скамбінавання ўсіх гэтых сітуацый атрымліваем, што прыблізна палова славацкай папуляцыі й сёння мае непасрэдны ці апасродкаваны “чэхаславацкі” досвед (Butorova, 2004).

Ад пераважнага адмаўлення да прыняцця

З моманту падзелу ЧСФР погляды на “аксамітны развод” у Славакіі значна змяніліся. Сярод славакаў, якія ў час падзелу ЧСФР былі поўнагадовымі, доля прыхільнікаў самастойнасці вырасла з 27% да 61%, а супраціўнікаў — знізілася з 73% да 39%.

Графік 3. Стаўленне грамадзян СР і ЧР адносна падзелу ЧСФР (у %)

Крыніца: ФОКУС, 1994, Інстытут грамадскіх пытанняў, 2004.


Адначасна ў грамадзян Славакіі мацнее эмацыйная повязь са сваёй дзяржавай. Праз трынаццаць гадоў пасля ўтварэння Славацкай Рэспублікі 59% апытаных адчуваюць гонар за сваю радзіму. Тых, хто не бачыць падстаў для гонару, выразна менш — 37% (Butorova — Gyarfasova — Velsic, 2005).

Надзвычай важны і наступны пазіцыйны зрух: на карысць незалежнай Славакіі сёння, як правіла, часцей выказваюцца тыя, хто мае больш шанцаў дасягнуць поспеху ў новых эканамічных і палітычных умовах, — гэта значыць моладзь, людзі з вышэйшай адукацыяй, інтэлігенты, што актыўна кантактуюць з заходняй культурай, жыхары буйных гарадоў, асабліва Браціславы. Наадварот, цяжэй прымаюць падзел былой дзяржавы людзі менш адукаваныя, пенсіянеры, жыхары сельскай мясцовасці. Як і падчас “чэхаславацкага разводу”, сёння з тым падзелам па ранейшаму катэгарычна не згаджаюцца насельнікі ўсходняй Славакіі і прадстаўнікі венгерскай меншасці, якім цяжэй разарваць былыя сувязі з колішняй чэхаславацкай радзімай.

Як бачым, сацыяльны профіль сённяшніх прыхільнікаў і супраціўнікаў незалежнасці ў значнай ступені супадае з профілем “пераможцаў” і “пераможаных” у працэсе эканамічнай трансфармацыі. Гэта прынцыповая змена, калі параўноўваць з перыядам “аксамітнага разводу”, калі лінія падзелу між прыхільнікамі і супраціўнікамі самастойнасці мела перадусім палітычную афарбоўку.

Слабее траўма, мацнее надзея

Насуперак усім вышэйзгаданым праблемам, на схіле 2005 г. мы сталіся сведкамі ўнікальнай з’явы: упершыню з часоў аксамітнай рэвалюцыі ў славацкім грамадстве зафіксавана сітуацыя, калі славакаў, задаволеных жыццём, больш (59%), чым тых, хто пачуваецца фрустраваным, — 45%. Гэта тым больш істотна, што раней славакі заўсёды адрозніваліся ад сваіх суседзяў традыцыйным песімізмам. Радыкальная перамена жыццёвага тонусу амаль напэўна вынікае з прычыны змяншэння сацыяльна-эканамічнай фрустрацыі, мінімізацыя якой, у немалой ступені, абумоўлена сацыяльнымі перспектывамі, што адкрываюцца пасля ўступлення Славакіі ў ЕС (Butorova — Gyarfasova, 2006).

На змены ў светаглядзе славакаў значна ўплывае й глыбокая вера ў доўгатэрміновы станоўчы эфект балючых пераўтварэнняў, з якімі яны мусілі змірыцца пасля 1989 г. Доля славакаў, якія цяпер вераць, што гэтыя змены “створаць дзецям лепшую будучыню, чым калі б доўжыўся сацыялізм, як было да 1989 г.”, сёння дасягае 60% — адрозна ад 52% у 1994 г. і толькі 34% у 1997 г., калі пры ўладзе была мэчыяраўская кааліцыя і, здавалася, Славакія амаль страціла шанцы на ўваходжанне ў еўраатлантычную супольнасць.

Табліца 6. Сучасныя эканамічныя і палітычныя змены створаць нашым дзецям лепшую будучыню, чым калі б доўжыўся сацыялізм. (у %)

Крыніца: ФОКУС, снежань 1994 і Інстытут грамадскіх пытанняў, кастрычнік 1997 і лістапад 2004.


Гэтая вера славакаў у доўгатэрміновы эфект трансфармацыі тым больш каштоўная, што за яе было заплачана балючай адаптацыяй да радыкальнай сацыяльна-эканамічнай рэформы і “зацягваннем паясоў” шырокіх слаёў грамадства. Да таго ж, не забудземся, што гэта менавіта славацкае грамадства разам з аб’яднанай апазіцыяй паўстала супраць пагрозы аўтарытарызму і здолела вярнуць маладую краіну праз свабодныя выбары 1998 г. на шлях дэмакратыі.

Са славацкай пераклаў Сяргей СМАТРЫЧЭНКА.


Юрай Маруш’як. У паўценю дзвюх таталітарных сістэм (замірэнне славакаў з мінуўшчынай)

“Хто не памятае мінуўшчыны, той асуджаны пражыць яе зноў”. Гэтае выказванне амерыканскага паэта і філосафа Джорджа Сантаяны ўніверсальнае, а дачынна славацкага народу, здаецца, пацвярджаецца асабліва выразна. Славакі на схіле ХХ ст. мусілі зноў, хай сабе і ў карыкатурным выглядзе рэжыму Уладзіміра Мечыяра, перажыць спробу ўсталявання аўтарытарызму, а ў гэтым стагоддзі наноў аднаўляюць сваю “люстрацыйную гісторыю”.


АДСУТНАСЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ТРАДЫЦЫЙ

Калі ў 1989 г. распалася камуністычная імперыя, для большасці насельнікаў Славакіі дэмакратыя была новым феноменам. Гэтая большасць не зазнала кароткага перыяду адноснай свабоды ў 1945—1948 гг. А памятала адно яшчэ карацейшы перыяд спробы лібералізацыі камуністычнага рэжыму ў 1968—1969 гг., задушанай савецкімі танкамі. Толькі малая частка славацкага грамадства жыла ўспамінамі пра дэмакратычныя традыцыі, згадваючы пра дваццацігадовае існаванне першай Чэхаславацкай рэспублікі (1918—1938 гг.). Тыя грамадзяне сталага веку, якія яе памяталі, маглі жыва ўзнавіць у памяці досвед свайго жыцця і ў т.зв. самастойнай і незалежнай Славацкай дзяржаве 1939—1945 гг. Але яшчэ свяжэйшым быў досвед часоў камуністычнага таталітарнага рэжыму, асабліва ягонай позняй версіі 70-х і 80-х гг.

Гэткім чынам, слабая ўкаранёнасць дэмакратычных традыцый у палітычнай свядомасці славацкага насельніцтва, а з другога боку, наяўнасць традыцыі этатызму і патэрналізму (Szomolбnyi, 1999, с. 46) — вынік не толькі чатырох дзесяцігоддзяў камуністычнай эры, але й дзесяцігоддзяў папярэдняга і збольшага таксама несвабоднага развіцця.

Аднак жа камуністычны рэжым здолеў эфектыўна выкарыстаць гэтыя парэшткі мінулага сабе на выгоду й такім чынам уключыцца ў славацкую палітычную традыцыю. Асабліва гэта заўважна ў т.зв. нармалізацыйны перыяд пасля ўводу войск у Чэхаславакію, калі камуністычны рэжым паспяхова выкарыстоўваў нефармальныя сацыяльныя сувязі, заснаваныя на сваяцкіх, рэлігійных, зямляцкіх і сяброўскіх стасунках і на дачыненнях узаемаадказнасці. Гэтыя сувязі аказаліся здатнымі змяншаць эфект рэпрэсій і пэўнм сэнсе, адыгралі ролю стабілізацыйнага фактара камуністычнага рэжыму. Падставай “нармалізацыі” тут была адмова з боку індывіду ад пошукаў альтэрнатыўнага ладу жыцця і згода з правіламі гульні, вызначанымі рэжымам. А таму зусім нярэдка вонкавае прыняццё афіцыйных норм сацыяльных паводзін было даволі блізкім да іх інтэрналізацыі. Замест супраціву грамадзянін выбіраў значна лягчэйшы шлях існавання ў рамках кліентэлісцкіх стасункаў.

Наступным важным чыннікам славацкай гісторыі быў няскончаны нацыянальна-эмансіпацыйны працэс, які спрычыніўся да таго, што ў цэнтры палітычнага дыскурсу замест палітыкі ўсталявання грамадзянскіх правоў і дэмакратычнага ладу паўстала “нацыянальнае пытанне” (Szomolбnyi, 1999, с. 52). “Нацыянальная тэма”, як вядома, разам з радыкальным антыкамунізмам сталася складовай часткай праграмы дзейнасці бальшыні нацыянальна-эмансіпацыйных альбо нацыяналістычных рухаў ня толькі ў Славакіі, але і ў сярэдняй і ўсходняй Еўропе, асабліва ў былой Югаславіі і СССР. Чыннік няскончанасці нацыянальна-эмансіпацыйнага працэсу выклікаў таксама непазбежнасць рэфлексіі над Славацкай дзяржавай часоў Другой усясветнай вайны.

Ён жа нагадаў пра сябе і тады, калі федэралізацыя супольнай чэха-славацкай дзяржавы ў 1968 г. сталася пэўным шанцам для маладых і адукаваных славакаў заангажавацца ва ўладныя структуры. І хоць славакі, гэтаксама як і чэхі, не прымалі савецкай акупацыі 1968 г., пара камунізму ў падсвядомасці значнай часткі славацкага грамадства звязваецца, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і з сацыяльным і матэрыяльным развіццём краіны.


ШЛЯХ ДА СЛАВАЦКА-ГАБРЭЙСКАГА ЗАМІРЭННЯ

Трагедыя Другой усясветнай вайны, а ў Славакіі гэта перадусім трагедыя славацкіх габрэяў, уяўляе з сябе праблемную частку нашай мінуўшчыны. Хоць славацкія камуністы й атаясамлівалі сябе з антыфашысцкім супрацівам, многія трагічныя моманты той гісторыі падлягалі табу. Найперш гэта датычыла знішчэння 60 000 славацкіх габрэяў у нацысцкіх канцэнтрацыйных лагерах. Пасля шматабяцальнага пачатку, калі ў славацкай гістарыяграфіі 60-х гадоў з’явілася нямала даследаванняў, прысвечаных іх лёсу, у пару “нармалізацыі” ўжо не магло выйсці ніводнай працы, у якой згадвалася б дэпартацыя габрэяў (Kamenec, 1991). Прычынай гэтага быў, з аднаго боку, дрэнна прыхаваны афіцыйны антысемітызм, а з другога, імкненне камуністаў манапалізаваць антыфашысцкія традыцыі.

Многія славацкія інтэлектуалы — як на радзіме, так і ў выгнанні — усведамлялі патрэбу змены такой сітуацыі, але супраць іх была вялікая частка славацкай эміграцыі, якая ідэнтыфікавала сябе не толькі з ідэяй славацкай дзяржавы часоў Другой усясветнай вайны, але й яе прэзідэнтам, каталіцкім святаром Ёзафам Цісы, і аўтарытарнай уладай, усталяванай СНПГ (Славацкая народная партыя Глінкі).

Дыскусія пра славацка-габрэйскія дачыненні, гвалтоўна перапыненая ўнутры краіны савецкай акупацыяй, доўжылася між тым сярод славакаў замежжа. Эміграцыя, звязаная з ваеннай Славацкай дзяржавай, намерылася апраўдаць рэжым Ёзафа Цісы. Частка яе ў 1982 г. нават паспрабавала дамагчыся ад Ватыкану прызнаць гэтага палітыка пакутнікам (Ціса пасля вайны быў засуджаны на смерць і пакараны).

Непаслядоўнасць славацкай эміграцыі праявілася і ў дзейнасці Ўсясветнага кангрэсу славакаў (УКС), амбіцыяй якога было з’яднаць раскіданую па ўсім свеце грамаду славацкіх эмігрантаў. На агульным сходзе ў 1973 г. была прынята рэкамендацыя наладзіць кантакт з арганізацыямі славацкіх габрэяў, аднак з прычыны палавіннасці захадаў ажыццявіць гэта не ўдалося. УКС асудзіў дэпартацыі і рэпрэсіі габрэяў са Славакіі толькі ў 1984 г., прыняўшы адпаведную рэзалюцыю, праз якую дыстанцыяваўся ад усіх падобных акцый рэжыму і выказаў пажаданне, каб на радзіме ўсталяваўся такі “грамадскі парадак, які назаўжды знемагчыміў бы падобныя нялюдскія ўчынкі”. Пазней, у ліпені 1987 г., УКС асудзіў “усе таталітарныя рэжымы, якія адмаўлялі і адмаўляюць грамадзянскія правы сваіх грамадзян”. “Мы выказваем шчырую спагаду нашым габрэйскім суграмадзянам, з якіх у гады вайны чыніўся гвалт і несправядлівасць. Мы дыстанцуемся ад гэтых дзеянняў, бо лічым, што яны супярэчаць хрысціянскім і агульначалавечым маральным асновам нашага народу”. На працяг працытаванага дакументу прадстаўнікі УКС аднак напісалі: “Ні ў якіх іншых тагачасных палітычных умовах трагедыя славацкіх габрэяў не магла быць меншай” (падрабязней гл.: Braxбtor, 1992, с. 140—183). Пазіцыі УКС, а пасля 1989 г. і часткі айчынных нацыяналістычных палітыкаў, вагаліся ад шчырага, быццам, асуджэння трагедыі да няздольнасці развітацца з мінуўшчынай.

