Мікола Ермаловіч

Вариант написания автора Николай Иванович Ермолович на белорусском

Нарадзіўся 29 красавіка 1921 в. Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён, Менская вобласьць Памёр 5 сакавіка 2000 (78 гадоў) Менск Грамадзянства Беларусь Навуковая сфэра гісторыя Месца працы Маладэчанскі абласны інстытут удасканаленьня настаўнікаў (да 1957 г.) Альма-матэр Менскі пэдагагічны інстытут Вядомы як заснавальнік погляду стварэньня ВКЛ як беларускай дзяржавы Узнагароды і прэміі Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992), Мэдаль Францыска Скарыны (1993)

Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці — 5 сакавіка 2000, Менск) — беларускі гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псэўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.

У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту, дзе да пачатку 2-й сусьветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943-1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласьці, у 1944-1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучаньне ў пэдінстытуце, які скончвае ў 1947, а ў 1947—1948 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры пэдінстытуце.
У 1948—1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінэтам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў, пасьля чаго па стане здароўя выйшаў на пэнсію. Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.

Актыўную літаратурную дзейнасьць рапачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі й літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самавыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы было напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 — дасьледаваньне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».
У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але з новым назовам «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў ХІХ ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Ермаловіч зьмяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Мікола Ермаловіч — прыхільнік новай беларускай рамантычнай плыні гістарыяграфіі, што супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970-1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкім чынам памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Гэтаксама-ж памнажаліся й працы М. Ермаловіча, апублікаваныя ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Ермаловіча «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Той артыкул Ермаловіч напісаў адказам на артыкул В. Мялешкі й З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» №3 за 1989 год.
Альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала раздражненьне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца й разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэныя працы былі вельмі папулярныя ды ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі ад часу «перабудовы» сьвет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.

Асаблівую ўвагу надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Дэталёва разглядзеў падзеі IX—ХIII стст. на падставе аналізу гістарычных першакрыніцаў. Выступіў са спробай абвяржэньня савецкай (у прыватнасьці, летувіскай і расейскай) гістарыяграфіі ўтварэньня ВКЛ, якая падае схему стварэньня гэтае дзяржавы ў выніку заваёўных выправаў летувісаў у сучасным сэнсе (насамрэч плямёнаў аўкштайтаў, якія былі толькі часткай пазьнейшага этнагенэзу летувісаў) на беларускія землі ў 2-й палове ХIII ст. Зхарактарызаваў Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву. Разам з гэтым выступіў са спробай абвяржэньня археалягічных і летапісных сьведчаньняў, што памяшчалі летапісную Літву на аўкштайцкіх землях, прапанаваўшы канцэпцыю, паводле якой гэтая тэрыторыя, згодна са зьвесткамі тапаніміі, месьцілася на поўдзень ад верхняга Нёману.

З самага пачатку існаваньня БНФ М. Ермаловіч, з 1988 году, падтрымаў адраджэнскую дзейнасьць. Ён прымаў удзел у першым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі далучыцца да яе дзейнасьці й стаў адзін з трох яе сустаршыняў.

Узнагароды

Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992)
Прэмія імя Ул. Караткевіча
Мэдаль імя Францішка Скарыны (1993)

28 лістапада 2003 году ў Маладэчне быў урачыста адкрыты памятны знак Міколу Ермаловічу. Урачыстасьць ладзілася мясцовымі ўладамі пры ўдзеле грамадзкасьці. У год 90-гадовага юбілею Міколы Ермаловіча, 19 траўня 2011 году, знамянальную дату адзначалі ў Маладэчне. У 2010 г. выйшаў збор яго твораў «Выбранае»

Бібліяграфія

«Дарагое беларусам імя» (1970)
«Па слядах аднаго міфа» (1989) (1-е выданьне: ISBN 5-343-00016-9; 2-е выданьне: ISBN 5-343-00876-3)
«Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды» (1990) (2-е выданьне: ISBN 985-02-0503-2) на
«Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд» (1994)
«Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000) ISBN 985-6576-08-3




Сортировать по: Показывать:

Книги на прочих языках

Вне серий
X