З вядомых асоб славацкай эміграцыі адназначную пазіцыю пакаяння і адказнасці, здолеў заняць толькі былы дэпутат пасляваеннага чэхаславацкага Нацыянальнага сходу Эмануэль Бэм. У 1975 г. у сувязі з дэпартацыямі габрэяў са Славакіі ён сярод першых прызнаў, што “адказнасць за гэта кладзецца не толькі на Гітлера, але й на славацкі ўрад, які дазволіў вывозіць славацкіх грамадзян, асабліва юдаісцкага веравызнання, па-за межы краіны. Славацкаму боку даўно ўжо трэба было сказаць вялікае “mea culpa”, прычым, перад усім светам... Віна кладзецца й на нас, славакаў, хочам мы таго або не” (Braxбtor, 1992, с. 151—152). Бэм — адзін з нямногіх, хто зразумеў, што без асуджэння злачынстваў фашысцкай Славацкай дзяржавы грамадства не зможа сфармуляваць уласнага адказу на выклікі дэмакратызацыі. Невыпадкова ўсведамленне гэтага пачало выспяваць у часе нармалізацыі і пасля ўсталявання федэратыўнага ўладкавання Чэхаславакіі, калі напоўніцу выявілася, што барацьбу за свабоду і дэмакратыю недастаткова весці толькі супраць прыгнятальнікаў звонку, бо і ўнутры славацкага грамадства дастаткова супраціву пераменам.

Прынцыповы пералом у славацка-габрэйскіх дачыненнях настаў у кастрычніку 1987 г., калі была прынята “Заява аб дэпартацыі габрэяў са Славакіі”, у якой падпісанты падкрэслівалі, што лічаць патрэбным выказаць “глыбокі смутак” і “шчырыя прабачэнні”. Дэпартацыю славацкіх габрэяў падчас Другой усясветнай вайны і антыгабрэйскія дзеянні ваеннай Славацкай дзяржавы яны асудзілі як незаконныя і нялюдскія і назвалі іх найвялікшай трагедыяй у гісторыі Славакіі. У Заяве таксама зважалася на той факт, што “дэпартацыі і іншыя акцыі супраць габрэяў былі ў славацкіх руках”. “Дзеянні, накіраваныя супраць габрэяў, асабліва іх вываз са Славакіі, супярэчаць прынцыпам, якія мы хацелі б бачыць асноўнымі пры стварэнні славацкай будучыні — роўнасць усіх, без адрознення расы, талерантнасць, свабода вызнання, дэмакратыя, законнасць, любоў і павага паміж людзьмі” (Vyhlosenie…, 1997, с. 122—124).

Камуністычная ўлада не магла прыняць гэтай Заявы. Не толькі таму, што падпісантамі поруч з дзеячамі мастацтва і навукі, якія працавалі ў афіцыйных структурах, былі найбольш знакамітыя прадстаўнікі славацкай эміграцыі, але найперш таму, што заключныя сказы Заявы вызначалі прынцыпы будучага ўладкавання Славакіі, неспалучальныя з ідэяй, праводжанай у жыццё камуністамі.

Здаецца, канчатковым разыходжаннем Славакіі з фашысцкай мінуўшчынай сталася рэзалюцыя, якую ў снежні 1990 г. прынялі першая свабодна абраная Славацкая нацыянальная рада і ўрад СР. У ёй гаворыцца: “Дэпартацыі 1942 г. і іншыя акцыі супраць габрэяў былі ў славацкіх руках. Амаль усе дэпартаваныя габрэі загінулі ў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагерах... Сёння мы, дэпутаты СНР і ўрад СР — як прадстаўнікі ўсяго славацкага народу, самых розных палітычных плыняў і груп Славакіі, адчуваем маральны абавязак публічна выказаць нашым габрэйскім суграмадзянам сваю спагаду і рашуча асудзіць злачынствы, якія з іх чыніліся. Мы хочам шчыра папрасіць прабачэння за ўсё, у чым правінаваціліся нашы папярэднікі” (Vyhlosenie SNR…, 1990). Такім чынам, славакі канчаткова праз сваіх свабодна абраных дэпутатаў адмовіліся ад пераемнасці з ваеннай Славацкай дзяржавай. Таксама важна тое, што ініцыятыва прыняцця дадзенай Дэкларацыі выйшла не з шэрагаў палітыкаў, а вынікла з петыцыі, якая нарадзілася сярод браціслаўскіх студэнтаў. Інакш кажучы, яна была вынікам дзейнасці грамадзянскай супольнасці.

Згаданы дакумент, бясспрэчна, паўплываў і на дыскусію пра будучае становішча Славакіі ў Еўропе, якая тады якраз разгортвалася. Многія прыхільнікі дзяржаўнай самастойнасці Славакіі мусілі зразумець, што новая дзяржава не можа будавацца як працяг ваеннай Славацкай дзяржавы. У нацыяналістычным руху, які ў шмат якіх аспектах меў аўтарытарныя рысы, ініцыятыву ўрэшце перанялі былыя камуністы. Многія з іх не прымалі ані прынцыпаў ліберальнай дэмакратыі, ані метадаў нацыяналістычнай палітыкі, запачаткаванай Славацкай народнай партыяй Глінкі. Таму Канстытуцыя Славацкай Рэспублікі 1992 г. у якасці галоўнага дзяржаўнага свята Славакіі зацвердзіла дзень 29 жніўня — угодкі антыфашысцкага паўстання 1944 году. Хоць радыкальныя нацыяналісты, якія апелююць да спадчыны ваеннай славацкай дзяржавы, пазней, у 1994—1998 гг., і сталіся хаўруснікамі Ўладзіміра Мечыяра і адэптамі яго аўтарытарнага курсу, аднак сам Мечыяр і ягоная палітычная партыя Рух за дэмакратычную Славакію (РЗДС) адназначна дыстанцыяваліся ад усялякіх спроб павяртання да спадчыны фашысцкай Славацкай дзяржавы і Ёзафа Цісы.


(НЕ)ПЕРААДОЛЕНАЯ КАМУНІСТЫЧНАЯ МІНУЎШЧЫНА

Непасрэдна пасля палітычных змен у лістападзе 1989 г. на кароткі час выбухнула цікавасць да перыяду камунізму. У цэнтры ўвагі палітычных лідэраў, гісторыкаў і шырокай грамадскасці аказаліся падзеі, звязаныя са спробай рэформы сацыялізму ў 1968 г. і наступнай савецкай акупацыяй. Дыскусія на гэтыя тэмы была патрэбна не толькі дзеля рэабілітацыі пакалення людзей, у рознай ступені пераследаваных за свае пазіцыі ў 70-я і 80-я гады (як і дэлегітымізацыі далістападаўскага рэжыму), але й дзеля пераадолення калектыўнай траўмы, якую савецкая акупацыя і наступныя нармалізацыйныя гады ўчынілі і дарослым людзям, і маладзейшаму пакаленню, народжанаму на пачатку 70-х.

Неўзабаве прадметам цікавасці зрабіліся й пытанні рэпрэсій непасрэдна пасля камуністычнага перавароту 1948 г. Для часткі некамуністычных палітычных эліт гэта мусіла быць не толькі паквітаннем з сучаснай камуністычнай партыяй або яе спадкаемцамі, але й з усёй левай або лева-цэнтрысцкай плыняю ў славацкай і чэшскай палітыцы (уключна з часткай былых дысідэнтаў).

Неадрэфлексавнасць камуністычнай мінуўшчыны неўзабаве аднак змянілася тым, што пасля 1989 г. славацкае грамадства пачало дэманстратыўна выяўляць абыякавасць да падзей прамінулых 40 гадоў. Больш за тое, памкненні да крытычнай ацэнкі мінулых часоў часта натыкаліся не толькі на супраціў найвышэйшых палітычных колаў, але й на абыякавасць з боку грамадства.

Хаця Мечыярава кіраўніцтва вельмі ахвотна задавальняла просьбы пра вяртанне маёмасці цэрквам, а парламент у 1996 г., ідучы насустрач, перадусім, клерыкальна-нацыяналістычнай плыні ў славацкай палітыцы, да якой былі блізкія многія палітычныя вязні 50-х гадоў, прыняў Закон аб нелегітымнасці камуністычнага рэжыму, амаль нічога болей не рабілася. Памянёныя захады, насамрэч, былі разлічаныя на тое, каб максімізаваць падтрымку выбарцаў.

Увогуле ж, людзі, што пацярпелі ад камуністычнага рэжыму, і найперш яго актыўныя супраціўнікі станавіліся нязручнымі для грамадства і нават служылі мішэнямі ў шматлікіх кампаніях нянавісці. Прычынай такога парадаксальнага стаўлення была боязь славакаў дазнацца праўду пра сябе і свае паводзіны за камунізмам. Кіраўнічым элітам, у сваю чаргу, трэба было як мага хутчэй забыць пра камуністычныя рэпрэсіі менавіта дзеля таго, каб захаваць тыя формы палітычнай культуры нядаўняй славацкай гісторыі, якія рабілі магчымым і адносна лёгкім маніпуляванне грамадствам. Такія ж тэндэнцыі пачала выяўляць і афіцыйная гістарыяграфія. І толькі пры канцы 90-х гадоў з’явяцца першыя сур’ёзныя навуковыя працы, прысвечаныя перыяду камуністычнага таталітарнага рэжыму.

Калектыўную амнезію славацкага грамадства абгрунтоўвалі ў той час тым, што яно хоча падвесці “тлустую рысу” пад мінуўшчынай. Сцвярджалі гэтак перадусім тыя, хто на пачатку 70-х гадоў атрымаў шанец паспяховай кар’еры і здабыў высокія пасады ў сферах культуры, навукі або бізнесу. Зрэшты, зацікаўленай у спыненні дыскусіі была й тая частка абаронцаў т.зв. працэсу адраджэння, што пасля паразы ў 1968 г. і савецкай акупацыі пайшла на кампраміс з “нармалізацыйным” брэжнеўскім рэжымам і публічна пакаялася за сваю былую прадэмакратычную дзейнасць. “Нармалізатараў” аднак не прымала тая частка маладога пакалення, якая ўжо не згаджалася з патэрналісцкімі і кліентэлісцкімі правіламі гульні.

Істотную ролю на карысць прыхільнікаў былога камуністычнага рэжыма адыгрывала й структура славацкіх палітычных эліт. Адрозна ад астатніх краін вышаградскай чацвёркі, у Славакіі ў 1989 г. немагчыма было гаварыць пра некамуністычную контрэліту, якая здольна была б замяніць эліту камуністычную. Таму апошняя змагла дастаткова хутка асталявацца і ў новай посткамуністычнай рэчаіснасці. Частка яе стварыла посткамуністычную Партыю дэмакратычнай лявіцы (ПДЛ), якая ідэнтыфікавала сябе, прынамсі, навонкі з каштоўнасцямі сацыяльнай дэмакратыі. А большасць былой камуністычнай эліты разляцелася на ўсе палітычныя бакі. У высокай палітыцы ўтрымаліся і некаторыя прадстаўнікі далістападаўскага рэжыму. Тым часам як у Чэхіі ў 1993 г. у групе палітычных эліт былыя сябры камуністычнай партыі складалі адно 22,64%, і толькі 1,2% з іх у 1988 г. займалі палітычныя пасады, у Славакіі яны склалі 40%, а палітычныя пасады да лістапада 1989 г. займалі 16%. Праўда, у Польшчы або ў Венгрыі доля былых камуністаў у палітычных элітах была яшчэ вышэйшай (блізу 50%), але ў гэтых краінах камуністычныя партыі былі часткова рэформавымі. Таму “нашыя 40% маюць большае дачыненне да мінуўшчыны і да яе спадкаемнасці, чым 50% былых камуністаў у палітычных элітах Польшчы ці Венгрыі” (Szomolбnyi, 1999, s. 90).

Сітуацыя істотна не змянілася й праз дзесяць гадоў. У прэзідэнцкіх выбарах 2004 г. на першых чатырох месцах аказаліся кандыдаты, якія ў розныя перыяды свайго жыцця былі сябрамі КПС, у тым ліку сучасны прэзідэнт Іван Гашпаравіч. Агулам яны атрымалі 84,52% галасоў. Тым жа часам два кандыдаты, якія сябрамі КПС ніколі не былі і сімвалізавалі сабой супраціў камунізму і неааўтарытарнай палітыцы Ўладзіміра Мечыяра (незалежны кандыдат Марцін Бутара і хрысціянскі дэмакрат Францішак Міклашка), атрымалі разам 6,51% (Prezidentskй voѕby…,2004).

Многія былыя камуністы пасля 1989 г. шчыра перайшлі на бок дэмакратыі. Адны ўжо ў 80-х усведамлялі абсурднасць нармалізацыйнага рэжыму, іншыя канчаткова разышліся з аўтарытарызмам у першыя гады самастойнасці Славакіі пад уплывам досведу, атрыманага падчас кіравання Мечыяра. Частка іх аднак заставалася прыхільнікамі аўтарытарнага нацыяналізму, з якім іх звязала нежаданне закранаць вострыя тэмы мінуўшчыны. Свабоднае абмеркаванне гэтых тэм магло пахіснуць пазіцыі не толькі аўтарытарных сіл, але й дэмакратычна настроеных экс-камуністаў. З падобных прычын была ахутана маўчаннем і рэакцыя славакаў на рэжым ваеннай Славацкай дзяржавы, пратаганісты якой, асабліва на ніжэйшых узроўнях, некалі змаглі лёгка перайсці ў камуністычную эпоху.

Таму першая спроба рашучага разыходжання з камунізмам і з элітамі рэальнага сацыялізму ў Славакіі не мела шанцаў на поспех. “Закон аб люстрацыі”, прыняты чэхаславацкім Федэральным парламентам увосень 1990 г., які знемагчыміў працу ў дзяржапараце і ўзброеных фармаваннях былым агентам камуністычнага Камітэту дзяржбяспекі і высокапастаўленым функцыянерам камуністычнай партыі, у Славакіі ўспрымаўся як інструмент палітычнай барацьбы і сацыяльнага рэваншу. Амаль імгненна пасля выбараў 1992 г., якія прынеслі паразу антыкамуністычным і рэформавым сілам, гэты закон у Славакіі перастаў дзейнічаць. Беручы пад увагу скарумпаванасць у рэалізацыі ідэі люстрацыі, якая сталася сродкам паквітання між паасобнымі палітычнымі партыямі або іх прадстаўнікамі, нямногія адважыліся гэтую тэму ўзняць паўторна. Заснаванне не толькі ПДЛ, якая адкрыта апелявала да камуністычных каранёў, але й аўтарытарнага РЗДС было матывавана, між іншым, імкненнем часткі посткамуністычных эліт захаваць свае пазіцыі і годнасць у новай, дэмакратычнай, рэчаіснасці.

Сітуацыя пачала змяняцца толькі пасля парламенцкіх выбараў 1998 г., калі былы дысідэнт, а ў той час — новапрызначаны міністар юстыцыі ў першым урадзе Мікулаша Дзурынды Ян Чарнагурскі прапанаваў стварыць установу дзеля дакументацыі злачынстваў камунізму. Посткамуністычная лявіца, якая ў 1998—2002 гг. уваходзіла ва ўрад у складзе шырокай кааліцыі дэмакратычных сіл, рэагавала ў 1999 г. на гэтую прапанову істэрычна, не падаючы рацыянальных аргументаў. Былыя наменклатурнікі, як і тысячы шараговых сябраў КПС, асцерагаліся, што дыскусія дыскрэдытуе іх і нават станецца падставай пераследу. Яны пачуваліся ўскосна прызнанымі за злачынцаў, хоць і не абавязкова былі згодныя з дзеяннямі мінулага рэжыму і найчасцей нават дыстанцыяваліся ад яго. Былыя камуністы пагадзіліся з неабходнасцю выкрыцця таямніц аджылага рэжыму толькі ў 2002 г., калі атрымалі гарантыі, што мэтай новазаснаванага Інстытуту памяці нацыі (ІПН) не будзе сацыяльны рэванш — і ён не зробіцца часткай паліцэйскага і судовага апарату. Распад посткамуністычнага лагеру дазволіла прыняць Закон аб памяці, які ўмагчыміў абнародаванне рэестраў былога Камітэту дзяржбяспекі і асабістых спраў яго супрацоўнікаў. Разам з тым, мэтай ІПН ёсць дакументацыя злачынстваў не толькі камуністычнага перыяду, але й часоў ваеннай Славацкай дзяржавы.


ЛЮСТРАЦЫІ, ЯКІХ НІХТО НЕ ХАЦЕЎ?

Намер апублікаваць рэестры спраў Камітэту дзяржбяспекі ўключна са звесткамі пра агентаў і тайных супрацоўнікаў камуністычнай сакрэтнай паліцыі людзі сустрэлі з асцярогай. Люстрацыйны працэс на пачатку 90-х гадоў, акрамя маральнага катарсісу, нёс таксама разрыў сувязяў з камуністчнай мінуўшчынай і, адпаведна, ачышчэнне грамадства ад прадстаўнікоў ранейшага рэжыму. Аднак жа, калі ў Чэхіі Закон аб люстрацыі быў вынікам шырокага кансэнсусу ў пытанні адмовы ад камунізму, у Славакіі ён толькі ініцыяваў працэс разыходжання з камуністычнай мінуўшчынай.

У абедзвюх краінах ідэю люстрацый скампраметавала яе палітычнае злоўжыванне, што ў канчатковым выніку, як гэта ні парадаксальна, намнога мацней адбіліся на тых сілах, якія спрыялі зрыну камуністычнага рэжыму, чым на “старых структурах”. У руках генерацыі паслярэвалюцыйных палітыкаў яна сталася зброяй супраць людзей з дысідэнцкага асяроддзя, што апынуліся ў спісах ці то ў выніку брутальнага ціску, які на іх аказваўся, ці то з нявысветленых акалічнасцяў.

З 2005 г. у Славакіі паўторна пачала разгортвацца люстрацыйная гісторыя. Гэтаксама як на пачатку 90-х гадоў, і цяпер ёсць патрэба маральнага катарсісу і пошуку вінаватых у дэмаралізацыі і няспраўджанні чаканняў. Але зноў, як і пятнаццаць гадоў таму, пад люстрацыі перадусім падпадаюць дробныя асобы, а сапраўдныя віноўцы пакарання ўнікаюць. Як і на пачатку 90-х гадоў, у сённяшняй Славакіі люстрацыйныя скандальчыкі пахіснулі рэпутацыю тых інстытуцый ды асоб, якія лічыліся маральнымі аўтарытэтамі дэмакратычнага рэжыму і стваралі аснову яго ідэнтычнасці, — цэркваў, актыўных супраціўнікаў камуністычнага рэжыму, інтэлектуалаў, універсітэтаў і г.д. Прычым, публікацыя рэестраў не прынесла многа адкрыццяў. Большасць імён аказалася агульна вядомай, бо яшчэ на пачатку 90-х, дзякуючы “ўцечцы інфармацыі” з федэральнага Міністэрства ўнутраных спраў, былі выдадзены пірацкія спісы тайных супрацоўнікаў. Тады іх мог хто заўгодна купіць у вулічных гандляроў альбо ў газетных кіёсках, а пазней яны зрабіліся даступнымі ўсім, хто засвоіў асновы карыстання інтэрнэту. Такім чынам, збольшага “сенсацыйныя адкрыцці” на старонках славацкіх штодзённых газет сталіся сюрпрызам толькі для тых, хто датуль люстрацыйных спісаў праштудыяваць папросту не хацеў, або для тых, хто на іх змест з палёгкай забыўся.

Хоць ІПН публікуе й спісы службоўцаў камуністычнай дзяржбяспекі, якія змушалі да супрацоўніцтва людзей з дапамогай брутальнага ціску, іх мінуласць і іх цяперашнія лёсы цікавяць грамадства значна менш, чым створаныя імі рэестравыя пратаколы. Ды з рэестравых пратаколаў мы, на жаль, не даведаемся ні пра тое, чым сёння займаюцца былыя супрацоўнікі партыйнага апарату, ні пра тое, як яны паводзілі сябе раней. І ўжо зусім нічога — пра астатнія т.зв. наменклатурныя кадры, якія з ранейшага рэжыму ў новыя часы перабраліся без якіх-кольвек узрушэнняў. Табуізаванай тэмай застаецца й тое, як у цынічнай сучаснай палітыцы ўдзельнічаюць колішнія камуністычныя тэхнакраты ўсіх узроўняў, трансфармаваныя ў прыватызатараў, прадпрымальнікаў ці мэнэджэраў. Яшчэ больш гэта датычыць функцыянераў камуністычнай маладзёвай арганізацыі, г.зн. тых маладых кар’ерыстаў, якія пачыналі свой працоўны шлях перад самай “аксамітнай рэвалюцыяй”.

Прыканцы 80-х кар’ерызм, бесхарактарнасць ды беспрынцыповасць ужо былі ўзвышаны амаль да грамадзянскай дабрачыннасці, а ментальнасць гэтых людзей з надыходам новага рэжыму не змянілася. Менавіта яны занялі многія важныя пасады ў эканоміцы і палітыцы.

Сумным фактам ёсць і такое: калі ІПН апублікаваў найбольш чаканыя рэестравыя пратаколы спраў Камітэту дзяржбяспекі ў Браціславе, усе славацкія штодзённыя газеты прысвяцілі асноўную ўвагу эксцэсам, якія адыгрываліся ў адным з тэлевізійных рэаліці-шоў. У гэтым кантэксце імёны людзей, пададзеныя, напрыклад, у катэгорыі “агент”, нагадвалі, хутчэй, нейкія рэйтынгі скампраметаваных славутасцяў, нягледзячы на тое, што за гэтымі фактамі прытойвалася траўма, якая мучыць славацкае грамадства ўжо не адзін дзесятак гадоў.

Тэхналогія інтэрнэт-пошукавікаў робіць магчымым упалёўваць уяўных і сапраўдных агентаў у залежнасці ад індывідуальнага выбару, густу і інтэлектуальнага кругагляду журналіста і затым прэзентаваць вынік гэтай дзейнасці, якая не патрабуе асаблівых намаганняў, ледзь не як прадукт журналісцкага расследавання.

Так сённяшняе люстрацыйнае “рэаліці-шоў” робіцца перадусім сведчаннем славацкай цяпершчыны, і мала мае агульнага з маральным катарсісам. Дарэчы, публіцыстыка ў выглядзе шоў датычыць не толькі люстрацый, але й падавання якой заўгодна важнай праблемы. Пасля гадоў хваравітых рэформ, пасля вычарпання т.зв. вялікіх тэм, як абрыньванне камунізму, заснаванне ўласнай дзяржавы і паўторнае пацверджанне дэмакратычнага выбару ў 1998 г., славацкіх грамадзян цікавяць толькі шырспажыў і забавы. А таму й добры намер замірэння з мінуўшчынай ператварыўся ў нешта, што нагадвае забаўляльную перадачу.

Рашэнне пра адкрыццё архіваў Камітэту дзяржбяспекі, безумоўна, слушнае і патрэбнае. Але ж няможна забывацца, што люстрацыі — толькі частка справы. Маральны катарсіс немагчымы без ведання праўды пра тое, як таталітарныя рэжымы знішчалі асобных людзей і цэлыя групы насельніцтва. Асабістая адвага не ёсць аўтаматычным складнікам чалавечага генетычнага коду — хутчэй, наадварот. Пазнанне механізмаў функцыянавання сістэмы, асноўным кампанентам якой была дэмаралізацыя і дэструкцыя чалавечых характараў, мяркую, дасць гэткі вынік, што ў будучыні грамадзяне стануць больш уважлівымі да аўтарытарных і таталітарных метадаў, а ўлады, можа, нарэшце дарастуць да больш далікатных спосабаў маніпуляцыі людзьмі і іхняй свядомасцю. З другога боку, працяг дыскусіі пра мінуўшчыну змусіць людзей ставіцца да сваіх дзеянняў з большай адказнасцю і ўсведамленнем, што іх цяперашнія паводзіны будуць ацэньваць наступныя пакаленні.

Толькі тады, калі мы пачнем адкрыта гаварыць пра сваю мінуласць і адважна дазнавацца й балючую праўду, можна будзе сказаць, што наша мінуўшчына зробіцца гісторыяй — у поўным сэнсе гэтага слова. Такое пазнанне праўды будзе тым жа часам найэфектыўнай зброяй супраць прынцыпу калектыўнай віны. Той, хто пазнаёміцца нават з чыста фактаграфічнымі працамі гісторыкаў, заснаванымі на дакументах камуністычнай партыі ці сакрэтнай паліцыі, наўрад ці захоча шукаць нейкія пазітыўныя бакі ў камуністычным рэжыме. Між тым, ён не зможа прыняць і прынцыпу калектыўнай віны, бо акалічнасці, у якіх многія мусілі супрацоўнічаць са злачынным рэжымам, нярэдка былі настолькі жахлівымі, што можна толькі ўсцешыцца: нам не давялося прайсці праз падобныя выпрабаванні.

Пасля апублікавання першых рэестравых пратаколаў чакалі менавіта той самарэфлексіі, без якой ніякі катарсіс немагчымы. Бясспрэчна, многія з тых, хто аказаўся ў спісах, сваёй мінуласці шчыра саромеюцца. Магчыма, яны свае памылкі ўжо сто разоў выправілі сумленнымі ўчынкамі пасля 1989 г. і разам са сваімі сем’ямі перажылі сапраўдную драму. Толькі грэблівасць пераважнай большасці вінаватых людзей, якія зрабілі выгляд, быццам нічога не здарылася, сталася для актыўнай часткі грамадства сапраўдным шокам. Хоць пасля публічнага выкрыцця й адбылося некалькі гучных адставак, дагэтуль не знайшлося нікога, хто адважыўся б публічна прызнацца, што адчуў сваю віну за супрацоўніцтва з дзяржбяспекаю. Замест пакаяння вінаватых, без якога немагчымы замірэнне і прабачэнне, пачалося масавае хаванне за тых, хто аказаўся ў спісах памылкова і насамрэч з КДБ спраў не меў.

Да таго ж, нявыкараненыя беззаконні Мечыяравай эпохі, як і выпадкі адкрытага асмяяння ўсіх маральных прынцыпаў з боку многіх ягоных наступнікаў ці прыхільнікаў, засланілі ўспаміны пра злачынствы эры камунізму. Адноўленая люстрацыйная гісторыя зноў засведчыла, што стаўленне да мінуўшчыны — гэта найперш сведчанне пра характар сучаснасці.


ГІСТОРЫЯ БЕЗ КАТАРСІСУ

У новую эру дэмакратыі пасля 1989 г. Славакія ўступіла з нялёгкай спадчынай двух таталітарных рэжымаў працягласці амаль паўстагоддзя. Насуперак настойлівым памкненням і ўпартай дзейнасці абаронцаў, спадчына ваеннай Славацкай дзяржавы ў грамадстве сёння не надта папулярная. Амаль 80% грамадзян Славакіі лічаць “адным з найбольш слаўных раздзелаў у гісторыі славацкага народу” антыфашысцкае Славацкае нацыянальнае паўстанне ў жніўні 1944 г. Ёзаф Ціса, ужо згадваны прэзідэнт ваеннай Славацкай дзяржавы, для 29,8% насельніцтва ёсць чалавекам, які найбольш негатыўна паўплываў на развіццё славацкага грамадства. Хаця, пры гэтым, паводле папулярнасці, ён на другім месцы пасля былога прэм’ера Ўладзіміра Мечыяра (51,6%) і апярэджвае сучаснага прэм’ера Мікулаша Дзурынду (16%), г.зн. знаходзіцца між палітыкамі, якія палярызуюць сучаснаснае славацкае грамадства ў (OMV SRo — ЪPV SAV 2004, с. 38, 44). Толькі 19% рэспандэнтаў не падзяляюць меркавання пра адказнасць славацкіх палітычных дзеячоў часоў Другой усясветнай вайны за дэпартацыі і вынішчэнне славацкіх габрэяў (Gyбrfбљovб, 2001, с. 260, звесткі 1999 г.).

Калі колькасць людзей, што не прымаюць рэжыму 1939—1945 гг., паступова нарастае, дык да камуністычнага рэжыму славацкія грамадзяне значна больш лаяльныя. Нягледзячы на тое, што 90% жыхароў лічылі правільным сыход савецкіх войскаў, падзенне камуністычнага рэжыму ў лістападзе 1989 г. так ацэньвалі толькі 57% (Gyбrfбљovб, 2001, s. 261, звесткі з сакавіка 2000 г.). Эйфарыя ад аксамітнай рэвалюцыі прайшла вельмі хутка — з вясны 1991 г. паказальнік яе падтрымкі застаецца на ўзроўні 70—80% (Gyбrfбљovб — Velљic, 2000, s. 151). Пэўная незадаволенасць той рэвалюцыяй пераносіцца й на ацэнку цяперашняга ўладавання. Хоць колькасць тых, хто прыязна ставіцца да сучаснага рэжыму, з 2000 г. падвышаецца, яшчэ ў лістападзе 2004 г. пераважала прыязная ацэнка папярэдняга камуністычнага рэжыму над сучасным (39%) (Bъtorovб — Gyбrfбљovб — Velљic, 2004, с. 303). Разам з тым, дзейнасць камуністычнай партыі ў перыяд да лістапада 1989 г. станоўча альбо, хутчэй, станоўча ацэньвалі толькі 35% славацкіх рэспандэнтаў, а прыблізна 50% дэманстравалі негатыўнае альбо, хутчэй, негатыўнае стаўленне. Уражвае тое, што 15% апытаных не маглі заняць цвёрдай пазіцыі (Gyбrfбљovб — Bъtorovб — Haberlovб — Hartl, 2005).

А вось гістарычныя асобы, звязаныя з фашысцкім і камуністычным рэжымам (Ёзаф Ціса, Густаў Гусак, Васіль Біляк) успрымаюцца грамадзянамі пераважна негатыўна (Gyбrfбљovб, 2001, s. 252—253). З усяго гэтага вынікае, што камуністычны рэжым не ёсць узорам, да якога славацкія грамадзяне хацелі б вярнуцца. Чым далей, тым больш ён ператвараецца ў міфічны ўспамін пра часы адносна беспраблемнага жыцця. У лютым 1999 г. больш за палову рэспандэнтаў атаясамлівалі сябе з катэгорыяй людзей, пацярпелых ад сучаснага рэжыму (56%), падобна сітуацыя выглядала і ў 2004 г. (параўнай: Gyбrfбљovб, 2000, с. 153; OMV SRo — ЪPV SAV 2004, с. 43). Між тым, пэўнае пазітыўнае ўспрыманне многіх аспектаў былога рэжыму стварае прастору для разнастайных папулісцка-аўтарытарных альтэрнатыў сучаснаму курсу.

Той, хто пазітыўна ацэньвае недэмакратычныя дзеянні ў мінулым, праўдападобна, прыняў бы іх і ў сучаснасці або ў будучыні. Хоць Славакія афіцыйна дыстанцыявалася ад злачынстваў ваеннай Славацкай дзяржавы, тым не менш, маршы прыхільнікаў скрайне правай славацкай грамадскасці ўлетку 2005 г. і гвалт, чынены правымі экстрэмістамі, — дастатковыя аргументы, чаму неабходна й надалей гаварыць пра мінуўшчыну. Падобна, і падзеі 1994—1998 гг., якія праз цяперашнія палітычныя калькуляцыі звязаны з магчымасцю ўтварэння новай кіраўнічай кааліцыі пасля выбараў у чэрвені 2006 г., робяцца амаль табуізаванай тэмай. Апошняе сведчыць, што з мінуўшчынай няможна паразумецца ў адначассе. Без глыбокай рэфлексіі і самарэфлексіі з парэшткамі камуністычнай і фашысцкай мінуўшчыны не зменіцца нічога. З мінуўшчынай можна хіба змірацца, але не замірыцца. Сучаснае вышукванне ахвярных бараноў толькі пацвярджае, што грамадства дагэтуль знаходзіцца ў палоне таталітарнай спадчыны. Калі грамадства хоча ад яе вызваліцца, яно мусіць актывізаваць пазнанне і пераадоленне механізмаў недэмакратычнага мыслення і паводзін.

Пры гэтым расстанне з таталітарнай спадчынай немагчымае без апеляцыі да станоўчых традыцый уласнай гісторыі. Невыпадкова функцыянеры, звязаныя з камуністычным рэжымам, імкнуліся апаганіць і скампраметаваць людзей і падзеі, якія сімвалізуюць традыцыі адпрэчання капітуляцыі, барацьбы за свабоду і дэмакратыю, без якіх немагчыма ў айчынных умовах сфармуляваць канцэпт сучаснага дэмакратычнага грамадзянства. Складнікамі такой навачаснай традыцыі меліся б стаць пакуты палітычных вязняў 50-х, рэформавы рух 60-х і незалежныя ініцыятывы 70-х і 80-х гадоў.

Менавіта на такім падмурку можна ствараць новую ідэнтычнасць, сугучную з ідэнтычнасцю народаў сярэдняй і ўсходняй Еўропы. Славакі мусяць быць натуральна звязаны з лёсам пяці савецкіх дысідэнтаў, што пасля акупацыі ў жніўні 1968 г. напісалі адкрыты ліст чэхаславацкаму народу, у якім асудзілі гвалтоўны крок сваёй улады, як і з лёсам яшчэ сямёх расейскіх дэсідэнтаў, якія выступілі за свабоду далёкай ад іх краіны на Краснай плошчы, хоць і ведалі, што за гэта іх будуць “перавыхоўваць” у ГУЛАГу і псіхіятрычных установах. Славакі мусяць помніць, як у гады несвабоды, а таксама ў 1994—1998 гг., дапамагаў ім дэмакратычны свет. Гэтая памяць абавязвае нас стаяць на баку прыгнечаных і пераследаваных, нагадвае, што правы чалавека маюць універсальную вартасць, і няможна заставацца абыякавымі да гвалту і несвабоды не толькі дома, але й за межамі краіны.

Славацкі парламент у 1991 г. асудзіў прышчэпліванне прынцыпу калектыўнай віны ў дачыненні да славацкіх немцаў у 1944—1945 гг. У заяве з гэтай нагоды падкрэслівалася: “поруч з нашымі продкамі абшары Славакіі насялялі й прадстаўнікі іншых народаў Еўропы”. А значыць, гэткі падыход мусіць універсальна распаўсюджвацца й на венграў ды цыганоў. Аднак ці змогуць славакі пераадолець сваю сацыяльную дыстанцыяванасць, што месцамі мяжуе з апартэідам, у дачыненні да цыганоў? Менавіта пераадолець адчужанасць, а не папросту выказаць вербальнае прабачэнне за пакуты, учыненыя нацыстамі і іх славацкімі паслугачамі ў 1944 і 1945 гг. (Sme, 10.4.2006). Гэта куды складаней! Але толькі ў такім выпадку мы зможам казаць пра змены ў штодзённым стаўленні да прадстаўнікоў гэтай грамады. Хоць з цыганамі славакі сужыхараць на працягу стагоддзяў і цыганы пакінулі выразны след у славацкай культуры, цікавасць большасці нашых грамадзян да іх жыццёвых умоў і ахвота дапамагчы дзеля паляпшэння іх становішча — мінімальныя (Kusб, 2006).

Што да венграў, дык усе папярэднія спробы супольнай заявы, якая закрыла б спрэчныя пытанні мінуўшчыны, скончыліся фіяска. Праблема фармулюецца наступным чынам: у якой ступені славакі здольны разрозніваць дачыненні з венграмі і славацкімі грамадзянамі венгерскай нацыянальнасці, што жывуць у паўднёвай Славакіі? Абстрагаваўшыся ад самых розных аспектаў венгерскай палітыкі ў дачыненні да Славакіі ў сучаснасці і ў мінулым (гвалтоўная мадзярызацыя), толькі адзін палітык, хрысціянскі дэмакрат Францішак Міклашка (TASR, 11.6.2005), адважыўся ад уласнага імя перапрасіць у славацкіх венграў за крыўды, якія яны перажылі ў 1945—1948 гг., калі іх пазбаўлялі грамадзянскіх правоў, адчужалі маёмасць і гвалтоўна перасялялі ў Венгрыю або ў чэшскае памежжа, на землі, вызваленыя пасля дэпартацыі судэцкіх немцаў. На левым баку палітычнага спектру падобнае імкнецца зрабіць публіцыст Эдуард Хмэлар (Chmelбr, 2002). Гэтаксама, як Міклашка, і ён у сваіх памкненнях самотны. А значыць сапраўдная дыскусія пра мінуўшчыну Славакіі нас яшчэ чакае.

Першапачаткова дэклараванай мэтай люстрацый мусіў быць маральны катарсіс грамадства. Аднак хаця ў некаторых супольнасцях працэс унутранай рэфлексіі — прынамсі, часткова — пачаўся (напрыклад, у Евангельскай царкве аўгсбургскага вызнання), для бальшыні адкрыццё бясслаўных старонак камуністычнай мінуўшчыны сталася ўсяго толькі праявай непрыстойнасці. Здаецца, Славакія дагэтуль не здатна выбрацца з зачараванага кола сваёй мінуласці. Маўчанне пра камунізм дало магчымасць рэпрадукаваць бальшавіцкія метады Мечыяраўскаму атачэнню. У сваю чаргу, калектыўная амнезія адносна цёмнага боку Мечыяраўскай эпохі, якая ахапіла актывістаў “змены” 1998 г., ставіць пад сумнеў шчырасць дыскусіі пра камуністычны рэжым. А, магчыма, уся праблема палягае ў тым, што, напрыклад, адрозна ад Чэхіі або Польшчы, камунізм для славацкага грамадства сапраўды не быў праблемай... У такім разе моманту, калі камуністычны рэжым канчаткова зробіцца гісторыяй, нам давядзецца яшчэ добра пачакаць. Прынамсі, чакаць давядзецца датуль, пакуль мы не развітаемся з элітамі посткамуністычнай эры, што пачыналі свой прафесійны шлях яшчэ да 1989 г. Дыскусія пра мінуласць можа паскорыць канец камуністычнай эпохі і паспрыяць пошуку альтэрнатыўных шляхоў, але адно ў тым разе, калі яна будзе імкнуцца спасцігнуць праўду. 


Марцін Бутара, Барыс Стрэчанскі. Роля грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый у дэмакратычных пераменах

УВОДЗІНЫ

Развітасць грамадзянскай супольнасці — надзвычай важны фактар дэмакратычных перамен у посткамуністычных краінах. У гэтым плане Славакія мае адметны досвед. Грамадзянская супольнасць, а таксама грамадскі ці ("непрыбытковы", "трэцці", "няўрадавы", "валанцёрскі") сектар — набылі новае значэнне пасля 1989 года, калі змянілася палітычная сістэма і былі вернутыя грамадскія і палітычныя свабоды. Тады як для малодшай і сярэдняй генерацыі, якая не мела ў гістарычнай памяці дэмакратычнага досведу міжваеннай Чэхаславацкай Рэспублікі, дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў пасля 1989 году была нечым новым і нечаканым, для старэйшых пакаленняў яна азначала вяртанне таго дэмакратычнага ладу, які быў гвалтоўна разбураны камуністычным рэжымам.

Разам з тым, адраджэнне грамадзягскай супольнасці, а ў яе рамках непрыбытковага, ці трэцяга, сектара, упісваецца ў сусветную тэндэнцыю, якую назвалі "глабальнай рэвалюцыяй задзіночанняў". Такія тэарэтыкі, як Лестэр Саламон і Гельмут Ангаер, лічаць масавыя памкненні да аб'яднанняў, валанцёрскай дзейнасці і стварэння няўрадавых арганізацый адной з самых значных сацыяльных інавацый канца ХХ ст. і называюць трэці сектар "новай глабальнай сілай" (Саламон і Ангаер, 1994). Падобнае кажа і Джэсіка Мэцьюз, заўважаючы, што за выключэннем Кітая, Блізкага Усходу і некаторых іншых краін, дзе культурныя традыцыі ці аўтарытарныя ўрады абмяжоўваюць грамадскую дзейнасць, роля і ўплыў недзяржаўных суб'ектаў за апошнія два дзесяцігоддзі выраслі неймаверна (Мэцьюз, 1997).

Найноўшая гісторыя грамадзянскай супольнасці ў Славакіі (і трэцяга сектара як яе складовай часткі) пасля 1989 года мела розныя фазы развіцця. Перадусім гэта была гісторыя змагання за свабоду, якое падтрымалі сотні розных аб'яднанняў, фондаў і суполак, арганізаваных з прыватнай ініцыятывы саміх грамадзян. Пазней, у 90-я, лейтматывам іх дзейнасці сталася барацьба з аўтарытарным стылем кіравання. Сучасныя праблемы трэцяга сектара для многіх яго актыўных сябраў звязаныя з пошукам свайго месца ў грамадстве, якое ўжо нібыта перайшло "мяжу", аднак усё яшчэ абцяжаранае мноствам канфліктаў, натуральных для пераходнага перыяду.

Грамадскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у трэцім сектары, з'яўляюцца свайго роду інстытуцыянальным адказам на няздольнасць дзяржавы і рынку ахапіць усе сферы жыцця чалавека. Яны прапануюць паслугі, якія звычайна абмінаюць і дзяржава, і рынак. І з дапамогай гэтых арганізацый людзі фармулююць свае ўяўленні пра суладнае жыццё і тлумачаць свае патрабаванні да дзяржавы. Яны з'яўляюцца прасторай для палітычнай сацыялізацыі, дапамагаюць пераадольваць адчужанасць ад палітыкі, бароняць інтарэсы як асобных грамадзян, так і цэлых груп. Сваёй актыўнай пазіцыяй пачаткуюць грамадскія дэбаты па актуальных пытаннях на самых розных узроўнях, ад мясцовага і рэгіянальнага да агульнанацыянальнага, а некаторыя з іх ужо сёння ўключаюцца і ў еўрапейскія публічныя дыскусіі. Грамадскія арганізацыі робяць свой унёсак і ў кантроль над дзейнасцю дзяржавы, працай функцыянераў і палітыкаў. У пэўнай меры яны выступаюць у якасці супрацьвагі ўраду, палітычным партыям, а таксама бізнесу і карпарацыям. Такім чынам, арганізацыі трэцяга сектара ўлучаюць грамадзян у сацыяльна-палітычнае жыццё, што для дэмакратычнай краіны гэтак жа сама важна, як і ўдзел у выбарах прадстаўнічых органаў улады. А яшчэ няўрадавыя арганізацыі адыгрываюць істотную ролю ў грамадскай інтэграцыі, умацоўваюць сацыяльны давер, культывуюць супрацоўніцтва, дапамагаюць пераадольваць антаганізм паміж людзьмі розных перакананняў, што спрыяе вырашэнню многіх канфліктаў.


ГРАМАДСКІЯ АБ’ЯДНАННІ Ў 1918—1989 ГАДАХ

Права на аб'яднанне ў арганізацыі актыўна рэалізоўвалася ў Славакіі пры дэмакратычным ладзе і, наадварот, занепадала ў пару аўтарытарных і таталітарных рэжымаў. Грамадскія арганізацыі пачалі стварацца яшчэ падчас Аўстра-Венгерскай імперыі, а ў даваеннай Чэхаславакіі (1918—1938) “інфекцыя задзіночанняў” ахапіла ўсю краіну. Тады ўпершыню ў гісторыі Славакіі яе грамадзянам Канстытуцыяй было гарантавана права засноўваць аб’яднанні і браць удзел у іх працы. Праз дзесяць год пасля ўзнікнення ЧСР на тэрыторыі Славакіі дзейнічала прыблізна восем тысяч аб'яднанняў, а праз дваццаць тут ужо было каля шаснаццаці тысяч асветніцкіх, адукацыйных, фізкультурных, рэлігійных, грамадскіх, гандлёвых, тэатральных суполак і аб'яднанняў (агульнанацыянальныя мелі мноства філіялаў у рэгіёнах). Як пісаў гісторык Любамір Ліптак, гэтыя суполкі існавалі не толькі дзеля забавы ці адукацыі, але і "ўцягвалі людзей у публічную дзейнасць, крок за крокам вучылі дэмакратыі". Так пакрысе "насельнікі" Славакіі пачалі ператварацца ў "грамадзян" (Ліптак, 1992).

І не выпадкова, што абодва пазнейшыя таталітарныя рэжымы “замарозілі” добраахвотныя згуртаванні і аб'яднанні. Спачатку рэжым ваеннай славацкай дзяржавы, а пасля камуністычны заблакавалі ці згарнулі шматлікія добраахвотныя рухі. Падчас вайны за тымі суполкамі, якія не былі распушчаныя, узмацніўся паліцэйскі нагляд, што аслабіла ўнутрысуполкавую дэмакратыю. Пачалося выдаленне з грамадскіх арганізацый габрэяў ды чэхаў і прыстасаванне статутаў да афіцыйна пануючай нацыянал-вызваленчай ідэалогіі, заснаванай на карпаратыўнай нацыянальнай дзяржаве, якая спавядае прынцыпы правадырства і адзінай манапольнай палітычнай партыі.

Па кароткім пасляваенным ажыўленні дэмакратычных інстытутаў у 1948 годзе адбыўся камуністычны пераварот, і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў перастала ацэньвацца як прыватная справа. Была ліквідаваная г.зв. “негатыўная фармулёўка” (яна абмяжоўвала ўмяшальніцтва дзяржавы ў грамадскае жыццё) і прынятая “пазітыўная фармулёўка”, якая законам вызначала дазволеныя віды грамадскай дзейнасці. Да 1951 года, калі ўступіў у дзеянне новы закон аб аб'яднаннях, была зліквідаваная бальшыня грамадскіх арганізацый, а тыя, што засталіся, склалі частку г.зв. Нацыянальнага Фронту. "Ліквідацыя стракатага спектра свабодных аб’яднанняў, якім уладзе было складана маніпуляваць, і страта пазасталымі згуртаваннямі аўтаноміі ад дзяржавы павінны ацэньвацца як глыбокае ўмяшальніцтва ўлады ў самыя асновы грамадскай супольнасці, якую амаль цалкам знішчыў ужо таталітарны рэжым у 1939—1945 гадах", — канстатуе гісторык Элена Манава (Манава, 1992).

Але славакі тут не былі выключэннем, так рабілася ўсюды, дзе камуністы прыйшлі да ўлады. Дарэчы, цікава, што гэтая сітуацыя адбілася і ў мове. Пяцітомны "Слоўнік славацкай мовы", які выдаваўся з 1959 па 1968 год слова "харытатыўнасць" тлумачыць як "хрысціянскую любоў да бліжняга" і як "арганізаваную дабрачыннасць" (відаць, тады яшчэ помнілі пра такую форму дзейнасці). А вось "Кароткі слоўнік славацкай мовы", выдадзены ў 1987 годзе, пад харытатыўнасцю ўжо разумее адно "дабрачыннасць" — раптам некуды зніклі і "хрысціянская любоў", і “арганізаванасць”. Да таго ж, выраз "грамадзянская супольнасць" не згадвае ніводны са слоўнікаў, выдадзеных у эпоху камунізму. Праўда, “Кароткі слоўнік...” знайшоў месца для прыметніка "грамадзянскі", ды і то адно ў спалучэнні з "грамадзянскім абавязкам" ці "грамадзянскай вайной".

Суровая рэгламентацыя грамадскага жыцця крыху разняволілася ў шасцідзесятыя гады, асабліва падчас "пражскай вясны". Але пасля таго, як у жніўні 1968 года ў Чэхаславакію ўвайшлі войскі Варшаўскай дамовы, пачаліся новыя рэпрэсіі, якія закансервавалі неасталінісцкую мадэль арганізацыі грамадства.

Нягледзячы на гэта, у 1969—1989 гадах у Чэхаславакіі ўзнікалі рухі супраціву. Найбольш вядомым сярод іх была "Хартыя-77", якая крытыкавала рэжым за парушэнні правоў чалавека. Аднак гэта перадусім быў чэшскі рух. Славацкія рухі супраціву ў 70-я заставаліся слабымі. Сацыёлагі апісвалі тагачасную форму барацьбы славакаў з рэжымам праз метафару "астравоў пазітыўнага адмежавання", як выспачкі незалежнага мыслення і дзеяння. Супраціў трохі ўзрос адно ў другой палове 80-х гг. Тады амаль у адкрытую канфрантацыю з уладай уступілі сябры г.зв. тайнай царквы (каталіцкія актывісты) і прыродаахоўнікі, якіх падтрымлівала частка мастацкай і грамадска-навуковай грамады. Аднак гэта ўжо было напярэдадні радыкальных перамен лістапада 1989 года (між іншым, многія з сяброў узгаданых рухаў сталі палітычнымі лідэрамі рэвалюцыі і паслялістападаўскіх рэформаў).

Кажучы агулам, гісторыя славацкай грамадзянскай супольнасці была "гісторыяй абмежаванняў, кантролю і маніпуляцый з боку ўлады, якія калі-нікалі перапыняліся перыядамі адноснай свабоды і грамадзянскай актыўнасці" (Бюркле, 2004). Пасля падзення камунізму да галоўных праблем (аднаўленне дэмакратыі і рынкавай эканомікі, фармаванне новай культурнай тоеснасці і дзяржаўна-прававых інстытутаў) дадалася, гэткім чынам, і патрэба адраджэння грамадзянскай супольнасці.


АДБУДОВА ГРАМАДСКАГА СЕКТАРА

Чэхаславацкі і славацкі “лістапад-89” шмат у чым быў справай грамадскіх рухаў і грамадскіх ініцыятыў, якія сталіся адным з асноўных каталізатараў перамен, а на кароткі час — і галоўнымі акторамі грамадскага ўзрушэння. Першая дэкларацыя руху Грамадскасць Супраць Гвалту (20 лістапада 1989 года), галоўнага пратаганіста негвалтоўнай рэвалюцыі, заклікала: "Возьмем як грамадзяне свае справы ў свае рукі!" — і гэта дзейнічала электрызуюча на дзесяткі тысяч людзей. У той час прадстаўнікі гэтага руху выразна сфармулявалі свае ўяўленні аб значэнні грамадзян у барацьбе за новую Славакію: "Справа перш за ўсё палягае ў тым, каб грамадзянін не быў грамадзянінам толькі часова. Грамадскасць — гэта заўсёдны інтарэс як да праблем таго месца, дзе ты жывеш, так і да праблем агульнанацыянальнай палітыкі. Грамадскасць — гэта змаганне за права на розныя погляды і згоднае суіснаванне непадобных паміж сабой людзей. Грамадскасць — гэта неабыякавасць, калі парушаюцца правы і свабоды чалавека. Грамадскасць — гэта адвага супраціву кожнай уладзе, якая пасягае на свабоду грамадства. Грамадскасць — гэта здольнасць да публічнага выказвання ўласнага меркавання, нават калі яно шмат каму недаспадобы. Грамадскасць — гэта не аднаразовы акт, а пастаянная заангажаванасць у справы грамадства. Грамадскасць — гэта падстава да стварэння супольнасці грамадзян, грамадскай супольнасці" (Заяц і Бутара, 1989).

Вызваленне ад камунізму спрычынілася да актыўнага разгортвання непрыбытковага сектара. У публічнай прасторы пачалі імкліва з'яўляцца зародкі новых аб'яднанняў. На хвалі “лістапада-89” узніклі студэнцкія хаўрусы (напрыклад, Саюз ВНУ Славакіі), занава наладзіліся камунікацыі сярод моладзевых арганізацый (узнікла Рада Моладзі Славакіі). Рух за ахову навакольнага асяроддзя разгалінаваўся: частка яго актывістаў працягнула сваю дзейнасць у ранейшых арганізацыях, нехта заснаваў новыя, а шмат хто з колішняга "зялёнага дысідэнцтва" стаў палітыкам, грамадскім дзеячам, мадыятарам новых нормаў і правілаў (Заяц, 2004). Узнікалі не толькі палітычныя партыі, свае арганізацыі засноўвалі мастакі, журналісты, прадпрымальнікі, актывісты ў галіне правоў чалавека; нараджаліся дзесяткі разнастайных ініцыятыў ad hoc (як лакальных, так і агульнанацыянальных), самыя розныя згуртаванні самадапамогі і ўзаемнай дапамогі.

У хуткім часе пасля лістапада 1989 года таксама пачалі адраджацца суполкі і арганізацыі, скасаваныя папярэднім рэжымам (напрыклад, хрысціянскія аб'яднанні і царкоўныя арганізацыі, якія знаходзілі сябе ў галіне сацыяльных паслуг). Побач з новымі аб'яднаннямі дзейнічалі і арганізацыі, якія захаваліся пры мінулым рэжыме ў рамках г.зв. Нацыянальнага Фронту (напрыклад, Славацкі саюз жанчын ці Славацкі саюз інвалідаў, які пазней падзяліўся на некалькі арганізацый). Адны з іх аднавіліся ў поўную моц, другія, наадварот, згарнулі сваю дзейнасць, а трэція радыкальна трансфармаваліся.

У тую пару склалася пэўная дыхатамія паміж "старэйшымі" і "маладзейшымі" аб'яднаннямі няўрадавага сектара, якая захавалася да сённяшняга дня. Большасць "старэйшых" аб'яднанняў і арганізацый была традыцыйна прызвычаеная да датацый з дзяржаўнага бюджэту і, як правіла, абапіралася на вялікую колькасць сваіх чальцоў. Новазаснаваныя арганізацыі на сваю дзейнасць збіралі сродкі з розных крыніц, але пераважна — замежных (афіцыйная дапамога з боку замежных урадаў, Еўрапейскага Саюза, замежных прыватных фондаў і да т.п.). У самой Славакіі дзяржаўная сістэма датацый цягам дзевяностых гадоў кансервавала традыцыйны падыход улады да няўрадавых арганізацый.

У ідэйнай плоскасці "старэйшыя" арганізацыі, як правіла, не адыходзілі ад традыцыйных формаў дзейнасці, тады як "маладзейшыя" прапаноўвалі і зрэалізоўвалі інавацыйныя канцэпцыі пры рашэнні старых праблем. Напрыклад, праблемы станаўлення грамадзянскай супольнасці, правы маргіналізаваных груп больш эфектыўна распрацоўваліся “новымі” арганізацыямі. Розніцу ў падыходах добра ілюструе новазаснаванае грамадскае аб'яднанне "Вяртанне", якое пачало сістэмна разгортваць канцэпцыю прыёмных сем’яў як альтэрнатыву інстытуцыянальнай апекі над кінутымі дзецьмі. Аб'яднанне "Вяртанне", такім чынам, сфармулявала новае бачанне праблемы дзіцячых дамоў — г.зн. стратэгічнай мэтай мусіць быць не падтрымка ды памнажэнне дзіцячых дамоў, а пошук прыёмных сем'яў для кінутых дзяцей.


НОВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА

Адным з важных фактараў, які паспрыяў развіццю грамадскіх аб'яднанняў у Славакіі, было адпаведнае заканадаўства, перадусім "Закон аб аб'яднаннях грамадзян", прыняты ўжо ў сакавіку 1990 года Федэральным Сходам ЧСФР. Гэта было грунтоўнае законадаўства, якое вылучалася ліберальным духам, і таму доўга заставалася нязменнай (Пірашык, 2004). Дзякуючы яму стаўся магчымым імклівы рост грамадскіх аб’яднанняў. На пачатку 90-х іх было ўсяго некалькі тысяч, у 1996 годзе  налічвалася ўжо семнаццаць тысяч, а ў 2002 годзе — больш за трыццаць тысяч. Калі нават з усіх гэтых арганізацый актыўнай заставалася толькі чацвёртая частка (многія з іх па розных прычынах ліквідаваліся альбо прыпынялі сваю дзейнасць), дык і пазасталыя акумулявалі ў сабе вялізны патэнцыял.

Непрыбытковы сектар паступова ўсведамляў сваю сілу, сведчаннем чаго сталася першая ўсеславацкая канферэнцыя няўрадавых непрыбытковых арганізацый (ННА) пад назвай Ступаўская канферэнцыя, якая адбылася ў кастрычніку 1991 года. Канферэнцыя, у фармаце чэшска-славацкай сустрэчы ННА, набыла значны розгалас і стала важнай падзеяй у гісторыі грамадскіх аб'яднанняў. Яе ўдзельнікі дамовіліся аб павышэнні ўзаемнай інфармаванасці і сумеснай працы над паляпшэннем падатковых і заканадаўчых умоў для набіраючага моц трэцяга сектара. Так паступова ад дзевяностых гадоў і да нашых дзён фармуляваліся базавыя праблемы непрыбытковага сектара. Паляпшэнне падатковага і прававога заканадаўства сталася цэнтральнай тэмай ці не ўсіх Ступаўскіх канферэнцый (назва прынялася паводле месца правядзення першай канферэнцыі ў мястэчку каля Браціславы — Ступава). Гэтая задача сталася загалоўнай таксама і для замежных донараў, якія імкнуцца да стабілізацыі непрыбытковага сектара ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.


ФОРУМ ТРЭЦЯГА СЕКТАРА

Першая Ступаўская канферэнцыя заснавала традыцыю рэгулярных сустрэч ННА. На другой канферэнцыі ў 1994 годзе быў створаны Форум трэцяга сектара (ФТС) у складзе 16 асоб, якія прадстаўлялі розныя ННА. Форум курыраваў чатыры сферы дзейнасці:

— гуманітарная і харытатыўная дзейнасць;

— адукацыя, культура, моладзь;

— навакольнае асяроддзе;

— правы чалавека і меншасцей.

Колькасць і склад секцый змяняліся ў залежнасці ад таго, якая сфера ў непрыбытковым сектары станавілася дамінуючай. Колькасць членаў Форуму паступова павялічылася да 28 чалавек. Найважнейшым перыядам для ФТС была г.зв. эпоха мечыярызму, калі ён прадстаўляў агульную грамадскую платформу, якая супрацьстаяла аўтарытарным практыкам тагачаснага ўрада.

Сяброўства ў Форуме з'яўляецца ганаровым і добраахвотным. З 1997 года чальцоў Форуму абіраюць на двухгадовы тэрмін. Аб рашэннях і пазіцыях Форуму інфармуе яго прэс-сакратар, якога са сваіх шэрагаў выбіраюць чальцы. Да адметных прэс-сакратароў ФТС у перыяд сярэдзіны і канца дзевяностых гадоў належалі, напрыклад, Павал Дэмэш і Гелена Волэкава. Форум паставіў перад сабой мэту стаць абаронцам няўрадавых арганізацый праз паляпшэнне заканадаўчых і падатковых умоў. Ён таксама інтэнсіўна інфармаваў грамадскасць аб дзейнасці трэцяга сектара. Дапамагала ФТС з 1994 да 2002 года няўрадавая арганізацыя "САІА — Сэрвісны цэнтр трэцяга сектара". Акрамя ўсяго іншага, яна выдавала часопіс "Non-Profit", які інфармаваў аб падзеях і праблемах трэцяга сектара. Пазней гэту ролю часткова падзялілі паміж сабой інтэрнэт-газета "ChangeNet" (www.changenet.sk) і друкаваны часопіс "Efekt", які выдае 1-ы славацкі непрыбытковы сэрвісны цэнтр.

Час пацвердзіў, што доступ да электроннай інфармацыі, камунікаванне праз дзесяткі email-авых канферэнцый і наяўнасць каналаў сувязі паміж паасобнымі ННА сталіся надзвычай важнымі фактарамі для разбудовы ўсяго трэцяга сектара і эфектыўнасці яго кампаній. А далей заўважым, што побач з Форумам існавалі і іншыя платформы ці асацыяцыі ННА, арганізаваныя паводле пэўнага кірунку дзейнасці, напрыклад, Рада Моладзі Славакіі, Экафорум, Радзіма, Сацыяфорум і інш. Непаўторнасць Форуму палягала перш за ўсё на тым, што ён ахопліваў ўсе ключавыя кірункі дзейнасці і карыстаўся шырокай падтрымкай грамадскасці, з чаго атрымаў статус пасярэдніка ў стасунках з палітычнымі коламі і дзяржавай.

Хаця ФТС і сёння яшчэ аб'ядноўвае ў якасці самастойнага юрыдычнага суб'екта каля 1000 арганізацый з усёй Славакіі, але апошнім часам ён страчвае сваю пазіцыю лідэра. Асабліва на рэгіянальным узроўні (па-за Браціславай і Банскай Быстрыцай) сёння куды больш актыўна дзейнічаюць Абласныя форумы трэцяга сектара.

Гісторыя ФТС — гэта гісторыя станаўлення грамадскага дыялога з дзяржавай. Форум узнік у перыяд наступу дзяржавы на трэці сектар. Гэта змусіла грамадскія арганізацыі кансалідавацца, каб супольна абараняць уласныя інтарэсы. Аднак з пачаткам стабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі паступова зніжалася і роля ФТС як прадстаўніка няўрадавага сектара ў стасунках паміж урадам і грамадскасцю. Пара універсальнага адзінства трэцяга сектара завяршалася ў 2000—2001 гадах, пасля таго як напрыканцы 90-х рознасць інтарэсаў паасобных ННА пачала разводзіць іх у розныя бакі. Побач з ФТС усё больш актыўна пачалі выяўляць сябе іншыя групоўкі і платформы ННА.


ПЛАТФОРМЫ ННА

Платформы прадстаўляюць канкрэтныя ННА, якія дзейнічаюць у пэўнай галіне, бароняць свае інтарэсы, але пры гэтым рэагуюць на праблемы не толькі "сваіх" арганізацый, але і ўсяго сектара. Часам яны ўтвараюць і фармалізаваныя структуры, якія рэгіструюцца ў якасці самастойнага юрыдычнага суб'екта. Падобным чынам функцыянуюць многія прафесійныя асацыяцыі, розныя саюзы і хаўрусы, аб’яднанні па інтарэсах, якія не заўсёды ідэнтыфікуюцца з няўрадавым сектарам і звычайна не наладжваюць супрацоўніцтва з папулярнымі ў СМІ няўрадавымі агранізацыямі. Да найбольш вядомых належаць, напрыклад, нефармальная платформа прыродаахоўных арганізацый Экафорум, фармалізаваная і арганізацыйна моцная Рада Моладзі Славакіі альбо Сацыяфорум ці Донарскі форум.

Платформы непрыбытковых арганізацый пачалі больш інтэнсіўна камунікаваць між сабой на пачатку 2003 года, калі мела быць нанава заснаваная Рада ўрада па незалежных непрыбытковых арганізацыях(РУ ННА), і большасць прадстаўнікоў розных платформаў (разам з Форумам) сустракаліся з мэтай узгадніць пазаўрадавы склад членаў новай Рады. Вынікам быў кампраміс, паводле якога Форум атрымаў восем месцаў для сваіх рэгіянальных прадстаўнікоў, а астатнія месцы былі аддадзеныя кандыдатам з розных платформаў.

Тады як прадстаўнікоў няўрадавага сектара ў Раду прапануюць ННА (разам з іх парасонавымі і сэрвіснымі арганізацыямі), па ўзгадненню са старшынёй Рады, дык прадстаўнікамі міністэрстваў становяцца дзяржаўныя сакратары, якіх прапануюць адпаведныя міністры. У склад Рады, як у дарадчы орган урада, уваходзяць таксама прадстаўнікі іншых цэнтральных органаў дзяржаўнай адміністрацыі, аднак большасць у ёй маюць пазаўрадавыя арганізацыі. Рада ўяўляе сабой інстытуцыянальны механізм для дыялогу паміж урадам і непрыбытковымі арганізацыямі, і тут ННА таксама могуць прадстаўляць свае ініцыятывы і праекты (так, напрыклад, у 2000 годзе праз РУ ННА было прапанавана скарыстаць частку даходаў ад прыватызацыі для павелічэння статутнага капіталу фондаў). Адносна функцыянавання РУ ННА існуюць розныя гледжанні. Адны лічаць яе цалкам непатрэбнай, паколькі яна не здольная абараняць інтарэсы ННА, другія мяркуюць, што хоць Рада і не ідэальная інстытуцыя, але ўсё ж такі яна прадстаўляе сабой рэальна дзеючы механізм стасункаў ННА з дзяржавай.

Аднак мы трохі забеглі наперад: перш чым склаўся адносна нармальны дыялог паміж дзяржавай і грамадскай супольнасцю, славацкі няўрадавы сектар павінен быў прайсці праз складаны перыяд змагання з рэпрэсіўнай уладай.


ТУРБУЛЕНЦЫІ ДЗЕВЯНОСТЫХ ГАДОЎ

Перыяд аўтарытарнага кіравання пад кіраўніцтвам старшыні ўрада Уладзіміра Мечыяра азначаў паступовае абмежаванне прасторы дзейнасці грамадскіх арганізацый. У поўнай меры гэтая тэндэнцыя праявілася ў 1996 годзе, калі непрыбытковыя арганізацыі, арганізаваўшы кампанію "Трэці сектар SOS", публічна выступілі супраць урадавага законапраекта аб фондах, які яны лічылі дыскрымінацыйным. Паводле ННА, гэты закон патрабаваў залішняй бюракратыі, ствараў штучныя бар'еры пры заснаванні фондаў і звыш меры павялічваў паўнамоцтвы дзяржавы пры рэгістрацыі фондаў. Кампанія праводзілася праз петыцыі, публічныя сустрэчы, дыскусійныя форумы, а таксама медыя-акцыі. Нягледзячы на тое, што ўрад абараніў свой законапраект, кампанія дадала трэцяму сектару ўпэўненасці ў сваіх сілах. Вобразна кажучы, праз яе людзі і арганізацыі, якія тады дзейнічалі ў трэцім сектары, "выйшлі з ценю".

Аднак гэта была не адзінкавая акцыя. Прыродаахоўнікі зладзілі шырокую публічную дыскусію аб дабудове атамнай электрастанцыі ў Мохаўцах. Венгерская нацыянальная меншасць паспяхова мабілізавалася дзеля адхілення т.зв. альтэрнатыўнага навучання славацкай мове. Шырокае кола грамадскіх арганізацый выступіла супраць г.зв. закона аб ахове рэспублікі — і ў выніку гэты закон не прайшоў. Вялікі розгалас (хаця і без асабліва значнага плёну) здабылі акцыі пратэсту тэатральных дзеячаў і адкрытага форуму "Абаронім культуру", дзе выказваўся пратэст супраць аўтарытарнага і вузка партыйнага кіраўніцтва культурай з боку ўлады. У звязку з тым, што праявы аўтарытарызму прысутнічалі не толькі ў “вялікай”, але і ў “малой” палітыцы, грамадзянскія пратэсты ўсчыняліся нават у не зусім тыповых дзеля гэтага месцах: напрыклад, студэнты адной з браціслаўскіх гімназій пратэставалі (паспяхова) супраць адхілення ад пасады сваёй дырэктаркі.

Такім чынам, пакрысе няўрадавыя арганізацыі зрабіліся адным з актораў змагання за дэмакратычную Славакію. Яны стваралі незалежную прастору для крытыкі палітычных эліт і фармавалі базу для альтэрнатыўнага вырашэння актуальных грамадскіх праблем. Яны складаліся не толькі з актыўных грамадзян, але і са шматлікіх знаных спецыялістаў, сярод якіх былі эканамісты, сацыёлагі, палітолагі і высокакваліфікаваныя юрысты. У канцы 90-х пачалі больш выразна акрэсліваць свой профіль і "think tanks" як незалежныя грамадскія інстытуты, што імкнуліся да прафесійнай рэфлексіі над працэсамі станаўлення публічнай палітыкі. Праводзіліся рэгулярныя даследаванні грамадскай думкі адносна стану краіны (іх вынікі друкавалі незалежныя СМІ), якія ініцыявалі палітычныя дэбаты ў грамадстве. Ключавымі тэмамі гэтага перыяду былі абарона дэмакратыі, патрэба рэформаў і еўраатлантычны курс Славакіі. Адной з найбольш актуальных была таксама праблема станаўлення грамадзянскай супольнасці і трэцяга сектара як яе складовай часткі. Дзякуючы супрацоўніцтву даследчыкаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў трэці сектар паступова назапасіў багата матэрыялаў пра сваю дзейнасць і пра тое, як яе ўспрымаюць шырокія колы грамадства (Бутарава і Бутара, 1996; Фіялава, 1997).

Даволі шырокая падтрымка акцый пратэсту ўжо тады сведчыла, што значная частка насельніцтва не задаволеная высокай канцэнтрацыяй улады ў дзяржаўных структурах і настроеная супраць ліквідавання інстытутаў і механізмаў самакіравання. Калектыўныя акцыі папярэджвалі ўлады, што патэнцыял палітычнай актыўнасці грамадзян значна вышэйшы, чым гэта падавалася ў пару пасіўнай адаптацыі да палітыкі тагачаснай урадавай кааліцыі (Бутара, 1998).


ГРАМАДЗЯНСКАЯ КАМПАНІЯ ОК 98

У перыяд перад парламенцкімі выбарамі 1998 года, калі вырашалася будучае краіны, мы сталі сведкамі з'явы, якую многія называюць радыкальнай культурнай трансфармацыяй. Раптам некуды знікла традыцыйная пасіўнасць славакаў — у працэсе падрыхтоўкі да выбараў пачалі браць удзел многія і многія грамадзяне. У кампанію няўрадавых арганізацый (якая пачала фармавацца са студзеня 1998 года, а скончылася ў снежні пасля выбараў у мясцовыя органы) уключыліся дзесяткі ННА і сотні добраахвотнікаў. Іх шэрагі раслі як грыбы пасля дажджу. Мэты гэтай непартыйнай ініцыятывы, адкрытай для ўсіх патэнцыяльных удзельнікаў, якія былі гатовыя яе падтрымаць, былі наступнымі:

— палепшыць інфармаванасць насельніцтва аб парламенцкіх выбарах і выбарах у мясцовыя органы 1998 года;

— павысіць яўку грамадзян на выбары;

— далучыць іх да падрыхтоўкі законаў аб выбарах і забяспечыць нагляд над сумленным правядзеннем выбараў (Дэмэш, 1999).

Дзесяткі ННА рыхтавалі адукацыйныя праекты, культурныя акцыі, паходы, канцэрты, публікацыі, фільмы, відэакліпы, дыскусійныя форумы з кандыдатамі і інш. Лагатып OK 98 (ОК — славацкі скарот выраза "грамадская кампанія". — Заўв. пер.) стаў сімвалам, прывабным для большасці насельніцтва (а для праўрадавых СМІ — аб’ектам франтальнай атакі). Прэс-сакратаром "Грамадскай кампаніі-98" стала вядомая актывістка ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі Лота Пуфлерава. Сотні добраахвотнікаў раз'ехаліся па краіне, на іх мерапрыемствы прыходзілі тысячы людзей, сярод якіх было шмат моладзі. Трэці сектар, безумоўна, паўплываў як на высокую яўку насельніцтва на выбары (84,4% ад упаўнаважаных выбарцаў), так і на большую колькасць тых (адносна папярэдніх выбараў), хто галасаваў упершыню. А грамадская актыўнасць і пільнасць забяспечылі выбарам карэктны статус (Бутара і Дэмэш, 1999).


РАЗВІЦЦЁ ПАДЗЕЙ ПАСЛЯ ВЫБАРАЎ (да ўступлення ў ЕС)

Няўрадавыя арганізацыі пасля выбараў 1998 года сустрэліся на чарговай Ступаўскай канферэнцыі, дзе выказаліся за неабходнасць грамадскага кантролю над уладай і ўмацавання грамадзянскай супольнасці. Было вырашана працягнуць дыялог з палітыкамі, спрыяць дэцэнтралізацыі ўлады і ўзмацненню самакіравання, аднавіць сацыяльны дыялог, акцэптаваць грамадскія ініцыятывы да змен і дапаўненняў у законы аб трэцім сектары, актуалізаваць падрыхтоўку адпаведнага падатковага закона і правілаў ахвяравання сродкаў для ННА.

Паступова сітуацыя "нармалізоўвалася", сведчаннем чаму быў і той факт, што некаторыя лідэры непрыбытковых арганізацый пайшлі працаваць у публічны сектар. Між іншым, гэты адток ініцыятыўных асоб стаўся выклікам для няўрадавых арганізацый, бо яны павінны былі шукаць новых лідэраў.

Радыкальная змена адбылася і ў самім статусе ННА: цяпер з дзяржавай яны былі партнёрамі. Аднак гэтая перамена далася не проста. Трэба было захаваць здольнасць падаваць крытычныя сігналы дзяржаўнай уладзе, звяртаць увагу на хібы сваіх былых сяброў ці партнёраў, што апынуліся ва ўладных структурах, падтрымліваць працэс рэалізацыі рэформаў, але пры гэтым аб’ектыўна ацэньваць грамадскія і палітычныя падзеі. Галоўным аб’ектам увагі для ННА, якія дзейнічалі ў грамадскай сферы, заставалася дзяржава, а ключавымі пытаннямі таго перыяду былі рэформы, праблемы кліентэлізму і празрыстасці ў публічным сектары. На пярэднім плане апынулася таксама задача пошуку айчынных (наўзамен замежных) крыніц падтрымкі дзейнасці няўрадавага сектара.

Заўважым, што пасля выбараў грамадскія арганізацыі працягвалі сваю актыўную дзейнасць у публічнай прасторы. У 1998—2002 гг. быў рэалізаваны цэлы шэраг разнастайных ініцыятыў. Прыгадаем, напрыклад, ініцыятыву з патрабаваннем змен у энергетычнай палітыцы альбо прысвечаную рэформе грамадскай адміністрацыі (За сапраўдную рэформу грамадскай адміністрацыі — 2000); ці накіраваную на змены ў вайсковай службе (2000). Заўважнымі таксама сталіся палеміка аб пабудове аўтастрад (2000—2002), праект па пераапрацоўцы адкідаў (За эфектыўны закон аб адкідах — 2001), абмеркаванне праблемы гвалту ў сям'і (Пятая жонка — 2002), этнічнай нецярпімасці (Расізм — гэта і Твая праблема — 2001) і дыскрымінацыі сексуальных меншасцей (Іншасць — 2001). У дадатак згадаем узнятую праблему падвышэння гарантаванай сацыяльнай дапамогі (2002) і, нарэшце, ініцыятыву За грамадскага амбудсмэна(2001), якая, што праўда, не мела поспеху. Але, бадай што, найбольш значным і адначасова паспяховым прыкладам ініцыятыў таго перыяду з'яўляецца ўсеславацкая кампанія "Грамадскай ініцыятывы за справядлівы закон аб інфармацыі" (Што не тайнае — тое яўнае)ад 2000 года, якую падтрымлівала звыш 120 няўрадавых арганізацый (сукупна яны налічвалі больш чым 100.000 сбраў). Гэта кампанія, вынік якой быў далёка не прадвызначаным, перадусім дамаглася сваёй мэты дзякуючы інавацыйным тэхналогіям і здольнасці ННА ствараць кааліцыі ды камунікаваць з грамадствам (Стрэчанскі, 2004). У Славакіі сёння адзін з найлепшых законаў у Еўропе, які дазваляе грамадзянам мець свабодны доступ да дзяржаўнай інфармацыі і абавязвае служачых прадстаўляць такую інфармацыю.

Пасля 1998 года пачалі разгортвацца арганізацыі ў малых гарадах, паколькі "вялікая палітыка" далёка не заўсёды заўважала праблемы мястэчак і вёсак. З гэтага і ННА пачалі больш інтэнсіўны пошук сваёй ролі на перыферыі. У адных месцах гэтая тэндэнцыя аформілася ў лакальныя фонды, у другіх — у аб'яднанні, дзейнасць якіх была скіраваная на канкрэтныя справы.

У гэты перыяд паступова пачала праяўляцца тэндэнцыя да "еўрапеізацыі" няўрадавых арганізацый (у сэнсе ўзмацнення іх сэрвіснай дзейнасці). Сёння паслугі ў сацыяльнай, медыцынскай і адукацыйнай сферах аказваюць не толькі агульнанацыянальныя ННА, але і арганізацыі мясцовых ды рэгіянальных узроўняў. Напачатку гэта выклікала супраціў сістэмы аховы здароўя, сацыяльнага страхавання і грамадскай адміністрацыі; аднак пасля агульных рэформаў умовы для ННА пры аказанні сацыяльных паслуг пачалі паляпшацца. Сёння сітуацыя ў Славакіі прыпадабняецца ды тых еўрапейскіх краін, дзе ад ННА чакаюць не столькі выканання праваабарончых функцый, колькі заангажаванасці ў сацыяльную дапамогу. Часцей, чым у мінулым, ННА становяцца падрадчыкам дзяржавы ў розных квазіграмадскіх агенцтвах з прафесійнымі службамі, фінансаванне якіх залежыць ад бюджэтаў дзяржавы і органаў самакіравання (Стрэчанскі і кал., 2006).

З 2000 года пачала актыўна праяўляцца дзейнасць славацкіх ННА, скіраваная на дапамогу замежным краінам як у гуманітарнай сферы (Косава, Усходняя Афрыка), так і ў працэсах дэмакратызацыі (Сербія, Косава, Украіна, Беларусь, Куба і інш.).

Увагу грамадскасці прыцягвае таксама дзейнасць, скіраваная на стварэнне новых крыніц фінансавання ННА. Паспяховай была, напрыклад, ініцыятыва "Грамадзяне для саміх сябе"(2003), якая імкнулася захаваць матывацыі да спонсарства пры зменах падатковага заканадаўства (яе падтрымала звыш 130 няўрадавых арганізацый). Дзякуючы ёй атрымалася захаваць вольную ад падаткаў частку даходаў для ННА і пры прыняцці новага закона аб падаходным падатку ў 2003 годзе.

У перыяд перад выбарамі 2002 года клімат у грамадстве значна адрозніваўся  ад таго, што быў у 1998 годзе. З'явілася адчуванне стомленасці, скепсісу і нават агіды да палітыкі. Многіх спадзяванняў "выбарцаў змены" ўраду не ўдалося спраўдзіць. Канфлікты ў шырокай права-левай урадавай кааліцыі, карупцыйныя аферы, расколатасць палітычнай сцэны, не вартая даверу праца дэпутатаў, незавершанасць многіх рэформаў — гэтыя і іншыя негатыўныя з'явы прычыніліся да такога стану, які сталі называць "дурным настроем". У такім кантэксце падрыхтоўваліся і рэалізоўваліся наступныя ініцыятывы ННА: "Нам не ўсё адно","Ашчаджай свой голас","Рок выбараў-02", "Зробім гэта!", "Другі крок", "Магчымасць выбару". Усе яны мелі свае інфармацыйна-адукацыйныя элементы і розныя формы актывізацыі ды маніторынгу і ў параўнанні з 1998 годам праводзіліся як самастойныя кампаніі. Іх мэтай было перадусім "павысіць інфармавануюяўку на выбары як ключавы фактар для ўступлення ў НАТА і ЕС" (Новатны, Форгач і Вэлшыц, 2003).

Гэтым разам у ННА разгарэліся ўнутрысектарныя дыскусіі аб сэнсе і апраўданасці перадвыбарчых грамадзянскіх акцый. Некаторыя прадстаўнікі ННА выказалі сумневы наконт мэтазгоднасці перадвыбарчых грамадзянскіх ініцыятыў, эфектыўнасці ўсёй кампаніі і памераў выдзеленых сродкаў. Гэтыя дыскусіі паказалі, што ў 2002 годзе трэці сектар ужо быў значна больш дыферэнцаваны, чым у 1998 годзе.

У выбарах 2002 года брала ўдзел 70,1% насельніцтва, што, у параўнанні з папярэднімі выбарамі азначала падзенне яўкі прыкладна на 14%. Затое ў выбарах 2002 года быў высокі ўдзел тых, хто галасаваў упершыню. Без актыўнай дзейнасці ННА яўка была б, імаверна, яшчэ ніжэйшай (ускосным пацверджаннем гэтага могуць быць выбары 2006 года, калі ННА наогул не ўключыліся ў кампанію).

На выбарах 2002 года грамадзяне абралі ўрад дэмакратычнай пераемнасці, які завяршыў інтэграцыю Славакіі ў НАТА (2003) і ЕС (2004).


ТРЭЦІ СЕКТАР ПАСЛЯ ЎСТУПЛЕННЯ Ў ЕС

Агульная колькасць ННА ў СР бесперапынна расце, хаця рост не такі хуткі, як на пачатку 90-х гадоў. Аднак праўда і тое, што шмат зарэгістраваных ННА не выяўляе асаблівай дзейнасці. Апошнім часам узрастала колькасць фондаў, заснаваных камерцыйнымі структурамі, што перш за ўсё выклікана новым падатковым заканадаўствам. Актуальная колькасць ННА паводле юрыдычнай формы прыведзена ў табліцы 1.

Табліца 1. Колькасць ННА ў 2002—2005 гадах паводле існай юрыдычнай формы

Крыніца: 2002 г. — на 30.09.2002 паводле Дэмэша, 2002, с. 315, са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных спраў; 2003 г. — на 01.09.2003 паводле Кадлецавай-Вайдавай, 2003, са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў СР; 2004 г. — на 28.02.2005, крыніца — Міністэрства ўнутраных спраў СР; 2005 г. — на 23.12.2005, крыніца — Міністэрства ўнутраных спраў СР.


У эканамічным супастаўленні з суседнімі краінамі трэці сектар Славакіі параўнальна малы. Гэта толькі 1,1% ад усіх працуючых, уключна з добраахвотнікамі (і 2% ад занятых у сацыяльных паслугах). Грашовыя даходы непрыбытковага сектара ў 2002 годзе складалі 18,1 млрд славацкіх крон (1,7% ад ВУП), з якіх (дыяграма 1), больш паловы — гэта даходы з уласнай дзейнасці, прыблізна адна чвэрць — ахвяраванні і яшчэ адна чвэрць — сродкі з публічнага сектара.


Дыяграма 1. Крыніцы даходаў непрыбытковага сектара ў Славакіі (1996 і 2002 гады)

Крыніца: Пэтрашава — Шцепанкава, 2004.


Мы можам амаль напэўна меркаваць, што доля даходаў з публічных крыніц у агульным каштарысе ННА ў наступныя гады павялічылася. Нават пры адсутнасці дакладных звестак, на такое павышэнне паказваюць ацэнкі функцыянавання навастворанага механізму падатковага асігнавання. Аднак разам з гэтай канстатацыяй трэба заўважыць, што ў параўнанні з суседнімі краінамі доля публічных крыніц у фінансаванні ННА самая нізкая (дыяграма 2). У Славакіі ў 2002 годзе яна складала прыблізна 26% (Пэтрашава — Шцепанкава, 2004), у Венгрыі ў 2004 годзе — 43%, у Чэхіі ў 1998 годзе — 39,4%, у Польшчы ў 2003 годзе — 30% (Гіянэк — Шкарабэлава — Ржэзухава, 2005; Галонзка, 2005; Шэбэштэні — Шчаўрскі, 2005; Саламон, 2003).

Дыяграма 2. Доля публічных крыніц у даходах непрыбытковых арганізацый у краінах вышаградскай чацвёркі (В4)

Крыніца: Пэтрашава — Шцепанкава, 2004.


Нягледзячы на новы падатковы закон і насуперак узрастаючай долі публічных крыніц, праблему фінансавання ННА ў Славакіі нельга лічыць цалкам вырашанай. Падатковае асігнаванне ўзнікла ўсяго некалькі гадоў таму і здабыла грамадскую падтрымку. Аднак яно не вырашыла праблемы недахопу фінансавых крыніц для дзейнасці тых ННА, якія застаюцца мала вядомымі ў грамадстве і таму не карыстаюцца ўвагай СМІ. Сярод іх можна прыгадаць тыя арганізацыі, што ладзілі ініцыятывы на карысць маргіналізаваных груп (напрыклад, цыганоў), актуалізавалі розныя сацыяльныя інавацыі, як, напрыклад, заснаванне хоспісаў, альбо праводзілі кампаніі, накіраваныя супраць гвалту ў сям'і. Пакутуе ад недахопу фінансавых крыніц і грамадскі кантроль за дзейнасцю дзяржаўных устаноў (г.зв. "watchdog activity"), праваабарончая дзейнасць, а таксама некаторыя think tanks, інкубатары незалежнай крытычнай рэфлексіі і альтэрнатыўнай палітыкі. Замежныя донары пачалі паступова сыходзіць са Славакіі, а айчынныя пакуль што базы падтрымкі яшчэ не стварылі — фондавы сектар у краіне адносна малады і не вельмі багаты.

Разам з тым, славацкая грамадскасць, паводле рэпрэзентатыўных даследаванняў, пераважна ацэньвае дзейнасць ННА як карысную (Бутарава і Дзярфашава, 2006). ННА карыстаюцца большым даверам, чым палітычныя партыі альбо парламент, і іх імідж у грамадстве робіцца ўсё больш станоўчым. У параўнанні з 2003 годам, у 2005 годзе ў свядомасці шырокай грамадскасці трывала зафіксаваліся і тыя ННА, што апякуюцца дэмакратыяй, празрыстасцю палітычнага жыцця і абаронай правоў чалавека (Альянс "Fair Play", "Amnesty International", "Хартыя-77"). Зрабілася заўважным грамадскае аб'яднанне "Чалавек у бядзе", якое аказвае гуманітарную дапамогу ў іншых краінах.

І хаця ў Славакіі грамадскасць у пераважнай бальшыні ўсё яшчэ бачыць найбольшую карысць у ННА з выразнымі сэрвіснымі функцыямі (дапамога людзям у самых розных патрэбах і ахове здароўя, ініцыятывы, скіраваныя на развіццё абшчыны, мікрараёна ці горада), падтрымку пачынаюць здабываць і тыя арганізацыі, што раскрываюць карупцыю ў дзяржаўным сектары, займаюцца праблемамі жанчын і абаронай іх правоў, альбо ННА, якія ахоўваюць правы грамадзян у стасунках з дзяржавай і прыватнымі працадаўцамі. У сувязі з узрастаннем ролі палітычных партый і прыватнага бізнесу славацкаму няўрадаваму сектару важна будзе захаваць свой тэматычны плюралізм і за сэрвіснымі паслугамі не забыцца на сваю ролю адметнага актора грамадскай палітыкі.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Розныя часткі няўрадавага сектара ў Славакіі паступова засвойваліся як прастора выяўлення разнастайных ініцыятыў і думак, а таксама як месца абароны правоў грамадзян. Для дэмакратычнай мадэрнізацыі краіны найбольш важнымі былі наступныя пазіцыі, якія ўтрымліваў гэты сектар.

Перадусім адзначым пазіцыюсупраціву аўтарытарным тэндэнцыям улады ў 1993—1998 гадах, якая прычынілася амаль да “капернікаўскага” ментальнага павароту ў грамадстве, перанасычаным "культурай страху" (гісторык Іван Каменеэц), абцяжараным дзесяцігоддзямі бездапаможнасці перад усюдыіснай дзяржавай і спадчыннай адсутнасцю самакіравання. Пасля палітычнай рэфармацыі, што адбылася ў выніку выбараў 1998 года, суполкі супраціву працягвалі сваю дзейнасць у якасці розных арганізацый тыпу "watchdog", якія назіралі за выкананнем палітыкамі публічных функцый, займаліся кантролем за дзяржаўнай уладай, альбо як праваабарончыя арганізацыі ахоўвалі інтарэсы асобных грамадзян і розных груп насельніцтва. Тым самым яны прычыняліся да культывавання грамадскага ўдзелу ў справах жыцця краіны.

Наступная (таксама вельмі істотная) пазіцыя трэцяга сектара была звязаная з яго экспертным патэнцыялам, на падставе якога былі сфармуляваныя альтэрнатыўныя практыкі ў галіне публічнай палітыкі. Эксперты няўрадавых арганізацый прымалі ўдзел у падрыхтоўцы самых розных законаў, да прыкладу: аб свабодным доступе да інфармацыі; аб адкідах; аб пахаванні; аб ахове прыроды; аб генетычна мадыфікаваных арганізмах.

Некаторыя грамадзянскія аб'яднанні, фонды і think tanks з цягам часу ператварыліся ў інтэлектуальныя інкубатары, сталіся ідэйнай крыніцай структурных рэформаў у перыяд трансфармацыі. Канцэпцыі многіх рэформаў былі сфармаваныя непасрэдна ў майстэрнях незалежных think tanks яшчэ задоўга да таго, як рэальна ажыццявіліся ў палітыцы. І ўсё гэта разам сведчыла пра яшчэ адну важную ментальную змену ў краіне, якая (пра што трапна напісаў славацкі гісторык Любамір Ліптак) традыцыйна мела "шмат яносікаў" і "мора апартуністаў" у розных палітычных футболках, аднак якой заўсёды не хапала "будаўнікоў дэмакратычнай дзяржавы".

Няўрадавыя арганізацыі зарэкамендавалі сябе таксама ў якасці базы сацыяльных інавацый, "даследчых лабараторый", пляцовак для абкаткі сацыяльных эксперыментаў. Рэч у тым, што трэці сектар валодае "капіталам сацыяльнай рызыкі", на падставе якога можна ў малым маштабе "спраўдзіць" ін